Рада па медыяэтыцы разгледзела скаргу на выкарыстанне тэрміна «нелегальныя мігранты»
Заява Рады па медыяэтыцы ад 7 ліпеня 2025 года адносна выкарыстання тэрміна «нелегальныя мігранты» ў артыкулах «Нашай Нівы». Спампаваць PDF
Рада па медыяэтыцы ў складзе Надзеі Белахвосцік, Валера Карбалевіча, Ганны Соўсь, Зоі Хруцкай, Ірыны Новік, Лолы Бурыевай разгледзела зварот Марыны Касінеравай адносна артыкулаў “Самы папулярны тыкток-блогер у свеце, які высмейвае бязглуздыя лайфхакі, выдвараны з ЗША як нелегал” і “Нелегалы? «Наша Ніва» папала пад крытыку левых актывістаў за выкарыстанне выразу «нелегальныя мігранты», апублікаваных “Нашай Нівай” 11 і 12 мая 2025 года. Спадарыня Касінерава лічыць, што выкарыстанне выразаў “нелегальныя мігранты” з’яўляецца мовай варожасці.
Рэдакцыя «Нашай Нівы» не з’яўляецца ўдзельнікам Медыяасамлеі, паколькі не далучылася да Пагаднення аб самарэгуляванні незалежнага медыясектара і да Кодэкса этыкі беларускіх журналістаў.
Аднак 16 чэрвеня 2025 года адбылося пасяджэнне Рады па медыяэтыцы, на якім было прынята рашэнне, што пытанне, узнятае ў звароце адносна выкарыстання тэрміна «нелегальныя мігранты» ў публікацыях «Нашай Нівы», мае сур’ёзнае значэнне для медыйнай супольнасці. У адпаведнасці з абзацам 3 пункта 13 Пагаднення аб самарэгуляванні незалежнага медыясектара, зварот быў разгледжаны Радай.
У выніку разгляду і абмеркавання Рада
УСТАНАВІЛА:
Адпаведна з Кодэксам прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў мова варожасці недапушчальная ў публікацыях беларускіх журналістаў. (Раздзел 1)
- Большая частка сябраў Рады прыйшла да высновы, што выраз “нелегальныя мігранты” мае прыкметы мовы варожасці. Рада падкрэслівае, што ў беларускай медыяпрасторы пакуль няма адзінадушнага стаўлення да гэтага тэрміна. Аднак, на думку Рады, медыя ў сваёй працы варта ўлічваць рэкамендацыі міжнародных структур. ААН і яе агенцтвы, найперш Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН), Міжнародная арганізацыя па міграцыі (МАМ) і Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ), на працягу многіх гадоў заклікаюць пазбягаць тэрміна «нелегальныя мігранты».
- Рэкамендацыі, як пісаць пра мігрантаў, распрацоўвалі і беларускія аўтары “Медыярэшэбніка” ў раздзеле “Как писать о мигрантах”. Створаны інструмент, з дапамогай якога можна праверыць тэкст публікацыі, якая рыхтуецца да выхаду, на наяўнасць некарэктнай лексікі. Праваабаронцы падрыхтавалі свае рэкамендацыі для медыя.
- Улічваючы, што за апошнія пяць гадоў тысячы беларусаў апынуліся ў вымушанай эміграцыі, праблема выпрацоўкі медыякарэктнай лексікі становіцца надзвычай адчувальнай і важнай для медыйнай супольнасці.
З улікам выкладзенага, Рада
ВЫРАШЫЛА
рэкамендаваць беларускім медыя:
- Адказна і ўважліва ставіцца да выкарыстання фраз, якія могуць быць успрынятыя як дыскрымінацыйныя.
- Калі тэрмін «нелегальныя мігранты» выкарыстоўвае суразмоўца журналіста, варта дадаваць кантэкст, які апісвае сітуацыю.
- Самім жа журналістам варта пазбягаць гэтага тэрміна ў сваіх матэрыялах.
Рашэнне прынята:
- за — 5 галасоў,
- супраць — 1 голас.
Старшыня Рады Надзея Белахвосцік
