• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Не 50 адсоткаў, а толькі два. Фактчэкінг па слядах калонкі Рымаса Бружаса на LRT

    На мінулым тыдні многіх беларусаў, якія жывуць у Літве, узварушыла калонка журналіста Рымаса Бружаса. Аўтар сярод іншага прапанаваў паказаць, што ў краіне не радыя беларусам, якія «нясуць смярдзючую змяю знявагі да нашага ладу жыцця». У тэксце прыгадвалася не так шмат фактаў, але адну лічбу праверыць было досыць лёгка.

    На прыкладзе невялікага даследавання журналіст  Сяргей Цвярдзічаў дэманструе, як можна падвергнуць сумневу некаторыя тэзісы з рэзананснага матэрыялу.

    Ці не нагнятае Рымас Бружас?

    У журналістыкі фактаў і журналістыкі каментарыяў ёсць адна агульная рыса — яны грунтуюцца ўсё ж такі на фактах. Павінны грунтавацца. Калі аўтар спасылаецца на меркаванне, няхай для кагосьці спрэчнае, ён мае на гэта права. Але ж факты трэба правяраць, бо іначай і аргументы гучаць несур’ёзна.

    Спасылаючыся на вялікую колькасць беларусаў у Вільні, Рымас Бружас сцвярджае, што «пакуль стаіш у аўтамабільным корку, то адчуваеш сябе нібыта недзе ў Мінску», бо «машын з беларускімі нумарамі амаль столькі ж, як і з літоўскімі».

    Гэта прагучала, мякка кажучы, сумнеўна для тых, хто пастаянна жыве ў Літве. Аўтамабілі з беларускімі нумарамі на вуліцах Вільні і Коўна цяпер сустракаюцца досыць рэдка. За апошні год-два іх стала значна менш, асабліва пасля таго, як многія рэлаканты зарэгістравалі транспартныя сродкі ў мясцовых органах, як таго патрабуе заканадаўства.

    З тэксту артыкула складаецца ўражанне, што аўтар фактычна заклікае да дзеянняў (дарыэчы, менавіта гэта і уз’юшыла беларусаў). Ён задае рытарычнае пытанне, ці бачылі чытачы, як літоўцы ладзяць «антыбеларускія флэшмобы» каля гандлёвага цэнтру Akropo­lis, і ці бачылі плакаты, якія паказваюць Лукашэнку і Пуціна «ў непрыстойных позах», ці часта бачылі «хаця б улёткі за дворнікамі».

    Паколькі калумніст узгадвае папулярны сярод беларусаў гандлёвы цэнтр, то аўтар БАЖ вырашыў правесці лёгкі фактчэкінг: ці сапраўды аўтамабіляў з Беларусі так шмат, як згадваецца ў артыкуле?

    З улікам таго, што колькасць нашых суайчыннікаў у Літве, як нам падаецца пасля ўважлівага вывучэння рэзананснага тэкста, выклікае вялікую занепакоенасць журналіста, можна лёгка высветліць, ці не нагнятае Рымас Бружас. Тым больш, што праверыць гэты факт вельмі проста.

    Дык колькі адсоткаў?

    Невялікае даследаванне праводзілася з 12.00 да 13.00 у нядзелю, калі ля Akropo­lis павінна знаходзіцца пікавая колькасць беларусаў. Паркоўка перад фасадам гандлёвага цэнтра была запоўненая прыкладна на 90–95%, але ж абсалютная большасць машын мелі літоўскія нумары.

    Доказы? Ды вось яны: аўтар БАЖ абыйшоў усю паркоўку, разлічаную больш чым на 1300 машына-месцаў, падлічыў колькасць аўтамабіляў з нелітоўскімі нумарамі і зрабіў адпаведныя фотаздымкі.

    Вынікі атрымаліся наступнымі: усяго перад фасадам гандлёвага цэнтра знаходзіліся 24 аўтамабілі з беларускімі нумарамі. У тым ліку BMW з дыпламатычнымі рэгістрацыйнымі знакамі, то-бок вельмі ўмоўна можна лічыць яго ўладальніка беларусам, але ж і гэтую машыну мы таксама ўключылі ў беларускую статыстыку.

    Калі ж зрабіць нескладаныя падлікі, то атрымліваецца наступнае. Палічым, што паркоўка была запоўненая на 90% — гэта 1170 аўтамабіляў. Якая ж доля з іх беларускіх, якіх, нагадаем, 24? Два адсоткі! Гэта і блізка не 50%, пра якія піша Рымас Бружас.

    У чым аўтар артыкула на сайце LRT мае рацыю, дык гэта ў тым, што сярод іншаземцаў у Вільні хутчэй можна сустрэць беларусаў. Напрыклад, на паркоўцы ў гэты ж час знаходзіліся 7 аўтамабіляў з украінскімі нумарамі, 3 — з латвійскімі, 3 — з польскімі, 2 — з эстонскімі, 1 — з фінскімі, 1 — з нямецкімі. Канешне, транспартныя сродкі ўвесь час мяняліся, але прапорцыі заставаліся прыкладна такімі ж. Досыць, каб скласці ўяўленне.

    Цяжка ўявіць, што такая колькасць беларусаў, якая прыехала ў Вільню, можа некаму пагражаць. Нават калі лічыць выкарыстаны выраз («машын з беларускімі нумарамі амаль столькі ж, як і з літоўскімі») мастацкім прыёмам, то атрымалася, як мне здаецца, няўдала і спекулятыўна.

    Дык колькі насамрэч беларусаў у Літве?

    Аднак аб тым, што «прыезджых з Беларусі» не так шмат, сведчаць і іншыя факты. У прыватнасці, статыстыка шэнгенскіх і нацыяныяльных візаў, выдадзеных краінамі адпаведнага пагаднення. За некалькі гадоў з рэкардсменаў па «атрыманні шэнгену» беларусы апынуліся амаль у аўтсайдэрах. Атрымаць дазвол на візіт для грамадзян РБ у Еўрасаюз усё цяжэй і цяжэй.

    І раней гэта быў квэст, а цяпер — дарагая працэдура з немалой рызыкай атрымаць адмову. У каментары «Зеркалу» візавы аналітык Аляксандр Лібер распавядаў, што цяпер віза ў Еўропу для беларуса каштуе от 390 до 2000 рублёў (ад 110 да 570 еўра) і чакаць рашэння можна да года. То-бок уваходны квіток занадта дарагі і, каб трапіць у Вільню, у беларуса павінна быць вялікая матывацыя.

    Адзначым, цяпер беларусам значна прасцей паехаць у Расію, аднак нашыя суайчыннікі ўсе роўна выбіраюць Літву, бо еўрапейскія каштоўнасці бліжэй, і гаворка зусім не пра шопінг і рэстараны.

    Да таго ж пасля публікацыі на LRT у журналісцкіх колах абмяркоўвалася, што афіцыйныя дадзеныя па колькасці беларусаў у Літве могуць быць завышаныя. Справа ў тым, што па новых патрабаваннях кіроўцы-дальнабойшчыкі цяпер таксама вымушаныя атрымліваць від на жыхарства (ВНЖ), а не візы, як раней, то-бок лічацца жыхарамі, але насамрэч большасць жывуць у кабіне фуры ці ў Беларусі. Па дадзеных Саюза перавозчыкаў Літвы, такіх працаўнікоў каля 40 тысяч.

    Калі сапраўды так, то беларуская дыяспара ў балтыйскай краіне не такая вялікая, як прынята сцвярджаць на афіцыйным узроўні (па апошніх агучаных звестках, каля 60 тысяч беларусаў пражываюць у Літве, але ж калі не ўлічваць прафесійных кіроўцаў, то атрымаецца зусім няшмат — прыблізна 20 тысяч).

    Не трэба шукаць ворагаў сярод сяброў

    Але ж вернемся да Akropo­lis. Наколькі гнуткай у залежнасці ад кан’юнктуры пазіцыя можа быць у аднаго і таго ж чалавека, добра дэманструе прыклад Фрэдэрыкаса Янсонаса. Дарадца прэзідэнта Літвы ў пачатку 2024 года ў інтэрв’ю Žinių radi­jas (на што звярнуў увагу «Позірк») сказаў, што прыезджыя беларусы могуць патэнцыяльна стаць пятай калонай. Ён лічыць, што парламент памыліўся, калі адмовіўся ўраўноваць умовы для беларусаў і расіян.

    — Дэпартамент дзяржбяспекі сігналізуе, што праблема ў тым, што кожны месяц у Літву прыязджаюць тысячы і тысячы жыхароў Беларусі. І мы стваралі патэнцыяльна вялікую праблему, — падкрэсліў чыноўнік.

    Але ж у мінулым Фрэдэрыкас Янсонас займаў пасаду прадстаўніка па сувязям з прэсай Akropo­lis, і казаў зусім іншае. Напрыклад, у інтэрв’ю беларускаму дзяржаўнаму тэлеканалу АНТ у 2015 годзе на рускай мове ён распавядаў:

    — Едуць таму, што тут выбар добры, якасныя тавары, можна сэканоміць. Калі 5–7 гадоў таму ехалі закупацца, то цяпер едуць, каб правесці час. Яны катаюцца на лёдзе, гуляюць у боўлінг.

    Змяненне рыторыкі ўласціва не толькі асобнаму літоўскаму чыноўніку. Пасля 2020 года многія ўхвалялі пазіцыю беларусаў, але з пачаткам вайны ва Украіне стаўленне дыяметральна змянілася. Цяпер многія спасылаюцца, што мы — прадстаўнікі краіны-агрэсара.

    Але ж большасць беларускай дыяспары ў Літве — гэта апаненты рэжыму Лукашэнкі, якія яскрава выступаюць супраць дзеянняў Расіі (досыць узгадаць, колькі бел-чырвона-белых сцягоў было на маршы ў падтрымку Украіны ў Вільні 24 лютага 2022 года).

    То-бок мішэнню антыбеларускіх нападак становяцца прадстаўнікі дэмакратычнага руху. А гэта добры пас для прапаганды Лукашэнкі і Пуціна, і яна ім выдатна карыстаецца. Так, газета «СБ. Беларусь сегодня» з выкарыстаннем штучнага інтэлекту апублікавала здзеклівую серыю выяваў, у якой нібыта ўдзельнічалі Гітанас Наўседа і прадстаўнік беларускай дыяспары, суправадзіўшы такім каментаром:

    — А папярэджвалі «змагароў», якія рванулі ў Літву, што яны там будуць патрэбныя толькі да пары, пакуль у заходнім парадку дня яшчэ заставалася вар’яцкая ідэя перавароту ў Беларусі. Мала таго што не паверылі, дык яшчэ і абарзелі настолькі, што сталі сябе ўяўляць ледзь не гістарычнымі гаспадарамі літоўскіх зямель.

    Дарэчы, пад артыкулам Рымаса Бружаса ў Face­book таксама назіраецца тыповая рэакцыя. Там і прыхільнікі так званага «ліцвінізму», і «рускага свету». На жаль, не абыйшлося без пагроз аўтару. Адным словам, сабралася багатая калекцыя штампаў ад крэмлеботаў.

    Відавочна, што такія гутаркі і эківокі не прывядуць ні да чага добрага, а выйграюць ад абвастрэння адносінаў і падзялення агульнай гісторыі толькі аўтарытарныя рэжымы. Цяпер настаў час вялікага выпрабавання для дэмакратыяў усяго свету, але ж, каб адстойваць свабоду, нам трэба заставацца разам, а не шукаць ворагаў сярод сяброў.

    Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

    Чытайце яшчэ:

    Літоўскі журналіст абурыўся беларусамі ў Вільні, заклікаў «паказаць, што ім не радыя»

    Шлях да Беларусі ляжыць праз перамогу ва Украіне? Дыскусія пра тое, як утрымаць наш інфармацыйны парадак у свеце

    Публікацыя фільма пра пратэсты выклікала гучны рэзананс. Прычына — у бяспецы. Што кажуць аўтар і медыя?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці