• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Бюро»: Пасля нашых публікацый бізнэсоўцы перапісваюць кампаніі і выдаляюць профілі ў сацсетках

    Напрыканцы мінулага года паўстала новае беларускае медыя «Бюро» — праект, створаны камандай журналістаў-расследавальнікаў. Першая ж праца «Бюро» пра рээкспарт люксавых аўто выклікала перапалох на беларуска-еўрапейскай мяжы, а многія далейшыя матэрыялы вымушалі варушыцца і еўрапейскіх, і беларускіх чыноўнікаў. 

    Дзе шукаюць тэмы і інфармацыю журналісты-расследавальнікі беларускага медыя «Бюро»

    Сузаснавальнік «Бюро Медыя» Аляксандр Ярашэвіч. Фота з асабістага архіва

    Сузаснавальнік «Бюро Медыя» Аляксандр Ярашэвіч распавёў БАЖ, дзе расследавальнікі шукаюць тэмы і герояў, як можна збіраць дадзеныя ва ўмовах інфармацыйнай блакады і чаму журналісты баяліся запускаць новы праект.

    У праекце «МедыяНаватары» БАЖ расказвае пра тое, як беларускія незалежныя медыі шукаюць свае формы, зместы, мадэлі і тэхналогіі. Ствараюць новыя праекты і прымаюць нестандартныя рашэнні. І, нягледзячы ні на што, развіваюцца. Гэта гісторыі пошуку і знаходак кожнай асобнай рэдакцыі і ўсяго беларускага медыясектрару разам.

    «Рэакцыя чыноўнікаў сведчыць пра тое, што мы трапілі ў кропку»

    Фактычна «Бюро» функцыянуе ўжо год: са снежня 2023-га. Аляксандр падкрэслівае, што на старце былі сур’ёзныя асцярогі адносна паспяховасці праекту, найперш праз працу ў выгнанні.

    — Але, як кажуць, вочы баяцца, а рукі робяць. У нас невялікая каманда, касцяк — гэта чатыры журналісты, якія апроч непасрэдна журналісцкай працы выконваюць і адміністратыўныя задачы, і займаюцца фандрайзінгам, і камунікуюць з донарамі. Таму гэты касцяк сумяшчае ў сабе розныя абавязкі. Па-шчырасці, я задаволены тым, што ў нас атрымалася.

    Калі падводзіць вынікі, то магу пералічыць дасягненні, якія мы зараз маем. Мы выпусцілі дванаццаць расследаванняў за год, то-бок штомесяц мы публікавалі эксклюзіўную інфармацыю. Апроч асноўных расследаванняў мы робім міні-расследаванні ў фармаце навін альбо невялікіх тэкстаў. Такіх матэрыялаў мы выпусцілі каля дваццаці.

    Ускосным дасягненнем Аляксандр называе і рэакцыю беларускай улады: літаральна праз месяц працы выданне займела экстрэмісцкі статус.

    — Зараз цяжка знайсці СМІ без такога статусу, але тым не менш такая хуткая рэакцыя чыноўнікаў сведчыць пра тое, што мы робім усё слушна, трапілі ў кропку, пішучы на балючыя тэмы.

    Некаторыя нашыя раследаванні паўплывалі на рэальнае жыццё. Маю на ўвазе рэакцыю еўрапейскіх чыноўнікаў найперш. Мы выпусцілі некалькі расследаванняў пра абыход санкцый, і пасля гэтага была адпаведная рэакцыя з боку еўрапейскіх і амерыканскіх пасадоўцаў.

    Першапачатковыя асцярогі каманды «Бюро» ўсё ж не сраўдзіліся — штомесячны ахоп публікацый сягае 500 тысяч праглядаў з улікам рэпостаў у іншых СМІ. 

    — Мяне вельмі радуе, што большасць нашых чытачоў — гэта беларусы з Беларусі: нягледзячы на прэсінг, які існуе, нам удаецца даносіць інфармацыю да людзей унутры краіны пра тое, што адбываецца, пра тое, што ўлады спрабуюць схаваць ад нас.

    Сайт «Бюро» заблакавалі праз 30 хвілін пасля публікацыі

    Сярод тэмаў для расследаванняў — далёка не толькі абыход санкцый: каманда «Бюро» актыўна сочыць за сітуацыяй у Беларусі і знаходзіць факты, якія скрываюцца ад грамадскасці. Так, распавядае Аляксандр, каманда зацікавілася Свята-Елісавецінскім манастыром:

    — Пра яго шмат пісалася як пра «рассаднік рускага свету ў Беларусі». Мы ж вырашылі паглядзець на гэту арганізацыю з эканамічнага пункту гледжання і высветлілі, што насамрэч гэта вялікая бізнес-імперыя, якая яшчэ і недаплачвае падаткі ў бюджэт, карыстаецца шчылінамі ў заканадаўстве ды плоціць заробкі сваім супрацоўнікам у канвертах.

    Журналісты «Бюро» высветлілі, як Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр зарабляе мільёны на шэрых схемах і як гэтая дзейнасць звязаная з атачэннем сям’і Лукашэнкі. Ілюстрацыя: buromedia.io

    Таксама ў нас была гісторыя пра прыватныя школы ў Беларусі: іх было больш за 30, а пасля зачысткі засталося ўсяго некалькі штук, — працягвае пералік тэмаў суразмоўца. — Школы, якія пакінулі на рынку, фактычна так ці іначай звязаныя з беларускай уладай, маюць, як кажуць, падвязкі зверху.

    Пасля публікацыі пра замежныя ваяжы Беларускага Чырвонага Крыжа беларускія ўлады заблакавалі сайт «Бюро Медыя» літаральна праз 30 хвілін.

    — Мы высветлілі, што гэта арганізацыя, існуючы за кошт грантавай замежнай дапамогі, жыве з шыкам: прадстаўнікі ездзяць у надзвычай дарагія камандзіроўкі, здымаюць сабе дарагія нумары ў гатэлях, ставяць сабе вялікія заробкі ў праектах, раздуваюць сабе штат, каб карыстацца грашыма.

    «Улада рэагуе самым простым спосабам: крыміналізуе нашую дзейнасць»

    Журналісты «Бюро Медыя» рабілі расследаванні і на міжнародную тэматыку. Напрыклад, пра беларускія бізнесы на акупаваных украінскіх тэрыторыях. А публікацыя пра люксавыя аўто, якая сёлета перамагла ў конкурсе «Вольнае слова», між іншым, выклікала перапалох на беларуска-еўрапейскай мяжы.

    — Гэтыя машыны пачалі спыняць ды разварочваць назад, фактычна забаранілі рээкспарт з Беларусі ў Расію. Справа ў тым, што дагэтуль мелася шчыліна ў заканадаўстве: у Беларусь гэтыя аўто можна было ўвозіць, яны не патраплялі пад санкцыі, а што тычыцца РФ, то там яны былі пад забаронай. Беларускія кампаніі, уладальнікі некаторых з якіх звязаныя з уладай, карысталіся гэтай шчылінай. Але летам яна была прыкрытая, ЕС увёў дадатковыя санкцыі, гарманізуючы абмежаванні да РФ. Гэта наступствы нашай публікацыі.

    Таксама адно з расследаванняў выдання тычылася паставак абсталявання для вытворчасці мікрасхем для ваеннай прамысловасці РФ. Яго публікацыя прывяла да ўключэння ў амерыканскія санкцыйныя спісы шэрагу кампаній, што дапамагалі абыходзіць абмежаванні.

    Офшорные компании или недвижимость в Нью-Йорке: 8 полезных инструментов для отслеживания активов чиновников и бизнесменов

    Аляксандр распавядае, што схемы абыходу санкцый, з аднаго боку, падобныя, але іх выкрыццё патрабуе глыбокай працы. Нярэдка ў такіх расследаваннях журналісты «Бюро» звяртаюцца да еўрапейскіх калег. 

    — Атрымліваецца, што збольшага на нашыя расследаванні рэагуюць еўрапейскія чыноўнікі. Але і ў Беларусі ёсць рэакцыя. Яна, можа быць, не на мегаўзроўні, але мы бачым, што пасля нашых публікацый тыя ж бізнесоўцы [што фігуруюць у расследаваннях] з атачэння Лукашэнкі перапісваюць свае кампаніі на давераных асобаў, выдаляюць свае профілі ў сацыяльных сетках, хаваюць інфармацыю пра сябе.

    Ну, а ўлада рэагуе самым простым спосабам: яны, па сутнасці, крыміналізуюць нашую расследавальніцкую дзейнасць. Напрыканцы ліпеня гэтага года мы даведаліся, што знаходзімся ў вышуку не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі: заведзеныя крымінальныя справы.

    Калі ў Еўропе чыноўнікі варушацца, прымаюць нейкія дадатковыя меры, праводзяць праверкі, спрабуюць адрэагаваць, то беларускія ўлады папросту ціснуць на журналістаў.

    Аляксандр Ярашэвіч, Вольга Альхіменка і Аляксей Карпека знайшлі свае імёны ў расійскай базе вышуку МУС

    Людзі дзеляцца крытычнай інфармацыяй, бо бачаць несправядлівасць

    Кажучы пра пошук матэрыялаў, Аляксандр адзначае, што «Бюро» выкарыстоўвае розныя падыходы, якія працуюць у комплексе:

    — Найперш мы сочым за павесткай, што адбываецца. Калі ўзяць, да прыкладу, гісторыю пра Свята-Елісавецінскі манастыр, то апошнім часам ён быў на слыху шмат дзе, а мы вырашылі паглядзець глыбей — і даволі шмат даведаліся пра іх дзейнасць. Часта калі я раблю тэмы пра абыход санкцый, то нагодай можа быць анамальная статыстыка па знешнім гандлі.

    Я проста бачу, што нейкія тавары з Беларусі забаранілі пастаўляць у Еўропу, аб’ёмы паставак зменшыліся, але раптам выраслі продажы гэтых тавараў з Казахстана і Кыргызстана ў Еўропу. Я тады разумею, што хутчэй за ўсё кампаніі падрабляюць дакументы, каб завесці прадукцыю спачатку ў гэтыя краіны.

    Альбо гэта могуць быць фінансавыя карпаратыўныя справаздачы прадпрыемстваў, напрыклад, замежных: на Кіпры, у Брытаніі. Бывае так, што ўладальнікамі беларускіх прадпрыемстваў з’яўляюцца кампаніі з Кіпра, за якімі стаяць беларускія бізнесоўцы. І можна шмат цікавага даведацца: хто бенефіцыяр кампаніі, якую дзейнасць яны вядуць. Бо за мяжой кампаніі абавязаныя публікаваць падрабязныя справаздачы, дамовы, інфармацыю пра кліентаў.

    «Даже паспорт человека не так информативен, как его профиль в Instagram». Инструменты и алгоритмы для расследователей

    Журналісты-расследавальнікі вывучаюць таксама судовыя дакументы альбо інфармацыю з афіцыйных рэестраў. З іх можна даведацца, хто ўладальнік кампаніі, якія новыя кампаніі ствараюцца і навошта, тлумачыць Аляксандр.

    Шмат інфармацыі ёсць у сацыяльных сетках:

    — Сочым за пэўнымі людзьмі і бачым, што яны вядуць шыкоўнае жыццё ў Дубаі, купляюць сабе дарагія рэчы. Узнікае пытанне: адкуль грошы. І высвятляецца, што яны даўно займаюцца рознымі шэрымі схемамі.

    Яшчэ адна крыніца — інфарматары: людзі, гатовыя дзяліцца нейкай крытычнай інфармацыяй, бо бачаць несправядлівасць. Таксама бываюць злівы альбо ўцечкі — як міжнародныя, так і лакальныя.

    — Мы працавалі ў некаторых такіх праектах, напрыклад пра дубайскую нерухомасць беларусаў. Альбо пра бізнес шэрага кардынала Лукашэнкі Віктара Шэймана. Гэта была самая масіўная ўцечка дадзеных з афшораў Пандора пэйперс (Pan­do­ra Papers — уцечка амаль 12 мільёнаў канфедэнцыйных дакументаў у 2021 годзе — заўв. рэд.), але гэта было яшчэ калі я працаваў у Беларускім расследавальніцкім цэнтры.

    Ну і, вядома, звычайныя назіранні: сочым за падзеямі, і ўзнікаюць пытанні па некаторых тэмах, пачынаем капацца. Шмат адкуль можна браць нагоды для расследаванняў.

    «У апошнюю чаргу звяртаемся да героя па каментар»

    Аляксандр падкрэслівае, што, на яго думку, у расследаваннях няма цяжкіх ці простых тэмаў, а паспяховасць працы залежыць хутчэй ад досведу і вузкай скіраванасці журналіста:

    — У нас у камандзе кожны — эксперт у сваёй галіне. Ёсць мае калегі, якія добра валодаюць навыкамі асінту, то-бок пошуку інфармацыі ў адкрытых крыніцах, я больш разбіраюся ў нейкіх афшорах альбо бізнесе, эканоміцы. Таму для мяне гэта лёгкія тэмы — знаходзіць нешта цікавае ў карпаратыўных справаздачах. Камусьці гэта цяжэй даецца. Мне, напрыклад, цяжэй шукаць інфармацыю ў сацыяльных сетках, а мае калегі робяць гэта на раз-два. Залежыць ад чалавека.

    Інфармацыю пра лакшары-жыццё набліжанай да Шэймана сямейнай пары Сяргея і Таццяны Аношкаў журналісты знайшлі ў сацсетках Таццяны

    Паводле Аляксандра Ярашэвіча, найбольш эфектыўна расследавальніцкія інструменты працуюць, калі іх выкарыстоўваць комплексна.

    — Калі ў нас з’яўляецца нейкая тэма для працы, мы будуем гіпотэзу, пачынаем яе спраўджваць: так гэта ці не. Працуем па спіралі, пачынаючы здалёк, і рухаемся да героя расследавання. Вывучаем інфармацыю ў адкрытых крыніцах, карыстаючыся метадамі асінту, потым пачынаем вывучаць справаздачы кампаній, фінансавыя паказчыкі.

    Ці удзельнічала кампанія ў судовых працэсах, што пра гэта вядома, з кім яны судзіліся. Ага, судзіліся з нейкімі канкурэнтамі — а давайце пагаворым з канкурэнтамі, а можа ёсць людзі, пакрыўджаныя на гэтага чалавека, трэба знайсці іх. А можа, ёсць пацярпелыя — размаўляем з імі.

    Працуем з шырокім колам людзей. Шукаем інсайдэраў — партнёраў канкрэтнага чалавека, альбо тых, хто працуе з ім у адной кампаніі, ці працавалі раней, альбо гэта сваякі. І паціху-паціху набліжаемся да галоўнага героя, каб сабраць максімум інфармацыі. Каб мы ведалі пра аб’ект нашага даследавання як мага больш. Каб, задаючы яму пытанне, загадзя ведаць, што ён можа адказаць.

    У апошнюю чаргу мы звяртаемся да аб’екта нашага расследавання па каментар, даем яму права на адказ.

    «Мы працуем не горш за нашых калег з еўрапейскіх краінаў»

    Апошнія гады аб’ектыўна адныя з самых няпростых для беларускіх медыяў у цэлым. У той жа час журналісцкія расследаванні працягваюць з’яўляцца. На бягучы момант два медыі — «Бюро» і Беларускі расследавальніцкі цэнтр — выпускаюць такія матэрыялы на рэгулярнай аснове.

    Как проводить расследования, когда государство скрывает данные: Уроки из Беларуси

    Аляксандр Ярашэвіч лічыць, што айчынная расследавальніцкая журналістыка за апошнія гады якасна вырасла:

    — Я бы тут выдзеліў некалькі фактараў, якія паўплывалі на рост колькасці кантэнту і яго якасць. Па-першае, з аднаго боку, улады максімальна хаваюць ад нас дадзеныя — яны хаваюць нават звычайную статыстыку, якая раней мелася ў адкрытым доступе. Але ж, з іншага боку, з’явілася больш людзей, якія гатовыя дзяліцца нейкай адчувальнай інфармацыяй.

    Гэта, напрыклад, дзейныя чыноўнікі. Некаторыя з іх пасля вайны і пасля пратэстаў перасталі размаўляць, а ёсць і тыя, хто, наадварот, пачаў дзяліцца інфармацыяй. Альбо гэта былыя чыноўнікі, якія яшчэ ў 2020 годзе падтрымалі пратэстоўцаў, далучыліся да дэмакратычнага руху.

    У нас былі такія выпадкі, калі людзі нам проста перадавалі афіцыйныя дакументы, на падставе якіх мы і рабілі расследаванні. 

    Пра дэталі фінансавання Беларускага Чырвонага Крыжа «Бюро» даведалася са справаздачы арганізаці, якая трапіла ў распараджэнне расследавальнікаў. Ілюстрацыя: buromedia.io

    Аляксандр адзначае, што зараз з’явіўся вялізны масіў дадзеных ад кіберпартызанаў: беларускія актывісты-хакеры ўзламалі шматлікія рэсурсы. Гэта і пашпартная база, і базы ДАІ, МУС, перасячэння мяжы, база Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва і іншыя.

    — Дзякуючы гэтым даным можна вельмі шмат дазнацца і пра атачэнне Лукашэнкі, і пра яго самога. Мы, яшчэ ў часы працы ў БРЦ, на падставе гэтых звестак рабілі расследаванні, фактычна даказаўшы, што ўладальнік «Табакерак» Аляксей Алексін пасля таго, як атрымаў кантроль над тытунёвым рынкам, падарыў службе бяспекі Лукашэнкі каля дзясятка дарагіх аўтамабіляў. Гэта, па сутнасці, хабар. Такіх прыкладаў можна прывесці даволі шмат.

    Другі важны фактар, які ўплывае на якасць расследаванняў, паводле Ярашэвіча, —  гэта міжнародная супраца. Раней беларускія журналісты-расследавальнікі альбо мала супрацоўнічалі, альбо ўвогуле не супрацоўнічалі з калегамі з іншых краін. Гэтую тэндэнцыю пераламіў Беларускі расследавальніцкі цэнтр:

    — Калі мы рабілі расследаванні і ўсплывалі кампаніі ці людзі з Літвы, Латвіі, Нямеччыны, Чэхіі, Польшчы, Украіны, то мы адразу звярталіся да калегаў з гэтых краін, прапанавалі ім супрацу. Тады расследаванні атрымліваюцца больш глыбокімі, больш рэзананснымі.

    — Мне здаецца, мы працуем не горш за нашых калег з еўрапейскіх краінаў, — кажа Аляксандр у адказ на пытанне пра якасць беларускай расследавальніцкай журналістыкі. — Узровень добры, можаце звярнуцца да калег з Украіны, Польшчы, Латвіі, Нямеччыны — яны скажуць, што беларускія расследавальнікі класныя. Прынамсі я гэта чуў не раз ад сваіх калег.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці