• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Ніхто ўжо не гуляе ў гульні. Маскі знятыя”. Які парадак дня журналістам фармуе міністр інфармацыі

    Кіраўніцтва Міністэрства інфармацыі ўсё больш упэўнена пераўвасабляецца ў класічных ідэолагаў, адсоўваючы на задні план рэальныя праблемы, якія мусіць уздымаць “чацвёртая ўлада”.   

    Напярэдадні міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў наведаўся ў Наваполацк з працоўным візітам. Галоўнай мэтай паездкі акрэслівалася сустрэча з ідэалагічным актывам горада, а таксама працоўнымі калектывамі мясцовых СМІ. Аднаасобна заняўшы месца пад тэкстам дзяржаўнага гімна ў прэзідыуме, чыноўнік з месца ў кар’ер пачаў палохаць гарадскіх актывістаў страшнымі перспектывамі. 

    «У бліжэйшыя год-два тыя бітвы, якія былі ў Беларусі ў 2020‑м, пададуцца кветачкамі. Ніхто ўжо не гуляе ў гульні. Маскі знятыя», — заявіў Уладзімір Пярцоў, не ўдакладніўшы, каго гэтым разам улады падазраюць у спробе “разгайдаць беларускую стабільнасць”.   
      
    Зрэшты, у пазнейшых выказваннях усё ж патлумачыў, што гаворка, мабыць, пра “гібрыдную вайну”, якую калектыўны Захад распачаў у адносінах да саюзнікаў — Мінска і Масквы.  

    “Супраць Беларусі, Расіі ідзе інфармацыйная вайна. І пакуль бітвы мы не прайграем», — упэўнены міністр інфармацыі.  

    Пры гэтым ён адзначыў, што журналісты дзяржаўных СМІ — гэта байцы перадавых шэрагаў інфармацыйнага супраціву, якія бяруць на сябе галоўны ўдар варожых сіл. І параіў не захапляцца новымі тэхналогіямі, а засяродзіцца на традыцыйных і правераных метадах “данясення праўды” — праз тэлевізар, радыё, газеты.   

    «Адна з задач журналістаў — працаваць з памылковымі поглядамі, якія існуюць перадусім у асяродку нашай моладзі. Маўляў, газеты, радыё, тэлебачанне — гэта ўсё састарэла. А ісціна – у сацсетках і месенджарах”. 

    А менавіта ў несяброўскім інтэрнэце, папярэдзіў Уладзімір Пярцоў, апаненты ўжо расставілі свае пасткі на неакрэплыя розумы. Але Беларусь — “краіна плюралізму”, абмяжоўваць доступ да інфармацыі ніхто не збіраецца, заявіў чыноўнік, з чым, уласна кажучы, можна паспрачацца.  
     
    “Заканадаўча перавесці сацсеткі ў рэжым “халоднай стужкі” мы не можам, ды і няма сэнсу. Але і выключаць усё цалкам — метады і інструменты калегаў з іншых краін», — давёў рэальны стан да аўдыторыі Уладзімір Пярцоў. 

    З актавай залы гарвыканкама кіраўнік Міністэрства інфармацыі перадыслакаваўся ў рэдакцыю тэлепраграмы «Вектар ТБ», куды падцягнуліся і журналісты газеты «Новополоцк сегодня». І ў немалой ступені агаломшыў новай метадычкай: нельга рэгіянальным медыям апускацца да “нікчэмных тэмаў”.  

    «Апаненты хайпуюць на драбнатэмнасці. У прыватнасці, раздзімаюцца да нездаровага ўзроўню камунальныя праблемы, сітуацыя са школамі,  дзіцячымі садамі і іншыя. Адзін са свежых прыкладаў — праблема водазабеспячэння ў Пружанах. І гэта яшчэ адзін спосаб апанентаў стварыць негатыўны настрой у беларускім грамадстве», — “выкрыў” ён непатрэбную актыўнасць незалежных СМІ. 

    Праўда, са свайго боку так і не падказаў калегам, якія менавіта тэмы трэба ўздымаць — акрамя выцягнутага з нафталіну “патрыятычнага выхавання”. Параіў толькі пасля працы не спяшацца дадому.   

    «Калі прыбярэм фармальны падыход да працы (гаворка пра тое, што ў 18.00 рэдакцыя закрываецца на ключ і творчая дзейнасць заканчваецца), то ў 2024 год мы ўвойдзем магутнай рэгіянальнай сілай. Аператыўнасць, аб’ектыўнасць і незамоўчванне праблемы — слупы для журналістаў», — аптымістычна падсумаваў Уладзімір Пярцоў.

    Паралельна ягоны намеснік у ведамстве Ігар Бузоўскі адзначыўся на прэзентацыі вучэбнага дапаможніка, выдадзенага Следчым камітэтам, пад назвай «Компьютерная информация в следственной деятельности: собирание, оценка, использование» — аўтарская праца навукоўцаў і парктыкуючых следчых, як удакладняецца ў анатацыі. 

    Як і бос, Ігар Бузоўскі гэтаксама казаў пра небяспеку бескантрольнага ўплыву на маладых беларусаў у сучасным свеце і прыярытэце інфармацыйная бяспекі.

    «Інфармацыйная бяспека сёння вельмі актуальная не толькі для вузкапрофільнай дзейнасці асобных галін міністэрстваў і ведамстваў, а і для ўсёй дзяржавы, кожнага чалавека паасобку. Неабходна напрацоўваць медыяпісьменнасць як праз метадычныя дапаможнікі, так і праз зносіны са спецыялістамі, абменьвацца вопытам. Кожны карыстальнік інтэрнэта — удзельнік інфармацыйнага поля. Таму важна разумець, што адбываецца ў сетцы, ведаць, як правільна дзейнічаць і адстойваць свае інтарэсы».

    Па сутнасці, дзейнасць Міністэрства інфармацыі Беларусі звялася да ідэалагічнай напампоўкі падначаленых медый і мэтанакіраванай зачысткі інфармацыйнага поля ад іншадумства. Разам з Міністэрствам унутраных спраў і Камітэтам дзяржбяспекі ведамства з’яўляецца трэцім па важнасці агрэгатарам звестак пра аб’яўленыя “экстрэмісцкімі” рэсурсы, колькасць якіх у абагульненай базе набліжаецца да паўтары тысячы.   

    Чытайце яшчэ:

    “Дзеля свабоды выказвання меркаванняў і перакананняў”. Кваліфікацыйны іспыт на “лаяльнасць” ад Мінінфармацыі

    10 гадоў таму ў Гродне загінуў паэт і журналіст Юрый Гумянюк

    У “Гомельскія ведамасці” прызначылі падпалкоўніка міліцыі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Акцэнты

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    06.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці