Наталля Дуліна пра палітзняволеную журналістку Кацярыну Андрэеву: «Яна не зламалася»
Палітзняволеная журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева «не зламалася» у зняволенні, распавяла «Белсату» былая дацэнтка кафедры італьянскай мовы МДЛУ і экс-палітзняволеная Наталля Дуліна.
Наталля Дуліна, якая апынулася на волі 21 чэрвеня, адбывала пакаранне ў папраўчай калоніі № 4 у Гомлі, дзе знаходзіцца і Кацярына Андрэева.
«Асабіста з ёй я не перасякалася, але бачыла яе там. Яна чалавек моцны, хоць кажуць, што яна не тое, каб замкнулася, але неяк, мабыць, яе паводзіны трохі змяніліся, але агулам яна не зламалася», – распавяла Наталля Дуліна.
Наталля Дуліна змагла расказаць пра гэта пасля таго, як выйшла на волю па памілаванні, як і яшчэ 13 чалавек, пасля візіту ў Беларусь спецыяльнага пасланца прэзідэнта ЗША па пытаннях Украіны Кіта Келага.
Кацярыну Андрэеву затрымалі ў лістападзе 2020 года падчас стрыму з плошчы Пераменаў. Тады сілавікі жорстка разганялі пратэстоўцаў. Суд прыгаварыў журналістку да двух гадоў пазбаўлення волі, аднак потым на Кацярыну завялі новую крымінальную справу – за здраду дзяржаве. З улікам папярэдняга тэрміну Кацярыну пакаралі на 8 гадоў і 3 месяцы пазбаўлення волі.
У кастрычніку 2024 года таксама затрымалі яе мужа Ігара Ільяша. У лютым 2025 года стала вядома, што яго абвінавачваюць у «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369–1 КК) і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч.2 арт. 361–4 КК). У сакавіку Менскі гарадскі суд абвясціў перапынак у разглядзе крымінальнай справы Ігара Ільяша. Паводле «Вясны», яго аналітычныя публікацыі адпраўленыя на экспертызу, якую будзе праводзіць доктар філалагічных навук, загадчык кафедры на філфаку БДУ Сяргей Лебядзінскі. Суд адхіліў хадайніцтва журналіста наконт таго, каб экспертыза праводзілася ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз.
