• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Быў выпадак, калі для гэтага замовілі самалёт». Што рабіць, калі пагражае дэпартацыя

    Беларускі адвакат Вадзім Драздоў і чарнагорскі актывіст Любамір Філіпавіч дапамаглі Радыё Свабода скласці практычныя парады аб тым, што рабіць беларусам, калі ім пагражае дэпартацыя.

    што рабіць, калі пагражае дэпартацыя ў Беларусь

    Польска-беларуская мяжа. Фота: Reuters

    У апошні месяц сталі вядомыя некалькі выпадкаў, калі беларусаў закранула дэпартацыя або экстрадыцыя. 28 траўня жанчыну, якая выехала на «візаран», не пусьцілі назад у Грузію без тлумачэньня прычын. 31 траўня рэжысэра Андрэя Гнёта вырашылі эстрадаваць з Сэрбіі ў Беларусь за нібыта нясплату падаткаў. Ён абскардзіў рашэньне. 5 чэрвеня Васілію (рэдакцыя не называе яго прозьвішча з пытаньняў бясьпекі) адмовілі ў прытулку ў Чарнагорыі, бо быццам Беларусь — гэта дэмакратычная краіна. 12 чэрвеня Дзьмітрыя Смактуновіча дэпартавалі з Польшчы ў Беларусь, бо высьветлілася, што ў яго анулявалі дазвол на жыхарства.

    Дэпартацыя і экстрадыцыя: адрозьненьні

    Дэпартацыя пагражае беларусу, калі ў яго скончыўся дазвол на жыхарства ў пэўнай краіне. Або калі ўлады краіны, дзе ён жыве, адмовілі яму ў міжнароднай абароне. Ці вырашылі, што ягонае знаходжаньне на іхняй тэрыторыі пагражае, прыкладам, нацыянальнай бясьпецы. Ініцыюе дэпартацыю краіна, якая прымае чалавека.

    Экстрадыцыя пагражае беларусу, які знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі (ці іншай краіне). Дзяржава, на тэрыторыі якой ён знаходзіцца, у межах супрацоўніцтва зь Беларусьсю мае арыштаваць такога падазраванага беларуса і выдаць яго на радзіму.

    Пра тое, што яго хочуць дэпартаваць, чалавек звычайна даведваецца загадзя — з рашэньня органаў улады краіны, у якой ён знаходзіцца, напрыклад міграцыйнай службы. У рашэньні ставяць дату, да якой чалавек мае самастойна выехаць з краіны. Калі пачаць абскарджваць гэта, то юрыдычная працэдура адтэрмінуе выезд. Паміж апавяшчэньнем пра дэпартацыю і ўласна выездам можа прайсьці ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў, патлумачыў Свабодзе Вадзім Драздоў. Гэта юрыст, які спэцыялізуецца на праве ўцекачоў, абароне ад дэпартацыі і экстрадыцыі і абароне правоў чалавека ў Эўропе.

    Беларуса могуць дэпартаваць у Беларусь праз трэцюю краіну, у якую яму не патрэбная віза (або ў якую ён мае візу). Там чалавек можа проста выйсьці і застацца, а не працягваць шлях у Беларусь. Аб магчымасьці дэпартацыі праз трэцюю краіну прымае рашэньне орган, які яе праводзіць Вадзім Драздоў перакананы, што гэта залежыць выключна ад чалавечага фактару.

    Што рабіць беларусу, які дапускае, што яго могуць дэпартаваць, але ў Беларусі яму пагражае перасьлед

    • Прасіць аб прытулку або статусе ўцекача

    Такі грамадзянін Беларусі можа зьвярнуцца з хадайніцтвам аб наданьні статусу ўцекача (прытулку) да ўладаў, якія плянуюць яго дэпартаваць, тлумачыць Вадзім Драздоў.

    Паводле прынцыпу невысыланьня (non-refoule­ment) чалавека нельга дэпартаваць у краіну паходжаньня, пакуль прымаючая краіна не разгледзіць ягонага хадайніцтва аб даваньні прытулку.

    Гэты пэрыяд уключае і разгляд апэляцыі, калі першая інстанцыя (прыкладам, міграцыйная служба) адмовіла ў наданьні статусу ўцекача.

    Колькасьць апэляцыйных інстанцый у працэдуры даваньня прытулку розная ў розных краінах, адзначыў Драздоў.

    • Пералічыць усе варыянты пагрозаў у Беларусі

    «Калі існуе рызыка перасьледу ў краіне паходжаньня, у хадайніцтвах важна акрэсьліць усе аргумэнты, зьвязаныя з рызыкай і пагрозамі, і паказаць міжнародныя канвэнцыі, якія парушае краіна паходжаньня», — патлумачыў Драздоў.

    Пры гэтым чалавек мусіць паказаць індывідуальныя пагрозы перасьледу, а не спасылацца на агульную сытуацыю палітычных рэпрэсій у Беларусі.

    Суразмоўца ўспомніў выпадак у Швэцыі. Сям’я перадала свайму адвакату шмат арыгіналаў дакумэнтаў, якія даказвалі рызыку перасьледу ў краіне паходжаньня. Але адвакат не перадаў іх уладам краіны і не вярнуў кліентам. Ён падрыхтаваў кароткія скаргі, якія ня ўлічвалі кантэксту краіны паходжаньня. У выніку швэдзкія ўлады адмовілі сям’і ў прытулку і загадалі пакінуць краіну.

    Тады сям’я зьвярнулася па дапамогу да іншага адваката, якім стаўся Драздоў. Яны падрыхтавалі хадайніцтва аб пераглядзе справы, прадставілі доказы і падрабязную інфармацыю аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі. Аднак швэдзкі бок адмовіўся пераглядаць справу.

    Юрысты даслалі таксама запыт на тэрміновыя захады ў Камітэт ААН супраць катаваньняў. І гэта спрацавала, кажа Драздоў. Камітэт папрасіў улады Швэцыі не дэпартаваць гэтую сям’ю ў краіну паходжаньня, пакуль ён не разгледзіць скаргу. Урэшце сытуацыя скончылася для сям’і ўцекачоў станоўча.

    • Падкрэсьліваць адназначную небясьпеку на радзіме

    Палітоляг і актывіст з Чарнагорыі Любамір Філіпавіч дапамагае аднаму зь беларусаў, якога чарнагорскія ўлады хочуць дэпартаваць у Беларусь. Ён рэкамэндуе казаць уладам прымаючай краіны, што існуе рэальная пагроза, і даваць гэтаму доказы.

    «Сьвет двухсэнсоўнасьці: „Я ня ведаю дакладна“, „Я вяртаўся раней у Беларусь“… Калі чалавек адчувае пагрозу ў Беларусі, ён мусіць гэта перадаць прадстаўнікам чарнагорскіх уладаў», — рэкамэндуе актывіст.

    • Супрацоўнічаць (або не) з уладамі прымаючай краіны

    Чалавеку варта самому вырашыць, ці будзе ён супрацоўнічаць з праваахоўнымі і іншымі органамі прымаючай краіны, зазначыў Вадзім Драздоў.

    «Як правіла, адмова ад супрацоўніцтва нэгатыўна ўплывае на разьвіцьцё падзеяў. Калі чалавек без дакумэнтаў, то сваім нежаданьнем даць неабходныя зьвесткі ён толькі выйграе крыху часу. Але як толькі ягоную асобу ўстановяць (а цяпер гэты працэс вельмі хуткі), яго могуць адразу дэпартаваць. У мяне ў практыцы быў выпадак, калі для дэпартацыі нават замовілі спэцыяльны самалёт», — кажа юрыст.

    Супрацоўніцтва зь мясцовымі праваахоўнымі органамі і іншымі інстанцыямі дазволіць пазьбегнуць дэпартацыйнай турмы.

    «Гэта сур’ёзнае пытаньне, бо ў такой турме чалавек моцна абмежаваны ў сваіх дзеяньнях. Ён ужо ня зможа самастойна шукаць сабе адваката і эфэктыўна працаваць зь ім над сваёй абаронай», — дадаў юрыст.

    • Не падпісваць адразу дакумэнтаў, прасіць адваката

    Любамір Філіпавіч рэкамэндуе ў сытуацыі, калі магчымасьць дэпартацыі засьпела чалавека зьнянацку, прасіць выклікаць яму адваката. Таксама ён ня раіць падпісваць адразу дакумэнты, якія яму даюць прадстаўнікі дзяржаўных органаў, асабліва калі чалавек не разумее або слаба разумее мову, на якой яны напісаныя.

    Вадзім Драздоў патлумачыў, што ў некаторых краінах, прыкладам у Швайцарыі, беларус, які просіць палітычнага прытулку, можа разьлічваць на бясплатную юрыдычную дапамогу. Яе таксама могуць аказваць некаторыя праваабарончыя арганізацыі. Аднак юрыст сумняецца, ці будзе бясплатная юрыдычная дапамога эфэктыўнай. Часам такі «бясплатны» адвакат можа не разумець спэцыфікі краіны, зь якой чалавек паходзіць і куды яго хочуць выслаць.

    Што можна рабіць для «прафіляктыкі дэпартацыі»

    • Сачыць за тэрмінам дзеяньня дазволу на жыхарства

    Варта актыўна сачыць за тэрмінам дзеяньня або ануляваньня дазволу на жыхарства, рэкамэндуе Вадзім Драздоў. Тэрмін дзеяньня дазволу на жыхарства пазначаны на самім дакумэнце.

    «Калі ў чалавека няма інфармацыі аб працэдуры падаўжэньня пасьведчаньня на права жыхарства, то трэба зьвяртацца ў міграцыйную службу, каб удакладніць усе дэталі аб падаўжэньні і атрыманьні неабходных дакумэнтаў», — кажа юрыст.

    • Правяраць пошту

    Варта рэгулярна правяраць пошту, каб не прапусьціць апавяшчэньня ад уладаў аб заканчэньні тэрміну дзеяньня або ануляваньні дазволу на жыхарства.

    «У Швайцарыі за месяц да заканчэньня тэрміну дзеяньня дазволу на жыхарства чалавеку прыходзіць блянк, які неабходна запоўніць для падаўжэньня», — пракамэнтаваў юрыст.

    Да каго варта зьвярнуцца беларусу ў сытуацыі, калі яго могуць дэпартаваць

    • Юрыст

    Найперш варта зьвярнуцца па юрыдычную дапамогу, перакананы Вадзім Драздоў. У многіх сытуацыях спатрэбіцца дапамога і адвакатаў, якія добра ведаюць нацыянальнае заканадаўства прымаючай краіны, і юрыстаў, якія спэцыялізуюцца ў міжнародным праве.

    «У Францыі быў выпадак, калі чалавек хадайнічаў аб міжнароднай абароне ў гэтай краіне, хаця меў візу іншай дзяржавы. Тут было важна ўлічыць працэдуру Рэглямэнту Эўразьвязу „Дублін III“, што дапамагло нам прасіць прытулку менавіта ў Францыі. Праз 6 месяцаў чалавек атрымаў статус уцекача», — расказвае Драздоў.

    Ён прывёў яшчэ адзін прыклад ў Ірляндыі. Беларус там вучыўся і пачаў актыўна праяўляць грамадзкую пазыцыю, што не спадабалася беларускім уладам. Там прыйшлося чакаць статус уцекача больш за 7 месяцаў. Дадатковы час пайшоў на збор аргумэнтацыі, што ў краіне паходжаньня яму пагражае небясьпека.

    «У Ірляндыі і Францыі хадайніцтва ў міграцыйную службу аб наданьні статусу ўцекача падаецца ў пісьмовай форме. Менавіта таму неабходна пазьбягаць сытуацый, калі чалавек трапляе ў дэпартацыйную турму», — удакладніў Драздоў.

    Па словах суразмоўцы, у іншай сытуацыі ў Італіі юрысту давялося спачатку выцягнуць чалавека з дэпартацыйнай турмы, каб ён мог прасіць пра статус уцекача. Яны пераканалі суд, што няма падставаў утрымліваць чалавека пад вартай, а таксама што ягонае ўтрыманьне ў турме парушае артыкул 5 Эўрапейскай канвэнцыі правоў чалавека.

    • Міграцыйная служба, памежная служба, супрацоўнік турмы, судзьдзя

    Папрасіць прытулку беларус можа ня толькі ў міграцыйнай службе, але таксама на судзе, у супрацоўніка турмы ці ў памежнікаў.

    • Эўрапейскі суд у правах чалавека

    Вадзім Драздоў прывёў прыклад, калі сям’я з васьмі чалавек двойчы прасіла прытулак на беларуска-польскай мяжы, але беспасьпяхова. Тады яны зьвярнуліся па юрыдычную дапамогу. Адвакат падрыхтаваў пісьмовае хадайніцтва аб прытулку, дзе абгрунтавалі рызыку перасьледу гэтай сям’і. Паралельна даслалі запыт у Эўрапейскі суд у правах чалавека (ЭСПЧ). У выніку сям’ю ўпусьцілі ў Польшчу.

    • Камітэт ААН супраць катаваньняў

    Выпадак са Швэцыі, апісаны вышэй, паказвае, што Камітэт супраць катаваньняў ААН даў час сям’і, каб адстаяць магчымасьць застацца ў Швэцыі. Урэшце сытуацыя скончылася станоўча для сям’і, якую хацелі выслаць з краіны.

    • Інтэрпол

    Запыт у Інтэрпол варта падаць, калі беларусу пагражае экстрадыцыя праз вышук па лініі Інтэрполу. Можна папрасіць Інтэрпол выдаліць інфармацыю пра пэўнага чалавека зь іхнай базы, калі ёсьць доказы, што яму пагражае палітычны перасьлед у Беларусі, а таксама што ёсьць рызыка, што ягоныя правы парушаць у Беларусі.

    «Паводле канстытуцыі Інтэрполу, яму строга забаронена любое ўмяшаньне або дзейнасьць палітычнага характару. Запыт на выдаленьне павінен даказаць, што чалавека перасьледуе краіна паходжаньня з палітычных матываў і ў выпадку экстрадыцыі чалавеку пагражае рызыка абуральнай адмовы ў правасудзьдзі, катаваньняў або бесчалавечнага і зьневажальнага для годнасьці абыходжаньня», — удакладніў суразмоўца.

    У практыцы Драздова быў пасьпяховы кейс, калі картку чалавека ў базе Інтэрполу здолелі заблякаваць цягам трох месяцаў. Там юрысты зьбіралі ня толькі аргумэнты з прыватнай гісторыі чалавека, але і гістарычную падборку іншых выпадкаў. Галоўным фактарам, на думку Драздова, сталі аргумэнты, што перасьлед чалавека мае палітычны характар. Аднак працэс блякаваньня можа заняць больш часу або ня мець пазытыўнага выніку.

    • Грамадзянская супольнасьць

    Палітоляг і актывіст з Чарнагорыі Любамір Філіпавіч рэкамэндуе зьвяртацца да лідэраў грамадзянскай супольнасьці краіны, дзе чалавек знаходзіцца, а таксама да прадстаўнікоў беларускай дыяспары. У Чарнагорыі гэтыя людзі знаходзяцца ў кантакце паміж сабой. Яны могуць дапамагчы зь юрыдычнымі працэдурамі.

    «Разам мы можам стварыць ціск на ўлады Чарнагорыі, каб гэтага (дэпартацыі беларуса. — РС) ня здарылася», — кажа актывіст.

    • Амбасады эўрапейскіх краін

    Туды таксама раіць зьвярнуцца актывіст Філіпавіч, каб зь іхнай дапамогай уплываць на ўлады прымаючай краіны.

    Ці варта рабіць розгалас у мэдыя, калі беларуса могуць дэпартаваць

    Рашэньне варта прымаць самому чалавеку, які знаходзіцца пад пагрозай, зыходзячы з індывідуальных абставінаў, мяркуе Вадзім Драздоў.

    Ён зьвярнуў увагу, што публікацыі ў мэдыя з падрабязнасьцямі справы, асабліва калі гаворка ідзе пра палітычную актыўнасьць, могуць нэгатыўна паўплываць на сваякоў і блізкіх у Беларусі, на іх працу, бізнэс, маёмасьць, свабоду.

    З мэдыя ўлады Беларусі могуць даведацца, дзе менавіта знаходзіцца чалавек, якога яны хочуць вярнуць на радзіму. Тады яны могуць прыкласьці шмат высілкаў дзеля гэтага. Вынік будзе залежаць у тым ліку ад таго, наколькі «дружалюбная» або «недружалюбная» краіна да Беларусі, адзначыў Драздоў.

    Паводле юрыста, у мэдыя чалавек можа агучыць такія факты, якія яму нашкодзяць.

    Інфармацыю ў мэдыя, асабліва аб вельмі прэцэдэнтных справах, не вітаюць міжнародныя арганізацыі і ўлады краін, бо для іх непажадана, каб некаторыя кейсы сталі прэцэдэнтам для масавага паўтарэньня, дадаў Драздоў.

    Калі чалавек прыме рашэньне рабіць розгалас, то яму варта папярэдзіць пра гэта і магчымыя наступствы блізкіх у Беларусі, параіў юрыст. Ён прыгадаў выпадак, калі кліент папрасіў прытулку ў адной з эўрапейскіх краін. Інфармацыя аб гэтым трапіла ў мэдыя, да сваякоў гэтага чалавека ў Беларусі сталі прыходзіць сілавікі. Яны праводзілі ператрусы, допыты, правяралі тэлефоны. У аднаго са сваякоў знайшлі падпіску на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы. Яму далі 3 гады калёніі. У ягонай жонкі знайшлі адно фота зь бел-чырвона-белым сьцягам і асудзілі яе на «хімію».

    Але чарнагорскі актывіст Любамір Філіпавіч мяркуе, што розгалас у мэдыя варта рабіць, падымаць праблемы. На ягоную думку, пытаньні кшталту дэпартацыі датычаць ня толькі беларусаў, але і саміх чарнагорцаў, бо гэта прыкмета, што краіна «рухаецца ў кепскім кірунку». Ён тлумачыць, што звычайна раяць не рабіць розгалас, калі чалавек знаходзіцца ў аўтарытарнай краіне.

    «Калі ня трэба злаваць урад і дзяржаву, тады навошта вы прыйшлі жыць у краіну, якая вельмі падобная да той, адкуль вы прыйшлі?», — задае ён рытарычнае пытаньне.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Акцэнты

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    06.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці