• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Неяк апошнім часам, выбіраючы кнігі, думаеш: а што яна табе дасць?» Андрэй Скурко аб прачытаным і адрэфлексаваным

    «Быў некалі рэпартаж з калоніі, дзе сядзіць Андрэй. Мяне ўразілі два фоты: спальныя месцы (якія не пакідаюць ніякай прыватнасці) — і бібліятэка. Партрэты класікаў, нашых блізкіх і дарагіх. Па карэньчыках на паліцах пазнаюцца вядомыя кніжныя серыі», — піша ў фэйсбуку жонка палітвязня Андрэя Скурко Паўліна. І цытуе тое, што піша пра кнігі і кніжніцтва з калоніі яе муж.

    Цікавыя кніжныя навіны. Добра, што Стывена Кінга будуць перакладаць (галоўнае, каб перакладчыкаў і рэдактараў выбіралі па здольнасцях).

    Парадаваўся вельмі, што выходзіць казка пра Казіка з Каменнай горкі. Напэўна гэта будзе нешта класнае — талент аўтара [Кудрыцкага] сумневаў не пакідае. У цэлым радуе з’яўленне кожнай кніжкі.

    …Узяў «Інферна» Дэна Браўна — думаў, што гэта больш павярхоўная літаратура, а там столькі гістарычных адсылак, што калі быць у Фларэнцыі, нічога дадатковага, турыстычнага, бадай, і не трэба вывучаць.

    Супаставілася: гады жыцця Дантэ Аліг’еры — 1265–1314. Ад смерці Міндоўга да Гедыміна. Усведамляецца тагачасны культурны разрыў:) Але што казаць — італьянскія рэспублікі стаялі на плячах Рыму тысячагадовага.

    Узяў яшчэ біяграфію Рышэльё і даследаванне пра Чынгісхана (хацеў узяць апавяданні Брэдберы, але пераадолеў сябе:)

    …Чытаў Талстога. Заўважыў, што яго проза паглыбляе ў сябе настолькі, што «перабівае» нават музыку па радыё. Яшчэ, ведаеш,

    заўважаецца, наколькі падобныя да талстоўскіх «мятушчыхся» герояў — афіцэраў, арыстакратаў, якія спрабуюць вырвацца з пошласці побыту і шукаюць іншага жыцця, — героі Гарэцкага. Адно што ў выпадку Гарэцкага гэта сялянскія дзеці, народныя настаўнікі. Але памкненні ў іх тыя самыя.

    «Хаджы-Мурат» прыўкрасны — я раней мала яго цаніў. Адзін вобраз Мікалая Паўлавіча Палкіна чаго варты. І агулам усё там ёсць — і эпоха, і герой, і вечнае.

    …Што да фэнтэзі, то я найбольш цаню Ніла Геймана, «Гульню тронаў» і «Хронікі Нарніі» («Гары Потэр» у кніжным выглядзе не трапляўся — мо тут асвою).

    …Чытаю «Атлант расправіў плечы» Айн Рэнд. Гэта надзвычай папулярны ў ЗША раман. Там у станоўчым (нават гераічным) святле паказваюцца буйныя капіталісты — прамыслоўцы і ў адмоўным — аматары «роўнасці», за якой бачыцца трыумф пасрэднасці. Напісана вельмі добра і інтрыгоўна. Свет рамана трошкі з дамешкам фантастыкі — гэта не цалкам рэальная Амерыка.

    Кніжка змусіла ўспомніць розныя звягі з пэнаўцамі, камісіямі па этыцы і асобнымі літаратарамі і філосафамі. Шкада, што не прачытаў гэту кніжку гадоў 20 назад, каб правільна (і без лішніх эмоцый) на ўсё рэагаваць. Колькі ўсяго было і мінула, стаўшы неістотным. Ну і добра:)

    …Чытаў пра Тараса Шаўчэнку: мілая гісторыя, як у 6‑гадовым веку Тарас пайшоў глядзець, дзе край свету. Ішоў-ішоў цэлы дзень, прайшоў дзве вёскі, тут яго спаткалі чумакі, пасадзілі на воз і прывезлі дамоў. А там яго ўжо шукаюць! Яго пасадзілі вячэраць, але ён так ухадзіўся, што з’еў толькі адну галушку і заснуў проста за сталом. Так што ў гэтых малышоў бываюць розныя ідэі:)

    Яшчэ ён малы любіў есці зямлю (я ўспомніў адразу гісторыю з Тамашом на пляжы:)

    … Узяў Рэмарка — пад уплывам нейкага хвіліннага настрою — але цяпер ужо не пэўны, што варта яго зараз чытаць.

    Неяк апошнім часам, выбіраючы кнігі, думаеш: а што яна табе дасць? Не толькі ў плане ведаў, але і ў плане настрою, эмацыйнага фону.

    Узяў таксама зборнік крыніц па ранняй гісторыі славянаў (тут і такое можна знайсці). Прачытаў нарэшце «Сагу пра Тыдрыка Бернскага» — тую самую, дзе апісваецца, як гуны на чале з Атылам штурмуюць Полацк. Увогуле, «Вядзьмак» там і побач не стаяў. Гістарычныя асобы, між якімі 500–700 гадоў, спакойна ўзаемадзейнічаюць, жэняцца, ваююць: Атыла, гоцкі кароль Тэадорых (гэта ён — Тыдрык Бернскі), «конунг русаў Вальдэмар».

    А вось з апошнім цікава, бо яго правобразам можа быць полацкі князь Уладзімір — той, што пусціў нямецкіх місіянераў на землі сваіх даннікаў ліваў, а пасля памёр загадкавай смерцю напярэдадні паходу на Рыгу. У «Сазе» згадваюцца, апроч Полацка, Смаленск і нават Герсіке — невялікая полацкая крэпасць ніжэй па Дзвіне (цяпер гэта Латвія).

    Чытаў некалі (канечне ж, не памятаю, дзе) версію, адкуль гэта ўсё бралася. Сага была запісаная ў XIII стагоддзі ў Германіі ў асяродку нямецкіх купцоў, якія плавалі гандляваць па Дзвіне — і ўносілі ў свае старажытныя легенды геаграфічныя рэаліі тых далёкіх экзатычных краін, як Полацкае Княства.

    Хоць Міхась Міхайлавіч [Чарняўскі] і казаў некалі, што знаходзіў наканечнікі гунскіх стрэлаў у Мядзельскіх азёрах, каля Гатавіч. Ён дапускаў, што стэпавікі хадзілі ў IV—V стагоддзях н. э. аж туды з выпадковымі невялікімі рэйдамі.

    Ну і на завяршэнне: у «Сазе» мо ўпершыню фіксуецца сюжэт «Папялушкі» — там таксама мераюць жаночы абутак у адным з эпізодаў і гэта канчаецца вяселлем.

    Чытайце яшчэ:

    Манипулирование и другие фокусы: как пропаганда редактирует реальность. Рассказывает Анна Мирочник

    «Я нават не заўважыла, як стала прычынай усіх мужавых няшчасцяў». Калегі расказалі аб сямейных праблемах у міграцыі

    Затрымалі Таццяну Пыцько, жонку палітзняволенага віцебскага відэааператара Вячаслава Лазарава

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці