• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Эдуард Мельнікаў: “У Батанічным садзе я касіў, сек, стварыў стайню для каня Орліка…”

    Эдуард Мельнікаў – вядомая “тэлевізійная” асоба. Многія дагэтуль памятаюць перадвыбарныя дэбаты 1994 года, якія ён вёў у простым эфіры. Старэйшыя гледачы – ягоныя рэпартажы і выкрыванні на сельскагаспадарчыя, эканамічныя тэмы. Паспеў Эдуард Рудольфавіч пабыць і намеснікам кіраўніка БТ, і прэсавым сакратаром Беразоўскага, а пасля… у Батанічным садзе сена пагрэбці. Цяпер Мельнікаў вядзе актыўную дзейнасць па двух накірунках – прафесар, выкладчык ЕГУ і вядучы ток-шоў “Форум” на Белсаце.

    Чым ягоныя “выкрыванні” адрозніваліся ад сённяшніх “выкрыванняў” БТ? Як яго надурылі дзве жанчыны на рынку ў Бабруйску? Пасля якой ягонай заўвагі Лукашэнка выскачыў з тэлестудыі? Пра гэта – у шчырай гутарцы для www.baj.by

    АСАБІСТАЯ СПРАВА БАЖу

    Эдуард Мельнікаў нарадзіўся ў 1951 годзе ў Бабруйску. Скончыў журфак БДУ, у 1982 годзе абараніўся ў Ленінградзе на кандыдата гістырычных навук. Працаваў на Беларускім тэлебачанні – ад малодшага рэдактара да намесніка кіраўніка Дзяржтэлерадыё. Выкладаў у Вышэйшай партыйнай школе. Быў генеральным дырэктарам “Белорусской деловой газеты”, кіраўніком прэсавай службы Выканаўчага сакратарыяту СНД. Цяпер працуе на Белсаце, з 2007 года вядзе ток-шоў “Форум”. Прафесар ЕГУ. Сябра БАЖ з 2000 года.

     

    “А я ж тады яшчэ не навучыўся, што трэба жабры глядзець…”

    Спадар Эдуард, раскажыце, як Вы вучыліся танчыць.

    Эдуард Мельнікаў: Я нарадзіўся і да 16 гадоў жыў у Бабруйску. Нашая школа месцілася ў старым будынку дарэвалюцыйнай жаночай гімназіі. І школа арганізавала курсы танцаў. Выкладаў, як мне тады падавалася, пажылы чалавек – які вёў гурток танцаў ці то ў Доме піянераў, ці то ў Доме культуры, і да нас таксама прыходзіў. І мы нашым класам хадзілі на тыя заняткі. На той момант быў модны такі танец “ліпсі”, там трэба было прыстаўнымі крокамі рухацца ўлева-управа. Танга, вальс – усе «па» нам паказаў. Неяк хуценька гэта ўсё нам убіў, усё было як гульня, само сабой.

    А тады жылі не вельмі – у мяне былі такія валёнкі, падшытыя дзедам, з пяткамі скуранымі. Дык я крыху саромеўся, бо ў нас у класе былі, з аднаго боку, простыя хлопцы і дзяўчаты з бабруйскіх сем’яў., а былі з афіцэрскага дома, які побач знаходзіўся – дзеці палкоўнікаў, падпалкоўнікаў. Я з Наташкай Ахрамеевай два гады за адной партай сядзеў (дачкой маршала Ахрамеева потым — тады ён быў проста падпалкоўнік). І дзеўкі нашыя ўжо былі на абцасіках, таму я сваіх валёнак саромеўся. А гады два таму мы збіраліся ў Бабруйску, і мне аднакурснік кажа: “А ты ведаеш, што той наш настаўнік танцаў стаў знакамітым пастаноўшчыкам танцаў недзе ў Нью-Ёрку на Мэдысан Сквер Гардэн?!” Шкада, прозвішча яго цяпер узгадаць не магу… А з’ехаў ён яшчэ ў 1970‑я гады.

    А ў крэпасці лазілі?

    Эдуард Мельнікаў: У крэпасці лазілі. Тады крэпасць была не тое, што зараз. Яшчэ да таго, як пачалі будаваць на костках лядовы палац, недзе ў 1980‑я яе атачылі моцным плотам. А раней яна была адчыненая зусім, і мы, хлопцы, лазілі па ўсякіх гэтых казематах былых, знаходзілі там вайсковае ўсё  — то савецкае, то нямецкае, каскі ўсякія… Але там самыя крутыя былі горкі – гэта называлася ў нас «пайсці катацца на валы”. Галаву там можна было лёгка скласці, але ляцелі мы адтуль добра!..

    У нас ёсць такі фарштадт у Бабруйску… Што такое “фарштадт”? Потым ужо мне гісторыкі расказалі, што, калі гэтую крэпасць закладвалі на сутыкненні Беразіны і Бабруйкі, то ўзгаднялі праект з Кацярынай ІІ і спыталіся, што рабіць з рамеснікамі, якія жывуць на тым месцы. Яна сказала: “Фюр штадт!” (па-нямецку “за горад”). І іх перакінулі некуды туды далёка. Такая вось гістарычная байка. Хуліганскі быў такі раён гэты фарштадт. А мы былі “хлопцы з плошчы”.

    У падзямеллі крэпасці, у падземныя хады траплялі?

    Эдуард Мельнікаў: У крэпасці не асабліва, а вось у горадзе аднойчы ўлезлі ў нейкую адтуліну пры хаце, пайшлі нейкім калідорам – і выйшлі праз тры вуліцы. Я так разумею, гэта былі бомбасховішчы. Той Бабруйск застаўся толькі ў маёй памяці, цяпер я яго ўжо не пазнаю… Тут была наша старая драўляная школа, а вось тут рыначак, дзе бацька даручаў мне рыбу прадаваць. Злавіў аднойчы ўначы на спінінг у Бярэзіне шчупака, дае мне: “Прадай за 8 рублёў”. (А гэта някепскія грошы былі!) А сам на працу пайшоў. Выправіўся я прадаваць, падыходзяць дзве такія дамы: “Это что, щука?” (Як быццам бы не бачна! А гэта ўжо была падрыхтоўка да псіхалагічнай атакі на “гандляра”!) Я адказваю: “Щука”.  “Почему у неё глаза красные?” (А ў шчупака былі цудоўныя вочы такія памаранчавыя). А яны мне давай казаць, што яна тухлая, таму і вочы чырвоныя. А я ж тады яшчэ не навучыўся, што трэба жабры глядзець… Карацей, яны задзяўблі мяне, што за 4 рублі аддаў. Бацька лаяўся потым. Потым трусоў развялі, трэба было іх карміць нечым, я з касою хадзіў. Аднакласніцы кпілі: “Калхознік ты няшчасны”. А што было рабіць? Час быў не вельмі сыты. З іншага боку, цяпер я разумею, што і шчупака, і трусаў гэтых бацька даручаў мне ў тым ліку і з педагагічных мэтаў. Бо мы з хлопцамі хуліганілі, шыбы білі. Мянты нават аднойчы злавілі, але ўцёк! Памятаю, залезлі на званіцу царквы, назбіралі там наверсе галубіных яек – і давай бамбардзіраваць мясцовае насельніцтва!

    Пасля таго шчупака Вас у жыцці шмат разоў на грошы дурылі?

    Эдуард Мельнікаў: Пасля таго, здаецца, не вельмі часта і прадаваў штосьці! Маю досвед!

    “Мама ўцякла ў Бабруйск, бо ў іх у вёсцы пачынаўся канібалізм…”

    Адкуль у Вашага бацькі такое цікавае імя – Рудольф?

    Эдуард Мельнікаў: Сямейнага падання няма. Але брата ягонага звалі Генрых, мараходам быў, потым старэйшая Тэрэза, потым Альвіна, Іраіда. Бацькаў бацька Міхал Пармёныч быў знакамітым чалавекам, у гады грамадзянскай вайны быў камісарам у Ільюшына (той самы, які самалёты ІЛ спраектаваў). Бабуля яшчэ казала: “Слухай, пад’едзь да Ільюшына, скажы, што ты ўнук Міхал Пармёныча, хай прыстроіць, дапаможа”. Я ўжо тады вучыўся на журфаку. І казаў: «А што ён дапаможа? Сам праб’юся…» Так што дзед быў відным чалавекам, пакуль не арыштавалі  ў 1937 годзе… Потым у 1938 быў вярнуўся – пашчасціла…

    Такія ўсе імёны дзіўныя, нетутэйшыя…

    Эдуард Мельнікаў: Нетутэйшыя… Хаця – Уладзімір Рудольфавіч Салаўёў! Марыс Ліепа – ён жа сапраўды Марыс Рудольф Эдуардавіч Ліепа.

    І з Салаўёвым вас тэлебачанне яднае, і Ліепа практычна цёзка…

    Эдуард Мельнікаў: Практычна. Ды спецыяльнасць не тая.

    Дык і вы ж у валёнках танчылі!

    Эдуард Мельнікаў: А, ну так! У балетках любы прафесіянал можа, а вы ў валёнках паспрабуйце!

    Вашыя карані ў Бабруйску?

    Эдуард Мельнікаў: Не, у Бабруйску бацькі сустрэліся. Бацька ў 1945 прыйшоў з вайны, і дывізію расфарміравалі ў Бабруйску. А маці са сваімі бацькамі ў 1933 годзе ўцякала ад Галадамору з Украіны, з Вінніцкай вобласці – у іх у вёсцы пачынаўся канібалізм…

    А чаму яны збеглі менавіта ў Бабруйск?

    Эдуард Мельнікаў: А тут была цётка Оляна, якая выйшла за паляка і ўладкавалася тут. Тут бульба была, а на бульбе ўжо больш-менш.

    Палова каранёў украінская, палова расейская. Адкуль беларускае ўзялося?

    Эдуард Мельнікаў: Я лічу сябе беларусам, гэта дакладна. Але бабруйскім.

    Ну так, мы ведаем, што Мінск – гэта недзе пад Бабруйскам.

    Эдуард Мельнікаў: Так! Гэта ў нас такі гонар бабруйскі ёсць. Сапраўды, у маім дзяцінстве габрэйскага насельніцтва было вельмі шмат. На вуліцах можна было пачуць ідыш, беларускую мову, расейскую… На ідыш мы засвоілі найперш нейкую лаянку: “Шлёмазл ты!”, “Тохес!” (задніца). Потым пайшла першая хваля эміграцыі, пайшлі лісты, пасылкі – зусім іншыя рэаліі!.. Пашырылася ўяўленне, што свет зусім не такі, як мы ўяўляем – штосьці іншае, глыбокае… Я ўжо тады з Бабруйску з’ехаў, і шмат хто з нашага двара з’ехаў – цяпер хто ў Лос-Анджэлесе, хто ў Чыкага… Кажуць, у Чыкага цэлы квартал бабруйскі ёсць!

    Насуперак міфу пра беларускую талерантнасць – побытавага антысемітызму не было?

    Эдуард Мельнікаў: Наадварот, бачылі, што ў габрэяў добра ўладкавана жыццё, выхаванне дзяцей. Я зараз заднім чыслом асэнсоўваю дзіцячыя ўражанні. У нашай беларуска-руска-славянскай традыцыі: “Ты, ёлупень такі, двойку табе ставяць, ты самы дурны, таўпека ты гэткі!..” А ў іх не так: “Наша Дора самая лепшая, яна паступіць у музычную школу, стане настаўніцай музыкі”. І ў той Доры не было схільнасці, быццам бы, для музыкі. Але стала! Таму што верылі ў сваё дзіця – і адукавалі адпаведна.

    Што вы яшчэ ўзялі ад такіх суседзяў?

    Эдуард Мельнікаў: Шырокі погляд на жыццё. Нейкую ўнутраную неабмежаванасць у трактоўцы нейкіх з’яў, нестандартнасць… Хаця невядома, ці дапамагала мне тая нестандартнасць…

    Сімвал Бабруйска – бабёр – фігураваў у вашым дзяцінстве?

    Эдуард Мельнікаў: Аднойчы, як з бацькам хадзіў на паляванне, бачыў бабра жывога, але той уцёк, і я не паспеў стрэліць па ім…

    А ў каго паспелі стрэліць?

    Эдуард Мельнікаў: У зайцаў.

    Забівалі зайцаў?

    Эдуард Мельнікаў: Два.

    Вам іх не шкада было?

    Эдуард Мельнікаў: Шкада. Наляцеў сабака, стаў яго душыць, а ён крычыць як дзіця… А вось дзіка – страляў два разы, і два разы асечка! Дарэчы, пасля тых двух зайцоў і здабычы больш ніколі не было, хоць на паляванне хадзіў.

    “Мяне намагаліся падпаіць, падкупіць – два героі сацпрацы так аднойчы накачалі…”

    Пасля журфаку Вас размеркавалі на тэлебачанне ў аддзел сельскай гаспадаркі?

    Эдуард Мельнікаў: Правільна ён тады называўся – «аддзел сельскай гаспадаркі галоўнай рэдакцыі прапаганды».

    Атрымліваецца, што тады рэчы называлі сваімі імёнамі?

    Эдуард Мельнікаў: Канешне. І ніхто не саромеўся. Гэта зараз пішуць — “СМІ”. А паглядзіце раней — кніжкі навуковыя, якія пісаліся гэтымі ж людзьмі – “СМІП”, сродкі масавай інфармацыі і прапаганды!

    А чаму Вас накіравалі ў аддзел сельскай гаспадаркі, у якой Вы слаба арыентаваліся?

    Эдуард Мельнікаў: Справа была такая. Я ўжо з трэцяга курсу там супрацоўнічаў на тэлебачанні, рабіў перадачы, рэпартажы, нават прамыя эфіры. Гэта было ў навуковай рэдакцыі – памятаю, рабіў рпартажы з інстытуту біялогіі, батанікі, штосьці такое… І напісалі на мяне адтуль запыт. А я збег у будаўнічы атрад у Магадан на два месяцы, спазніўся на тэлебачанне на месяц. І галоўны рэдактар кажа: “Слухай, тут Пётр Міронавіч паглядзеў нейкую нашую сельскагаспадарчую перадачу – а там штосьці неслі не тое, што на апошнім пленуме”. І ён загадаў умацаваць сельскагаспадарчую рэдакцыю маладымі кадрамі. Вось мной і ўмацавалі!

    Навучыліся свіней па пародах адрозніваць?

    Эдуард Мельнікаў: Ха! Я быў цалкам дасведчаны чалавек у пытаннях сельскай гаспадаркі, мог патлумачыць адрозненне першай рэпрадукцыі зерня ад другой! Настрапаліўся даволі хутка. І я ж не сядзеў так проста. Зрабіў нешта кшталту КВЗ, толькі на сельскагаспадарчую тэму. «Выбілі» з Міністэрства сельскай гаспадаркі сем трактараў Т‑40, адну машыну ГАЗ-53 і прыёмнік “Гарызонт” – гэта былі неверагодныя тады прызы. Мяне намагаліся падпаіць, падкупіць – два старшыні калгасаў, героі сацыялістычнай працы так аднойчы «накачалі» — хацелі, каб заданні выдаў… Памятаю, быў і такі скандал: вось, ён з Бабруйску – бабруйскім падсуджвае!.. Распавядалі, як у прамым эфіры аднойчы ў студыю ўбег кот і скакануў Зіне Бандарэнцы на калені… Памятаю, як падчас эфіру ірванула лямпачка, але тры ільнаводкі нават не дрыгнулі… А мне ж быў толькі 21 год…

    Гэта былі жывыя эфіры?

    Эдуард Мельнікаў: Так! Запісваць было нашмат складаней, чым даваць жывы эфір – гэта ўжо потым навучыліся… І ў фінале я на Камуністычнай, 6 (тады студыі на Макаёнка яшчэ не было) знаходзіўся ў студыі А, побач была студыя Б – я перабягаў туды. Плюс адна перасоўная станцыя паказвала ў перапынках харавы конкурс (вяла Зіна Бандарэнка), а другая – конкурс механізатараў ды галоўных інжынераў (вёў Альфрэд Мітрафанаў, ён потым у Маскву з’ехаў)…


    “Ад часу майго “выкрывальніцтва” метады працы на БТ не змяніліся”

    Спадар Эдуард, Вы пачыналі працаваць за часам Брэжнева, потым за часам гэтых астатніх паўжывых дзядоў. Працавалі ў адыёзнай структуры – тэлебачанне, аддзел прапаганды. Што адбывалася ў Вас у галаве? Ці рабілі рэчы, за якія Вам цяпер сорамна?

    Эдуард Мельнікаў: Сорамна, што пасля некаторых матэрыялаў звальнялі людзей – як я цяпер разумею, ні за што. Але потым я нездарма перайшоў ад сельскай гаспадаркі ў прамысловасць, стаў рабіць сур’ёзныя перадачы з заводаў. Назва была дурная: “Спросим себя, товарищи”. Раскруціць завод на шчырую размову было нялёгка – я працаваў там начамі, хадзіў, рыхтаваў расследаванне. Потым туды выкатваецца перасоўная тэлестанцыя – і ў прамы эфір ідзе 45 хвілін такога ляманту пралетарыяту!.. Аўральнасць, невыкананне плану, непабудаванасць вытворчых адносін…

    А як пра гэта можна было казаць? І тады, і цяпер усё на публіцы павінна “быць добра”. Сёння ж БТ не зробіць рэпартаж з трактарнага заводу, дзе рабочыя будуць казаць, што ўсё не так.

    Эдуард Мельнікаў: Савецкая ўлада была мудрэйшая, гэта было “торжество социалистической демократии”. Я ж не казаў, што ўся сістэма дрэнная, а як бы выкрываў асобныя недахопы. Вёў праграму “ТелеОТК” – ОТК у сапраўднасці расшыфроўвалася як “отдел технического контроля”. Аднойчы нарваўся – выклікалі ў ЦК, пытаюцца: “Чаму вы зрабілі выснову, што ў нас усё кепска з рамонтам тых тэлевізараў ці той мэблі?” Мяне ўратавала тое, што я захоўваў велізарныя стосы анкет: з завода Леніна (цяпер гэта “Белвар”), з “Гарызонту”, з іншых заводаў. Я сам гэтыя анкеты распаўсюджваў, а людзі пісалі там, дзе і што ім не падабаецца. Я кажу: “Вось – сацыялагічны падмурак маіх перадач”. Анкеты ў мяне забралі – вывучаць, а мяне пакінулі ў спакоі. Потым я стаў працаваць разам з Народным кантролем. Гэта была сур’ёзная, грозная структура. На кожным прадпрыемстве былі групы Народнага кантролю, якія быццам бы выкрывалі нейкія недахопы.


    Планава выкрывалі?

    Эдуард Мельнікаў: Планава! І сценгазета была! А на ўзроўні вобласці і Беларусі гэта была сур’ёзная структура, куды маглі выклікаць міністра і зняць яго з працы. Што і рабілася. У супрацы з імі я рабіў даволі жорсткія расследаванні, пад дахам улады, так сказаць.

    Не адчувалі сябе чарвяком-выкрывальнікам?

    Эдуард Мельнікаў: Чаму чарвяком? Выкрывальнікам адчуваў. Калі там кепска – чаму пра гэта не казаць? Памятаю, як мы ўварваліся на мясакамбінат. Паступіў сігнал, што там пры пагрузцы каўбасу пакідаюць на ноч у машыне – яна псуецца, а яе потым прадаюць у крамах «на раёне». Мне тады яшчэ спрабавалі хабар вэнджанай каўбасой даць (а тады ж яе было не дастаць!) – але я перапыніў такія размовы…

    Гэтая праца выкрывальніка – чым яна адрозніваецца ад працы сённяшніх “выкрывальнікаў” на БТ, якія “выкрываюць” амбасады, БАЖ, іншых “ворагаў Беларусі”?

    Эдуард Мельнікаў: Яны працуюць па замове ўладаў. Хоць, напэўна, звонку гэта выглядае як і мая праца. Але замовы ў мяне не было — маўляў, “давай накрыем тое ці тое”. Я сам выдумляў гэта ўсё, і  рэдактары нават спрабавалі часам забараніць такія “выкрыванні”.

    Наконт замовы – зразумела. Але Вашыя ўварванні на завод з мэтай выкрыць недахопы, і калі нейкая выкрывальніца лезе да Літвіной з мікрафонам – хіба ёсць тут розніца ў стылі працы?

    Эдуард Мельнікаў: На завод я не проста ўрываўся – не дапусціць дзяржаўнае тэлебачанне туды не маглі… А тое, што спосабы працы не змяніліся… А вы думаеце, у нас сістэма ўлады змянілася? Яна стала толькі больш жорсткая. Гэта савецкая ўлада, даведзеная да ўпору.

    А якая розніца – далі заданне ці сам знайшоў? Ці прымальны гэта метад працы для журналіста – выкрывальніцтва, “мачылава”? У які стандарт журналістыкі гэта кладзецца?

    Эдуард Мельнікаў: Ні ў які… Ведаеце, я не ідэалізую нават незалежную беларускую журналістыку. Пра дзяржаўную ўжо няма чаго і казаць. І пра стандарты журналістыкі размаўляць варта ў абодвух выпадках, бо нармалёвай спрэчкі, прадстаўлення розных бакоў няма ні там, ні там. Гэта савецкая і постсавецкая ментальнасць – калі мы не прывучыліся слухаць адзін аднаго.

    “Памятаю, як дзяржаўныя газеты прасілі Падгайнага выратаваць іх ад недзяржаўных”

    А тады, калі вы, зусім юны, заняліся такім выкрывальніцтвам на БТ – вам гэта галаву не ўскруціла? Такі малады – і ўжо чалавечыя лёсы вырашаю!

    Эдуард Мельнікаў: Не вельмі я іх там і вырашаў. Ну, маглі дырэктару завода ці старшыні калгаса вымову зрабіць… Галаве тут асабліва не было з чаго ўскручвацца – я рабіў сваю справу, вось і ўсё.

    Спадар Эдуард, дык і сённяшнія бэтэшныя працаўнікі кажуць, што гэта проста “праца ў іх такая”. Начальнік ім загадаў…

    Эдуард Мельнікаў: Але ж мне начальнік не загадваў! Наадварот — калі я рабіў праграму, і начальнік выкрэсліваў вострыя моманты, я скандаліў.

    Але ж, глядзіце, мы прыйшлі да высновы, што ў «сухой рэшце» як усё было, так і засталося. Дык гэтае вашае “біццё аб лёд”, калі прайшоў час, падаецца вам сэнсоўным?

    Эдуард Мельнікаў: Ведаеце, я ў сваім узросце ўжо на многія рэчы гляджу па-філасофску… Вось мы нядаўна пахавалі нашага выдатнага калегу, аператара Валеру Булдыка. Ён усё сваё жыццё прастаяў ля камеры: здымаў, здымаў, здымаў… Куды сышло яго жыццё? Потым пахавалі адну жанчыну, якая 20 гадоў мантажавала стужку разам са мной. Спачатку чорна-белую – манікюрным лакам склейвалі. Потым негатыў, потым пазітыў, потым каляровую. Потым увогуле стужка знікла – у 1980 годзе, на Аліпіяду прыйшлі новыя відэамагнітафоны нямецкія… Куды жыццё сыходзіць? Як напісаў адзін філосаф-постмадэрніст – жыццё выцякае як з таго крана… Ці не?

    Пасля “журналісцкай крыві” вы ж сталі начальнікам?

    Эдуард Мельнікаў: Начальнікам – намеснікам галоўнага рэдактара праграм БТ – я стаў ужо за часам Бураўкіна, і быў ім 8 гадоў. Такім начальнікам, які і сам не перапыняў працу – рабіў праграмы, арганізоўваў, ездзіў. Як да начальніка сталі спрабаваць бегаць і шаптаць на вуха: той гэта, гэты тое… Я адразу гэта перапыніў: яшчэ хто зойдзе нешта на вуха шаптаць – выганю адразу, звольню! Але з‑за таго, што мы ў дырэкцыі хацелі нешта змяніць, на мяне-начальніка сталі ціснуць іншыя начальнікі, непасрэдныя… Стала цяжкавата – і я сышоў, абараніўся, стаў выкладаць, рыхтаваць журналістаў у Вышэйшай партыйнай школе.


    У пачатку 1990‑х зьявілася іншая краіна і, трэба думаць, іншая журналістыка. Выглядае, што і гэтай журналістыцы вы маеце што прад’явіць – раз “метады не змяніліся”?

    Эдуард Мельнікаў: Свабода – гэта ўсё ж вельмі магутная плынь! Як толькі ў 1991 годзе можна было пайсці “куды хочаш” – усе найбольш разумныя, таленавітыя людзі кшталту намеснікаў рэдактараў дзяржаўных газет хуценька зрабілі свае газеты. “Белорусская деловая газета”, “Белорусский рынок”, “Газета Слонімская”, “Intex-press” у Баранавічах, “Брестский курьер”… Яны адразу выйгралі канкурэнтную сітуацыю ва ўсіх дзяржаўных газет! Я памятаю выдатную сцэну, калі быў міністрам друку (дакладней, старшынём Дзяржкамітэта па друку) Падгайны – тады яшчэ збіраліся разам і тыя, і гэтыя. Была такая тусоўка, і гэтыя дзяржаўнікі крычалі: выратуй нас, міністр, бо нас ужо ніхто не выпісвае, ніхто не чытае – усё сабе забралі гэтыя недзяржаўныя! Міністр сказаў: “Добра!”  — і пачалі іх абараняць: ціснуць гэтых, уздымаць гэтых. Гэты ціск ідзе і дагэтуль, зрэшты.

    Намеснікі рэдактара тады, вы кажыце, “крутануліся” – але ж і Вы на печы не ляжали, так?

    Эдуард Мельнікаў: Так, у пачатку 1990‑х я таксама арганізаваў 2 свае камерцыйныя кампаніі, мы рабілі фільмы на Жэневу, на Усход, на Захад. Усе пачыналі жыць – і было нармальнае развіццё. Але прыйшоў 1994 год – і вось яно атрымалася.

     

    “Памятаю, як Беразоўскі кінуў: “А за казла адкажаце!”

    Эдуард Рудольфавіч, Вы ж былі прэс-сакратаром Беразоўскага, так?

    Эдуард Мельнікаў: Пасля канчатковага сыходу з БТ я пяць гадоў я працаваў прэсавым сакратаром Выканаўчага сакратарыята СНД. Там, канешне, быў адпаведны ўзровень – Крэмль, Ельцын, Шэварнадзэ, Карымаў. Кіраўніком Выканаўчага Сакратарыяту СНД быў Карачэня, потым быў і Беразоўскі. 10 месяцаў я быў і пры ім прэсавым сакратаром. Потым прыйшлі іншыя людзі – і ім прэс-служба была непатрэбная, і нас скарацілі.

    З Беразоўскім шчыльна кантактавалі?

    Эдуард Мельнікаў: Два разы за гэты час ён прыязджаў у Мінск на прэс-канферэнцыю. На адной з іх было тое векапомнае пытанне Дракахруста. Юры нагадаў Беразоўскаму фразу Лукашэнкі, што, маўляў, “знайшлі ахвярнага казла” (яго, значыцца). Беразоўскі кінуў: “А за казла адкажаш!” Усе рассмяяліся.

    Цёплыя адносіны з высокімі асобамі не завязаліся?

    Эдуард Мельнікаў: Гэта былі фармальныя, працоўныя адносіны. Канешне, прысутнічаў на лецішчах прэзідэнтаў – але гэта былі фармальныя інтэрв’ю альбо проста прысутнасць на афіцыйных перамовах, не больш.

    І што Вы рабілі, калі вас скарацілі?

    Эдуард Мельнікаў: Зрабіўся беспрацоўным! Кажу жонцы: ну што, пайду, відаць, печы класці па лецішчах. Стаў на ўлік у службу занятасці, атрымліваў дапамогу па беспрацоўі…

    І колькі атрымлівалі?

    Эдуард Мельнікаў: Каля 500 даляраў.

    Колькі?!

    Эдуард Мельнікаў: 500. У мяне ж была наменклатура расейская, амаль дыпламатычная праца. “Намеснік кіраўніка ўправы расійскага міністрэрства” ў мяне наменклатура была. Адсюль і дапамога такая, якая мусіла мне выплочвацца цягам 5 гадоў. Але як стаў на ўлік, каб атрымліваць дапамогу, трэба было адпрацоўваць грамадскія працы. Што праўда, дапамогай карыстаўся нядоўга – два ці тры месяцы. Потым Пеця Марцаў запрасіў працаваць генеральным дырэктарам «БДГ».

    А на тых грамадскіх працах даводзілася двор месці?

    Эдуард Мельнікаў: Так. Але я заўсёды выбіраў Батанічны сад. Я там касіў, сек, стварыў стайню для каня Орліка з іржавых цвікоў і спарахнелых дошак.…

    Для жывога каня? 

    Эдуард Мельнікаў: Жывога! Ён разбіў сваё стойла – і я, як вопытны дачнік, зрабіў яму новае. Разы два ці тры паспеў туды схадзіць папрацаваць. Іншыя едзілі на моркву, бо адтуль можна было моркву прывезці.

    “Я зрабіў заўвагу – і ён выскачыў са студыі”

    Славутыя тэледэбаты перад першымі прэзідэнцкімі выбарамі Вы вялі ж тады ўжо ў зусім высокай пасадзе?

    Эдуард Мельнікаў: Так, намесніка старшыні Дзяржтэлерадыё. На гэтай пасадзе я паспеў пабыць зусім няшмат – і адчуваў, што мяне туды спецыяльна “пад выбары” прызначылі.

    Не аднойчы чытаў гісторыю, як падчас перадвыбарных выступаў Вы зрабілі заўвагу аднаму з кандыдатаў – і той аж са студыі выскачыў. Дык хто выскачыў?

    Эдуард Мельнікаў: Дык ён і выскачыў. У студыі прысутнічалі юрысты Цэнтрвыбаркама, якія запатрабавалі: “Кандыдат абражае іншых кандыдатаў, зрабіце заўвагу”. Я зрабіў – ён абурыўся і выскачыў.

    А як ён абражаў?

    Эдуард Мельнікаў: Казаў нешта накшталт “гэтымі Мечыславамі-Вячаславамі беларускія жанчыны ўжо дзяцей сваіх пужаюць”.

    Як вы лічыце, чаму Вас як прафесіянала потым выцеснілі з БТ, а не выкарысталі сабе на карысць?

    Эдуард Мельнікаў: Чаму? Прапаноўвалі мне АТН узначаліць! Але я зразумеў, што туды ісці не трэба. Ужо падрапалі сцяг, прайшоў майскі рэферэндум – і пасля гэтага я сыйшоў. Пад занавес мяне выклікаў на допыт старшыня КДБ генерал-палкоўнік Ягораў, які разам з Шэйманам дапытваў мяне некалькі гадзін…

    “Час ёсць на ўсё”

    Вы ўжо сказалі, што ў вас тры дачкі. Распавядзіце, хто вашая жонка, хто вашыя дочкі.

    Эдуард Мельнікаў: Жонка – праектыроўшчык, зараз пенсію афармляе. Усё сваё жыццё праектавала розныя індустрыальныя аб’екты. Старэйшая дачка вучылася на “міжнародным праве”, з’ехала ў Амерыку, там выйшал замуж, там цяпер і жыве. Малыя мае – двайняшкі, ім ужо па 25 гадоў. Адна дачка выйшла замуж, выкладае ангельскую мову. Другая скончыла ў Швецыі магістратуру і зараз працуе ў міжнароднай юрыдычнай фірме, вырашае спрэчкі гаспадарчых суб’ектаў.

    Вы прымалі актыўны ўдзел у выхаванні трох дачок?

    Эдуард Мельнікаў: Напэўна, так – калі паглядзець фармальна. А зараз, калі паглядзець праз гады, думаю: як мае дзеці выраслі? Штосьці я і не заўважыў. Ім ужо па 25 гадоў, а ў памяці засталося некалькі эпізодаў, як я вазіўся з імі, нешта рабіў. А яны ўжо вунь якія дарослыя.


    З такой актыўнай працай няўжо быў час няньчыцца?

    Эдуард Мельнікаў: Глеб, час ёсць на ўсё. Лухта, калі кажуць, што часу няма. Проста калі ты жывеш днямі – ты вольны чалавек. Калі жывеш гадзінамі – таксама ўсё паспяваеш. Можна жыць кавалкамі па 15 хвілін, а можна і па 5. Бываюць і такія абвостраныя перыяды ў жыцці, потым зноў крыху меней напружана. Але я папракаю сябе, што, можа, і недастаткова ўвагі надаваў. Хоць дзяўчаткі выраслі добрыя. Дык можа, так і трэба? Азіраючыся на гэта і на ўсё іншае, я прыгадваю Сэнэку: “Калі чалавек сказаў, што жыццё скончанае, – кожны дзень прачынаецца з прыбыткам”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці