• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Першы штраф сёлета за супрацоўніцтва з “Белсатам” — Змітру Лупачу

    Журналіст-фрылансер з Глыбокага Зміцер Лупач атрымаў штраф у памеры 1 134  рублі (42 базавыя велічыні) за супрацу з незалежным тэлеканалам “Белсат”. Такое пакаранне журналісту за прафесійную дзейнасць прызначыла 10 студзеня суддзя Пастаўскага суда Наталля Максімовіч.

    Усяго паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП гэта ўжо 19‑ы суд у журналіста. Менавіта са Змітра распачаліся сёлета суды над журналістамі-фрылансерамі.

    Падставай прыцягнення да адказнасці стаў відэасюжэт, які зрабіў журналіст для гумарыстычнай праграмы “Суб’ектыў” пра вёску Ярэва Пастаўскага раёна. У ім раскрываецца праблема жыхаркі Чаславы Вілейта, якая хоча набыць ва ўласнасць памяшканні мясцовай сельскай гаспадаркі, што зараз пустуюць. Дарэчы, сама Часлава Вілейта была выкліканая ў суд у якасці сведкі.

    “Я не разумею, за што караюць журналістаў, якія пішуць пра праблемы людзей, а пасля гэтых людзей яшчэ й выклікаюць у якасці сведкаў на суды.  Улады не вырашаюць праблемы людзей, таму мы вымушаныя звяртацца да незалежных журналістаў”, — кажа Часлава Вілейта.

    На судзе Зміцер Лупач падаў хадайніцтва, каб у працэсе ўдзельнічаў у якасці эксперта праваабаронца Павел Левінаў, які прыехаў яго падтрымаць з Віцебска. Але хадайніцтва суддзя Наталля Максімовіч адхіліла.

    Павел Левінаў прызнаецца, што спачатку ўзрадаваўся, калі суддзя, параіўшыся, вырашыла яму адмовіць. “Я падумаў, што нарэшце суддзя сама зможа прыняць рашэнне, заснаванае на нормах права. Але, на жаль, гэтага не здарылася — усё адбылося, як і заўжды. Суд паказаў сваю  непісьменнасць датычна прынцыпаў міжнароднага права і адсутнасць незалежнасці”, — зазначыў праваабаронца пасля суда.

    Зміцер Лупач кажа, што і не спадзяваўся на правасуддзе або на невялікі штраф:

    “Гледзячы на сённяшні судовы працэс, зразумела, што казаць пра незалежны суд немагчыма, бо суддзя хадзіла з кімсьці раіцца наконт Паўла Левінава. А штраф я і чакаў вялікі, бо ў мяне гэта ўжо дзевятнаццаты па ліку суд паводле артыкуле 22.9 КаАП. Яны, напэўна, лічаць, што я не выпраўляюся, таму і даюць вялікія штрафы”.

    Нагадаем, у 2019 годзе Змітра Лупача чатыры разы каралі штрафам за супрацу з тэлеканалам “Белсат” без акрэдытацыі беларускага МЗС, апошні суд быў у снежні ў Віцебску.

    Між тым, за дванаццаць гадоў дзейнасці беларускамоўны спадарожнікавы тэлеканала “Белсат”, які ладзіць вяшчанне з тэрыторыі Польшчы”,  неаднойчы звяртаўся да беларускіх уладаў па акрэдытацыю для сваіх журналістаў і штораз атрымліваў адмовы.

    Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (табліца) АБНАЎЛЯЕЦЦА

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці