• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Алег Груздзіловіч: “У нас тут аднойчы нават метэарыт упаў…”

    Лецішча аднаго з самых вядомых карэспандэнтаў беларускай службы “Радыё Свабода” месціцца на поўнач ад Мінску. З'язджаем з мядзельскай трасы і рушым да брамы. Ля яе і сустракае гаспадар.

    Невялікі ўчастак у журналісцкім садовым таварыстве Алегу выдзелілі напрыканцы 80‑х, калі ён працаваў у “Знамени Юности”.

    – Спачатку ад гэтых пагоркаў адмовілася адно ведамства, потым другое, і тады ўчасткі пад кантроль узяў Дом друку і аддаў журналістам. Абжываць участкі пачалі з карчавання пнёў і палення вогнішчаў. Не было нават дзе прысесці. А потым неяк разгарнулася і будаўніцтва.

    На працы мне дазволілі ўзяць крэдыт у тысячу савецкіх рублёў. З грашыма я прыехаў на склад будаўнічых матэрыялаў і здолеў узяць там толькі нейкія абрэзкі бярозы, з якіх зроблена паветка, і стос абрэзкаў дуба – яны так і стаяць у мяне з тых часоў… (Смяецца.)

    Тут да нас далучаецца жонка журналіста, вядомая выкладчыца замежных моваў Мар’яна Груздзіловіч. Яна падкрэслівае: «Абсалютна ўсё тут Алег зрабіў уласнымі рукамі. Аднойчы толькі прасілі дапамогі, калі рабілі падмурак. Усё астатняе – суцэльны хэндмэйд!»

    (Трэба прызнацца, што да гэтага моманту я быў перакананы: самае прыгожае, што можна было зрабіць уласнымі рукамі пры поўнай адсутнасці матэрыялаў напачатку 1990‑х, знаходзіцца на лецішчы ў мяне. Але тут я быў вымушаны цалкам прызнаць паразу. Алег Груздзіловіч – сапраўдны майстар ручной працы!)

    Працягваем экскурсію. Участак Груздзіловічаў знаходзіцца ніжэй за ўзровень дарогі, таму дзеля абароны ад вады ўвесь абгароджаны моцнымі каменнымі падпорнымі сценкамі. Праз кожныя некалькі метраў у іх сапраўдныя вежы з ліхтарамі. На шасці сотках змяшчаюцца адмысловая прыстасованні для шашлыкоў, спартовая пляцоўка, шматлікія альпійскія горкі, сапраўдная сажалка і мноства дрэваў.

    – Градак у нас ужо даўно няма. Напачатку мы, безумоўна, вырошчвалі тут усялякую гародніну – нават цяпліца стаяла пасярод агароду. Але цяпер гэта вымагае больш высілкаў і часу, чым прыносіць карысці. Таму засталася адна маленькая градачка з цыбуляй ды кропам для салату.

    Далей Алег вядзе нас у дом, які выглядае на прыватны музей. У светлы фасад уштукаваныя кубкі, камяні з далёкай крэпасці Ізмаіл і нават знакаміты кубік Рубіка, які можна пакруціць проста на сцяне.

    На першым паверсе доміка месцяцца кухня, зала і невялікі гасцявы пакой. Усе паліцы тут запоўненыя рознымі прадметамі даўніны, фотаздымкамі ды журналісцкімі трафеямі Груздзіловічаў.

    – Гэтая печка, напрыклад, зробленая з камянёў Брэсцкай крэпасці. Справа ў тым, што мой брат працаваў будаўніком у Брэсце, і яны разбіралі нейкі будынак каля тэатру, які раней быў прызыўным пунктам. Ён гэтую цэглу захаваў і прывёз мне, а мы тут ужо пабудавалі з яе печку.

    На ўтульнай кухні спадарыня Мар’яна гатуе вячэру. Падымаемся на паверх вышэй. У самым вялікім пакоі – більярдны стол. На паліцах ізноў “прывітанні з мінуўшчыны”: старыя фотаапараты, кінакамеры, радыёпрымачы, фотаздымкі пачатку мінулага стагоддзя і нават кравецкая машынка Zinger.

    Многія забытковыя рэчы, па словах Алега, сабраныя ім падчас раскопак у Верхнім горадзе ў Мінску.

    – Калі офіс “Радыё Свабода” быў у “Журавінцы”, раскопкі адбываліся практычна пад нашымі вокнамі. Мы назіралі часам, як прадметы даўніны ці іх часткі засыпалі разам з пяском на грузавікі і вывозілі на сметнік. А я час ад часу проста хадзіў на месца раскопак і што-нішто такім чынам назбіраў.

    – Вы казалі, што лецішчы – журналісцкія. А як суседзі ставяцца да таго, што Вы працуеце не ў “Вечернем Минске” ці “Знамени Юности”, а на “Радыё Свабода”?

    – Самы мой лепшы сябра тут на лецішчы – гэта Сяргей Кляшчук, брат вядомага фатографа Анатоля Кляшчука. Я яму заўсёды прыношу кнігі з “Бібліятэкі Свабоды”, а ён уключае саму “Свабоду” тут на ўсе лецішчы, і я сам сябе чую тут па выходных з гэтымі аглядамі жыцця палітвязняў.

    З усімі астатнімі я таксама размаўляю па-беларуску, усе пра маю працу ведаюць і, здаецца, паважаюць. Ніколі непрыязнага стаўлення не было. Аднойчы толькі новы старшыня таварыства, упершыню ўбачыўшы мяне, так ужо свідраваў позіркам… «Зафіксаваў», што называецца. А так усё добра, нават сцяжок бел-чырвона-белы ў нас у вакне вісіць.

    – А цікавыя выпадкі былі якія-небудзь тут на лецішчы?

    – Па-першае, у нас тут аднойчы ўпаў метэарыт. Як распавядалі суседзі, пасярод дня пачуўся моцны гул, а потым праз некалькі ўчасткаў ад майго нешта моцна грукнулася на зямлю. Суседзі тады нават пасварыцца паспелі, на чыім участку зваліўся той метэарыт і каму належыць.

    Таксама было некалькі пажараў. А паколькі на лецішчы хаты стаяць вельмі блізка, звычайна падчас такіх выпадкаў збягаюцца людзі з усіх участкаў, каб не дапусціць перакідвання агню на іншыя дамы.

    Адзін раз нават у нас саміх ледзь пажар не здарыўся. У сярэдзіне 1990‑х у нас скралі машыну, і мы амаль год на лецішча не прыязджалі. Былі трое малых дзяцей, сабака, – адным словам, нерэальна было без машыны. Зразумела, на ўчастку ўсё зарасло травой. А потым восенню мы з дзецьмі прыехалі і ўсю гэтую траву сабралі ды падпалілі. І тут нечакана такі вецер наляцеў, што полымя ледзь на дом не перакінулася. Добра, што суседзі дапамаглі патушыць.

    А аднойчы я нават матэрыял рабіў пра адзін з тутэйшых пажараў. Недалёка ад лецішчаў месціцца птушкафабрыка, і неяк у выходны дзень мы пачулі адтуль нешта накшталт стрэлаў – нібыта феерверкі нехта запускае.

    Во, думаем, балююць… Але праз паўгадзіны ўзялі фотаапарат і паехалі паглядзець. Аказалася, што згарэла птушкафабрыка з тысячамі кур. А “стрэлы” тыя гучалі, бо шыфер рваўся падчас пажару.

    – А наогул працаваць на лецішчы выпадае?

    – Зараз мы заўсёды бярэм на лецішча 3G-мадэм, каб у выпадку чаго можна было паглядзець навіны ў інтэрнэце. Але часцей за ўсё, калі нешта здараецца, даводзіцца ўсё кідаць і ляцець у Мінск. Так было, напрыклад, калі вызвалілі Аляксандра Казуліна з турмы. Я акурат тады рабіў адмысловыя краткі для вінаграду, але давялося ўскочыць у машыну і ехаць сустракаць палітыка.

    Раней, каб нармальна паразмаўляць па тэлефоне і каб нармальны сігнал быў, трэба было выходзіць на пагорак. А цяпер інтэрнэт-пакрыццё ўжо ёсць.

    – Узімку сюды не прыязджаеце?

    – Аднойчы мы нават Новы год тут святкавалі! Калі снегу няшмат, то спакойна можна набраць усялякай ежы, нацепліць печку, і тады тут вельмі ўтульна. Хоць бываюць зімы, што снегу аж па пояс – тады даводзіцца альбо чакаць вясны, альбо пакідаць машыну на дарозе і ісці пешшу.

     

    А так мясціны вельмі маляўнічыя. Недалёка рэчка, лес. Паўсюль птушыныя гнёзды. На нашым участку, напрыклад, увесь час шпакі сваё жыццё наладжваюць. Два разы мы нават бачылі першы палёт малых шпачкоў – калі бацькі спачатку клічуць, клічуць, а потым ён бярэ і вылятае. Так пачынаецца новае жыццё…

    На развітанне Алег і Мар’яна Груздзіловічы частуюць нас вельмі смачнай бульбачкай, запечанай курыцай і грэнкамі з незвычайным соўсам, а з сабой “нагружаюць” бутэлечкай духмянага хатняга віна. І мы накіроўваемся ў Мінск.

    Калі Вы таксама не супраць падзяліцца з калегамі Вашымі загараднымі сакрэтамі – напішыце нам пра гэта на press@baj.by. І чакайце новых серый!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае

    «Здавалася, з кім можна гаварыць у Беларусі?» Наста Роўда — пра прагляды, хейт, уласны стыль і каманду «ТОК»

    19.11.2024
    Акцэнты

    «Бюро»: Пасля нашых публікацый бізнэсоўцы перапісваюць кампаніі і выдаляюць профілі ў сацсетках

    Напрыканцы мінулага года паўстала новае беларускае медыя «Бюро» — праект, створаны камандай журналістаў-расследавальнікаў. Першая ж праца «Бюро» пра рээкспарт люксавых аўто выклікала перапалох на беларуска-еўрапейскай мяжы, а многія далейшыя матэрыялы вымушалі варушыцца і еўрапейскіх, і беларускіх чыноўнікаў. 
    15.11.2024
    Акцэнты

    «Мы зараз знаходзімся на парозе, калі будзем задаваць трэнды». Як «Трыбуна» стварае самае тэхналагічнае спартовае медыя для беларусаў

    Спартыўнае выданне «Трыбуна» актыўна развівае сетку ўласных дадаткаў і сэрвісаў — перадавых не толькі для Беларусі, але і для рэгіёну. Пра акалічнасці інтэграцыі сучасных тэхналогій у журналісцкую і рэдактарскую працу БАЖ пагутарыў з кіраўніком «Трыбуны» Максімам Беразінскім.
    05.11.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці