• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Раздачу ўлётак суд палічыў “парушэннем закона аб СМІ” (АБНОЎЛЕНА)

    Гродзенскую актывістку Вольгу Крапоціну аштрафавалі на 30 базавых велічыняў паводле арт. 22.9 ч.2 КаАП.

    Такое рашэнне прыняў 18 лістапада суд Ленінскага раёна г. Гродна.


    В. Крапоціна ў судзе. Фота службы маніторынгу ГА «БАЖ»

    Гродзенскую актывістку Вольгу Крапоціну затрымаў 19 верасня ў цэнтры горада чалавек у цывільным (жыхар вуліцы імя С. Баторыя Уладзімір Гарэлаў), калі яна раскладвала на машыны з расійскімі нумарамі ўлёткі з заклікам вярнуць Крым Украіне. Тады В. Крапоціну пратрымалі некалькі гадзін у РАУСе, забралі ў яе 16 улётак “на экспертызу”, а потым па месцы яе жыхарства правялі ператрус і забралі ноўтбук і дзве флэшкі.

    18 лістапада суддзя Зміцер Бубенчык выслухаў двух сведак з боку міліцыі – супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУС Антановіча і Бугароўскага, якія прыйшлі на дапамогу Уладзіміру Гарэлаву, каб затрымаць актывістку.

    Экспертыза ўлётак, што рабілася Міністэствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, паказала, што яны “носяць масава-палітычны характар”. Гэтую інфармацыю агучыў на працэсе суддзя. Забраныя ў актывісткі камп’ютар і флэшкі ёй вярнулі.

    Вольга Крапоціна заявіла службе маніторынгу ГА “БАЖ”, што збіраецца абскарджваць гэтае рашэнне: “Паколькі пратакол быў складзены за парушэнне закона аб СМІ, а я асабіста ніякім СМІ не з’яўляюся, буду шукаць грошы на адваката”. Па словах Вольгі Крапоцінай, яна атрымлівае за месяц заробак, меншы за прысуджаны па гэтай справе штраф.


    В. Крапоціна і У. Хільмановіч у судзе. Фота службы маніторынгу ГА «БАЖ»

    Па словах гродзенскага праабаронцы Уладзіміра Хільмановіча, гэтая справа – палітычна матываваная: “Я перакананы, што працэс над Воляй Крапоцінай палітычна матываваны. Асаблівасцю яго ёсць толькі тое, што тут фігуруе грамадзянін – ці то індывідуальны прадпрымальнік, ці то супрацоўнік нейкіх тайных органаў, на якога па сутнасці павінен быў складацца пратакол за гвалтоўнае затрыманне. А так – усё па звыклай схеме. Прыцягваецца заканадаўства, якое ставіцца вышэй за Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Паводле такой логікі, можна судзіць мноства людзей, якія размяшчаюць рэкламныя інфармацыйныя матэрыялы, улёткі, у тым ліку на шыбы аўтамабіляў. Але тут мы сутыкаемся з палітычным пераследам паводле поглядаў…”

    Выпадак з Вольгай Крапоцінай нагадвае сітуацыю з Таццянай Сячко з Оршы, якую ў верасні г. г. аштрафавалі на 40 базавых паводле таго ж арт. 22.9 ч.2 КаАП за распаўсюд улётак пра “Народны рэферэндум”. Абскардзіць рашэнне не ўдалося, нягледзячы на наяўнасць заключэння намесніка міністра інфармацыі пра тое, што ўлёткі не з’яўляюцца СМІ.  

    Даведка:

    Арт. 22.9. КаАП: “Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі”.

    Ч.2. арт 22.9 КаАП: “Парушэнне вызначанага парадку рассылкі абавязковых бясплатных асобнікаў перыядычных друкаваных выданняў, распаўсюду эратычных выданняў, апублікавання сродкам масавай інфармацыі абвяржэння, а роўна незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі”.

    Штраф – ад 20 да 50 базавых велічыняў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці