«Беларусь: медыятурма ў сэрцы Еўропы». МФЖ падтрымала зняволеных беларускіх журналістаў
Беларуская тэма цягам тыдня прагучала на двух буйных міжнародных пляцоўках: на з’ездзе ЕФЖ у Венгрыі і на штогадовым сходзе МФЖ у Канадзе.

Фотавыстава, прысвечаная зняволеным беларускім журналістам, на штогадовым форуме МФЖ у Канадзе. Фота: БАЖ
9–11 чэрвеня ў канадскім Манрэалі прайшоў штогадовы сход Міжнароднай федэрацыі журналістаў (МФЖ).
У межах форуму адкрылася фотавыстава «Беларусь: медыятурма ў сэрцы Еўропы» і акцыя салідарнасці са зняволенымі беларускімі медыйшчыкамі (паводле звестак БАЖ, на сёння ў зняволенні ўтрымліваюцца 39 медыйшчыкаў).

Фотавыстава «Беларусь: медыятурма ў сэрцы Еўропы». Фота: БАЖ
Прэзідэнтка МФЖ Дамінік Прадалье на адкрыцці фотавыставы выказала «поўную салідарнасць» са зняволенымі беларускімі журналістамі і запатрабавала іх неадкладнага вызвалення.
Падчас выставы выступілі таксама генеральны сакратар МФЖ Антоніё Беланжэ і прэзідэнтка FNCC Аннік Шарэтт.
Выканаўчы камітэт МФЖ прыняў адмысловую заяву з заклікам вызваліць беларускіх журналістаў з турмаў.

Дэлегаты МФЖ падтрымалі зняволеных беларускіх журналістаў. Фота: БАЖ
Варта дадаць, што фота зняволеных журналістаў для выставы зробленыя пры падтрымцы канадскай арганізацыі з Таронта Journalists for Human Rights (Журналісты за правы чалавека), а сама выстава з’явілася дзякуючы намаганням канадскай/квебекскай арганізацыі-сябра МФЖ — FNCC (La Federation de la communication et de la culture) з Манрэаля, якая сёлета прымала штогадовы сход МФЖ і выканкама арганізацыі.
Напярэдадні штогадовага сходу старшыня БАЖ Андрэй Бастунец у інтэрв’ю МФЖ расказаў пра сучасную сітуацыю ў сферы журналістыкі ў Беларусі, прааналізаваў умовы, у якіх знаходзяцца беларускія журналісты ў выгнанні, і падзяліўся вынікамі дзейнасці БАЖ у падтрымку сваіх калег.
3–4 чэрвеня на з’ездзе Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (ЕФЖ) беларускае пытанне падымалася ажно ў чатырох дакументах. Дэлегаты з’езду ЕФЖ зладзілі акцыю салідарнасці і запатрабавалі вызваліць беларускіх медыйшчыкаў.
БАЖ заклікае калег ва ўсім свеце падтрымаць акцыю салідарнасці! Вы можаце раздрукаваць партрэты зняволеных калег, сфатаграфавацца з імі ў пазнавальных месцах вашага горада (не ў Беларусі) і апублікаваць у сацыяльных сетках з тэгамі #СвабодуЖурналістам і #BecauseTheJournalist, а таксама даслаць нам на адрас office@baj.media ці intercomm@baj.media.
