• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Што азначае “справа рэгнумаўцаў” для медыясупольнасці? Выказваюцца Класкоўскі, Давыдзька, Бастунец, Пачобут, Пальчыс

    Аляксандр Класкоўскі

    Аляксандр Класкоўскі, кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі “БелаПАН”

    — Калі вынесці за дужкі ўсе палітычныя падтэксты — а гэта справа мела відавочны палітычны характар — можна завастрыць увагу на пагрозах для свабоды слова і свабоды выказвання. Калі казаць пра пытанні інфармацыйнай бяспекі Беларусі, то ў нейкай меры можна зразумець логіку беларускіх уладаў, калі яны караюць тых, хто вёў інтэнсіўную мэтанакіраваную імперскую прапаганду.

    Але іншае пытанне: які пры гэтым ужываўся інструментарый. Калі чытаеш абвінавачванне, узнікае шмат пытанняў. Дзякуй Богу, улады знялі абвінавачванне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Калі ішоў гэты працэс, я ўжо адзначаў, што такім чынам можна было б любога журналіста абвінаваціць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, калі ён піша для нейкіх сайтаў і атрымлівае ганарары.

    Таму падыход да гэтай справы, метады і механізмы выклікаюць трывогу з пункту гледжання гарантый свабоды выказвання. Бо заўтра такі ж інструментарый можа быць выкарыстаны да любога чалавека, які крытыкуе ўлады ці выкрывае, напрыклад, імперскую палітыку Расіі.

    Зрэшты, гэта нават не заўтра, а ўчора: я маю на ўвазе справу супраць Эдуарда Пальчыса. Яна выглядае вельмі падобнай, люстэркавай. Нават у тым, што Пальчыс таксама доўга быў за кратамі, атрымаў абвінаваўчы прысуд і быў адпушчаны ў зале суда. Таму я лічу, што беларуская дзяржава, безумоўна, мае права бараніць інфармацыйную прастору і ставіць нейкі бар’ер для дэструктыўных уплываў з боку “рускага свету”.

    Разам з тым, беларускай журналісцкай супольнасці вось у такіх калізіях варта ўсё ж трымацца і абараняць прынцыпы свабоды слова. Гісторыя неадназначная, але яна адлюстроўвае спецыфіку беларускай дзяржавы, калі няма рэалізацыі прынцыпу прававой дзяржавы, і карная машына працуе паводле адмашкі. У мяне негатыўнае ўражанне ад гэтай гісторыі, хоць сам я катэгарычна не прымаю пазіцыю аўтараў Reg­num адносна Беларусі, незалежнасці, гісторыі і г. д.

    — Калі разглядаць палітычны аспект справы: гэта сігнал камусьці?

    — Я б тут не будаваў нейкіх канспіралагічных версій. Я думаю, што беларуская дзяржава дзейнічала, зыходзячы са сваёй традыцыйнай логікі. Можна разгортваць доўгі аналіз, бо гэтыя аўтары былі ўзяты пад варту, калі ішла нафтагазавая вайна паміж Беларуссю і Расіяй. На цяперашні, адносна мяккі прысуд, магчыма, паўплывала тое, што адбылося замірэнне з Масквой.

    Хоць я не думаю, што ўлада гэтым працэсам спецыяльна хацела накіраваць нейкае пасланне журналісцкай супольнасці. На мой погляд, дзяржаўная машына працуе па сваёй методыцы.

    Улада думае, як сябе абараніць, бо ў абвінавачанні быў зроблены акцэнт на тым, што аўтары скажона трактавалі палітыку уладаў. То бок афіцыйны Мінск пераймаўся тым, як ён у гэтых публікацыях выглядае ў вачах Масквы.

    Ну, і другі момант палягае ў там, што хоць аўтараў асудзілі, але сам сайт Reg­num працягвае працаваць і ён не блакаваны ў Беларусі, у адрозненні ад “Беларускага партызана” ці “Хартыі’97”. Замест гэтых публіцыстаў, туды будуць пісаць іншыя людзі. Таму, я лічу, што галоўная задача для беларускіх уладаў — гэта развіццё нацыянальнай самасвядомасці, каб у беларускага грамадства быў моцны імунітэт супраць ідэалогіі “рускага свету”.

    А ў гэтым кірунку не робіцца галоўнага, бо Беларусі патрэбна моцная, незалежная, нацыянальна арыентаваная прэса. А яе беларуская ўлада таксама баіцца.

    Андрэй Пачобут, Анджэй Пачобут

    Андрэй Пачобут, журналіст Gazety Wyborczej

    — Справа “рэгумаўцаў” сведчыць, што нягледзячы на нейкія заявы пра лібералізацыю ці нешта падобнае, у Беларусі нічога не змяняецца. І ў любы момант улады і сілавыя структуры могуць ударыць па людзях, якія недзе нешта пішуць.

    Я не лічу, што гэтая справа — працяг абароны ад расійскага медыйнага ўплыву. На мой погляд, “рэгнумаўцаў” судзілі за тое, што яны крытыкавалі Лукашэнку перад расійскімі чытачамі, перад расійскай аўдыторыяй. І ўлады проста ў нейкі момант палічылі, што для іх гэта небяспечна. Асабліва з улікам таго, што пасля Крыма попыт на такія расійскія шавіністычныя прадукты рэзка павялічыўся. Да Крыма такія  меркаванні былі маргінальнымі, а пасля Крыма фактычна расійскі мэйнстрым пачаў размаўляць мовай Reg­num.

    Таму беларускія ўлады і вырашылі ўдарыць па мясцовых адэптах Reg­num. Але ў гэтым я не бачу ніякай спробы ўладаў вярнуць сабе ўплыў над беларускай медыяпрасторай.

    Андрэй Бастунец, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў

    — Я лічу, што гэтая справа — сігнал пра тое, што нельга кранаць “святое” — то бок адносіны паміж часткамі “саюзнымі дзяржавы”.

    Што тычыцца менавіта журналістаў, то нагадаю, што першапачаткова супраць падсудных было выстаўлена абвінавачанне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці за атрыманне ганарараў. Падчас працэсу яно было знятае пракурорам, але не таму, што абвінавачанне змяніла свой падыход да сітуацыі, а таму, што следства ў судзе проста не пацвердзіла памераў атрыманых прыбыткаў.

    Таксама варта адзначыць, што гэты працэс актуалізаваў пытанні паміж свабодай выказвання і дапушчальнымі абмежаваннямі свабоды выказвання. Паміж свабодай слова і прапагандай. Але мы можам бачыць, наколькі далёка можа пайсці дзяржава ў змаганні з непрыемнай для сябе інфармацыяй.

    Генадзь давыдзька, Геннадий Давыдько

    Генадзь Давыдзька, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі

    — Па-першае, каментаваць рашэнні суда — не мая кампетэнцыя. Па-другое, ёсць адказнасць за словы, а гэта — галоўны абавязак кожнага журналіста і ўвогуле чалавека. Гэтым рашэннем прадэманстравана тое, што трэба адказваць за словы і за сваю пазіцыю. І дзейнічаць у межах заканадаўства краіны, дзе ты жывеш і працуеш.

    Эдуард Пальчыс, Эдуард Пальчис

    Эдуард Пальчыс, блогер, аўтар сайта 1863x.com

    — На свабоду слова гэты прысуд не асабліва ўплывае, бо гэта хутчэй са сферы высокай палітыкі. Фармальна Reg­num адносіўся не да нашай, а да расійскай медыяпрасторы. Гэта —  знак з боку сілавікоў палітычным сілам Расіі, якія спрабуюць лабіраваць тут нейкія рэчы. “Рэгнумаўцы” адпрацоўвалі пэўныя інтарэсы Баранчыка і людзей з крамлёўскай адміністрацыі.

    Мая думка, гэты працэс — пасланне, што за ўсім сочаць, усё пад кантролем. Прычым наша медыйная прастора пад кантролем з усіх бакоў: з расійскага, з нашага, з заходняга. Таму нічога кардынальнага не адбылося. Трэба быць акуратнымі, але шукаць новыя формы і метады працы з аўдыторыяй, каб фармальна не парушаць заканадаўства. Але гэта вечная вайна, якая была і будзе. Заўсёды ёсць дзеянне і супрацьдзеянне. Таму нічога страшнага не адбылося.

    Фоты: Уладзь Грыдзін, Радыё Свабода

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Навіны

    Теперь консул может только изъять паспорт. Что означает новый указ для белорусов, уехавших из страны?

    05.09.2023
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці