• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    План рэформ ёсць, але ўладны “вектар” скіраваны ў іншы бок

    На «дарожнай карце» рэфармавання беларускай медыясферы ў перспектыве ёсць Грамадскае тэлебачанне і няма Міністэрства інфармацыі. Але калі дзяржава зробіць хаця б першыя крокі на гэтым шляху?

    Падрабязны план рэформ выкладзены ў “Аналітычнай нататцы”, над якой працавала цэлая група экспертаў, выбраных на конкурснай аснове BISS (Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў): Андрэй Бастунец, Паўлюк Быкоўскі, Алег Агееў, Аляксандр Жук, Вольга Сяховіч, Аляксей Крывалап, Міхась Янчук.

    Яшчэ летась рэфармаванне медыясферы было вызначана ў якасці аднаго з прыярытэтаў форума палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў межах праекта BISS «Рэфорум». Над прапановамі працавалі з лета мінулага года.

    Напрацоўкі ўпершыню прэзентавалі шырокай публіцы 29 мая на міжнароднай канферэнцыі “Мінск пасля Рыгі: Форум аб рэформах, альбо як Беларусі адаптавацца і развівацца ў новых рэгіянальных кантэкстах”. Форум ладзіў BISS пры падтрымцы старшынства Латвійскай Рэспублікі ў Савеце ЕС і Офіса за дэмакратычную Беларусь (Брусель).

    Яе мяркуецца, тэкст “Аналітычнай нататкі” з’явіцца ў адкрытым доступе пасля дапрацоўкі і канчатковага зацвярджэння. Акрамя гэтага дакумента, будзе распрацаваная таксама разгорнутая аналітычная справаздача і праект зменаў у заканадаўства аб СМІ.

    Пакуль жа прэс-служба ГА “БАЖ” распытала старшыню арганізацыі Андрэя Бастунца пра тое, што аўтарам праекту падаецца найбольш істотным.

    Перагледзець “агульнадаступны” пакет тэлепраграм

    Андрэй Бастунец: Праблема абароны нацыянальнай інфармацыйнай прасторы стала актуальнай у звязку з расійска-украінскім канфліктам. У многіх краінах абмяркоўваюцца захады барацьбы з расійскай прапагандай і пашырэння альтэрнатыўнай інфармацыі. Для Беларусі гэтая праблема таксама актуальная, але ў нашым выпадку нават адключэнне расійскіх каналаў не было б эфектыўным.  

    Справа ў тым, што ў нас асноўная расійская інфармацыя распаўсюжваецца праз фармальна беларускія тэлеканалы кшталту “НТВ-Беларусь”, “РТР-Беларусь” і іншыя. Бадай палова каналаў з “агульнадаступнага” пакету распаўсюджваюць інфармацыю і перадачы замежнай вытворчасці. А каналы, праз якія рапаўсюджваецца замежная прадукцыя (якасць якой апошнім часам вызывае шмат пытанняў), без конкурсу атрымліваюць масавага тэлегледача і значную частку рэкламнага рынку.

    Таму адна з нашых прапаноў на бліжэйшую перспектыву – перагледзець гэты “агульнадаступны” тэлепакет. Мы лічым, што ён павінен фармавацца на конкурснай аснове з улікам, у першую чаргу, інтарэсаў вытворцаў нацыянальнага прадукту.

    Адчыніць хаця б “фортку” на Захад

    Андрэй Бастунец: У Беларусі створаныя ўсе механізмы для таго, каб абмяжоўваць распаўсюд любой непажаданай для ўладаў інфармацыі. Таму мы  акцэнтуем увагу на тым, што ўсе рэформы ў галіне “нацыянальнай інфармацыйнай бяспекі” павінныя быць накіраваныя не на закручванне гаек, а на стварэнне магчымасцяў атрымліваць разнастайную інфармацыю.

    Можна сказаць, у нас у краіне высачэзны “мур” з боку заходняй мяжы і цалкам безабаронная ўсходняя мяжа. Пераважную большасць усіх пагадненняў у галіне нацыянальнай бяспекі, у тым ліку інфармацыйнай, Беларусь заключае з краінамі СНД. Вось і зараз – разглядаецца дактрына інфармацыйнай бяспекі краін СНД, ужо заключаная дамова з Расіяй аб абароне сумеснай інфармацыйнай прасторы. Пры гэтым нават таэрэтычная верагоднасць пагрозы з боку стратэгічных партнёраў у нас не разглядаецца. А гэта вельмі небяспечна ў святле расійска-украінскага канфлікту.

    Таму яшчэ адна прапанова (ужо звязаная са зменамі ў заканадаўстве) – перагледзець практыку заключэння пагадненняў толькі з дзяржавамі “ўсходняга блоку”. Адчыніць калі не “дзверы”, дык хаця б “фортку” ў накірунку заходняй мяжы, пуціць у інфармацыйную прастору Беларусі іншыя тэлеканалы.

    Даць свабоду медыям унутры краіны

    Андрэй Бастунец: Яшчэ адна група нашых прапановаў – даць свабоду беларускім месмедыя, якія таксама маглі б данесці альтэрнатыўны пункт гледжання. Ва Украіне ж менавіта нацыянальныя медыя змаглі супрацьстаяць расійскай прапагандзе.

    Даць свабоду – значыць найперш спыніць адміністрацыйны пераслед. На першым этапе – абвесціць мараторый на пазасудовае прымяненне санкцый да СМІ. На другім этапе – на заканадаўчым узроўні выключыць магчымасць прымянення такіх санкцый. А на трэцім этапе мы прапануем увогуле пазбавіць Мінінфармацыі паўнамоцтваў ужываць санкцыі. Па вялікім рахунку, можна весці гаворку і пра ліквідацыю гэтага органа. І, зразумела, трэба канцэптуальна перагледзець дзеючае заканадаўства аб СМІ.

    Ці выканальны гэты план?

    Аналітычны агляд і прапановы па змене заканадаўства аб СМІ ў галіне нацыянальнай інфармацыйнай бяспекі плануецца дапрацаваць да канца чэрвеня, пасля чаго адбудзецца яшчэ адна канферэнцыя, прысвечаная менавіта гэтай тэме.

    Але ці не застануцца гэтыя планы пражэктамі, якім наканавана ляжаць “у стале” да лепшых часоў?

    Андрэй Бастунец: На канферэнцыі апошнім пытаннем было менавіта гэтае:  вось вы рыхтуеце рэформы, але як дзяржава будзе іх выконваць? І я вымушаны быў сказаць: ёсць сённяшняя сітуацыя, прааналізаваная экспертамі, ёсць той вектар рэформ, які мы прапануем, і ёсць вектар дзеянняў уладаў, які, на жаль, накіраваны ў супрацьлеглы бок. І тое, што на канферэнцыі адсутнічалі прадстаўнікі дзяржавы – сумным паказчык. Але я спадзяюся, што “акно магчымасцяў” у нашай краіне калісьці адчыніцца.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці