«Люстэрка»: Галоўная мэта нашай рэдакцыі — каб хлусня не стала праўдай
«Люстэрка» — адно з самых буйных і ўплывовых беларускіх незалежных медыяў. У фокусе — навіны, якія тычацца жыцця кожнага, але часта застаюцца замоўчанымі. Рэдакцыя працуе ананімна, у эміграцыі, пад ціскам і без права на памылку.
Паразмаўлялі з board member «Люстэрка» Сашай Пушкінай пра навіны як форму супраціву, рызыкі штодзённай працы і словы чытачоў, якія ратуюць ад выгарання.
У праекце «Без нас вы б не ведалі…» БАЖ распавядае пра тое, якія факты, падзеі, праблемы ў Беларусі засталіся б небачнымі, калі б не было незалежных медыяў і журналістаў.
Усё пачынаецца з хлусні
«Люстэрка» з’явілася ў 2021 годзе, калі ўлады знішчылі TUT.BY і пачалі зачышчаць інфармацыйную прастору.
«Калі нас, былых супрацоўнікаў TUT.BY, не пусцілі на працу, мы адразу зразумелі: трэба нешта рабіць. Было адчуванне, што ў краіне застаецца толькі хлусня, і галоўнае для нас — яе гасіць. Гэта наш штодзённы сэнс. Іначай яна стане адзінай версіяй падзей», — распавядае Саша Пушкіна.
Спачатку рэдакцыя сапраўды ўспрымала сваю місію як працяг TUT.BY: «Мы хацелі, каб людзі маглі атрымаць хаця б частку таго, што яны мелі раней. Штодзённыя навіны, аператыўная інфармацыя, тлумачэнні». Але вельмі хутка стала ясна: проста вярнуць «як было» — немагчыма». Галоўным прыярытэтам стала падтрыманне адпаведнага прафесійнага ўзроўню ў новых умовах і проста працаваць далей.
Штодзённыя навіны як форма супраціву
У адрозненні ад тых медыяў, якія робяць доўгія расследаванні або аналітычныя праекты, «Люстэрка» з самага пачатку зрабіла стаўку на аператыўную працу з навінамі. Гэта стала асновай і пазіцыяй.
«Мы выбралі працу з навінамі, бо гэта тое, чаго грамадству найбольш не хапае, калі ўсё незалежнае знішчана. Так мы можам быць карыснымі проста зараз. І штодня».

Саша Пушкіна. Фота: з асабістага архіву
Паводле яе слоў, адна з галоўных рызык для Беларусі — гэта не тое, што людзі падманутыя, а тое, што яны не маюць інфармацыі ўвогуле. Менавіта таму рэдакцыя працуе як інструмент фіксацыі рэальнасці, якая замоўчваецца або скажаецца.
«Мы стараемся, каб людзі ведалі, што сапраўды адбываецца, і маглі думаць і выбіраць самі. Гэта таксама форма супраціву — супраць страху і абыякавасці».
Пра што мы б не ведалі без «Люстэрка»
Калі спытаць у рэдакцыі, што яны лічаць самымі значнымі тэмамі апошніх гадоў, адказ будзе нечакана канкрэтным. Журналісты «Люстэрка» кажуць, што не кожны іх тэкст можна назваць гучным, але кожны з іх фіксуе тое, што ўлады спрабуюць схаваць або перайначыць. І ў гэтым — сэнс працы.
Пра БелАЭС
«Напрыклад, мы першыя напісалі, што БелАЭС не працуе. Гэта проста тэхнічны факт: станцыя была адключаная ад сеткі, але пра гэта маўчалі ўсе дзяржаўныя СМІ, — распавядае Саша Пушкіна. — Калі станцыя перастае працаваць — гэта інфармацыя, якую грамадства павінна ведаць. Гэта пытанне бяспекі. І калі мы пра гэта пішам, гэта ўжо ўплыў. Пасля матэрыялу Мінэнерга вымушана прызнала, што БелАЭС і праўда не працуе».
БелАЭС не вырабатывает электричество, но власти об этом умолчали. «Зеркало» узнало подробности
Пра «касманаўтку»
Яшчэ адна з тэм, якая выклікала эмацыйную рэакцыю ў каманды, — «касмічны праект» з першай «беларускай жанчынай-косманаўткай». Здавалася б, нейтральная інфанагода, якая выклікае гонар. Але ў рэдакцыі разабраліся глыбей і знайшлі пустую карцінку, заснаваную выключна на прапагандзе.
«Мы паднялі гэтую тэму, бо за ёй не было ні падрыхтоўкі, ні кваліфікацыі. Усё гэта выглядае як чыстая маніпуляцыя. І асабіста мне сорамна, што жанчына становіцца часткай такой кампаніі. У краіне, дзе правы жанчын зневажаюцца, дзе б’юць журналістак, саджаюць, выкідваюць з прафесіі, раптам з’яўляецца “первая беларуская касманаўтка”, пра якую нават не тлумачаць, што яна сапраўды будзе рабіць».
Большой секрет Василевской. Власти старательно скрывают, в каком университете училась первая беларусская космонавтка, но мы это выяснили
Падсвечванне гендарнага балансу — асобны накірунак працы «Люстэрка». У якім не проста асвятляюцца падзеі, а іх паказваюць праз розныя перспектывы: становішча жанчын, правы меншасцяў, роўнасць магчымасцяў.
«Калі жанчына становіцца ахвярай або героем, мы заўсёды спрабуем паказаць, як яна патрапіла ў гэтую сітуацыю. І хто за гэта адказны. Гендар — гэта не пра моду, гэта пра сістэму».
Пра дрон у Хойніках
Адна з самых паказальных гісторый — падзенне расійскага дрона на школу ў Хойніках у лютым 2025 года. Гэта адбылося ў цэнтры горада, сярод дамоў, побач з плошчай Леніна, райвыканкамам, магазінамі, бібліятэкай. Уначы жыхары пачулі выбух, у некаторых раёнах была эвакуацыя, змянілі маршруты транспарту. Але ніводная дзяржаўная інстанцыя нічога не паведаміла, а мясцовая газета маўчала.
Вот почему важны независимые СМИ. У детской школы искусств в Хойниках упал дрон — как местная газета объяснила, почему не пишет об этом
«Мы адразу знайшлі сведкаў і апыталі іх, праз тэлефанаванне ў школу і адміністрацыю атрымалі пацверджанні эвакуацыі і наступстваў, звязаліся з рэдакцыяй мясцовай газеты, дзе нам прама сказалі: «Якія рэпартажы?! Гэта толькі з дазволу». Так у нас з’явілася публікацыя з фотаздымкамі, схемамі і рэакцыямі мясцовых. Гэта быў важны момант, бо без нас людзі ў рэгіёне нават не даведаліся б, што здарылася.
Мы паказалі, як выглядае інфармацыйная пустэча. Улады хочуць, каб людзі не задавалі пытанняў. Але як можна не ведаць, што па тваім горадзе б’е дрон?»
Толькі пасля гэтага сітуацыю згадалі афіцыйна — у агульных фразах, без дэталяў. Але факт быў ужо зафіксаваны.

Журналісты лакалізавалі верагоднае месца падзення дрона. Выява: zerkalo.io
Як вярнуць Беларусь у міжнародны дыялог
Адзін з важных кірункаў працы «Люстэрка» — паказваць, што адбываецца вакол Беларусі і як гэта ўплывае на яе грамадзян. Гэта не толькі знешнепалітычны аналіз, а спроба аднавіць перарваныя масты паміж беларусамі і суседнімі дзяржавамі, асабліва калі паміж імі назіраецца напружанне. Напрыклад, у сітуацыях з ВНЖ, санкцыямі ці памежнымі абмежаваннямі.
«Мы, калі пачалі разумець, што як быццам зламаўся перагаворны мост з суседнімі краінамі, з’яўляюцца нейкія абмежаванні на ўезд, адмовы ў ВНЖ, сталі больш праактыўна працаваць з прадстаўнікамі гэтых дзяржаў. Мы хочам тлумачыць, навошта ўсё гэта робіцца. Бо ізаляцыя адбываецца не толькі фізічная, але і інфармацыйная».
У выніку ў «Люстэрка» з’явілася асобная рубрыка «Еўропа», дзе публікуюцца інтэрв’ю з мэрамі, палітыкамі, міністрамі замежных спраў, але з фокусам на беларусаў унутры краіны.
«Беларусь раней была павернутая ў бок Еўропы, але калі чытаеш пераважна негатыў, то натуральна фарміруецца негатыўнае стаўленне. Мы хочам не толькі інфармаваць, але і тлумачыць кантэкст. І тое, што мы знаходзімся ў выгнанні, дапамагае весці гэты дыялог. Гэта такая бонус-функцыя журналістыкі ў эміграцыі».
Сярод яркіх прыкладаў — інтэрв’ю з міністрам замежных спраў Польшчы Радославам Сікорскім, а таксама з Барысам Джонсанам і Міхэлам Саакашвілі. Апошняе атрымалася, калі Саакашвілі знаходзіўся ў бальніцы — журналістам «Люстэрка» ўдалося арганізаваць размову ў вельмі складаных умовах.
«Гэта паказвае, як калегі адточваюць сваё майстэрства. Мы выходзім непасрэдна на палітыкаў у свеце, бо ў нас няма каналаў з палітыкамі ўнутры краіны. Але мы працягваем працаваць для беларускай аўдыторыі. І гэта, мне здаецца, вялікае дасягненне».
Калі тэкст змяняе рэальнасць
У «Люстэрка» не ўзнікае пытання, ці могуць журналісцкія публікацыі нешта змяніць. Яны мяняюць. Але гэта не заўжды імгненна і гучна, часам дастаткова таго, што хтосьці на іншым канцы краіны пачуў і зрабіў высновы.
Публікацыі «Люстэрка» ўплывалі на павестку не толькі ў медыяпрасторы. Часам яны станавіліся падставай для парламенцкіх запытаў у краінах ЕС, праверкі служб або прымушалі мясцовыя ўлады адступіцца ад несправядлівых рашэнняў.
«У нас былі выпадкі, калі пасля нашых матэрыялаў пытанні падымаліся нават у парламентах іншых краін. Былі сітуацыі, калі пэўныя структуры мусілі рэагаваць, і дзякуючы гэтаму штосьці змянялася. Напрыклад, мянялі ўмовы для беларусаў, што жывуць за мяжой, альбо адмянялі нейкія дзіўныя патрабаванні».
Так, пасля інтэрв’ю з міністрам замежных спраў Польшчы Радславам Сікорскім, дзе закраналіся тэмы падтрымкі беларусаў у эміграцыі, публікацыя разышлася па польскіх і ўкраінскіх медыях. Гэта дало штуршок да далейшага абмеркавання пытанняў у парламенце і ў дыпламатычнай прасторы.

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі падчас інтэрв’ю з журналістам «Люстэрка». Фота: zerkalo.io
Унутры Беларусі, нават у сітуацыі цэнзуры і страху, «Люстэрка» працягвае ўплываць, хоць часам рэдакцыя даведваецца пра гэта праз вельмі ўскосныя каналы: хтосьці перадае «па сарафанным радыё», хтосьці піша асабіста, а хтосьці проста маўчыць, але дзейнічае.
«Быў выпадак, калі пасля публікацыі мясцовы чыноўнік патэлефанаваў у школу, пра якую ішла гаворка, і запатрабаваў “выпраўляць” тое, што трапіла ў медыя. Не сказаў, што гэта «Люстэрка», але мы дакладна ведалі, што гаворка пра наш тэкст».
У выніку такіх эфектаў, асабліва калі яны тычацца звычайных людзей, узнікае і адчуванне важнасці: журналістыка ўсё яшчэ можа быць інструментам дзеяння.
«І гэта неверагоднае адчуванне. Яно вяртае сэнс таму, што ты робіш. Бо калі ты працуеш у рэдакцыі, якая ананімная, у краіне, якую ты не выбіраў, у стрэсе, і ты не бачыш вочы сваіх чытачоў, вельмі важна адчуваць, што ты не проста нешта напісаў і гэта знікла. Што яно спрацавала. І што хтосьці, пра каго ты пісаў, пачуў».
Як выглядае рэдакцыя, якую не бачна
Каманда «Люстэрка» сёння — гэта людзі, што жывуць у розных краінах, часавых паясах, нават розных палітычных рэаліях. Але ўсе яны застаюцца звязанымі паміж сабой працай і Беларуссю.
«Мы ж не ў адным офісе працуем. Мы ж не п’ем каву раніцай разам. У нас няма гэтай сацыяльнай функцыі рэдакцыі, калі ты фізічна побач. І ўсё ж ёсць адчуванне, што мы разам. І гэта адбываецца не таму, што ёсць загад ці заданне, а таму што ёсць давер. І таму што кожны ведае, навошта ён гэта робіць».
Такі фармат працы патрабуе не толькі прафесіяналізму, але і супольнай матывацыі, асабліва калі каманда жыве пад ціскам, у выгнанні, без гарантый.
«Шмат хто з нас страціў усё — дом, сяброў, краіну. Але людзі працягваюць працаваць. І гэта, мне здаецца, сведчыць пра нешта большае, чым проста прафесійны абавязак. Гэта пра маральны выбар».
У такой рэдакцыі свае правілы. І свае крытэрыі моцы.
«Мы не просім людзей быць героямі. Мы не верым у тое, што трэба сябе знішчаць дзеля прафесіі. Але мы вельмі шануем адзін аднаго і тых, хто побач. Бо мы ведаем, што ўсё гэта адбываецца не дзеля кар’еры. Гэта адбываецца, бо інакш — нельга».
Што дапамагае трымацца
За кожным матэрыялам «Люстэрка» — людзі, чыя штодзённая праца адбываецца на фоне стомы, рызыкі і асабістых страт. Але нешта дае ім моц працягваць — кожнаму сваё.
«Напэўна, мяне трымае адчуванне, што я не адна. Што я не адна нешта прыдумала і вырашыла зрабіць. Што гэта супольнае рашэнне і што ёсць людзі, якія гатовыя рабіць гэта разам».
Найбольшую сілу, па словах Сашы Пушкінай, дае падтрымка знутры рэдакцыі. А таксама ад чытачоў, нават калі яны не могуць адкрыта гаварыць.
«Я ведаю, што на другім баку ёсць людзі, якім гэта важна. І я чую пра гэта у асабістых паведамленнях, у тым, што нам пішуць з Беларусі. Нават калі гэта проста рэакцыя: “дзякуй, што напісалі пра гэта” або “я веру толькі вам” — гэтага хапае, каб працягваць».
Каманда працягвае рухацца, нават калі няма адказу на ўсе пытанні. Бо і сама праца — гэта адказ.
«У нейкім сэнсе мы не ведаем, чым усё скончыцца. Але калі ёсць шанец зрабіць нешта правільнае — мы робім. Гэта, можа, не гучыць як стратэгія, але гэта трымае».
