• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Паўлюк Быкоўскі: «Дзяржаўныя СМІ стараюцца не заўважаць прысутнасць расійскіх ваенных у Беларусі»

    За 10 месяцаў поўнамаштабнай вайны ва Украіне беларуская прапаганда некалькі разоў змяняла арыенціры. Зараз асноўны пасыл: мы саюзнікі Расіі, але ў вайне асабіста не ўдзельнічаем. У дзяржаўных СМІ стараюцца не ўзгадваць пра прысутнасць расійскіх ваенных на тэрыторыі Беларусі. Яны не ўпісваюцца ў канцэпцыю «астраўка стабільнасці і міру ў Еўропе». Мілітарысцкую рыторыку беларускай прапаганды абмеркавалі з аналітыкам праекта «Media-IQ» Паўлюком Быкоўскім.

    Паўлюк, ці стаў 2022-гі годам выклікаў для беларускай прапаганды?

    Можна разважаць, ці гэта быў выклік ці проста пераабуванне ў паветры, але сапраўды, на пачатку 2022 года беларуская прапаганда разам з расійскай сцвярджала, што Захад з’ехаў з глузду і ніхто на Украіну нападаць не збіраецца, а потым раптам высветлілася, што Расія мусіла «даць здачы» Украіне, бо тая хацела напасці, бо восем гадоў бамбіла Данбас і г.д. Даволі хутка пераключэнне такое адбылося. Але для прапаганды гэта не нейкі незвычайна выпадак. Тут не важна быць паслядоўным, важна мець масіраваны паток інфармацыі і манаполію. Поўнай манаполіі ў прапаганды ўнутры Беларусі няма, бо ёсць яшчэ інтэрнет. А вось масіраваны паток яны арганізаваць могуць, бо шмат хто яшчэ глядзіць тэлебачанне і застаецца закладнікам гэтай прапагандысцкай машыны.

    Па тэме “спецыяльнай ваеннай аперацыі “беларуская прапаганда адразу і адназначна заняла прарасійскі бок?

    Тут цікава. Напрацягу года некалькі разоў змяняліся арыенціры. Мы ў праекце Media-IQ яшчэ ўвосень мінулага года зафіксавалі мілітарызацыю свядомасці. Гэта такі тэрмін, калі ўвага пераключаецца на каштоўнасці абароны, на армію, і гэтыя тэмы становяцца галоўнымі. З другога боку, тады ж пачалі ўжываць «альтэрнатыўныя» назвы для падзей і з’яў. У 2014 годзе, калі адбылася анэксія Крыма беларускія ўлады не ўжывалі альтэрнатыўных назваў, яны пазбягалі слоў «сепаратысты» ці «зялёныя чалавечкі». Інфармацыя падавалася так: нехта збівае верталёт, нехта наступае. Больш-менш стараліся прамых выпадаў супраць Кіева не рабіць. А вось напрыканцы мінулага года сітуацыя змянілася. У найбольшай ступені гэта праявілася напярэдадні 24 лютага, калі замест афіцыйных назваў, казалі пра фашыстаў, нацыстаў. У сакавіку беларускі бок пачаў акцэнтаваць увагу на тым, што мы ў вайне не ўдзельнічаем, мы бежанцам дапамагаем. Прычым бежанцаў падзялілі на добрых і кепскіх. Добрыя бежанцы бягуць у Беларусь і Расію, а кепскія – спачатку на Захад, а потым мусяць ратавацца ад гэтага Захаду ў Беларусі.

    Зараз асноўны пасыл такі: мы саюзнікі Расіі, але ў вайне асабіста не ўдзельнічаем. Праўда тут ёсць адна праблема. Аляксандр Лукашэнка звычайна кажа так, каб усім спадабалася тое, што ён кажа. І таму ён нібыта падтрымлівае адну пазіцыю, але адначасова кажа нешта супрацьлеглае. Для прапаганды складана прытрымлівацца такой вось гнуткасці і таму ў СМІ туманныя пазіцыі Лукашэнкі становяцца больш акрэсленымі.

    Сітуацыя з падзеннем ракеты ў Брэсцкай вобласці – яскравы прыклад такой «туманнасці»?

    Атрымалася такая сітуацыя, што пра падзенне ракеты ў Польшчы беларуская прапаганда расказвала больш, чым пра падзенне ракеты ў Беларусі. Гэта было коратка, не было разнастайна і адносна абачліва. Не магу сказаць, што гэта было аб’ектыўна, але нейкіх гучных выпадаў з боку беларускіх дзяржаўных органаў не было, разглядаліся розныя варыянты падзей, казалі, што гэта можа быць дыверсія, можа быць правакацыя. З большага можна казаць, што гэта было выкарыстана не як casus bel­li, а для таго, каб хутчэй нагнятаць напружанасць.

    Ці не складаецца ў Вас уражанне, што беларуская прапаганда часам больш агрэсіўна, чым самі ваенныя каментуе падзеі ва Украіне?

    Сапраўды, такое ўражанне ёсць. Можна звярнуць увагу на інтэрв’ю міністра абароны Хрэніна «СБ: Беларусь сегодня», якое было зроблена напрыканцы лістапада. Там аўтарка Гладкая сама выступала з жорсткімі выпадамі супраць Захаду і фактычна прапаноўвала міністру далучыцца да яе пазіцыі. Міністр пры гэтым не тое, што не займаўся антызаходняй рыторыкай, але яна была больш стрыманая. Але пасля падача гэтага матэрыяла, загалоўкі, скажам так, «мянялі рамачку» для выказванняў міністра: стрыманыя выказванні станавіліся агрэсіўнымі.

    Тэмы вайны менш стала ў апошні час?

    З гэтым ёсць складанасць, бо складана замерыць усё, што маніторыцца з пункту гледжання прысутнасці вайны. Калі мы даследуем медыя, якія пішуць пра беларуска-расійскія адносіны, то тут тэма вайны дамінуе. Калі казаць пра тэму вайны ўвогуле ў матэрыялах, то яна, магчыма, паменшылася. Ёсць, напэўна, стомленасць аўдыторыі ад таго, што кожны дзень паведамляюць аднолькавыя рэчы, бо вайна зараз не імкліва развіваецца, і гэта не вельмі прыцягальна для аўдыторыі. Да тэмы вайны мы можам аднесці паведамленні, ці ёсць схаваная мабілізацыя ў Беларусі, ці яна плануецца, што гэта за зборы, на якія забіраюць беларускіх вайскоўцаў.

    Але ёсць асаблівасць. У параўнанні з расійскімі СМІ заўважна: у беларускіх медыях фактычна не ўзгадваецца, што расійскія ваенныя прысутнічаюць на беларускай тэрыторыі. Калі да прыкладу пра вучэнне піша расійскае выданне, то там расказваюць што на беларускіх палігонах праходзіць вучэнне па баявым зладжванні беларускіх і расійскіх вайскоўцаў, а беларускія СМІ расказваюць толькі пра беларускія вучэнні. Відавочна, што прысутнасць іншых ваенных беларускія журналісты не маглі не заўважыць, але не ўзгадалі іх свядома, бо атрымалі такія ўказанні. Тым больш на некаторых фотаздымках праскокваюць расійкія сцягі ці шэўроны, то бок гэта наўмысная пазіцыя. І яна сведчыць пра тое, што прапагандысты дзвюх краін вырашаюць падобныя, але не аднолькавыя задачы. Расіянам прадстаўляюць беларускую армію як саюзніка перад абліччам вайны, а беларускай аўдыторыі стараюцца не «мазоліць вочы» расійскімі ваеннымі, паколькі яны не ўпісваюцца ў асноўны наратыў беларускай прапаганды: «дзяржава ўсе робіць правільна, гэта апошні астравок стабільнасці ў Еўропе, паўсюль вайна, а ў нас усё добра».

    Яшчэ на тэму дэмакратычных сіл. Ці сталі беларускія прапагандысты надаваць менш увагі тым, каго яны называюць «збеглымі». Бо раней скандалы, інтрыгі, расследаванні на гэтую тэму з’яўляліся перыядычна?

    Я запытаўся ў калег па Media-IQ, у нас кожны маніторыць свае тэмы прапаганды, і вось калегі сказалі, што на «Беларусь 1», «СТВ» і у «СБ:Беларусь сегодня» гэтай тэмы менш не стала, на ОНТ стала крыху менш. Але гэта не значыць, што надвор’е змянілася, ёсць спроба рознай рэдакцыйнай палітыкі: ОНТ спрабуе быць больш чалавечым каналам.

    Тэлебачанне застаецца асноўным каналам беларускай прапаганды ці ўжо Тэлеграм перахоплівае ініцыятыву?

    Ахоп тэлебачання відавочна большы за Тэлеграм-каналы. Больш за тое, тая аўдыторыя, якую трэба ўтрымліваць лаяльнай рэжыму, яна глядзіць тэлевізар. А Тэлеграм-каналы – гэта ўжо «варожая» аўдыторыя, да якой прыходзяць з іншай мэтай: дэмаралізаваць, запужаць, пасеяць сумневы, сутыкнуць ілбамі. Такая праца ідзе.

    Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй

    Чытайце яшчэ: 

    Офицер Минобороны, похититель Азаренка и заводчанин. Как силовики внедрялись в протестные инициативы

    Александр Фридман: “Пропаганда — очень закрытая система. Свет в эту тьму не проникает”

    «Мы здолелі захаваць галоўнае: нашу салідарнасць і ўменне дзейнічаць разам»: што жадаюць на святы калегі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці