• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэпрэсіі супраць СМІ і пашырэнні «экстрэмісцкіх» спісаў: апублікаваны даклад ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі

    Рада па правах чалавека ААН  апублікавала даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх. У дакладзе гаворыцца аб закрыцці НДА, зменах заканадаўства, палітвязнях і ўмовах іх зняволення, у тым ліку ў рэжыме інкамунікада, рэпрэсіях супраць СМІ, пазбаўленне ліцэнзій адвакатаў, пашырэнні «экстрэмісцкіх» спісаў, ператрусах, адвольных затрыманнях, катаваннях, смерцях падчас пратэстаў і ў зняволенні, а таксама вымушанай эміграцыі. Рада прыйшла да высновы, што ў «УВКПЧ ёсць разумныя падставы меркаваць, што было здзейснена злачынства супраць чалавечнасці». Сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі разгледзяць 20 сакавіка на 55‑й сэсіі Рады ААН па правах чалавека (РПЧ).

    «Умовы ў штрафных ізалятарах могуць быць прыроўненыя да катаванняў»

    У дакладзе сабраныя сведчанні аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі ў перыяд з 1 траўня 2020 года па 31 снежня 2023 года. За гэты час Упраўленне Вярхоўнага Камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) правяло 657 інтэрв’ю з пацярпелымі ад рэпрэсій людзьмі. У дакуменце разглядаюцца парушэнні правоў чалавека, інфармацыю аб якіх Рада цягам трох гадоў збірала, захоўвала і аналізавала. Таксама ў ім зробленыя высновы ў адпаведнасці з прымяняльнай міжнародна-прававой базай і прапанаваныя рэкамэндацыі ўраду і міжнароднай супольнасці.

    Паводле ацэнкі Рады, з 1 траўня 2020 году больш за 5 500 чалавек, у тым ліку ня менш як 55 дзяцей, былі асуджаныя ў крымінальным парадку паводле палітычна матываваных абвінавачанняў. З 657 апытаных з 2020 году, 29% заявілі аб катаваннях і 61% — аб жорсткім абыходжанні.

    УВКПЧ таксама адзначыла рост колькасці злачынстваў, звязаных з «экстрэмізмам» і «тэрарызмам», якія прадугледжваюць больш суровыя прысуды. Акрамя гэтага, у дакладзе звярнулі ўвагу на тое, што з 2020 года назіраецца значны рост выкарыстання артыкула 411 Крымінальнага кодэкса аб «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» для падаўжэння, часам неаднаразовага і без справядлівага судовага разбору, тэрміну зняволення ў дачыненні да палітвязняў, якія ўжо адбываюць пакаранне па іншых прысудах.

    Таксама ў УВКПЧ зафіксавалі сведчанні аб нечалавечых умовах трымання ў месцах зняволення. Так, паводле сведчанняў, умовы ў ізалятарах часовага ўтрымання для людзей, затрыманых па палітычных матывах, могуць быць раўнасільныя жорсткаму, бесчалавечнаму і зневажальнаму годнасць абыходжанню, а ў некаторых выпадках — катаванням.

    Асобна было адзначана, што «ўмовы ў штрафных ізалятарах (ШІЗА) папраўчых калоній, дзе зняволеныя ўтрымліваліся агулам да 30 дзён у поўнай ізаляцыі, пры гэтымсваякам не было вядома пра іх стан і месцазнаходжанне, могуць быць прыроўненыя да катаванняў».

    «У некалькіх выпадках утрымлівалі людзей пад прыцэлам»

    Паводле дакладу, некаторыя ахвяры атрымалі доўгатэрміновыя траўмы, якія нават змянілі іх жыцьцё. Яны ўключалі ў сябе анэўрызму, страту слыху, абмежаванне рухомасці ў плечавых, тазасцегнавых і каленных суставах, пералом касцей рук, ног, носа і пазваночніка, а таксама пашкоджанне нерваў. наступствы для здароўя, як высокі ціск, хранічныя захворванні нырак, дэпрэсія, посттраўматычныя стрэсавыя разлады, панічныя атакі і праблемы са сном. Большасць апытаных ахвяр — мужчыны, у тым ліку адзін чалавек з інваліднасьцю.

    «Органы правапарадку падвяргалі іх збіццю, у тым ліку дубінкамі, бітамі або бытавымі прадметамі, штурхялямі, болеваму затрыманню і ў некаторых выпадках ужывалі электрашокеры, а таксама пагражалі, абражалі і запалохвалі, у тым ліку ў некалькіх выпадках утрымлівалі людзей пад прыцэлам. Хоць да жанчын таксама ўжываўся фізічны гвалт, псіхалагічны гвалт у адносінах да іх быў асабліва інтэнсіўным. Асабліва жорсткаму і зневажальнаму абыходжанню падвяргаліся ЛГБТК асобы або тыя, каго лічылі такімі з‑за іх знешнасці або асабістых рэчаў.

    Пачынаючы з 2020 году і працягваючы ў 2023 годзе, органы правапарадку прымянялі неапраўданую і неадпаведную сілу па ўсёй Беларусі. Гэтая практыка здзяйснялася бяспакарна, з ухвалы і пры падтрымцы найвышэйшага кіраўніцтва, і прывяла да сур’ёзных траўмаў у дзясятках выпадкаў і нават адвольнаму пазбаўленьню жыцьця. Беларускія ўлады не правялі расьсьледаваньні ні таго, ні другога і не падалі кампэнсацыю», — адзначаюць аўтары.

    Рада выявіла, што арыштаваныя падвяргаліся моцнаму ціску і гвалту, у шматлікіх выпадках раўнасільнаму катаваньням, падчас першапачатковага допыту і пошуку «доказаў» у 38 выпадках у 2022 годзе і ў дзевяці выпадках у 2023 годзе. Гвалт адбываўся пасля арышту ў міліцэйскіх машынах і/ці падчас допытаў у кабінэтах ГУБАЗіКу ў Менску і міліцэйскіх участках ва ўсіх абласцях Беларусі.

    «У некалькіх выпадках затрыманых прымушалі знаходзіцца ў балючых нязручных позах на працягу доўгага часу, а як мінімум у двух выпадках супрацоўнікі ГУБАЗіК ледзь не задушылі затрыманых, накладваючы ім на твар маску або пакет. Фізычны гвалт суправаджаўся пагрозамі, прымусам і запалохваннем, у тым ліку пагрозамі смерці, гендэрна-абумоўленага гвалту, у тым ліку сэксуальнага, нанясення шкоды членам сям’і ці/і канфіскацыі дзяцей.

    Допыты доўжыліся гадзінамі і праводзіліся без адваката. Рада задакумэнтавала, што большасьць заяўленых катаванняў адбываліся ў цэнтральным апараце ГУБАЗіКу ў Мінску», — гаворыцца ў дакумэнце.

    Аўтары дакладу заяўляюць аб падставах меркаваць, што беларускія сілавікі здзяйснялі згвалтаванні і іншыя формы сэксуальнага і гендэрна-абумоўленага гвалту, уключаючы сэксуалізаваныя катаванні і прымус да агалення.

    «Ва Упраўленні Вярхоўнага Камісара ААН па правах чалавека ёсць разумныя падставы меркаваць, што было здзейсьнена злачынства супраць чалавечнасьці ў форме пераследу разам з іншымі спадарожнымі дзеяннямі, якія могуць быць устаноўленыя як следства апісаных парушэнняў правоў чалавека», — рэзюмуюць аўтары.

    Сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі разгледзяць 20 сакавіка на 55‑й сэсіі Рады ААН па правах чалавека (РПЧ). Сесія праходзіць у Жэнэве 26 лютага — 5 красавіка.

    Плануецца, што з дакладам «Становішча з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і пасля іх» выступіць вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці