• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Алесь Залеўскі: Пасля здымак сюжэту людзям пачалі выплачваць заробкі

    Да Сусветнага дня свабоды прэсы ГА “БАЖ” публікуе гісторыі калег пра тое, як іх праца дазволіла змяніць рэчаіснасць у лепшы бок – дапамагла заўважыць і вырашыць жыццёвую праблему, паўплываць на рашэнні ўладаў. Адным словам – дала адчувальны плён.

    Сённяшняя гісторыя – ад журналіста Алеся Залеўскага.

    – У перадачы “Людскія справы” на “Белсаце” мы заўсёды займаемся вельмі вострымі людскімі праблемамі, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння. Звычайна тэрміновае вырашэнне (альбо невырашэнне) такіх спраў звязана са здароўем, станам людзей. Бывае, што па выніках нашых матэрыялаў сітуацыя змяняецца. А бывае, што ўжо нават у працэсе здымак улады вымушаныя неяк рэагаваць і вырашаць праблему.

    Гісторыя першая. Пра слонімскую ЖКГ

    Першы гучны выпадак, калі наша праца прывяла да зменаў, адбыўся паўтара года таму ў Слоніме. Мы здымалі вялікі рэпартаж-расследаванне пра карупцыю ў структуры жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Канкрэтна там быў замяшаны кіраўнік мясцовага слонімскага ЖРЭА, які займаўся махінацыямі.

    Пасля матэрыялу на мяне нават міліцыя склала пратакол за працу без акрэдытацыі, які скончыўся судом і штрафам. Тады я яшчэ казаў на судзе, што яны мне дзякаваць павінны за раскрыццё карупцыйнай схемы, а не пратаколы складаць. І што судзіць трэба не мяне, а тых, хто замяшаны ў гэтай карупцыйнай схеме. З‑за яе, як тады высветлілася, некалькі дзясяткаў жыхароў Слоніма мусілі прыватызоўваць свае кватэры па неадэкватна высокіх коштах.

    І вось літаральна некалькі тыдняў таму гісторыя займела свой заслужаны працяг. У перадачы “Зона Х” Беларускага тэлебачання паведамілі, што супраць кіраўніка гэтага слонімскага ЖРЭА распачата крымінальная справа і вядзецца следства. З сюжэта вынікала, што ўсе выкрытыя намі факты знайшлі сваё пацвярджэнне, і што мела месца падтасоўка паказчыкаў.

    Кіраўніка ЖРЭА знялі з пасады, зараз Дэпартамент фінансавых расследаванняў актыўна вядзе следства па гэтай справе, чакаецца суд.

     

    Гісторыя другая. Пра заробак у Докшыцкім раёне

    А апошняя падобная справа была некалькі тыдняў таму ў Докшыцах. Мы зараз актыўна займаемся тэмай сацыяльна-эканамічнага становішча ў правінцыі, у аграсектары. У прыватнасці, мы сутыкнуліся з інфармацыяй, што ў вёсцы Вялікія Сітцы Докшыцкага раёну людзі сядзелі без заробку ад верасня мінулага года – людзі хадзілі на працу, можна сказаць, па звычцы.

    У іх быў вельмі цяжкі эканамічны стан, поўнае безграшоўе… Калі мы туды прыехалі, усё кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі не тое што не баялася выказвацца на камеру, а наадварот – вельмі ахвотна распавядала пра праблему. Бо людзі таксама без заробку сядзяць і ўжо не могуць гэтага цярпець. Адразу пасля нашага візіту раённае кіраўніцтва мусіла усё ж пачаць выплачваюць заробкі – на дадзены момант выплацілі ўжо за верасень і кастрычнік, а бліжэйшымі днямі абяцаюць выплаціць за ўвесь 2015 год.

    І гэта пры тым, што рэпартаж толькі ў пятніцу выйшаў у эфір. То бок ужо ў працэсе здымак нам удалося падштурхнуць улады да вырашэння праблемы.

    Цыкл «Як свабода слова змяняе жыццё»

    Татьяна Мельничук: Белорусскому радио не хватает национальной задачи

    Радыё – як паравоз. Было, ёсць, будзе

    ГА «БАЖ» запрашае на сустрэчу з аўтарамі шведскага падручніка для журналістаў-фрылансераў!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці