На «Белсаце» стартуе новая праграма – «Карані праблемаў»
Пошукам першапрычынаў цяжкасцяў, што выпадаюць на долю Беларусі, а таксама сцэнарам іх пераадолення будзе прысвечаная новая праграма «Белсату» з вядоўцам Яўгенам Валошыным «Карані праблемаў».

Яўген Валошын. Фота: «Белсат»
Яўген Валошын, вядомы гледачам з праграмы «План Б», гэтак ахарактарызаваў ідэю «Каранёў праблемаў»: «Гэта грамадска-палітычная праграма з элементамі, калі спецыялісты з розных галінаў, прафесіяналы будуць паглыблена аналізаваць разнастайныя падзеі на актуальныя тэмы сённяшняй Беларусі, але з гістарычным складнікам – як тое было ў гісторыі і як пазбегчы памылак».
Падрабязна пра новую праграму апавёў Сяргей Пеляса, намеснік кіраўніцы рэдакцыі беларускамоўных інфармацыйных праграмаў «Белсату», шматгадовы вядоўца праграмы «ПраСвет» і дакументаліст.
Што значыць назва «Карані праблемаў»?
Ідэю і назву праграмы мы прыдумалі сумесна з Алінай Коўшык, кіраўніцай беларускамоўнай рэдакцыі «Белсату». Назва адлюстроўвае сэнс, істоту задання, што стаіць перад праграмаю, яе вядоўцам і аўтарам Яўгенам Валошыным, а таксама перад намі. Як вынікае з назвы, праграма будзе шукаць крыніцы, глыбокія карані той сітуацыі, у якой аказаліся мы, беларусы, сёння. Таму мы будзем шукаць карані нашых праблемаў. Але паколькі мы жывём не ў вакууме ці на нейкай асобнай планеце, а нас атачаюць іншыя дзяржавы і народы, разнастайныя грамадска-палітычныя з’явы, будзем разглядаць у гэтай праграме праблемы комплексна.
Што новую праграму вылучыць сярод іншых як на нашым канале, так і ў іншых медыях?
Праграма «Карані праблемаў» вырасла ў пэўным сэнсе на глебе таго досведу, які «Белсат» здабыў за 17 гадоў. У некаторым сэнсе гэта працяг праграмы «Intermarium», якую стварыў Павал Мажэйка і затым вяла Наста Ільіна, а таксама працяг аўтарскага ток-шоу Яўгена Валошына «План Б». А адрозніваць «Карані праблемаў» ад тых публіцыстычных праграмаў, якія ў нас ёсць, а на «Белсаце» ёсць «ПраСвет» і «Двубой», будзе тое, што гэтая праграма не будзе ажно так моцна прывязвацца да цяперашніх падзеяў. Гэтая праграма будзе сягаць у мінуўшчыну, але яна не будзе толькі засяроджвацца на гісторыі, але і абапірацца на наш гістарычны досвед, які мы ўспрымаем цэласна. Мы маем тысячагадовую гісторыю, якая не абмяжоўваецца 250 гадамі расейскай імперскай акупацыі ці больш як 70 гадоў савецкай акупацыі. Таму будзем глядзець у мінуўшчыну, у адрозненне ад іншых праграмаў, і спрабаваць там шукаць крыніцы і развязанні нашых сённяшніх праблемаў.
Напрыклад, як праблема расейскай акупацыі, расейскага імперыялізму развязвалася ў мінулым. Гэта праблема не заўсёды была настолькі вострая для нас, як сёння.
Аднак закранаючы мінуўшчыну, першапрычыны, «Карані праблемаў» будуць зазіраць і ў будучыню?
ак, гэтая праграма будзе адрознівацца ад іншай актуальнай публіцыстыкі тым, што яна, канцэнтруючыся на гэтым гістарычным элеменце, будзе ісці далей і заглядаць у будучыню. То бок чаканне ад гэтай праграмы такое, што ў ёй маюць адбывацца пошукі магчымых сцэнароў развіцця падзеяў для Беларусі, для нашага рэгіёну ў будучыні.

Сяргей Пеляса. Фота: «Белсат»
Хто выступіць экспертамі ў «Каранях праблемаў»?
Найперш мы будзем абапірацца на беларускіх экспертаў. Але праз разнастайныя прычыны кола беларускіх экспертаў за апошнія гады звузілася. Таму ў гэтай праграме будуць выступаць і замежныя эксперты: польскія, украінскія, з краінаў Балтыі, магчыма, заходнія.А хто возьме ўдзел у прэм’ерным выданні?
Гэта будуць Уладзімір Жыгар з «BELPOL» і былы дэпутат эстонскага парламенту Аарнэ Вээдла. Найхутчэй, такі фармат, дзе будзе адзін эксперт беларус, а другі – замежнік, захаваецца. Гэта будзе праграма пра рэгіён, і мы выйдзем па-за межы Рэспублікі Беларусь, каб паглядзець на нас самых і пры дапамозе суседзяў.
А як, напрыклад, варыянт беларускі палітык і беларускі гісторык, якія абмяркоўваюць вострыя праблемы?
Сапраўды, натуральным выглядае і такі сцэнар, калі гісторык сустракаецца з палітыкам. Гісторык малюе быццам бы вобраз гэтых каранёў нашых праблемаў, каб палітык меў карціну, на падставе якой можна прымаць пастанову. Але гэта не мусіць быць выключна беларускі палітык, гэта можа быць і палітык замежны, каб нашае бачанне патлумачыць замежным палітыкам і экспертам ды такім чынам замежныя ўплывовыя эксперты выходзілі са студыі, узбагачаныя нейкімі ведамі пра Беларусь.
Альбо замежны гісторык і беларускі палітык, бо досвед замежнікаў, якія прайшлі праз тыя ж сцэнары, з якімі сутыкаецца цяпер Беларусь, для нас вельмі карысны. Гэты досвед быў бы больш важны і для беларускага гледача, які стаўся б сведкам таго, што невырашальных сітуацыяў у гісторыі няма і нішто не вечна. Тым больш імперыі.
Можа, і ў гэты бок пойдзе праграма, гэта даволі амбітна гучыць. Нам бы пакуль абмаляваць цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі і тое, як мы да яе дайшлі. Што можа быць за найбліжэйшыя месяцы, год, два? Дзе тут месца для нас і які мы маем шанец на змены?

Уладзімір Жыгар. Фота: «Белсат»
Чаму на ролю вядоўцы «Каранёў праблемаў» абралі менавіта Яўгена Валошына?
Яўген – палітычны журналіст і каментатар з вялікім досведам. Ствараў ток-шоу, якое «Белсат» прадукаваў спачатку ў Беларусі, «План Б». Гэта была, я так думаю, самая вялікая, самая амбітная праграма на «Белсаце» паводле маштабу на той час, да беларускай рэвалюцыі.«Белсат» рабіў і іншыя ток-шоу, як «Форум», «Кожны з нас», «Тэрыторыя праўды» – усё гэта былі вялікія дыскусійныя праграмы. Але «План Б» усё ж мне бачыцца самым амбітным.
Таму натуральна бачыцца, што Яўген Валошын – той, хто можа весці сур’ёзную палітычную дыскусію. У яго досыць смелыя думкі, якія выходзяць па-за межы звычайнага разумення праблемаў. Ён смела і шырока глядзіць, часам, можа, зашырока. Але мы цяпер у той сітуацыі, дзе трэба шукаць нейкіх нестандартных развязанняў, нестандартных формаў мыслення, і не ўсе эксперты павінны быць стандартнымі і акадэмічнымі. Таму эстонскі дэпутат у першым выданні – гэта цікавы варыянт, альбо беларускі сілавік Жыгар, каб абмеркаваць сцэнары на найбліжэйшыя месяцы. Свет, у якім сіла цяпер пачынае дамінаваць у палітыцы, і гэта будзе мець сур’ёзнае значэнне для нашага рэгіёну.
