• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Зачышчаны» эфір. На сёння ў Беларусі няма незалежнага грамадска-палітычнага радыёвяшчання

    7 мая ў Беларусі адзначаецца Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. У краіне працуе каля трох дзясяткаў радыёстанцый. Пасля падзей 2020 года беларускае радыёполе істотна змянілася. Зразумела, у бок пазбаўлення ад непадкантрольных дзяржаве крыніц інфармацыі.

    Фота: Karoli­na Grabows­ka для pexels.com

    Да 7 мая падтрыхтавалі кароткі агляд гісторыі незалежнага радыёвяшчання ў Беларусі.

    Незалежны эфір у Беларусі зазнаў пераслед яшчэ ў першай палове 90‑х. Радыё на той момант — сапраўды масавая, дасяжная і ўплывовая крыніца інфармацыі.

    Радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная», заснаваная яшчэ ў 1963 годзе ў межах дзяржаўнага беларускага радыё, змяніла звыклы для СССР фармат перадач у 1986 годзе. Яшчэ да набыцця краінай незалежнасці «БМ» давала ў эфір галасы прадстаўнікоў руху «Талака», пачала ўздымаць вострыя тэмы — ад праблем нацыянальнага адраджэння да наступстваў Чарнобылю.

    У студзені 1991 года Сяргей Дубавец выйшаў у прамы эфір «Беларускай маладзёжнай» з Вільні, дзе савецкія войскі штурмавалі тэлецэнтр. Была створана адмысловая камісія па гэтым рэпартажы, але санкцыі ў дачыненні радыёстанцыі ўлады БССР увесці не вырашыліся.

    радыёстанцыя Беларуская маладзёжная

    «Беларуская маладзёжная». Аксана Вечар, Зміцер Лукашук, Генадзь Кеснер, Жанна Літвіна, Віталь Сямашка, Ірына Курапаткіна. Сядзяць Зміцер Новікаў і Уладзімір Сакульскі. Фота з сайта 90s.by

    На мяжы 80–90‑х у рэдакцыі «Беларускай маладзёжнай» працавалі Жанна, Літвіна, Уладзімір Дзюба, Валянціна Стэльмах, Анатоль Груша, Алена Сцяпанава, Іна Студзінская, Таццяна Мельнічук, Алена Радкевіч, Віталь Сямашка, Ігар Ганчарук, Уладзімір Давыдоўскі, Лявон Вольскі, Зміцер Лукашук, Алесь Дайнека. На пачатку 90‑х да рэдакцыі далучыліся Алесь Хмяльніцкі, Іван Кобзік, Ганна Харужая, Генадзь Кеснер, Ірына Курапаткіна, Вольга Бабак.

    Напярэдадні першых прэзідэнцкіх выбараў 1994 года кіраўніцтва Дзяржаўнага камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні расфарміравала рэдакцыйны калектыў «Беларускай маладзёжнай» у сувязі з чарговай зменай арганізацыйнага статусу камітэта. Большая частка калектыву напісала заявы аб звальненні па ўласным жаданні.

    Пасля перамоў з кіраўніцтвам рэдакцыі некалькі чалавек засталіся працаваць на дзяржаўным радыё — на новаствораным інфармацыйна-музычным канале «Радыё‑2», які вяшчаў на другім канале дзяржаўнага радыё. Напярэдадні рэферэндуму 1996 года вяшчанне і гэтага канала таксама прыпынялі, журналістаў адхілялі ад працы ў прамым эфіры.

    Напрыканцы 90‑х нязручную ўладам рэдакцыю ў сценах Дома радыё расфармавалі. На хвалях «Радыё‑2» пачаў вяшчаць канал «Культура».

    «Радыё 101.2»

    Гэта станцыя, зарэгістраваная ў 1994‑м, фактычна была спадкаемніцай «Беларускай маладзёжнай», на «Радыё 101.2» працавалі многія з рэдакцыі «БМ».

    У эфір «Радыё 101.2» выйшла 21 ліпеня 1995 года. Вяшчанне — з 8‑й гадзіны раніцы да 18‑й. Аўтарскія перадачы і эфіры — па-беларуску.

    Радыёстанцыя падпісала дамову з англійскай BBC, паводле якой «101.2» ставіла ў эфір выпускі навін BBC і ліцэнзійныя музычныя праграмы, дамова таксама была падпісана з рускамоўнай службай нямецкай Deutsche Welle, гадзіна эфіру штодня адводзілася для беларускай службы «Польскага Радыё».

    30 жніўня 1996 года рэдакцыя «Радыё 101.2» па факсе атрымала паперу з Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь з загадам спыніць эксплуатацыю перадатчыка з 1 верасня — нібыта «ў мэтах пазбягання перашкод у прыёмных каналах ЦС РТС «Алтай».

    Рэдакцыя «Радыё 101.2». Фота: з архіва

    Пасля спынення вяшчання супрацоўнікі радыё ладзілі пікеты і патрабавалі адказу афіцыйных уладаў, але безвынікова. Дырэктар радыёстанцыі Дзмітрый Новікаў тады сказаў: «Наша грамадства спаралізаванае савецкімі комплексамі і стэрэатыпамі. Найперш: беларускае — горш за расійскае. Мы зламалі гэты стэрэатып… Таму нас і зачынілі, бо спужаліся развіцця — незалежнасці ў галовах».

    Пасля закрыцця радыёстанцыі ў яе студыі былі запісаныя культавыя музычныя праекты «Народны Альбом» і «Я нарадзіўся тут».

    З 2003 года на частаце 101.2 МГц працуе радыёстанцыя «Пілот ФМ» Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

    «Радыё Рацыя» 1999–2002

    Назва была прыдуманая камандай зачыненага «Радыё 101.2». «Радыё Рацыя» выйшла ў эфір 3 кастрычніка 1999 года на кароткіх хвалях з праграмай, запісанай у мінскай студыі. Вяшчанне на FM-хвалях з беластоцкай студыі ў 1999–2002 гадах ажыццяўляла асобная рэдакцыя, якая складалася з грамадзян Польшчы.

    На кароткіх хвалях радыё транслявалася на Беларусь з перадатчыка пад Варшавай. Апошняя праграма прагучала 31 мая 2002 года ў сувязі з фінансавымі праблемамі.

    «Радыё Рацыя» ад 2006-га

    15 лютага 2006 года створаны Беларускі інфармацыйны цэнтр у Беластоку, які запусціў новую станцыю пад брэндам «Радыё Рацыя». З 27 красавіка 2006-га на FM-частаце выходзіць у эфір кругласутачная праграма з перадатчыка ў Беластоку. У ліпені таго ж года «Радыё Рацыя» пачало кругласутачнае вяшчанне ў інтэрнэце.

    У лістападзе 2009 года радыёстанцыя распачала вяшчанне з Белай-Падляшскай (ахапіўшы Брэст і памежную тэрыторыю) ў кірунку Высокага — Маларыты. У абсягу «Радыё Рацыя» апынулася ўсё беларуска-польскае транспамежжа.

    Першыя сур’ёзныя праблемы ў Беларусі для «Радыё Рацыя» пачаліся ў 2008 годзе — ціск з боку КДБ, ператрус і разгром студыі ў Мінску. За ўвесь час працы «Радыё Рацыя» Міністэрства замежных спраў Беларусі адмаўляе ў акрэдытацыі журналістам станцыі.

    У лютым 2022 года на патрабаванне Генеральнай пракуратуры матэрыялы сайта «Радыё Рацыя» абвясцілі экстрэмісцкімі, у кастрычніку 2023 года экстрэмісцкімі прызналі Telegram-канал радыё і яго старонку ў Face­book, а таксама іх лагатыпы. У студзені 2024 года КДБ абвясціў радыё «экстрэмісцкім фарміраваннем».

    Нагадаем, за распаўсюд ці захоўванне з мэтай распаўсюду «экстрэмісцкіх матэрыялаў» зараз у Беларусі пагражае штраф альбо арышт з канфіскацыяй інструмента правапарушэння. Любое ўзаемадзеянне з рэсурсамі, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», цягне за сабой магчымасць крымінальнага пераследу і пазбаўлення волі тэрмінам да 10 гадоў за ўдзел «у экстрэмісцкім фарміраванні» ці «садзейнічанне экстрэмісцкаму фарміраванню».

    «Аўтарадыё»

    Нельга не ўзгадаць і гэтую найстарэйшую ў незалежнай Беларусі FM-станцыю, якая працавала ў Мінску на частаце 105,1 МГц з 7 жніўня 1992 года да 12 студзеня 2011 года. Ад пачатку і да 1995 года «Аўтарадыё» вяшчала ва УКХ-дыяпазоне. У 2001 годзе было запушчана вяшчанне на FM-частаце.

    Радыёстанцыя транслявала беларускую рок-музыку, вядоўцамі перадач на радыёстанцыі былі Алег Хаменка, Зміцер Вайцюшкевіч, Маша Яр і іншыя.

    У верасні 2009 года Міністэрства інфармацыі вынесла афіцыйнае папярэджанне «Аўтарадыё» за вяшчанне сумеснай з «Еўрапейскім радыё для Беларусі» перадачы «Euro­Zoom».

    У перыяд прэзідэнцкай кампаніі-2010 радыёстанцыя транслявала матэрыялы кандыдатаў Андрэя Саннікава і Уладзіміра Някляева.

    Заснавальнік і галоўны рэдактар «Аўтарадыё» Юрый Базан. Фота: з сайта euroradio.fm

    12 студзеня 2011 года рэдакцыя «Аўтарадыё» атрымала прадпісанне РУП «БелГІЭ» Міністэрства сувязі і інфарматызацыі аб спыненні дзеяння дазволу на права выкарыстання радыёчастаснага спектру і забароне на эксплуатацыю радыёэлектронных сродкаў. Ануляцыя вяшчання тлумачылася тым, што «Аўтарадыё» не выконвала «творчую канцэпцыю» і распаўсюджвала «16 снежня 2010 года інфармацыю, якая змяшчае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці».

    Частата «Аўтарадыё» 105,1 МГц была аддадзеная радыё «Сталіца», гэта дзяржаўная радыёстанцыя пачала на ёй вяшчанне 15 красавіка 2012 года.

    Заснавальнік і галоўны рэдактар «Аўтарадыё» Юры Базан памёр 24 верасня 2016 года.

    «Еўрапейскае радыё для Беларусі»

    «Еўрапейскае радыё для Беларусі» або «Еўрарадыё» — міжнародная радыёстанцыя з офісам у Варшаве, выпускае навіны, інфармацыйныя і забаўляльныя перадачы з 26 лютага 2006 года. Працуе на ўльтракароткіх хвалях і ў FM-дыяпазоне, а таксама праз спадарожнік і Інтэрнэт.

    Ад пачатку 2007-га і да лютага 2011 года галоўнай рэдактаркай «Еўрарадыё» была Юлія Слуцкая, з 2011-га па 2017 год — Віталь Зыблюк, у 2017—2018 гадах — Віктар Малішэўскі. Зараз галоўны рэдактарПавел Свярдлоў.

    Павел Свярдлоў галоўны рэдактар Еўрарадыё

    Галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў. Скрын эфіру

    «Еўрапейскае Радыё для Беларусі» заснавана ў верасні 2005 года ў Варшаве беларускімі журналістамі і НДА Польшчы, Літвы і Чэхіі. Праграмы рыхтуюцца камандай беларускіх журналістаў у Варшаве, да ліпеня 2021 года такая праца была і ў Мінску з сеткай рэпарцёраў у абласцях Беларусі.

    Рэдакцыю стваралі ў тым ліку былыя супрацоўнікі «Радыё 101.2», «Радыё Свабода», «Польскага радыё», «Радыё Рацыя».

    Са жніўня 2020 года загадам Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь доступ на сайт «Еўрарадыё» абмежаваны за асвятленне пратэстаў у Беларусі, з ліпеня 2021 года блакуецца доступ да люстэркаў сайта. 5 ліпеня 2021 года пастановай Савета Міністраў закрыты карэспандэнцкі пункт радыё ў Мінску. У 2021–2022 гадах Telegram, YouTube, Insta­gram і лагатып ЕРБ прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі, а ў ліпені 2022 года МУС абвясціла медыя экстрэмісцкім фарміраваннем.

    «Радыё Свабода»

    «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода» — дзяржаўная радыёстанцыя ЗША, заснаваная пад назвай «Вызваленне» ў сакавіку 1949 году ў Нью-Ёрку для замежнага вяшчання. З 1973 года адкрыта фінансуецца Кангрэсам ЗША. З красавіка 1995 года галоўны офіс месціцца ў Празе.

    Ад 20 мая 1954 года існуе «Беларуская служба Радыё Свабода». Радыёстанцыя публікуе стрымы, падкасты, тэксты, кнігі, фота і відэа, мае адмысловую рубрыку, прысвечаную беларускай мове.

    На сёння гэта найбольшае беларускае масмедыя, якое выкарыстоўвае беларускі класічны правапіс.

    У 2020 годзе 13,7 млн наведніц і наведнікаў зрабілі 59 млн праглядаў вэб-старонак беларускай службы «Радыё Свабода». На сакавік 2021 года налічвалася 325000 падпісантак і падпісантаў у Insta­gram, 277600 — на Youtube і 155000 на Face­book.

    Прадстаўніцтва ў Мінску адкрылася ў 1994 годзе. У 2006 годзе беларускі калектыў атрымаў галоўны прыз за найлепшае асвятленне гарачых навін сярод 20 рэдакцый «Радыё Свабода».

    Фота: «Радыё Свабода»

    У жніўні 2020 года доступ да сайта «РС» у Беларусі быў абмежаваны. 16 ліпеня 2021 года сілавікі зладзілі ператрус у мінскім офісе, была канфіскаваная тэхніка. У снежні 2021 года суд Цэнтральнага раёна Мінску абвясціў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-канала «Радыё Свабода-Беларусь» і каналы ў сацыяльных сетках і YouTube.

    23 снежня 2021 года Міністэрства ўнутраных спраў абвясціла «экстрэмісцкім фарміраваннем» групу грамадзян, «якія аб’ядналіся з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў Беларускай службы РС».

    У сакавіку 2022 года было абвешчана пра адкрыццё бюро навінаў у Вільні для журналістаў Беларускай службы РС.

    Хто застаецца ў Беларусі?

     З незалежных радыёстанцый — нікога.

    Пры гэтым у Беларусі працуе каля 30 дзяржаўных беларускіх і камерцыйных беларускіх і расійскіх радыёстанцый, сярод прыватных пераважная большасць забаўляльнага напрамку.

    Фота: Pix­abay

    Чакаюцца і новыя гульцы, напрыклад, з верасня гэтага года пачне кругласуткавае вяшчанне «Радыё Шансон». Запускае яго кампанія, звязаная з сям’ёй Лукашэнкі, на іх рахунку ўжо дзве радыёстанцыі — «Супер FM» і «Душэўнае радыё».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці