• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Палітзняволенага журналіста-экскурсавода Ігара Хмару пачнуць судзіць 10 лістапада

    З электроннага раскладу судоў стала вядома, што працэс над затрыманым на пачатку жніўня проста падчас беларускамоўнай экскурсіі Ігарам Хмарай прызначаны на 10 лістапада.

    Пасяджэнне запланавана ў судзе Маскоўскага раёна Мінска, весьці яго будзе суддзя Таццяна Пірожнікава.

    Экскурсавода і журналіста Ігара Хмару затрымалі 2 жніўня, калі той праводзіў групавую экскурсію ў сталічным мікрараёне Серабранка. Збор на шпацыр ён абвясціў у сваіх сацсетках, удзел быў бясплатны. Дагэтуль дакладна невядома: або сілавікі ўжо самі сачылі за арганізатарам, або ў органы даклалі “неабыякавыя грамадзяне”, якія нервова рэагуюць на беларускую мову, але ў выніку Ігара Хмару затрымалі наўпрост на вуліцы.

    Пазней стала вядома, што ў дачыненні да яго завялі крымінальную справу паводле “народнага  артыкула” — за “актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак” (ч. 1 арт. 342 КК). Прадугледжвае пакаранне ў выглядзе арышту ці абмежавання волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў.

    Фармальнай падставай стаў удзел у пратэсных акцыях 2020 года —  сілавікі знайшлі ў інтэрнэце здымкі журналіста з бел-чырвона-белым сцягам.

    Праваабарончая супольнасць прызнала Ігара Хмару палітычным зняволеным.

    Таксама ёсць меркаванне, што сілавікі проста атрымалі заданне ўзяць у “распрацоўку” канкрэтную “крамольную групу”. Якраз у тыя ж дні затрымалі кіраўніцу турыстычнага агенцтва “Віаполь” Галіну Патаеву і яшчэ некалькі гідаў-экскурсаводаў. Тэлепрапагандыст Рыгор Азаронак і праўладная актывістка Вольга Бондарава публічна заклікала ўлады разабрацца з “Віяполем” і ягонай “бэчэбэшнай дырэктаркай”.

    Дагэтуль невядома месца ўтрымання Ігара Хмары. Меркавалася, што, як і іншыя “палітычныя”, ён знаходзіцца ў СІЗА №1 Мінска, але ўсе лісты на ягонае імя вяртаюцца назад — маўляў, такі адрасат “не значыцца”. Адвакаты пад падпіскай аб неразгалошванні, таму ніякай інфармацыяй не дзеляцца.  

    У якасці журналіста Ігар Хмара пісаў пра ўрбаністыку і адметныя мясціны Беларусі для дзяржаўнага Беларускага радыё, партала Realt.by, выдання “Близкие новости” ды іншых медыяў. 

    У жніўні 2018 года яго затрымлівалі ў межах так званай “справы БелТА”, пачатай супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай і шэрагу журналістаў недзяржаўных СМІ. Тады ўсё абышлося без крытычных наступстваў.

    Даведка: суддзя Таццяна Пірожнікава вядомая тым, што ў 2017 годзе пакарала штрафам літаратара і грамадскага дзеяча Уладзіміра Някляева за ўдзел у пікеце каля ізалятара на завулку Акрэсьціна.

    Пасля пратэстнага 2020-га Пірожнікава правяла звыш 70 працэсаў. Сярод самых рэзанансных: штраф шматдзетнай маці і будучай палітзняволенай Вользе Залатар, 4 гады пазбаўлення волі студэнту БДУ Івану Дацышыну, 6‑гадовы тэрмін у калоніі ўзмоцненага рэжыму музыку Аляксею Санчуку, 1,5 года калоніі і 3 гады “хатняй хіміі” Змітру і Насце Дашкевічам адпаведна.

    Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки АКТУАЛЬНЫЕ АДРЕСА

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці