• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Інструмент кантролю ці навігатар у змрочныя часы? Што думаюць рэдактары пра Кодэкс этыкі

    Цяпер адбываецца актыўная праца па абнаўленні Кодэкса журналісцкай этыкі і стварэнню органа самарэгулявання медыясупольнасці. Аднак раз-пораз можна пачуць, а ці да этыкі зараз, калі побач ідзе вайна. Што на гэты конт думаюць рэдактары незалежных СМІ? БАЖ звярнуўся да калег. 

    Ілюстрацыя з сайта jrnlst.ru

    Ці своечасова медыясупольнасць занялася этычнымі праблемамі і самарэгуляваннем, калі сектар перажывае не самыя добрыя часы? Да чаго прывядзе прыняцце Кодэкса прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў і Пагаднення аб самарэгуляванні незалежнага беларускага медыясектара? БАЖ працягвае серыю дыскусій.

    Лола Бурыева: Адмаўляцца ад этыкі цяпер – усё адно што адмаўляцца ад правілаў дарожнага руху падчас моцнага снегападу

    У адказ на такое пытанне рэдактарка сайта Беларускага расследавальніцкага цэнтра (БРЦ) Лола Бурыева нагадвае, што этычныя нормы і прафесійныя стандарты — гэта якраз тое, што адрознівае сапраўдную журналістыку ад прапаганды.

    —  Этычныя нормы, журналісцкія стандарты — гэта падмурак нашай прафесіі. Акурат я ўспрымаю іх як дапамогу, бо для нас гэта, хутчэй, не абмежаванні, а падказкі, у якім накірунку рухацца ў гэтыя нялёгкія часы.

    Рэдактарка сайта БРЦ Лола Бурыева

    Калі з’яўляецца штучны інтэлект, мы што робім? Мы ствараем правілы карыстання ШІ у беларускіх медыях. Калі нашыя крыніцы робяцца ананімнымі, мы прапісваем прынцыпы, каб максімальна шчыра паведамляць пра важнасць і аўтарытэтнасць гэтых крыніцаў, не падстаўляючы іх і адначасова захоўваючы нашу рэпутацыю. Таму я не думаю, што праца над паляпшэннем, ці мадэрнізацыяй Кодэкса этыкі, не своечасовая.

    Так, я чула шмат разваг ад калегаў, ці ўвогуле ў сённяшняй сітуацыі варта кіравацца этычнымі нормамі. Я лічу, што яны неабходныя, бо адыходзіць ад іх цяпер — усё адно што адмаўляцца ад правілаў дарожнага руху падчас моцнага снегападу, калі, наадварот, мы павінны яшчэ мацней прытрымлівацца іх. Бо нашыя журналісцкія стандарты — гэта якраз тое, што адрознівае нас ад прапагандыстаў ці, скажам, блогераў, якія хацелі б выступаць перад аўдыторыяй як медыйшчыкі, але пры гэтым не выконваюць прафесійныя правілы.

    Дарэчы, менавіта таму, прыйшоўшы ў Беларускі расследавальніцкі цэнтр, я паставіла адной з галоўных мэтаў для сябе стварыць рэдакцыйную палітыку. Яна з’явілася ў канцы мінулага года. У ёй якраз і прапісаныя пункты і пра штучны інтэлект, і пра ананімнасць крыніцаў, і іншыя падказкі, якія датычаць менавіта этычных аспектаў нашай працы.

    То-бок, многія палажэнні з праекта Кодэкса этыкі ў нас ужо працуюць у выглядзе рэдакцыйнай палітыкі.

    Мы маем два дакументы, якімі кіруюцца журналісты БРЦ. Першы — акурат рэдакцыйная палітыка, адкрыты, размешчаны на сайце і дасяжны абсалютна для ўсіх: і для аўдыторыі, і для калег-журналістаў. Другі — гэта стайл-гайд: унутраны дакумент, які тлумачыць некаторыя рэчы больш падрабязна. Гэта рабочы інструмент, які закрыты не таму, што ўтрымлівае нейкія супертаямніцы, а таму што дэталізуе тыя ці іншыя палажэнні агульнадаступнай рэдакцыйнай палітыкі. І гэта не абмяжоўвае нашу працу, а наадварот, дапамагае ў ёй.

    Наста Роўда: Кодэкс напісаны для Беларусі ўзору 2019 года, а не для ўмоў дыктатуры 2025-га

    Дырэктарка «Нашай Нівы» лічыць некаторыя прапановы Кодэкса этыкі ўмяшаннем ва ўнутраную палітыку рэдакцыі.

    — На мой погляд, прапанаваны этычны кодэкс адарваны ад існуючых умоў, у якіх мы працуем. Яго можна было б абмяркоўваць і карэктаваць для працы медыя ў свабоднай Еўропе ці Беларусі 2019-га года. А мы працуем ва ўмовах дыктатуры ў 2025‑м. 

    Наста Роўда

    Наста Роўда. Фота: Надзея Бужан

    Таму, напрыклад, шэраг пунктаў, важных з пункту гледжання аўтарскага права, проста непрыдатныя ў існуючых умовах: яны ствараюць пагрозы для нашых герояў і крыніц.

    Шэраг пунктаў граюць на руку рэжыму, калі мы збіраемся проста ў кодэксе прапісаць, што абавязаныя пагаджацца любыя тэксты здымаць пры кожным звароце да нас ці не перадрукоўваць тэксты медыя, рэдакцыі якіх знаходзяцца ўнутры краіны. Гэта не павінна быць у агульным кодэксе. У нас ёсць уласныя гайды па бяспецы, мы кіруемся імі.

    Частка пунктаў з’яўляюцца наўпроставым умяшаннем ва ўнутраную рэдакцыйную палітыку. Кшталту прапановы рэгуляваць падыходы да напісання загалоўкаў альбо дазволу журналісту самому вырашаць, якія рэдакцыйныя заданні яму выконваць. Гэтыя пытанні мусяць вырашацца ўнутры рэдакцый, а не Радай па медыяэтыцы.

    Што да блока пра судовую журналістыку, то ён не ўлічвае сітуацыю з палітвязнямі і распрацаванымі падыходамі па працы з гэтай адчувальнай тэмай. Калі літаральна кіравацца фармулёўкамі праекта, то мы не мусім увогуле згадваць імёны палітвязняў, пакуль іх прысуд не ўступіў у сілу.

    Грамадская значнасць, свабода слова і бяспека — вось тыя тры рэчы, якімі сёння мусілі б кіравацца аўтары прапанаванага этычнага кодэксу. Ці трэба такім дакументам як можна мацней звязваць нам рукі?

    Маргарыта Прохарчык: Галоўнае – каб кодэкс не ператварыўся ў інструмент кантролю

    Галоўная рэдактарка праекта This Min­sk Media Маргарыта Прохарчык лічыць, што ў пераломныя моманты стандартызацыя этычных норм патрэбная нават больш, чым калі-небудзь.

    — Менавіта ў крызісныя часы журналістыка мусіць заставацца крыніцай праўдзівай, збалансаванай і прафесійнай інфармацыі. Калі медыя аддаюць перавагу эмоцыях ці палітычным прыхільнасцям, яны становяцца не сродкам масавай інфармацыі, а інструментам прапаганды. Для нас важна, каб журналісты захоўвалі незалежнасць ад палітыкаў і прымалі рашэнні, заснаваныя на фактах, а не на ціску, асабістых сімпатыях ці антыпатыях.

    Маргарыта Прохарчык

    Маргарыта Прохарчык. Фота: з асабістага архіва

    Умовы выгнання не павінны ператвараць журналістаў у палітычных гульцоў. Медыя мусіць даваць голас усім, акрамя тых, хто знішчаў свабоду слова, саджаў журналістаў і змусіў незалежныя рэдакцыі пакінуць Беларусь. Мы не абавязаныя ствараць для іх пляцоўку для маніпуляцый. Але ўнутры дэмакратычнай супольнасці беларусаў медыя павінны заставацца максімальна аб’ектыўнымі і не баяцца казаць пра палітыкаў і актывістаў так, як ёсць. Без страху, што за крытычны матэрыял прыйдзе «прашэнне» яго выдаліць, а за адмову будуць «абрэзаныя магчымасці».

    Мы не ідэальныя, і, вядома, таксама можам дапускаць памылкі. Былі эмоцыі, былі моманты суб’ектыўнасці. Але мы разумеем важнасць стандартаў і імкнемся працаваць над сабой.

    Таму зараз для нас ключавое — не забывацца на журналісцкія стандарты: не важна, падабаецца нам пэўны палітык ці не, мы мусім паказваць факты. Нельга пісаць пра адных з насмешкай, а пра іншых выключна ў пазітыўным ключы. Мы не займаемся PR, наша задача — інфармаваць.

    Я ўпэўнена, што Кодэкс этыкі можа дапамагчы развесці межы паміж журналістыкай і актывізмам, прапісаць стандарты працы і вярнуць давер аўдыторыі да незалежных медыя. Ён падштурхне да адказнасці і ўзмоцніць самарэгуляцыю.

    Але ёсць і рызыкі: калі дакумент стане занадта жорсткім і нягнуткім, гэта можа прывесці да самацэнзуры і абмежаванняў. Галоўнае — каб кодэкс не ператварыўся ў інструмент кантролю, а заставаўся накірункам для прафесійнай і сумленнай працы.

    Этыка патрэбная заўсёды, нават у самых складаных умовах. Бо калі журналісты выходзяць за межы прафесійных стандартаў, яны самі становяцца часткай інфармацыйнага хаосу. І калі мы патрабуем этычных паводзін ад іншых, мы мусім пачынаць з сябе.

    Алег Агееў: Змрочныя часы не апраўданне, каб нічога не рабіць

    Рада па медыяэтыцы не збіраецца ацэньваць «обліко морале» журналістаў і праводзіць «таварыскія суды». Але орган самарэгулявання можа істотна аблегчыць існаванне медыяў у выгнанні. Так лічыць намеснік старшыні БАЖ, кіраўнік Прававога цэнтра Алег Агееў.

    — Журналісцкая этыка з’яўляецца гарантыяй даверу чытача да працы медыйшчыкаў. Этыка якраз і з’яўляецца той меркай, якая адрознівае якасны прадукт ад браку.

    Алег Агееў

    Алег Агееў. Фота: БАЖ

    — Ці своечасова журналісцкая супольнасць узялася за перапрацоўку Кодэкса журналісцкай этыкі? Бо на гарызонце ўзнікла больш сур’ёзная пагроза для незалежных медыяў – фізічнае выжыванне.

    — Звароты ў Камісію па этыцы БАЖ (да прыпынення яе дзейнасці) нават у самыя змрочныя часы не спыняліся. Медыі выконваюць публічную функцыю, адпаведна, існуе патрэба ацаніць тыя ці іншыя з’явы падчас яе ажыццяўлення. Запыт нараджае прапанову, як вядома. Трэба дадаць, што гульцом на гэтым полі выступае не толькі медыясупольнасць, якая павінна даць адказ на пытанне: што этычна, а што не этычна.

    Адзначу, што распрацоўшчыкі дакументаў не прапануюць стварыць нейкі карны орган.

    Рада па медыяэтыцы павінна бараніць журналістаў і рэдакцыі: яе місія заключаецца не толькі ў пошуку парушэнняў з боку медыяў, але і наадварот, даказваць, што парушэнняў не было. І такім чынам яна будзе бараніць рэсурсы ад незаслужаных абвінавачанняў і папрокаў.

    Цяпер, калі ў Беларусі адбываюцца беспрэцэдэнтныя масавыя рэпрэсіі, скарачаецца фінансаванне медыясектара, калі некаторыя рэдакцыі ўвогуле разглядаюць верагоднасць закрыцця — нават такія экстрэмальныя, таксічныя ўмовы не перакрываюць патрэбу ў стварэнні гэтага органа.

    — Журналісты — практычны народ: не памацае — не паверыць. Як на справе прымяняць Кодэкс этыкі?

    — Тут існуюць розныя падыходы. Напрыклад, калі стандарты прымаюцца журналісцкай супольнасцю і па дамоўленасці ўсе бяруць на сябе абавязак прытрымлівацца агульных правілаў гульні. Але ў медыях, акрамя слова гонару, сёння прапануецца стварыць яшчэ і адпаведны орган з аўтарытэтных людзей, які будзе абірацца незалежным медыясектарам на дэмакратычных празрыстых выбарах. Гэта Рада па медыяэтыцы, якая зможа разглядаць індывідуальныя звароты на прадмет парушэння журналісцкіх стандартаў у канкрэтных матэрыялах.

    Адпаведна, кожны атрымае магчымасць звярнуцца ў гэты орган і прасіць заключэнне пра парушэнне ці выкананне журналісцкіх стандартаў.

    — Раней БАЖу даводзілася разбіраць персанальныя кейсы журналістаў, якія межавалі з умяшальніцтвам у прыватнае жыццё. Ці здолее Рада папярэдзіць з’яўленне падобных зваротаў?

    — Згодна з прапановамі, Рада па медыяэтыцы будзе абмежаваная паўнамоцтвамі адносна стварэння кантэнта. Любая дзейнасць, не звязаная з выкананнем прафесійных абавязкаў журналіста, не трапляе пад яе кампетэнцыю. Калі медыясектар пагодзіцца з такім абмежаваннем, то дакладна прапісаная працэдуры, згодна з якой Рада можа адмаўляць у разглядзе зварота, які выходзіць за рамкі яе кампетэнцыі. 

    — Што згубіць беларускі медыясектар, калі прапанаваныя дакументы не будуць прынятыя?

    — Я спадзяюся, усё ж Кодэкс па этыцы і пагадненне пра самакіраванне будуць прынятыя. У адваротным выпадку прэтэнзіі да беларускіх медыяў будуць разглядацца іншымі інстанцыямі. Большая частка незалежных медыярэсурсаў знаходзяцца ў выгнанні і на іх распаўсюджваецца юрысдыкцыя краін знаходжання. Адпаведна, частка беларускага грамадства ў выгнанні ці пакрыўджаная рэдакцыя панясуць свае скаргі ў паліцыю, суды, дзяржаўныя органы, якія і будуць разглядаць звароты заместа супольнага органа.

    Існуе рызыка, што бараніць сябе стане куды цяжэй — і па коштах на адвакатаў, і па часе, і па магчымых наступствах. Уласны орган самарэгулявання, наадварот, будзе разглядаць спрэчкі на ўзроўні беларускага грамадства.

    Дарэчы, і палітычныя структуры ў выгнанні зацікаўленыя ў існаванні такога органа. Так супала, што часы сапраўды змрочныя, але гэта не апраўданне, каб нічога не рабіць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці