«Надзея Свабоды» — у руках галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча
Цырымонія ўручэння прэміі «Надзея Свабоды» адбылася падчас літоўска-беларускага «Форуму журналістаў балтыйскіх краін і пераследаваных журналістаў», які праходзіць у Сейме Літвы 18 снежня. Лаўрэатам стаў былы палітвязень, галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч.

Галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч на ўручэнні прэміі «Надзея Свабоды». 18 снежня 2025 года. Фота: БАЖ
Ужо шосты год як беларускія незалежныя журналісты атрымліваюць узнагароду на знак падтрымкі свабоды слова. Сёлета «Надзеяй Свабоды» ўганараваны Аляксандр Манцэвіч.
«Колькі часу я быў за калючым дротам, але ўсё ж такі адчуваў падтрымку нашых калег, калег з Беларусі, але і калег з Еўропы, найперш з Літвы — пра тое, што аб нашым лёсе ведаюць там, вестачкі да нас дахадзілі.
Дзякую Літве, літоўскім палітыкам, літоўскім калегам за тое, што яны праяўляюць у такія цяжкія часы для нас такія знакі салідарнасці — і сімвалічныя, і практычныя. Я разумею, што гэта ўзнагарода не толькі персанальна мне, але ўсёй нашай беларускай журналісцкай супольнасці, тым людзям, якія яшчэ не знаходзяцца на тэрыторыі свабоды. Калі ў мяне пыталіся, як перажываліся часы за кратамі, лёгка ці не. Сказаць, што там лёгка, я не скажу. Але заўсёды былі прыклады стойкасці, якія дапамагалі гэтыя часы перажываць. Для мяне — Марына Золатава, Анджэй Пачобут, іншыя журналісты, якія яшчэ знаходзяцца там.
Сапраўдная свабода прыйдзе да мяне тады, калі мы будзем дома. Бо толькі дома можна адчуць сапраўдную атмасферу свабоды. Гэта адзнака нашай працы ёсць цэментам, які мацуе Літву і Беларусь. Мы дасягнем сваёй мэты і будзем жыць у свабоднай Еўропе», — адзначыў спадар Манцэвіч.
Журналіст з Вілейкі стварыў «Рэгіянальную газету» ў красавіку 1995 года і ўзначальваў яе з моманту заснавання. Яна стала адным з першых прыватных выданняў у Беларусі і да закрыцця была вядучым незалежным СМІ ў Маладзечне і рэгіёне.

Галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч на ўручэнні прэміі «Надзея Свабоды». 18 снежня 2025 года. Фота: БАЖ
Аляксандра Манцэвіча затрымалі падчас серыі ператрусаў у рэгіянальных СМІ 15 сакавіка 2023 года. Яго абвінавацілі ў «распаўсюдзе загадзя ілжывай інфармацыі, якая дыскрэдытуе Беларусь і яе ўлады». Прыгавор: 4 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму і штраф памерам 14 800 рублёў. Віны рэдактар незалежнага выдання не прызнаў, што яшчэ раз пацвердзіў у сваёй апошняй прамове ў судзе.
Аляксандр выйшаў на волю ў межах прымусовай дэпартацыі 11 верасня 2025 года, тады 9 журналістаў былі вывезеныя з турмаў і сілком адпраўленыя ў Літву.

Так выглядае статуэтка прэміі «Надзея Свабоды». Фота: БАЖ
Летась «Надзею Свабоды» атрымала галоўная рэдактарка праваабарончага сайта «Медыязона. Беларусь» Наста Бойка, у 2023‑м — Ягор Марціновіч, у 2022‑м — журналіст «Радыё Свабода» Алег Груздзіловіч, у 2021‑м —медыяменеджар Андрэй Аляксандраў, у 2020‑м — журналісткі Кацярына Барысевіч, Алена Таўкачова, Таццяна Каравянкова, Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова.
@bajmedia