• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На «Белсаце» — новыя «Вусы»: пра што распавядзе цыкл гістарычных перадачаў?

    На «Белсаце» выходзіць новая гістарычная праграма «Сармацкі вус» ад стваральнікаў «Вусоў Скарыны». Што яна сабою ўяўляе і што чакае гледачоў, распавялі галоўныя героі праекту Цімох Акудовіч і Віктар Шукеловіч.

    На «Белсаце» — новыя «Вусы»: пра што распавядзе цыкл гістарычных перадачаў?

    Вокладка праграмы «Сармацкі вус». Калаж: «Белсат»

    «Белсат»: Чаму праграма называецца «Сармацкі вус»?

    Цімох Акудовіч: Мы хацелі зрабіць адсылку да перадачы «Вусы Скарыны», пры гэтым каб назва была звязаная з Польшчаю. Лёгкім пераборам выйшла, што самая відавочная асацыяцыя з вусамі ў Польшчы – гэта сармацкая культура. Мы пра яе рабілі перадачу і пастанавілі, што «Сармацкі вус» добра гучыць і добра перадае тое, пра што мы хочам расказаць.

    – Ці разглядалі нейкія іншыя альтэрнатыўныя назвы?

    – Яшчэ вусы былі ў Пілсудскага, у Леха Валэнсы, але палічылі, што гэта ўжо больш сучасная гісторыя. Праўда, мы плануем закранаць ХХ стагоддзе, але хацелася, каб асноўная адсылка была да больш старажытнага перыяду, таму вызначылі спыніцца на сарматах.

    – Але «Сармацкі вус» выходзіць як асобны цыкл?

    – Гэта такі эксперымент з дзевяці выданняў. Мы пачыналі «Вусы Скарыны» нечакана для сябе ў 2022 годзе з цыклу пра гісторыю Украіны, цяпер прыйшоў час для асобнага цыклу пра гісторыю Польшчы.

    – Чаму менавіта Польшчы?

    – Мы жывём у Польшчы, шмат беларусаў жыве ў Польшчы. Мы падумалі, што гэта будзе правільна і шмат каму цікава крыху больш даведацца пра гісторыю Польшчы, пра сувязі Беларусі з гэтай краінай.

    Беларусы ў замежжы шмат паездзілі па Польшчы, бачылі яе гарады, але веды пра гісторыю Польшчы, яе кантэкст у еўрапейскай гісторыі, сувязь з Вялікім Княствам Літоўскім і Беларуссю не заўсёды могуць злавіць самастойна. Мы паспрабуем пабудаваць гэтыя масткі.

    – Але праграму «Вусы Скарыны» найперш глядзелі беларусы ў Беларусі. Ці не баіцеся згубіць сваю аўдыторыю?

    – Мы эксперыментуем, шукаем новыя фарматы. На жаль, мы не можам паехаць па Беларусі цяпер. Таму пастанавілі паспрабаваць такім чынам. Гэта эксперымент, мы разумеем, але ўся нашая перадача будзе завязаная на пошук сувязяў Беларусі і Польшчы. Прычым досыць нестандартны. Мы амаль не будзем чапаць тыповых тэмаў, а паспрабуем закрануць глыбей. Паспрабуем паказаць, што Беларусь і Польшча – гэта краіны аднаго рэгіёну, і што гісторыя ў гэтым рэгіёне вельмі перапляталася. Я спадзяюся, што нашым нават сталым гледачам будзе цікава пра гэта даведацца. Праз гісторыю Польшчы мы глыбей зразумеем гісторыю Беларусі.

    Вядоўца праграмы «Сармацкі вус» Цімох Акудовіч

    Вядоўца праграмы «Сармацкі вус» Цімох Акудовіч. Варшава, Беларусь. 4 верасня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    – Тым больш, што гісторыя Польшчы заўсёды прысутнічае ў падручніку па гісторыю Беларусі. Якія, напрыклад, тэмы вы збіраецеся ўзняць?

    – Мы вызначылі пачаць ад самага пачатку гісторыі Польшчы, выбралі адну такую постаць як Баляслаў Храбры. Ён звязаны ў тым ліку з нашымі землямі, нават вельмі паўплываў на нашыя землі, але мы пра гэта мала ведаем. Таму пастанавілі паехаць у Познань і Гнезна, распавесці пра пачатак Польшчы і пра тое, як чалавек з гэтак далёкай ад тэрыторыі Беларусі зямлі паўплываў на нашую гісторыю і гісторыю Украіны. Таму мы адразу тры задачы выканалі.

    – Гэта той, хто свой каранацыйны меч пасля захопу Кіева здабыў?

    – Так, гэта той, хто дайшоў да Кіева, хто прывёз першага каталіцкага святара на тэрыторыю Беларусі – у Тураў. Першы чалавек, які пазнаёміў нас, можна сказаць, з заходняй культурай. Гэта нібы адзін дробны эпізод, але для сучасных беларусаў у Беларусі раскрываецца больш шырока. Беларусам у Польшчы гэта дае магчымасць інакш паглядзець на Познань і Гнезна, дзе магчыма яны ўжо пабывалі ў якасці турыстаў, але не да канца зразумелі фактуру.

    Таксама з’ездзім у «Прусы», на землі прусаў, паходзім па Гданьску і там знойдзем адсылкі да гісторыі Беларусі. Шмат пагуляем па Любліне, месцы ўніі Літвы і Польшчы.

    Вядоўцы праграмы «Сармацкі вус» Цімох Акудовіч і Віктар Шукеловіч падчас здымак праграмы

    Вядоўцы праграмы «Сармацкі вус» Цімох Акудовіч і Віктар Шукеловіч падчас здымак праграмы ў Гнезне. Скрыншот відэа/Белсат

    – Звычайна беларусы больш асацыююць сваю гісторыю з гісторыяй Расеі. Нават у падручніках па «Сусветнай гісторыі» шмат даецца пра гісторыю Расеі, а пра Польшчу больш даведваемся якраз з падручнікаў па гісторыі Беларусі. Чым асабліва для вас захапляльная гісторыя нашай заходняй суседкі, чаму мы можам павучыцца ў палякаў?

    – Гісторыя Польшчы чым цікавая? Што яна вельмі падобная да нашай гісторыі, як, напрыклад, старадаўнія польскія князі вельмі падобныя да старажытнарускіх князёў ці літоўскіх конунгаў. Усё ж у нас адзін рэгіён. Але ў той жа час вельмі шмат што іншае, бо блізка Нямеччына, і выходзіць ужо іншая фактура. І проста цікава назіраць, як па-іншаму развіваюцца дачыненні.

    У польскай гісторыі больш уражвае, як развівалася самасвядомасць сярэдняй шляхты, наколькі большае значэнне мела магдэбургскае права для самакіравання гарадоў. Мне падаецца, што гэта тое, чаго не хапала нашым землям, дзе больш была алігархічная форма кіравання. Гэта вельмі цікава назіраць у Польшчы – дзе людзі здолелі выйсці на больш высокую форму самаарганізацыі.

    – З якой колькасці выданняў будзе складацца новы гістарычны цыкл?

    – Да новага года запланаваныя дзевяць выданняў, напрыклад, пра вытокі Польшчы, пра Гданьск, пра землі прусаў…

    – Гэта пра тых, якія потым на тэрыторыю Беларусі ад крыжакоў збеглі?

    – У тым ліку. Мы тут пра ўсе магчымыя сэнсы слова «Прусія» расказалі. Што ў гэтым і сэнс блытаніны. Калі ты кажаш «Прусы», чалавек пачынае ўдакладняць. Для кагосьці гэта Бісмарк і каўбаскі, больш абазнаныя людзі ўзгадваюць племя прусаў, а хтосьці і пра прусакоў скажа.

    – У чымсьці гэта падобна да назвы «Беларусь» і «Літва».

    – Так, гэта назва, што быццам бы і ад Беларусі ляжыць далёка. Але прусы рассяліліся паабапал Нёмну і гісторыя гэтага племені звязаная з гісторыяй Беларусі і Літвы, адчуваўся моцны ўплыў. Процьма беларусаў падарожнічае па гэтых тэрыторыях, катаецца на катамаранах на Мазурах і цалкам не разумее, наколькі гэтая зямля звязаная з Беларуссю. Мы збіраемся пра гэта расказаць.

    – А што з катамі?

    – Катоў мы пакуль адправілі ў адпачынак, падарожнічаем мы без іх. У нас з’яўляюцца іншыя персанажы з анімацыі, але пакуль не буду расказваць, якія. Можаце паглядзець, але ні катоў, пагатоў «Вусоў Скарыны» мы не кідаем. Мы проста іх адкладаем, каб паэксперыментаваць з новым фарматам. А да катоў вернемся.

    Вядоўцы праграмы «Сармацкі вус» Цімох Акудовіч і Віктар Шукеловіч

    Вядоўцы праграмы «Сармацкі вус» Цімох Акудовіч і Віктар Шукеловіч падчас здымак праграмы ў Познані. Скрыншот відэа/Белсат

    – Новая праграма быццам бы ствараецца ў сусвеце «Вусоў Скарыны»?

    – Мульцісусвет (смяецца). Магчыма, яно ўсё так і складзецца.

    – Выходзіць, што да цыклу пра Украіну цяпер дапасоўваецца цыкл пра Польшчу, і, тэарэтычна, калісьці Літва з’явіцца.

    – Так, мы прадумвалі такі фармат.

    – Што б вы цяпер параілі гледачам?… Рэч у тым, што «Вусы Скарыны» глядзелі ў тым ліку бацькі з сваймі дзецьмі. Ці ўдасца гэта з новай праграмаю?

    – Давайце правяраць. «Дзіцячы» эфект ад «Вусоў Скарыны» ўдаўся сам сабою – мы яго не планавалі. Пры тым што цяпер над праграмай працуе тая ж каманда, таму я мяркую, што, магчыма, нейкімі іншымі метадамі ўдасца зачапіць і дзяцей: будзе анімацыя, будуць новыя жанры ў перадачы, можа ім і спадабаецца.

    Вядоўцы праграмы «Сармацкі вус» Цімох Акудовіч і Віктар Шукеловіч

    Вядоўцы праграмы «Сармацкі вус» Цімох Акудовіч і Віктар Шукеловіч падчас здымак праграмы ў Гнезне. Скрыншот відэа/Белсат

    – Выходзіць, што вы пакідаеце фармат студыі і з’яўляецеся ў новым, своеасаблівым «турыстычным»?

    – Так, у гэтым быў сэнс эксперыменту – выйсці за межы студыі і паспрабаваць «а‑ля трэвэл-фармат». Мы ездзім, падарожнічаем, глядзім, заходзім у музеі, падымаемся на вежы, бегаем па гарадзішчах і г. д. Зусім новы для нас сусвет.

    – Гэта значыць, што вы стварылі своеасаблівы даведнік для беларусаў пра Польшчу, дзе можна дакрануцца і да гісторыі Беларусі?

    – Даведнік – гэта можа замоцна гучыць, але мы дакладна ведалі тыя мясціны, у якіх беларусам варта пабываць, і яны ў Польшчы адныя з самых прыгожых, і ў кожнай з іх ёсць да чаго дакрануцца ў сувязі з гісторыяй Беларусі.

    – Праца над якім са зробленых выданняў вам найбольш спадабалася?

    – Усе яны цудоўна раскрыліся. Вось мы нядаўна былі ў Любліне і вялікае задавальненне атрымалі. І горад там прыемны, і гістарычны цэнтр, няхай і невялічкі, але вельмі душэўны. Нам там усюды ішлі насустрач. І музей адкрылі, і капліцу, і артэфакты старадаўнія, таму з вельмі прыемнымі ўражаннямі з Любліна вярнуліся.

    Але і з Гданьску цяжка вярнуцца з дрэннымі ўражаннямі. І Познань – вельмі цудоўны горад. Таму напэўна складана вызначыць нешта адно.

    – Як самыя палякі ставіліся да вашай працы?

    – Людзі ўсміхаліся, а тыя, да каго звярталіся па дапамогу, заўсёды ішлі насустрач. Некаторыя нават ведалі пра «Белсат», таму ўсё было пазітыўна.

    – Ці тэмы з найноўшай гісторыі Польшчы плануеце паказаць?

    – Хочам зачапіць тэму пра Пілсудскага, які думаў пра Беларусь, як тое ні круці.

    – Некаторыя нават кажуць, што Юзэф Пілсудскі ледзь не беларусам быў.

    – У любым выпадку ёсць, што расказаць, пагатоў тут ягоны рэгіён – ёсць і што паказаць. І для беларусаў раскрыць гэтую контраверсійную постаць. Далей за першую палову ХХ стагоддзя не палезем. Былі думкі пра «Салідарнасць».

    – Што вы можаце параіць гледачам перад праглядам праграмы «Сармацкі вус»?

    – Гледачоў хочацца папрасіць паверыць, што гісторыя Польшчы пашырае разуменне гісторыі Беларусі, калі нават спачатку падаецца, што гэта зусім чужая гісторыя. Яна пашырае разуменне гісторыі ўсяго рэгіёну, у тым ліку гісторыі Беларусі.

    – Пагатоў што шмат выхадцаў з Беларусі зрабілі ўнёсак у гісторыю Польшчы, а шмат выхадцаў з Польшчы паўплывалі на гісторыю Беларусі.

    – Так, усё пераплецена.

    Вядоўца праграмы «Сармацкі вус» Віктар Шукеловіч

    Вядоўца праграмы «Сармацкі вус» Віктар Шукеловіч. Скрыншот відэа/Белсат

    «Аж увесь здрыгануўся і страпянуўся ад узрушэння, нібы спаткаўшыся з даўно нябачаным земляком»

    Пра свой удзел у новым гістарычным праекце апавёў і Віктар Шукеловіч, якога гледачы «Белсату» добра ведаюць з такіх праектаў, як «Вяскоўцы», «Мова нанова» і, канешне ж, «Вусы Скарыны».

    – «Белсат»: У чым вашая роля ў новай праграме «Сармацкі вус» і ці адрозніваецца яна ад роляў у «Вусах Скарыны»?

    Віктар Шукеловіч: У мяне вельмі адказная роля ў праекце. Я граю супярэчлівага, складанага і правакацыйнага апанента Цімоха Акудовіча – вядоўцы і галоўнага аўтара праграмы. Праз нашае супрацьстаянне ўзнікае канфлікт, які, на маю думку, робіць праграму больш цікавай і дадае ёй элемент непрадказальнасці. Я ў некаторай ступені застаюся шалапутным і саркастычным героем сцэнак з «Вусаў Скарыны», але бяру на сябе таксама функцыю каларытных коцікаў – задаваць нязручныя, а часам дзіўныя і несур’ёзныя пытанні, што ўсё ж аказваюцца важнымі для глыбейшага разумення кантэксту.

    – Што карыснага ўласна для сябе вы вынеслі з новай праграмы?

    – Пасля падзеяў 2020-га года шмат беларусаў аказалася ў Польшчы, таму, як падаецца, праграма адказвае на актуальнае запатрабаванне беларускіх эмігрантаў больш даведацца пра краіну, якая гэтак гасцінна іх прыняла. А як найлепш зразумець краіну? Вядома ж, праз яе гісторыю! Да ўсяго мінуўшчыны Беларусі і Польшчы цесна пераплеценыя, нас яднае шматвяковы супольны лёс і багатая агульная спадчына, таму даследуючы гісторыю Польшчы, мы ў большай ступені спазнаём саміх сябе. Маю надзею, што праграма «Сармацкі вус» заахвоціць да падарожжаў па гістарычных мясцінах Польшчы, а таксама да адкрывання сваіх каранёў і спазнавання ўласнага культурнага коду.

    – Што найбольш запомнілася падчас здымак, па-сапраўднаму ўзрушыла?

    – Магу падзяліцца душэўным момантам, пад уражаннем ад якога я застаюся дагэтуль. Мой род па кудзелі – бабуля і дзядуля з боку маці – паходзяць з‑пад Крэва, месца з незвычайнай энергетыкай, авеянага сівымі легендамі. Менавіта з Крэўскай уніі і пачаўся адлік супольнай беларуска-польскай гісторыі. У свой час Крэвам валодаў вялікі князь літоўскі Ягайла. Калі ж я завітаў падчас здымак у замкавую капліцу Святой Тройцы ў Любліне і пабачыў выяву Ягайлы на фрэсцы, то аж увесь здрыгануўся і страпянуўся ад узрушэння, нібы спаткаўшыся з даўно нябачаным земляком. Цяжка апісаць адчуванне, але па целе нібыта прайшла хваля цеплыні і радасці, як падчас сустрэчы з сардэчным прыяцелем ці блізкім родзічам. Думаю, што трэба абавязкова наведацца да Ягайлы ў Люблін яшчэ раз.

    Праграма «Сармацкі вус»  выходзіць на канале «Белсат» кожны другі панядзелак месяца, а таксама на Youtube-канале «Белсат His­to­ry».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці