• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Віцебскі абласны суд пакінуў у сіле буйны штраф журналістцы Алене Шабуні

    Віцебскі абласны суд, разгледеўшы скаргу, прызнаў справядлівым рашэнне суда Першамайскага раёна Віцебска, які сёлета ў сакавіку аштрафаваў Алену Шабуню на 70 базавых велічынь (2800 BYN). Праўда, узяць удзел у судовым пасяджэнні па разглядзе скаргі журналістцы, якая цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі, не давялося: суддзя абласнога суда Святлана Іванова не задаволіла яе хадайніцтва пра ўдзел у разбіральніцтве праз Skype.

    Алена Шабуня. Фота: сацсеткі

    Таксама Віцебскі абласны суд мусіў выправіць памылку, дапушчаную судом першай інстанцыі.

    Віцебскі абласны суд 17 красавіка пакінуў у сіле судовае рашэнне, паводле якога Алену Шабуню аштрафавалі на 60 базавых велічынь за «несанкцыянаванае пікетаванне» і на 20 базавых велічынь — за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Суддзя Першамайскага райсуда Віцебска Алена Жук «шляхам частковага складання асноўных адміністрацыйных спагнанняў» пастанавіла аштрафаваць жанчыну на 70 базавых велічынь. 

    Паводле слоў Алены Шабуні, адміністрацыйную справу ў судзе Першамайскага раёна разбіралі два суддзі: «Супрацоўнікі РАУС знайшлі ў маіх сацсетках доказы для двух адміністрацыйных правапарушэнняў. Склалі пратакол паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП за захаванне на старонцы ў Face­book матэрыялаў, прызнаных «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй», і яшчэ адзін паводле часткі 1 артыкула 24.23 КаАП — за фотаздымак у тым жа Face­book, дзе была выява галінкі з зялёнымі лісткамі і некалькі сцяжкоў — польскі, украінскі і беларускі, бела-чырвона-белы. Наяўнасць гэтага здымка расцанілі як «несанкцыянаванае пікетаванне». Спачатку суддзём быў прызначаны Міхаіл Юрчанка, але яго адправілі на падвышэнне — кіраваць Лепельскім раённым судом. Тады маю справу перадалі суддзі Алене Жук, а яна адправіла матэрыялы назад у РАУС на дапрацоўку».

    Вынікам судовага разбіральніцтва па «дапрацаваных матэрыялах» стаў вялікі штраф.

    Алена Шабуня ў апеляцыйнай скарзе на судовае рашэнне тлумачыла, што і фотаздымак з бела-чырвона-белым сцяжком, і рэпосты з інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных у Беларусі экстрэмісцкімі, яна змяшчала ў сацыяльнай сетцы з‑за мяжы — з тэрыторыі краіны, дзе такія дзеянні не лічацца правапарушэннем.

    Таксама раённы суд, на думку журналісткі, парушыў яе права на свабоду меркаванняў, замацаваных у Канстытуцыі і міжнародных дакументах, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь.

    Абласны суд палічыў гэтыя довады Алены Шабуні беспадстаўнымі. Маўляў, яна знарок з мэтай распаўсюду захоўвала на сваёй старонцы ў Face­book спасылкі і рэпосты так званых «экстрэмісцкіх матэрыялаў». А таксама, паводле высноваў аблсуда, з мэтай выказвання ўласных грамадска-палітычных інтарэсаў размясціла ў сацыяльнай сетцы фотаздымак са «сцягам у пэўнай колеравай гаме, якая асацыюецца з забароненай сімволікай».

    Фармулёўкай пра ўласныя колеравыя асацыяцыі, выкладзенай у пастанове Віцебскага абласнога суда, суддзя Святлана Іванова замяніла высновы, зробленыя сваёй калегай. Суддзя Алена Жук памылілася: яна назвала бела-чырвона-белы сцяг «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а фотаздымак у Face­book — «створаным па матывах падзей, якія адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь, накіраваных на дэстабілізацыю ў дзяржаве і супраць дзейнай улады». Абласному суду давялося скарэктаваць абвінавачанне, удакладніўшы, што бела-чырвона-белы сцяг не з’яўляецца «экстрэмісцкім».

    Фрагмент судовага рашэння

    Іншыя памылкі ў пастанове суддзі Першамайскага райсуда Алены Жук засталіся нявыпраўленымі. Так, у яе рашэнні дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь апісаны як «простакутнае палотнішча з двух палос — чырвонай і зялёнай», без узгадкі пра арнамент.

    Фрагмент судовага рашэння

    А ў працытаваным у пастанове міліцэйскім пратаколе дзяржаўны сімвал Украіны апісаны як сімволіка «жоўта-зялёнага колеру», якая таксама стала спосабам выказвання «асабістых поглядаў на падзеі грамадска-палітычнага жыцця на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

    Фрагмент судовага рашэння

    Алена Шабуня не прысутнічала на працэсе ў Першамайскім раённым судзе. На сёння журналістка жыве за мяжой, бо была вымушаная пакінуць Беларусь, дзе неаднаразова падвяргалася судовым пакаранням за сваю прафесійную дзейнасць. Яе шмат разоў затрымлівалі і штрафавалі па абвінавачаннях за супрацу з замежным сродкам масавай інфармацыі без акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных спраў. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці