Індэкс свабоды слова-2026. Сітуацыя — найгоршая за апошнія 25 гадоў
Беларусь звыкла займае месца ў апошняй дваццатцы рэйтынгу — 165‑е. За год краіна паднялася на адну прыступку, але не з прычыны нейкіх паляпшэнняў у медыйнай сферы — некаторыя з суседзяў-аўтсайдараў «апярэдзілі» ў пагаршэннях.

Так выглядае Індэкс свабоды прэсы ў 2026 годзе
Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF), апублікавала штогадовы Індэкс свабоды прэсы-2026. За 25 гадоў назіранняў сярэдні рэйтынг краін ніколі не быў настолькі нізкім.
Упершыню ў гісторыі Сусветнага індэкса свабоды прэсы арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» сітуацыя больш чым у палове краін свету аказваецца ў катэгорыях «складаная» або «вельмі складаная».
Увядзенне законаў, якія абмяжоўваюць свабоду прэсы, у тым ліку ў межах палітыкі ўмацавання нацыянальнай бяспекі тых ці іншых краін, пачынаючы з 2001 года, прывяло да паступовага пагаршэння становішча са свабодай інфармацыі, у тым ліку — у дэмакратычных краінах.
У RSF зазначаюць, што паказчык «права» больш за іншыя знізіўся ў гэтым годзе, што адлюстроўвае растучую колькасць судовых пераследаў супраць журналістаў і СМІ.
«Прапаноўваючы гістарычную перспектыву ў межах 25-га, юбілейнага, рэйтынгу, RSF не проста робіць гістарычны экскурс, але спрабуе зазірнуць і ў будучыню, наўпрост задаючы пытанне: да якога моманту мы зможам мірыцца з задушэннем журналістаў і СМІ, з паступовым знішчэннем свабоды прэсы? Бо ў той час як метады нападу на свабоду прэсы становяцца ўсё больш складанымі і разнастайнымі, іх аўтары сёння нават не хаваюцца: гэта аўтарытарныя дзяржавы, палітыкі, якія іх падтрымліваюць або не ў сілах ім што-небудзь супрацьпаставіць, драпежныя эканамічныя сілы, лічбавыя платформы, якія выйшлі з‑пад кантролю — усе разам яны нясуць непасрэдную і сур’ёзную адказнасць за тое, што адбываецца, — зазначае Ан Бокандэ, рэдакцыйная дырэктарка RSF. — У падобным кантэксце сядзець склаўшы рукі становіцца ў некаторым родзе саўдзелам. Ужо недастаткова заяўляць аб прынцыпах — неабходная актыўная палітыка па абароне, яна павінна быць галоўным механізмам выпраўлення сітуацыі».
На думку дырэктаркі, для пачатку неабходна пакласці канец крымінальнаму пераследу журналістаў за іх працу: злоўжыванне законамі аб нацыянальнай бяспецы, стратэгічныя судовыя іскі, сістэматычныя перашкоды правядзенню журналісцкіх расследаванняў, раскрыццю фактаў і імёнаў.
Механізмы абароны застаюцца занадта слабымі, міжнароднае права — дэградуе, беспакаранасць — квітнее. Неабходныя цвёрдыя гарантыі і рэальныя санкцыі.
«Сёння ініцыятыва ў руках дэмакратычных дзяржаў і іх грамадзян. Менавіта яны павінны перашкодзіць тым, хто хоча ўсталяваць закон маўчання. Аўтарытарызм заразны, але не з’яўляецца непазбежнасцю», — заяўляе Ан Бокандэ.
Пяць ключавых фактаў Індэкса свабоды прэсы-2026
- Сярэдняя ацэнка ўсіх краін свету ніколі не была такой нізкай. Больш за палову краін свету (52,2 %) апынуліся ў катэгорыі «складанае» або «вельмі складанае», тады як у 2002 годзе яны былі ў пераважнай меншасці (13,7 %).
- З пяці паказчыкаў, якія выкарыстоўваюцца для ацэнкі стану свабоды прэсы ў свеце (эканоміка, права, бяспека, палітыка, культура і грамадства), менавіта паказчык права мацней за ўсё пагоршыўся за апошні год.
- ЗША (64‑е месца) страцілі 7 месцаў, у шэрагу краін Лацінскай Амерыкі рэйтынг прасеў асабліва моцна.
- Нарвегія ўжо дзясяты год запар займае першае месца у рэйтынгу, а Эрытрэя ўжо тры гады займае апошняе.
- Постасадаўская Сірыя (141‑е месца) больш за ўсіх паднялася у рэйтынгу 2026 года ў параўнанні з папярэднім годам (+ 36).
«Рэпарцёры без межаў» кажуць пра такія змены: «Журналістаў па-ранейшаму забіваюць або саджаюць у турмы за іх працу, аднак драпежныя тактыкі супраць свабоды прэсы відазмяняюцца — сёння памірае сама журналістыка, задушаная палітычным дыскурсам, які бачыць у журналістах ворага, яна пакутуе ад усё менш спрыяльнай для СМІ эканамічнай кан’юнктуры і ад юрыдычнага ціску, пры якім законы, што абмяжоўваюць свабоду слова, выкарыстоўваюцца як інструмент супраць прэсы».
У 2002 годзе 20 % насельніцтва планеты жыло ў краінах, у якіх становішча са свабодай прэсы лічылася «добрым». Праз 25 гадоў толькі 1 % насельніцтва свету знаходзіцца ў такім спрыяльным становішчы.
Войны і абмежаванні на доступ да інфармацыі
У некаторых краінах падобнае абмежаванне свабоды прэсы звязанае з узброенымі канфліктамі, што рэгулярна ўспыхваюць, у тым ліку ў Іраку (162‑е месца), Судане (161‑е месца) і Емене (164‑е месца).
У іншых краінах сітуацыя застаецца нязменнай у выніку кіравання там дыктатарскіх рэжымаў
У прыватнасці, падобная сітуацыя захоўваецца ў Кітаі (178‑е месца), КНДР (179‑е месца) або Эрытрэі (180‑е месца). У апошняй журналіст Давіт Ісаак ужо 25 гадоў знаходзіцца ў турме без суда і следства.

Усходняя Еўропа — Цэнтральная Азія: зніжэнне рэйтынгу па ўсім рэгіёне
У 2026 годзе рэгіён Усходняя Еўропа — Цэнтральная Азія застаецца на перадапошнім месцы Сусветнага рэйтынгу свабоды прэсы, у той час як блок Еўрасаюз+Балканы захоўвае першае месца, нягледзячы на пагаршэнне ўмоў для прафесійнай дзейнасці журналістаў.
За выключэннем Косава, дзе назіраецца паляпшэнне (84‑е месца, +15), хоць краіна і застаецца сярод найгоршых у Еўропе, на Заходніх Балканах пераважае тэндэнцыя да пагаршэння сітуацыі. Нягледзячы на сваё імкненне да членства ў ЕС, Албанія (83‑е месца, ‑3), Боснія і Герцагавіна (90‑е месца, ‑4) і Сербія (104‑е месца, ‑8) з’яўляюцца краінамі, варожа настроенымі да журналістаў і ўспрымальнымі да прапаганды. Сярод краін Усходняй Еўропы Малдова (31‑е месца) па-ранейшаму застаецца адзінай з рэйтынгам «даволі добра». У цэлым у краінах рэгіёна ўсе індыкатары, асабліва прававы, маюць тэндэнцыю да пагаршэння.
Агульнае пагаршэнне сітуацыі са свабодай прэсы ў рэгіёне тлумачыцца некалькімі паралельнымі працэсамі. Рэгіён усё больш нагадвае велізарную лабараторыю з перакуленымі каштоўнасцямі, дзе законнасць штучная і працуе найперш на інтарэсы ўладаў, а не на абарону права на інфармацыю.
Грузія (135‑е месца), дзе больш за год працягваецца крызіс дэмакратыі і адбываюцца пераследы ўдзельнікаў пратэстаў і журналістаў, якія іх асвятляюць, апусцілася на 21 месца. Рэпрэсіўныя законы, прынятыя ў апошнія гады (аб «замежных агентах», аб фінансаванні СМІ), іх палітычнае прымяненне і перашкоды ў доступе да інфармацыі сведчаць аб значным аслабленні прававой дзяржавы.
У Арменіі (50‑е месца), якая перайшла ў катэгорыю «праблемных», падзенне ацэнкі па параметры «права» звязана з ростам неабгрунтаваных судовых пераследаў за «паклёп» і заканадаўчымі ініцыятывамі, накіраванымі на запалохванне СМІ.
У Казахстане (149‑е месца, ‑8) узмацненне прававых рамак спалучаецца з ускосным ціскам, ростам пераследаў у інтэрнэце і атмасферай беспакаранасці.
Кыргызстан (146‑е месца) таксама прытрымліваецца падобнай тэндэнцыі, уразаючы юрыдычныя гарантыі для журналістаў.

Індэкс свабоды прэсы ў 2026 годзе
У ніжняй частцы рэйтынгу найгоршыя вынікі ў прававой катэгорыі (ад 22 да 32 балаў са 100) паказалі Беларусь (165‑е месца), Азербайджан (171‑е месца), Расія (172‑е месца) і Туркменістан (173‑е месца).
У Беларусі і ў РФ законы аб барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам рэгулярна выкарыстоўваюцца як падстава для крымінальнага пераследу журналістаў за іх працу.
На гэтым фоне Украіна (55‑е месца, +7) выглядае адносным выключэннем, палепшыўшы сваё становішча ў рэйтынгу, нягледзячы на расійскую агрэсію. Гэтая пазітыўная дынаміка з’яўляецца вынікам жыццяздольнасці галіны і расследвальніцкай працы некаторых украінскіх СМІ, што спрыяе ўмацаванню празрыстасці палітычнага жыцця краіны.
Усходняя Еўропа і Блізкі Усход застаюцца самымі небяспечнымі рэгіёнамі для журналістаў
Пра гэта сведчыць вынік пуцінскай Расіі (172‑е месца), якая працягвае агрэсіўную вайну супраць Украіны і застаецца сярод найгоршых краін для свабоды прэсы.
Іран (177‑е месца; ‑1) таксама застаецца ў апошняй дзясятцы, у краіне над журналістамі, акрамя пераследу з боку рэжыму, навісае дадатковая пагроза ў сувязі з вайной, якую ЗША і Ізраіль вядуць на тэрыторыі краіны.
Паступовае скарачэнне свабоды прэсы пад уплывам змены ўлады або ўзмацнення існуючага палітычнага рэжыму
Падобная сітуацыя склалася ў Ганконгу (140‑е месца), які за 25 гадоў спусціўся на 122 месцы ўніз у выніку пераходу пад юрысдыкцыю Пекіна, у Сальвадоры (143‑е месца), што на 105 ніжэй, чым у 2014 г., або ў Грузіі (135‑е месца), дзе ў апошнія гады моцна ўзмацніліся ганенні на журналістаў (-75 месцаў з 2020 года).
На Блізкім Усходзе Саудаўская Аравія (-14 месцаў) перамясцілася ўніз у выніку рэгулярных выпадкаў гвалту ў дачыненні да журналістаў, у тым ліку пакарання смерцю Туркі аль-Джасера.
У супрацьвагу гэтаму — сітуацыя ў Сірыі, дзе з падзеннем рэжыму Башара Асада ў снежні 2024 г. пачаліся палітычныя пераўтварэнні, у выніку якіх краіна паднялася з 177 на 141‑е месца.
Крымінальныя пераследы журналістаў дасягнулі піку
Значэнне параметру «права» з 2025 па 2026 год пагоршылася больш чым у 60% краін (110 са 180). Гэта тычыцца Індыі (157‑е месца), Егіпта (169‑е месца), Ізраіля (116‑е месца) або Грузіі (135‑е месца).
Крымінальныя пераследы, якія абапіраюцца на злоўжыванне законамі аб надзвычайным становішчы і звычайным заканадаўствам, сталі агульнасусветнай з’явай.
Злоўжыванне законамі аб нацыянальнай бяспецы прывяло да рэзкага падзення прававога паказчыка ў 2026 годзе
У ЗША, праз 25 гадоў пасля тэрактаў 11 верасня 2001 году, пашырэнне ахопу законаў аб ваеннай тайне і аб нацыянальнай бяспецы стала спосабам забараніць асвятленне грамадска важных сюжэтаў.
Расія (172‑е месца) стала спецыялістам па выкарыстанні законаў аб барацьбе з тэрарызмам, сепаратызмам і экстрэмізмам. У красавіку 2026 году 48 журналістаў у Расіі знаходзіліся пад вартай.
Падобны падыход таксама ў Беларусі (165‑е месца), М’янме (166‑е месца), Нікарагуа (168‑е месца) і Егіпце (169‑е месца).
Ціск на грамадскія СМІ, неабгрунтаваныя судовыя іскі
Пагаршэнне параметру «права» таксама звязана са «стратэгічнымі судовымі іскамі супраць грамадскіх дзеячаў» (SLAPP-іскі), у тым ліку ў Балгарыі (71‑е месца), Гватэмале (128‑е месца) або Францыі (25‑е месца).
У Інданезіі (129‑е месца), Сінгапуры (123‑е месца) і Тайландзе (92‑е месца) эліта карыстаецца заканадаўствам у сваіх мэтах.
Больш чым у 80% прааналізаваных краін механізмы абароны недастатковыя.
Рэгламент ЕС аб свабодзе прэсы (EMFA) рэгулярна парушаецца нацыянальнымі ўладамі ў Венгрыі (74‑е месца), Славакіі (37‑е месца), Літве (15‑е месца) ці Чэхіі (11‑е месца).
Палітычны і крымінальны гвалт на амерыканскім кантыненце
З 2022 года 28 краін кантынента зрушыліся ўніз (-14 балаў).
Дональд Трамп (ЗША, 64‑е месца) зрабіў нападкі на прэсу часткай сваёй сістэматычнай практыкі.
Скарачэнні ў USAGM прывялі да закрыцця або праблем у такіх СМІ, як «Голос Америки» (VOA) і Радыё Свабода (RFE/RL).
У Эквадоры (125‑е месца) і Перу (144‑е месца) адбыліся забойствы журналістаў.
На Кубе (160‑е месца) і ў Нікарагуа (168‑е месца) медыя-прастора ў руінах.
@bajmedia