• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Уз’ядналася мінімум тысяча сем’яў». Як грузінская журналістка раскрыла схему па продажы немаўлят

    Тамуна Мусарыдзэ хацела проста знайсці сваіх біялагічных бацькоў, а ў выніку раскрыла вялікую грузінскую таямніцу — дактары з радзільных дамоў дзесяцігоддзямі прадавалі немаўлят за мяжу. Расказваем гісторыю журналісткі з Грузіі, якая не пабаялася супрацьстаяць сапраўднай медычнай мафіі.

    Тамуна Мусарыдзэ

    Тамуна Мусарыдзэ. Фота: netgazeti.ge

    «Родныя не размаўлялі са мной»

    2016 год, 32-гадовая Тамуна перабірае рэчы праз месяц пасля смерці маці і знаходзіць яшчэ адно сваё пасведчанне аб нараджэнні. У ім правільнае імя, але іншая, няправільная дата. Так Тамуна западозрыла, што жанчына, якую яна ўсё жыццё называла мамай, яе не нараджала.

    Як гэта часта бывае, Тамуна захацела знайсці сваіх біялагічных бацькоў. Яна стварыла ў Face­book суполку «Я ў пошуку», якая стала месцам аб’яднання людзей, што выраслі ў прыёмных сем’ях. І дабілася сваёй мэты! З біялагічнай маці кантакт асабліва не склаўся, а вось бацька, як высветлілася, ніколі нават не падазраваў, што ў яго ёсць дачка, і дужа ўзрадаваўся такому сюрпрызу. З ім і некаторымі іншымі роднымі Тамуна цяпер падтрымлівае цёплыя стасункі.

    А пакуль яна шукала сваіх бацькоў, заадно раскрыла і схему па продажы дзяцей за мяжу. Больш за тысячу сем’яў здолелі ўз’яднацца дзякуючы яе працы.

    Тамуна Мусарыдзэ

    Тамуна Мусарыдзе са сваім біялагічным бацькам. Фота: з асабістага архіва гераіні

    «На самой справе, маёй марай было стаць дэтэктывам, — кажа Тамуна. — Але ў 90‑я ў нас у Грузіі былі некаторыя клішэ, і праца дзялілася на жаночую і мужчынскую. Мае бацькі не хацелі, каб я вывучала юрыспрудэнцыю і станавілася юрысткай. Так я і пайшла ў журналістыку, але цяпер мне здаецца, што я амаль што стала дэтэктывам».

    Праўда, такой блізкай да вышуку яе праца была не заўсёды. Да 2017 года Тамуна працавала на грамадскім тэлебачанні, вяла ранішняе шоу. Потым змяніўся ўрад, на канале была рэарганізацыя, і яна засталася без працы і з вялікай колькасцю вольнага часу.

    У працэсе пошуку біялагічных бацькоў Тамуна дала інтэрв’ю на тэлебачанні. Гэта, кажа, быў скандал, бо тэма ўдачарэння і ўсынаўлення была вельмі табуяваная ў грамадстве ніхто з публічных асоб раней пра гэта не казаў адкрыта. Некаторыя сваякі Тамуны перасталі з ёй размаўляць, бо гэта ўсё было нібыта ганьбай для сям’і.

    «Яна давярала сваёй хроснай»

    На гэтым этапе Тамуна нічога не ведала пра гандаль дзецьмі. Паводле яе задумкі, у суполцы ў сацсетках людзі, што выраслі ў прыёмных сем’ях, маглі б ананімна пісаць пра сябе і свае эмоцыі.

    А потым з’явіўся хлопец, які шукаў сваю біялагічную маці. І яго прыёмная мама сказала яму праўду: яна набыла яго ў сваёй сяброўкі, якая працавала ў лякарні ў Тбілісі. І нават назвала імя і прозвішча доктаркі. Тая спачатку ўсё адмаўляла, але потым усё ж прызналася, што прадала яго. Хлопец папярэдзіў: калі яна не дасць імя і прозвішча яго біялагічнай маці, то ён паўсюль напіша, што яна прадае дзяцей. Паводле слоў Тамуны, гэта была вельмі вядомая доктарка, і яна, натуральна, хацела пазбегнуць праблем. Медык патлумачыла, што ягоная біялагічная маці яе хрэсніца, якая нават не ведае, што ён жывы.

    «Потым мы знайшлі гэтую жанчыну, біялагічную маці, і распавялі ёй усё, узгадвае Тамуна. — Яна крычала на нас, бо не верыла нам. Яна давярала сваёй хроснай і казала, што тая ніколі б гэта з ёй не зрабіла». Гэтая жанчына адмаўлялася рабіць ДНК-тэст, але праз месяц угавораў здалася. І ўсё пацвердзілася гэта і праўда быў яе родны сын.

    А потым з’явілася Нато жанчына, чыя прыёмная маці скрала яе ў радзільным доме ў біялагічнай маці і сказала той, што дзяўчынка памерла. Таксама прыёмная маці сказала, што лякарня робіць гэта дзесяцігоддзямі. Нато выйшла ў прамы эфір на Face­book, дзе ўсё расказала, і тады маці па ўсёй краіне сталі шукаць сваіх дзяцей.

    «Ва ўсіх была адна і тая ж гісторыя, кажа Тамуна. Усім на трэці дзень казалі, што іх дзіця памерла, што яно пахаванае на могілках у двары радзільні, і маці ў гэта верылі. Тады мы прыйшлі ў кожную радзільню ў Грузіі і даведаліся, што такіх могілак не існуе».

    «Мы не ведаем, хто з дзяцей мёртвы, а хто жывы»

    Некаторым сем’ям дазвалялі самім ладзіць псеўдапахаванні, але не давалі магчымасці адчыніць труну. Такой была гісторыя, якая найбольш шакавала Тамуну. Да яе звярнуўся мужчына, чый унук нарадзіўся ў першай радзільні ў Тбілісі. Сям’і на трэці дзень сказалі, што хлопчык памёр, і дактары папрасілі, каб родныя прывезлі труну для пахавання. Убачыць цела сям’і не далі, але дзед сам пахаваў унука ў закрытай труне. А праз год памерла маці гэтага мужчыны, і ён, у адпаведнасці з грузінскай традыцыяй, хацеў перапахаваць унука, каб той быў зверху на прабабулі.

    Маленькую труну планавалі паставіць на вялікую труну, і гэта сімвалізавала б, што дзіця ляжыць на грудзях прабабулі. Родныя адкрылі магілу хлопчыка, але труна была ўжо ў кепскім стане, і яны хацелі перакласці парэшткі ў новую.

    «І калі яны адчынілі вечка труны, убачылі там нейкі пакет, кажа Тамуна. Дзядуля раскрыў пакет і ўбачыў, што там была курыца, а не дзіця. Я спытала гэтага мужчыну, чаму ён не выклікаў паліцыю і нічога не зрабіў. Ён адказаў, што дырэктар першай радзільні быў ягоным сябрам і што дактары гэтай радзільні мелі высокі статус у грамадстве і сябравалі з паліцыяй, таму ўсё адно нічога б не было».

    А некаторыя сем’і ўсё ж настойвалі на тым, каб ім паказалі цела, і на гэты выпадак у радзільнях таксама ўсё было падрыхтавана, кажа Тамуна. Некаторыя дзеці і праўда паміралі, але вядомыя выпадкі, калі іх целы аддавалі іншым сем’ям. «Яны забіралі дзяцей, клалі ў лядоўню і аддавалі потым той сям’і, якая патрабавала цела свайго памерлага немаўляці».

    Паводле Тамуны, у радзільнях былі своеасаблівыя запасы цел хлопчыкаў і дзяўчынак, цямнейшых і святлейшых. Калі сям’я зусім ужо дамагалася, каб атрымаць цела, ёй выдавалі цела з гэтых запасаў. «Мы дакладна не ведаем, хто памёр і якія сем’і пахавалі чужых дзяцей», дадае Тамуна.

    Яна кажа, што людзі, з якімі яна супрацоўнічае і каму дапамагае, не хочуць ужо нікога караць — яны проста хочуць ведаць праўду. Больш за 100 тысяч жанчын у Грузіі шукаюць сваіх дзяцей, і невядома, хто з іх сапраўды памёр, а каго прадалі ўнутры краіны ці за мяжу.

    «Яны пачалі з ЗША і Канады»

    Тамуна сцвярджае, што з 1993 года грузінскіх дзяцей ужо дакладна прадавалі за мяжу найперш праз Расію іх увозілі ў ЗША і Канаду. І толькі чатыры гады таму, у 2021‑м, пачалося афіцыйнае расследаванне. Яно працягваецца і дагэтуль, прагрэсу няма, ніхто не адказаў за свае злачынствы.

    «Ім не трэба было ўжо нічога расследаваць, бо мы ўсё зрабілі самі, кажа Тамуна з усмешкай. У нас былі дакументы, прозвішчы адвакатаў, суддзяў, натарыусаў, паважаных людзей, дактароў і ўсіх, хто быў замяшаны ў гэтай справе. У нас нават былі фотаздымкі перадачы дзяцей, бо прыёмныя бацькі самі нам усё давалі».

    Тамуна Мусарыдзэ

    Тамуна Мусарыдзэ. Скрыншот праграмы «15 хвілін самотнасці» на сайце palitravideo.ge

    Усё гэта перадалі ўладам, але рэальных вынікаў дагэтуль няма дзякуючы ці то абыякавасці, ці то карупцыі, ці то камбінацыі гэтых фактараў. Але Тамуна і яе каманда працягваюць раскрываць усё новыя справы. Зараз яны працуюць на кіпрскім напрамку знайшоўся хлопец, якога прадалі на Кіпр, і ягоныя прыёмныя бацькі кажуць, што за дзецьмі прыязджала цэлая група сем’яў. Усе яны набывалі грузінскіх немаўлят. Але калі грузінская каманда знайшла грузінскія ж дакументы гэтага хлопчыка, аказалася, што жанчын, запісаных у якасці іх біялагічных маці, проста не існуе.

    Гэты хлопец ужо здаў тэст ДНК, і ўсе разам яны спадзяюцца дакапацца да праўды і знайсці яго біялагічную маці. На дзяржаву Тамуна не спадзяецца і нават не звяртаецца ў паліцыю пра пагрозы, якія ёй паступаюць за ўсю гэтую працу. Пагражаюць звычайна дактары і іх сябры:

    «Мне тэлефанавалі доктаркі з радзільняў, а дактары-мужчыны тэлефанавалі майму мужу і прасілі яго спыніць мяне. Урад проста слухаў і нічога не казаў».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці