• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Незалежнае радыёвяшчанне: ад «Беларускай маладзёжнай» і да нашых дзён

    15 лістапада 1925-га ў сталіцы ўпершыню прагучала: «Увага! Гаворыць Мінск!» З гэтых слоў 100 гадоў таму пачалася гісторыя беларускага радыё. Як за стагоддзе змянілася айчынная радыёжурналістыка? З чаго пачыналася развіццё незалежных радыёхваляў? І якіх фарматаў чакаюць ад сённяшніх радыйшчыкаў? У знакавую дату БАЖ абмеркаваў гэтыя пытанні са Змітром Лукашуком.

    Зміцер Лукашук

    Зміцер Лукашук. 2022 год. Фота з асабістага архіва

    Ад «Беларускай маладзёжнай» да «Радыё 101,2»

    — Што варта лічыць пачаткам незалежнага радыёвяшчання ў Беларусі?

    — Пачатак, мяркую, можна адлічваць ад рэдакцыі «Беларуская маладзёжная», якая фармальна знаходзілася ў структуры дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Яе праца якраз выпала на час перабудовы і палітычных зменаў у краіне. Акурат тады з’явілася магчымасць свабодна выдаваць у эфір свае думкі, разважанні, размовы.

    Але калі гаварыць пра цалкам незалежнае вяшчанне, то першай незалежнай стала FM-станцыя «Радыё 101,2», якую стварылі былыя журналісты і рэдактары «Беларускай маладзёжнай».

    Радыёстанцыю «Беларуская маладзёжная» закрыў яшчэ Кебіч, але Лукашэнка свае перадвыбарныя абяцанні не выканаў — вярнуць «БМ» у эфір пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах.

    Сутыкнуўшыся з першымі спробамі цэнзуры і аднаўлення «лепшых традыцый», журналісты сышлі і стварылі сваю першую незалежную FM-станцыю «Радыё 101,2». Фактычна гэта і ёсць пачатак незалежнага радыё сучаснай Беларусі.

    — Зміцер, вы пачыналі журналісцкую кар’еру як пішучы журналіст у «Чырвонай змене». Чаму адбылася вашая пераарыентацыя і пераход на радыёстанцыю «Беларуская маладзёжная»?

    — Я вучыўся на факультэце журналістыкі ў БДУ па прафілізацыі «друкаваныя СМІ». Пачынаў працу, калі казаць пра сур’ёзныя СМІ, у «Чырвонай змене», дзе дарос да начальніка аддзела эканомікі.

    Але потым я фактычна сышоў з журналістыкі, бо вельмі шчыльна ўзаемадзейнічаў з рок-музыкантамі. У гурце «Крама» быў адміністратарам, дырэктарам, аўтарам тэкстаў. Вось толькі ў журналістыку цягнула.

    pershayamaladzezhnaya-1

    Калектыў «Беларускай маладзёжнай»: Аксана Вечар, Зміцер Лукашук, Генадзь Кеснер, Жанна Літвіна, Віталь Сямашка, Ірына Курапаткіна, Зміцер Новікаў, Уладзімір Сакульскі

    А на той момант менавіта на «Беларускай маладзёжнай» працаваў мой былы аднакурснік Алесь Дайнека, вёў уласную праграму мой сябра Лявон Вольскі, туды пастаянна прыходзілі і вялі праграмы Кася Камоцкая ды Віталь Сямашка, з якім мы тады добра сябравалі.

    Натуральна, я пачаў прыходзіць на «Беларускую маладзёжную» да сваіх сяброў. Тагачасная рэдактарка радыёстанцыі злавіла мяне і кажа: «Што ты будзеш хадзіць сюды і проста тусавацца? Давай рабі матэрыялы». Так пачалася мая радыйная праца.

    — Што ўяўляў сабой беларускі радыёмедыярынак на той час? Ці быў увогуле выбар, куды ісці, а куды няварта?

    — Калі мы гаворым пра канец 80‑х — першыя гады 90‑х, то радыёмедыярынак быў слабы. Раней ніякіх незалежных радыёстанцый і магчымасцяў не было, выбіраць асабліва не было з чаго: ты ідзеш ці на радыё ў межах Белдзяржтэлерадыёкампаніі, ці на рэгіянальнае, як Радыё «Сталіца».

    Іншая справа, што тыя часы былі досыць свабодныя, хоць урад Кебіча яшчэ спрабаваў давесці да медыяў свае «пажаданні» па старой звычцы. Аднак нават рэдактары і журналісты некаторых дзяржаўных медыяў, напрыклад, «Чырвоная змена», «Знамя юности» і іншых, былі аплотам вольнай думкі.

    Мы можам прыгадаць нават тагачаснае тэлебачанне, якое ладзіла канцэрты беларускамоўных рок-гуртоў, выдавала якасныя і гульнёвыя, і музычныя шоу, і палітычныя праграмы. Вядома, адпаведна свайму часу, свайму ўзроўню, па меры магчымасцяў. Але ўсё было досыць свабодна.

    «Апроч закрыцця, у рэжыму Лукашэнкі інструментаў не было»

    — Пазней вы перайшлі на «Радыё 101,2 FM», якое стала пераемніцай «Беларускай маладзёжнай». Радыёстанцыя прапрацавала год, з 21 ліпеня 1995 года да 31 жніўня 1996 года. І таксама было зачыненае. А прычына?

    — Тады быў час, калі ў FM-фармаце пачалі паўставаць незалежныя радыёстанцыі, але найперш гэта былі музычныя радыёстанцыі, як, да прыкладу, «Радыё Рокс», якія рабілі стаўку на музыку і выпускі навінаў. 

    А «Радыё 101,2 FM» працягвала запачаткаванае «Беларускай маладзёжнай» і закладала новыя традыцыі дыскусійнага FM-вяшчання. Гэта рэпартажы, крытычныя матэрыялы, гутаркі ў студыі — такое нармальнае грамадска-палітычнае радыё, хоць і з музычным напаўненнем.

    У параўнанні з іншымі радыёстанцыямі менавіта грамадска-палітычны кантэкст не падабаўся ўладам, бо яго немагчыма было падмяць пад сябе.

    Радыё 101,2

    Да таго ў 90‑х у Беларусі вельмі актыўна развіваўся прыватны бізнес. І яго прадстаўнікам вельмі падабалася сама ідэя радыё такога фармату. Таму яны актыўна ўкладалі свае грошы ў новыя медыі. Даходзіла да таго, што проста аддавалі свае аўтамабілі з кіроўцам, каб машына заўсёды была пад рукой: паехаць куды трэба і зрабіць матэрыял.

     І гэта вельмі не падабалася сістэме, якая яшчэ не магла наехаць на бізнес, каб той не падтрымліваў радыёстанцыю. Што рабіць? Апроч закрыцця рэдакцыі, у рэжыму Лукашэнкі інструментаў не было. Вось і скарысталіся гэтай адзінай магчымасцю. Знішчыць радыёстанцыю — сістэма абрала такі падыход.

    — Але «Радыё 101,2 FM» не змірылася і спрабававала захавацца ў іншых фарматах.

    — Так, спробы рабіліся. Спрабавалі рабіць відэа на пляцоўцы незалежнага гарадскога тэлебачання, пэўны час выдавалі сваю газету, якая так і называлася «Беларуская маладзёжная». Але новая справа не вельмі пайшла — мы ўсё-такі радыйшчыкі, і да відэа/газетных спраў каманда была не вельмі падрыхтаваная. З іншага боку, рэжым ужо і не даваў разгарнуцца нам, любая ініцыятыва калектыву «Беларускай маладзёжнай», а затым «Радыё 101,2 FM» адсочвалася і ад самага пачатку задушалася. Таму гэтыя праекты таксама доўга не праіснавалі.

    «Калі з галоўным рэдактарам на ты»

    — Наступным месцам вашай працы стала «Еўрапейскае радыё для Беларусі», дзе вы лічыцеся доўгажыхаром. Што адрознівае яго ад іншых беларускіх радыёстанцый?

    — Так склалася трохі выпадкова. Ці то ў 2006‑м, ці то ў 2007 годзе я працаваў у Маладзечне ў «Рэгіянальнай газеце» пад кіраўніцтвам Аляксандра Манцэвіча (дзякуй Богу, ужо былога палітвязня). Неяк я прыехаў у Мінск і сустрэўся з каляжанкай, якая стаяла ля вытокаў «Еўрарадыё».

    Яна і кажа: мы распачалі новы праект, каманда часткова прыйшла з «Беларускай маладзёжнай» і «Радыё 101,2 FM». Прынамсі, гаворка ідзе пра Змітра Новікава, які працаваў гукарэжысёрам яшчэ на «Беларускай маладзёжнай», пра іншых калег. І прапанавала пасупрацоўнічаць.

    Зміцер Лукашук

    Зміцер Лукашук. Фота: «Еўрарадыё»

    А як супрацоўнічаць, калі на той момант я працаваў у штаце «Рэгіянальнай газеты»? У выніку я пагадзіўся выступаць у ролі рэгіянальнага карэспандэнта, каб падтрымаць старых сяброў і калег. Дзеля таго некалькі разоў на тыдзень рыхтаваў блок навін для «Еўрарадыё».

    А потым на пачатку 2007 года сітуацыя склалася так, што давялося мяняць сваё жыццё. Тады я запытаўся: а ці не возьмеце мяне ўжо не ў рэгіянальны, а ў сталічны штат? Пагадзіліся. Я сарваўся, прыехаў, пачаў працаваць — так і пакаціла.

    — Чым яно адрозніваецца ад сваіх папярэднікаў?

    — На маю думку, мала што іх адрознівае. Паўсюль быў закладзены дух агульнай супрацы, наладжвання ўзаемаадносін у калектыве не толькі на прафесіяналізме, але і на асабістых падмурках, калі сяброўства і добрыя стасункі маюць вялікае значэнне. І гэты сяброўскі дух, запачаткаваны яшчэ ў «Беларускай маладзёжнай», калі з галоўным рэдактарам на ты. Я мог зайсці да яго з любой праблемай, не толькі працоўнай. І для цябе зробяць усё, што трэба, бо мы — каманда, мы сябры, мы адзін за аднаго. Для мяне гэта вельмі важна, і я гэта цаню.

    — «Еўрарадыё» ўзору 2008 года і ўзору 2025 года — ці адрозніваюцца яны па ўмовах працы, па атмасферы?

    — У 2008 годзе мы працавалі на здымнай кватэры: у адным пакоі быў ньюсрум, у другім — студыя, а ў трэцім мы прымалі гасцей. Што называецца, сядзелі на галовах адзін у аднаго, рабілі сваю справу на энтузіязме.

    Зараз мы знаходзімся ў цэнтры Варшавы ў прафесійнай студыі. Той жа самы запал, імпэт рабіць сваю справу, жаданне данесці сваё бачанне, сваё слова — усё засталося. Бо разам сабраліся людзі, для якіх журналістыка і слова «місія» маюць значэнне. Тое — частка твайго ўласнага жыцця: у цябе ёсць мэта, да якой ідзеш, і табе гэта падабаецца. 

    «Еўрарадыё» напачатку і зараз — адчуванне свабоды творчасці. Мне могуць падказаць цікавага чалавека, але ніхто не забараняе запрашаць гасцей, якіх выбіраю я. Так і ў астатніх журналістаў — кожны выходзіць са сваёй тэмай, галоўнае, даць сваю аргументацыю, паказаць сваё бачанне рэчаіснасці. Магчымасць рэалізацыі ёсць, і гэта таксама для мяне важна.

    «Зачышчаны» эфір. На сёння ў Беларусі няма незалежнага грамадска-палітычнага радыёвяшчання

    «Кожная рэдакцыя ператварылася ў мультымедыйную платформу»

    — Сёння радыёвяшчанне не падобнае на той класічны фармат, які мы памятаем 30 гадоў таму. Што змянілася? Пераход радыё ў фармат падкастаў, як напрыклад: «Радыё Свабода» і «Еўрарадыё», — гэта неабходнасць?

    — Безумоўна, часы змяняюцца, усе шукаюць магчымасці дайсці, дагрукацца да аўдыторыі. Возьмем любую газету — гэта ўжо не проста друкаваны асобнік. Яна не толькі выходзіць у класічным папяровым выданні, але мае сайт, робіць відэапрадукцыю, посціць інфармацыю ў сацыяльных сетках. І так працуюць усе.

    Калі раней у радыё былі выключна слухачы, пазней, са з’яўленнем сайтаў, дадаліся чытачы, а зараз — яшчэ і гледачы. Цяпер фактычна кожная рэдакцыя ператварылася ў мультымедыйную платформу.

    Іншая справа, што кожная рэдакцыя тым ці іншым чынам абірае фармат, якому аддае перавагу. Хтосьці спецыялізуецца на тэкставым сайце, хтосьці, як мы, робіць стаўку на развіццё YouTube-праекта. Сёння мы маем не толькі класічны рэсурс, але яшчэ канал з кароткімі відэа, з дакументалкамі. Развіваем праект Belarus Tomor­row — даўняю мару нашага кіраўніка Змітра Новікава.

    Стрымінгавая платформа Belarus Tomorrow

    Стрымінгавая платформа Belarus Tomor­row. Фота: «Еўрарадыё»

    Мы адметныя сваімі студыйнымі гутаркамі, у якіх журналіст не проста задае загадзя складзеныя пытанні, але і з’яўляецца непасрэдным удзельнікам дыскусіі: выказвае ўласная меркаванне, не пагаджаецца, спрачаецца.  Хаця ў нас застаецца таксама вельмі моцным класічны кірунак рэпартажаў.

    — Ці можна параўноўваць незалежныя радыёстанцыі з «хвалямі», якія цяпер працуюць унутры Беларусі?

    — Параўнанняў ніякіх няма. Мы можам разглядаць хіба тэхнічныя аспекты, напрыклад, як робіцца радыйны рэпартаж. Але зусім іншая справа — напаўненне, падача, падыход.

    Канешне, і «Радыё Свабода», і «Еўрарадыё», і іншыя нашыя незалежныя калегі маюць свае стандарты, але свабода слова і класічныя журналісцкія стандарты для іх з’яўляюцца непахіснымі.

    А дзяржаўныя медыі — дзесьці вымушана, недзе па ўласнай ініцыятыве — найперш падпарадкоўваюцца ідэалагічным і цэнзурным патрабаванням. Я не вельмі часта іх слухаю, але калі здараецца, то часам нібыта ў нейтральнай падачы культурніцкіх матэрыялаў ловіш прапагандысцкія матывы.

    Ад «заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасьці» да «перашкоды радыёсувязі міліцыі». Як закрывалі радыёстанцыі

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці