• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Падарожжа па Лацінскай Амерыцы журналіста Паўла Дабравольскага: а д’ябла я так і не ўбачыў

    Медыйшчык Павел Дабравольскі з’ехаў з Мінска ў лістападзе 2021 года і наведаў за гэты час 50 краінаў — ад Шры-Ланкі да Панамы, а апошнія 9 месяцаў правёў у Лацінскай Амерыцы. Ён падзяліўся з БАЖам атрыманым досведам, цікавымі гісторыямі і далейшымі планамі.

    Павел Дабравольскі падарожжа Аргенціна

    Павел Дабравольскі ў аргенцінскай Кардове. Фота: інстаграм суразмоўцы

    У Лацінскую Амерыку патрапіў выпадкова, але правёў там 9 месяцаў

    — Я не планаваў паездку ў Лацінскую Амерыку: знаходзіўся ў Барселоне і мусіў ехаць ў Латвію за ВНЖ. Дарога планавалася праз Балеарскія астравы, дзе ніколі не быў.

    Шукаў пералёт з Барселоны ў Пальма-дэ-Мальёрку, але крывым націскам пальцаў замест «Пальмы» набраў «Панама». Білеты туды аказаліся таннымі — каля 300 еўра.

    Схадзіў да мора падумаць: і новы для сябе свет адкрыю, ніколі так далёка не лятаў, і пазбаўлюся ад раздражняльных бюракратычных рухаў па легалізацыі ў ЕС.

    Алінда, Бразілія. Фота: з асабістага архіва Паўла Дабравольскага

    Калі я ўжо выбраў Панаму, літаральна за хвіліну склаўся маршрут на 6–7 суседніх краінаў. Па сутнасці, на кантыненце можна жыць заўсёды, нават без віз ці ВНЖ: скончыцца тэрмін знаходжання ў трэцяй-чацвёртай краіне, можаш вяртацца ў першую — і так па коле.

    Панама і Перу дазваляюць жыць паўгода па безвізу. Аргенціна і Бразілія — па 3 месяцы, але гэты тэрмін падвойваецца проста па жаданні без дадатковых дакументаў. Гэта зручнае рашэнне праблемы для людзей, у якіх няма моцных пашпартоў ці якія не жадаюць напружвацца з ВНЖ.

    Як Панама выйшла першым блінам

    — Пра Панаму мала інфармацыі і ў рускамоўным, і ў англамоўным інтэрнэце. Многія беларусы актыўна падарожнічаюць, але ў Панаме ніхто са знаёмых не быў. Краіна не надта папулярная: там мала каланіяльнай архітэктуры, за пляжамі трэба доўга ехаць ад асноўных гарадоў, шмат бруду і бяздомных. Дзіўна, бо па ВУП і заробках краіна на ўзроўні ЕС.

    Праз інтэрнэт Панама ўяўляецца лепш, чым у рэальнасці: у Панама-Сіці сотні хмарачосаў, горад знаходзіцца на беразе Ціхага акіяна, недалёка да Атлантычнага — здавалася б, добрае месца для зімоўкі.

    Але на свае першыя пляжы я трапіў праз 10-гадзінны пераезд да мяжы з Коста-Рыкай. Сталіца — не пра пляжны адпачынак.

    Карыбскія астравы Бокас-дэль-Тора — яшчэ адно маё расчараванне: шмат бруду і галечы. За час паездкі па кантыненце я наведаў каля 30 трушчобаў, але ў самым галоўным турыстычным месцы Панамы яны самыя бедныя і брыдкія.

    Такія розныя часткі Бразіліі

    — У Лацінскай Амерыцы нельга вызначыць, якая краіна больш бяспечная, якая менш — трэба параўноўваць гарады. 

    Ад паўднёвай Бразіліі прыемнае ўражанне на фоне больш бруднага і беднага Буэнас-Айрэса, дзе да гэтага пражыў месяц. Добры грамадскі транспарт, чыстыя вуліцы, гістарычныя цэнтры рэстаўруюць кварталамі ці вуліцамі.

    Горад Камборыў, Бразілія. Фота: з асабістага архіва Паўла Дабравольскага

    На поўдні Бразіліі нават існуе сепаратысцкі рух O Sul («Поўдзень»), актывісты якога сабралі больш за паўмільёна подпісаў за незалежнасць трох штатаў. Мы фаловімся ў Insta­gram з іх прэзідэнтам.

    O Sul — развіты рэгіён з крутымі гарадамі, там пражываюць некалькі мільёнаў нашчадкаў эмігрантаў са славянскіх і германскіх краінаў. Але бліжэй да экватара «еўрапейцаў» вобмаль, большасць — гэта цёмнаскурае насельніцтва.

    Тут нібыта іншая краіна: брудна і трывожна. Там сядзяць на кукішках хлопцы ў кепках — рыхтык як паказваюць у амерыканскіх фільмах, яны скануюць цябе з ног да галавы.

    Я зараз гавару пра бразільскія гарады Сальвадор і Рэсіфі, дзе правёў месяц. Візуальна гарады на чвэрць складаюцца з фавэлаў. Абодва гарады ў сусветным топ-15 самых небяспечных. Але яны ж і з самымі прыгожымі гістарычнымі цэнтрамі ў краіне.

    Рэсіфі, Бразілія. Фота з асабістага архіва Паўла Дабравольскага

    Умоўныя межы ўнутры Аргенціны

    У Аргенціне таксама можна правесці падобную мяжу. Суседнія Байрэс і Разарыа — праблемныя гарады. Астатнія з 30 тых, што наведаў там, прыемныя.

    Мой першы горад Аргенціны быў Сальта. Пасля амаль двух месяцаў індзейскіх Балівіі і горнага Перу. Заехаў ноччу. Выходжу зраніцы з гатэля і не веру вачам: шмат прыгожых высокіх людзей, нават са светлымі валасамі часта трапляюцца. Зусім іншая арганізацыя гарадской прасторы, нібы ў Іспаніі ці Італіі. Тратуары без вулічных гандляроў. 

    Буэнас-Айрэс, Аргенціна. Фота: з асабістага архіва Паўла Дабравольскага

    Прыемнае першае ўражанне ад гэтай краіны сапсавалася толькі ў сталіцы, да якой давялося праехаць некалькі тысяч кіламетраў. Але і там неўзабаве павінна быць добра: масава зносяць трушчобы, будуюць жаллё для іх жыхароў. Калі ўжо з’ехаў, улады забаранілі начаваць на вуліцах, бо ў дастатковай колькасці ёсць прытулкі.

    Буэнас-Айрэс, Аргенціна. Фота: з асабістага архіва Паўла Дабравольскага

    Разбурэнне міфа пра індзейцаў і рэзервацыі

    — Адно са здзіўленняў — вялізная колькасць карэннага насельніцтва. Да паездкі думаў, што індзейцаў там мала, жывуць ці ў закрытых рэзервацыях, ці ў адмысловых турыстычных вёсках.

    Але народы кечуа і аймару — гэта ажно 15 мільёнаў чалавек.

    І іх колькасць імкліва расце, там да сённяшняга часу лічыцца нормай мець шмат дзяцей у сям’і. Той жа вядомы турыстычны Куска — горад з абсалютнай індзейскай большасцю.

    У іх таксама ёсць палітычныя рухі. Толькі больш амбіцыйныя, чым на поўдні Бразіліі: яны не за незалежнасць маленькай тэрыторыі, а за поўны ідэалагічны разварот сваіх краінаў. Эквадор, Перу і Балівія могуць стаць індзейскімі проста таму, што карэннае насельніцтва блізкае да большасці. Там ужо галоўныя плошчы і вуліцы названыя ў гонар славутых інкаў, ім усталяваныя помнікі. У гарадах Панамы, Аргенціны і Бразіліі зусім іншыя гістарычныя асобы ў пашане.

    У Панаме таксама жывуць індзейцы, але гэта меншасць. Народ Гуаймі жыве каля мяжы з Коста-Рыкай, Куна — на астравах каля Калумбіі. Па колькасці сумарна каля 150 тысяч. Зарабляюць на продажы какосаў, рыбы — ім не да палітычнай барацьбы.

    600 долараў хапае на месяц

    — Я тры месяцы пражыў у Аргенціне, па два ў Бразіліі і Перу, па месяцу ў Эквадоры і Панаме. Працаваў анлайн, дыстанцыйная праца дазваляе падарожнічаць.

    Санцьяга-дэль-Эстэра, Аргенціна. Фота: з асабістага архіва Паўла Дабравольскага

    Рэгіён неаднародны па коштах. Тая ж Ліма даражэйшая за Маскву. Там ёсць на што траціць за месяц 3–4 тысячы долараў ці больш.

    Перад Эквадорам Rev­o­lut закрыў мой рахунак з‑за сканчэння тэрміну латвійскай візы. Спрабаваў пераканаць, што ў Панаме яна мне не патрэбная — як са сцяной.

    У панамскіх банках ліміты на зняцце наяўных. Позна спахапіўся, за некалькі дзён да замарозкі карткі — прыйшлося жыць амаль месяц у Эквадоры на каля 600 долараў. Хапіла наведаць усе запланаваныя і адшуканыя на месцы пункты, пажыць тыдзень ля акіяну са штодзённымі ўрокамі сёрфінга, без хостэлаў і «ролтанаў».

    Новую картку Wise замовіў у Ліму, туды ўжо быў загадзя набыты білет.

    Дарагі транспарт і танная ежа

    — У Еўропе мы прызвычаіліся да авіярэйсаў за 20 еўра. А ў Лацінскай Амерыцы, каб дабрацца з адной краіны ў другую, трэба 300—700 долараў. Білет на аўтобус з аднаго «абласнога» цэнтра ў суседні каштуе 30–50 еўра, начны рэйс увогуле бліжэй да 100. У Бразіліі працуе нямецкі FluxBus з адэкватнымі цэнамі. У Эквадоры таксама танныя аўтобусы, але яны значна горшыя.

    Грамадскі транспарт самы дарагі ў Бразіліі — па долару метро і аўтобусы: што ў асноўных гарадах, што ў глыбінцы. Тэхніка самая дарагая ў Аргенціне. Лепшая мадэль Айфона ў Іспаніі каштуе каля 1100 еўра, у Байрэсе — каля 3000. Але іпэшнікі возяць са Штатаў і прадаюць праз Insta­gram за 1200–1400. Па паўсядённых выдатках дзесьці на ўзроўні Грузіі, толькі асартымент дрэнны. Адна Панама прыемнае выключэнне — там тавары з усяго свету.

    Зраблю кола гонару, а з зімы пачнецца новы этап

    — У чэрвені я «псіхануў», схадзіў зраніцы на пляж у Рэсіфі і набыў білет у Тбілісі праз Доху ў той жа дзень, не дацягнуўшы бязвізавы бразільскі месяц — надакучыла. 

    За два тыдні тут сустрэў каля 30 беларусаў.

    Нарэшце можна размаўляць на больш звыклых мовах. А таксама гуляць без унутранага напружання.

    Салвадор, Бразілія. Фота з асабістага архіва Паўла Дабравольскага

    Я ўпершыню ў сваім жыцці з’язджаў так надоўга і далёка. Першыя месяцы было добра — адпачываеш, але потым пачынаюцца псіхалагічныя цяжкасці.

    У Лацінскай Амерыцы людзі прыязныя, адкрытыя, кола зносінаў было вельмі вялікае: калі ты першым не загаворыш, дык загавораць з табой. Нават калі ты прыйдзеш адзін на пляж, у адзіночку ты ніколі адтуль не сыдзеш. Напрыклад, у Рыа-дэ-Жанэйра падыходзіць дзяўчына, паказвае сваю кампанію: мы збіраліся пайсці ў кавярню, убачылі, што ты адзін — хадзем з намі.

    У лепшым выпадку людзі стасуюцца на англійскай мове, а ў пераважнай большасці — праз Google транслейт. Гэта дазваляе вырашыць камунікатыўны мінімум, але ў цэлым гэта стамляе.

    Думаў, прыеду ў Грузію — мяне ахопіць дэпрэсія. Але не: хаджу і свячуся, амаль штодня хінкалі, сыркі, марская капуста, квас — вось такіх дробязяў не хапала. Пакуль тут, спадзяюся, праз месяц візу атрымаю і можна праз Барселону, Польшчу, Літву, Латвію — зрабіць такое кола гонару па краінах, дзе жывуць сябры. А зімой пачнецца новы этап.

    «Д’ябла я так і не ўбачыў»

    У такіх паездках вельмі важныя журналісцкія якасці. Калі ты глядзіш вакол сябе вачыма журналіста, атрымліваеш зусім іншы досвед. Я не называю сябе турыстам. Прыязджаючы ў Перу, чытаю кнігі пра Перу, гляджу мясцовыя фільмы і слухаю мясцовую музыку. Засоўваю свой нос у кожную шчыліну.

    Наўмысна гугліў небяспечныя раёны — і адзін за адным іх наведваў. Які дурань туды свядома папрэцца? А ты ідзеш, таму што ўбіў сабе ў галаву, што гэта твая адказнасць — глядзець на свет, з якім ты сутыкаешся ўпершыню, з двух бакоў.

    як падарожнічаць у Бразіліі

    Рыа-дэ-Жанэйра, Бразілія. Фота: з асабістага архіва Паўла Дабравольскага

    Таксама жыў у палоне стэрэатыпаў і страхаў, а на месцы аказалася, што з большага яны не апраўданыя, або састарэлі. Напрыклад, у Панама-Сіці небяспечныя раёны знаходзяцца прама ў цэнтры. Іх наведванне, скажам так, непажаданае: на ўездзе стаяць блок-пасты, паліцыя імкнецца не пускаць замежнікаў. У вачах паліцэйскіх я бачыў шчыры страх. Адзін напісаў мне: тут чырвоная зона, тут жыве д’ябал.

    Ты адпачатку нервуешся, а падобныя фразы толькі дадаюць страху. Але наведваеш адзін за другім такія раёны, паступова робіш больш фота і відэа, пазней нават пры мясцовых жыхарах. А затым і ўвогуле адзначаеш, што бачыш там больш усмешак, чым у «нармальных» частках гораду.

    Прыемна вяртацца з паездкі не з грузам новых стэрэатыпаў, а наадварот, пазбавіўшыся тых, з якімі пачынаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    Теперь консул может только изъять паспорт. Что означает новый указ для белорусов, уехавших из страны?

    Очередное решение властей, которое поражает в правах белорусов.  Лукашенко подписал указ, которым изменил порядок выдачи документов в посольствах и консульствах за границей. Теперь там нельзя продлить или получить паспорт. Как же быть? Комментирует юридическая служба БАЖ.
    05.09.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці