Сярод вызваленых палітвязняў — Ірына Злобіна
Ірына Злобіна была затрыманая 12 студзеня 2021 года разам з журналістам і медыяменеджарам Андрэем Аляксандравым, з якім яна жыла ў пары. Яе вызваленне, як і іншых палітзняволеных, адбылося ў выніку сустрэчы амерыканскай дэлегацыі на чале з прадстаўніком прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам з афіцыйным Мінскам, якая прайшла 16 верасня 2026 года.

Ірына Злобіна. Фота: з уласнага архіва
Жанчыне прад’явілі абвінавачанні паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса РБ — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» і арт. 356 КК — «Здрада дзяржаве».
Ірыну разам з журналістамі і менеджарамі незалежнага інфармагенцтва БелаПАН судзіў суддзя Мінскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка. Прысуд усім фігурантам справы быў вынесены 6 кастрычніка 2022 года. Злобінай прызначылі 9 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 800 базавых (25 600 рублёў на той момант).
15 студзеня ў афіцыйным паведамленні намеснік міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Генадзь Казакевіч заявіў, што Аляксандраў і Злобіна былі затрыманыя «па падазрэнні ў фінансаванні пратэснай дзейнасці». Па яго словах, са жніўня 2020 года яны займаліся фінансаваннем асоб, якія прымалі ўдзел у пратэстах у Мінску, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў і вяртаннем сродкаў на ўтрыманне ў ЦІП і ІЧУ.
Паводле паведамлення МУС, Аляксандраў з 22 жніўня да 9 лістапада аплаціў 250 штрафаў. Спісы і грошы на аплату штрафаў Аляксандраву перадаваў фонд BY_help.
1 верасня 2022 г. Ірына Злобіна і Андрэй Аляксандраў ажаніліся ў СІЗА‑1. Паводле ўспамінаў сукамерніц Ірыны, дзеля гэтай падзеі ёй перадалі прыгожую сукенку чорнага колеру. Сведак на рэгістрацыі шлюбу не было — прысутнічалі толькі канваіры.
Былая сукамерніца палітзняволенай распавяла, як гэта было:
«Я не заспела, як Іра Злобіна выходзіла замуж, але мне дзяўчаты распавялі. Ёй перадалі прыгожую сукенку чорнага колеру з вялікімі празрыстымі рукавамі і адкрытай спіной. Дзяўчаты ёй зрабілі пераздымку-татуіроўку ў выглядзе пантэры, а таксама прыгожую прычоску. Распісваліся яны без сведак пры канваірах. У камеры Валерыя, Людміла і Юлія зрабілі канфеці і хацелі абсыпаць Ірыну, калі тая прыйдзе з роспісу. Але дзяўчат забралі на шпацыр, і Іра вярнулася ў камеру раней, таму яе прасілі, каб яна адвярнулася і зрабіла выгляд, быццам яна заходзіць з роспісу, а яе абсыпалі і віншавалі».
Напрыканцы кастрычніка 2022 г. Ірыну перавялі з СІЗА‑1 у гомельскі СІЗА‑3.
Гайд для журналістаў: як этычна і бяспечна пісаць пра вызваленых палітвязняў
6 студзеня 2023 г. Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу фігурантаў «справы БелаПАН». Прысуды пакінулі ў сіле, нязначна змянілі толькі некаторыя фармулёўкі. Неўзабаве Ірыну этапавалі ў гомельскую жаночую калонію № 4.
20 студзеня 2023 г. МУС дадало палітзняволеную ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Ірына Злобіна нарадзілася ў 1989 годзе ў Мінску. Скончыла факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ. За некалі гадоў да арышту па спецыяльнасці ўжо не працавала, займалася ўласным бізнесам — кветкамі і вытворчасцю сувеніраў. Праводзіла лекцыі і заняткі па фларыстыцы.
Жанчына адбывала пакаранне ў гомельскай папраўчай калоніі. На кравецкай вытворчасці ў калоніі шыла майкі. Вядома, што сужэнцам было дазволенае ліставанне.
@bajmedia