На журфак БДУ сёлета амаль няма конкурсу
17 ліпеня завершыўся прыём дакументаў на журфак БДУ. Конкурс склаў каля 1,2 чалавека на месца.
На спецыяльнасць «Журналістыка» на 80 бюджэтных месцаў падалі 100 заявак (плюс 10 «мэтавікоў», якія ідуць па-за конкурсам). Такім чынам на адно месца прэтэндуе 1,25 чалавека.
На спецыяльнасць «Інфармацыя і камунікацыя» конкурс трохі ніжэйшы — 1,17. На 42 месцы было 49 заявак (плюс па-за конкурсам 2 «мэтавікі»).
Калі параўноўваць з мінулым годам, сітуацыя трохі палепшылася. У 2024 конкурс на журфак склаў менш за 1,1 чалавека на месца.
Нагадаем, платнага аддзялення на факультэце няма ўжо з 2023 года.
Для каго рыхтуюць «мэтавікоў»
У гэтым годзе арганізацыямі-заказчыкамі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі па спецыяльнасці «журналістыка» выступілі СТВ, «Второй национальный телеканал», тэлерадыёкампанія «Брест», рэдакцыі газет «Крупскi вестнiк», «Полоцкий вестник» і «Вестник Могилева».
Упершыню быў мэтавы набор па спецыяльнасці «інфармацыя і камунікацыя». Заказчыкі – ЗАТ «Патио» і кандытарская фабрыка «Слодыч», паведамілі ў БДУ.
