• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Крызіс грамадскіх СМІ ў Польшчы: ці дапаможа рэформа?

    Ці дапамогуць рэформы павярнуць грамадскія СМІ Польшчы да іх асноўнай місіі — служыць грамадству, а не палітыкам? БАЖ пагаварыў з прафесаркай медыязнаўства Івонай Хофман.

    прафесарка медыязнаўства Івона Хофман

    Прафесарка медыязнаўства Івона Хофман. Фота: з сайта radio.lublin.pl

    Праект «Грамадскія СМІ: міжнародны досвед» — гэта працяг даследавання БАЖ па фарміраванні сістэмы грамадскіх СМІ ў Беларусі. У першай частцы мы разглядалі заканадаўчую базу для стварэння грамадскага тэле- і радыёвяшчання, другая прысвечана вывучэнню адпаведнага вопыту краін нашага рэгіёна. Медыяэсперты і асобы, якія стаялі ля вытокаў сістэмы грамадскіх СМІ ў розных краінах, падзяліліся з БАЖ сваім досведам і рэкамендацыямі для Беларусі, а таксама расказалі, якіх памылак варта пазбягаць. 

    Грамадскія СМІ Польшчы перажываюць хіба наймацнейшы крызіс за 35 гадоў існавання. Новы ўрад, які прыйшоў на змену партыі «Права і справядлівасць», сур’ёзна ўзяўся за «спадчыну» папярэднікаў.  У тым ліку  — за грамадскае тэлебачанне, названае апанентамі «прапагандысцкім рупарам PiS». Было зменена кіраўніцтва кампаніі, аб’яўлена аб яе ліквідацыі, часова замарожана фінансаванне, распачаты крымінальныя справы. Усё гэта прывяло да маштабнага перагляду сістэмы грамадскіх СМІ ў Польшчы.

    Праект адпаведнай рэформы зараз праходзіць абмеркаванні. Прапануецца, сярод іншага, цалкам перавесці грамадскія СМІ на фінансаванне з бюджэту і адмовіцца ад абанентскай платы. А яшчэ — рэфармаваць Нацыянальную Раду па тэлерадыёвяшчанні, а Нацыянальную Раду па СМІ ліквідаваць.

    Польскія палітыкі заўсёды разглядалі СМІ як інструмент улады

    — Стварэнне грамадскіх СМІ ў Польшчы адбывалася на фоне іншых палітычных змен. Яно стала вынікам натуральнага  працэсу трансфармацыі дзяржаўных СМІ перыяду Польскай Народнай Рэспублікі ў СМІ, якімі кіруюць прадстаўнікі грамадства. Такія прадстаўнікі абіраюцца ў некалькі этапаў:  ад парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў (ад іх вынікаў залежаць кандыдатуры сябраў Нацыянальнай Рады па тэлерадыёвяшчанні)  да  прызначэння сябраў Назіральных рад і сябраў праўлення асобных тэлерадыёкампаній.

    З 2016 года ў гэты працэс дадаткова была ўключана Нацыянальная рада па СМІ  — абсалютна непатрэбны орган, на мой погляд, які  фактычна ўзяў на сябе паўнамоцтвы Нацыянальнай рады  па тэлерадыёвяшчанні.

    На самым пачатку, нягледзячы на ​рознасць палітычных інтарэсаў, паміж палітычнымі сіламі быў дасягнуты кансэнсус адносна ролі грамадскіх СМІ як цэнтра фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці, аховы культурнай спадчыны Польшчы і падрымкі сучаснай культуры, яе творцаў, а таксама як пастаўшчыка забаўляльнага кантэнту,  надзейнай крыніцы інфармацыі і збалансаванай журналістыкі.

    Украінская медыяэкспертка: Грамадскае вяшчанне — гэта здаровая ежа сярод рознага фастфуду

    Гэтыя задачы ў большай ці меншай ступені рэалізоўваліся на працягу ўсяго перыяду дзейнасці грамадскіх СМІ.  Аднак пераломным момантам стаў 2016 год, калі да ўлады прыйшла PiS. Тады грамадскія СМІ рэальна сталі інструментам урадавай і партыйнай прапаганды.

    — А да гэтага ў палітыкаў не было жадання паўплываць на палітыку грамадскіх СМІ?

    — На пачатку 1990‑х гадоў палітычныя сілы і іх прадстаўнікі імкнуліся да таго, каб грамадскія СМІ былі незалежнымі і аб’ектыўнымі ў плане зместу. Аднак палітычная культура таго часу разглядала грамадскія СМІ як інструмент улады, а не як рэсурс для дабрабыту грамадзян.    

    Такое стаўленне  ідзе ад пераканання, што СМІ з’яўляюцца наймацнейшым інструментам для фарміравання грамадскай думкі. Ад гэтага залежаць  вынікі выбараў, настроі і вынікі сацапытанняў, якія фарміруюць давер да ўлады і ўмацоўваюць сацыяльныя кантракты з жыхарамі.

    Крызіс грамадскіх СМІ ў Польшчы: ці дапаможа рэформа?

    Праціўнікі PiS лічылі TVP партыйным тэлебачаннем ранейшай партыі ўлады. Фота: Agenc­ja Wyborcza.pl

    Безумоўна, грамадства хацела, каб грамадскія СМІ былі незалежнымі ад паліыткаў і аб’ектыўнымі ў асвятленні падзей. Але ў людзей няма іншых сродкаў уплыву на функцыянаванне грамадскіх СМІ, акрамя выбараў (парламенцкіх ці прэзідэнцкіх — рэд.).

    Журналісты, як і грамадскасць, хацелі працаваць у СМІ, незалежных ад палітычнага ўплыву, бо часам перад імі стаяў выбар: альбо падпарадкоўвацца ўладзе і выконваць загады, альбо змяніць месца працы.

     Сістэма грамадскіх СМІ Польшчы апроч традыцыйных радыё і тэлебачання  — Telewiz­ja Pol­s­ka і Pol­skie Radio —  уключае яшчэ і Польскае інфармацыйнае агенцтва — РАР.  Фармальна, згодна з Законам аб тэлерадыёвяшчанні 1992 года, PAP не з’яўляецца часткай грамадскіх СМІ. Але ў адпаведнасці з Законам аб Польскім інфармацыйным агенцтве ад 1997 года яно мае такую ​​ж форму ўласнасці, што і грамадскія СМІ. Гэта дзяржаўная  кампанія, адной з галоўных задач якой з’яўляецца інфармаванне пра дзейнасць польскіх уладаў. PAP традыцыйна з’яўляецца асноўнай крыніцай інфармацыі для астатніх СМІ Польшчы.  

    Фінансаванне грамадскіх СМІ павінна быць з падаткаў грамадзян

    — Паколькі ў нас ніколі не было вопыту грамадскага вяшчання, то мы паспрабавалі перанесці замежны вопыт на нашу медыясістэму.

    Насамрэч, ёсць дзве мадэлі, якія лічацца мадэлямі аб’ектыўнасці грамадскіх СМІ: ВВС і французскія дзяржаўныя СМІ, якія сканцэнтраваны на грамадскім кантэнце. Наша грамадскае тэлебачанне мае Хартыю на ўзор ВВС, радыё — на ўзор Radio France.  

    Нельга сказаць, што ў нас былі нейкія сістэматычныя кансультацыі з медыяэкспертамі, тэарэтыкамі, практыкамі з Еўропы. Пэўную ролю адыграў толькі доктар Караль Якубовіч, ён быў экспертам ЕС і аўтарам дзвюх кніг пра развіццё грамадскіх СМІ ў Еўропе. Маючы гэты еўрапейскі досвед, ён рэкамендаваў рашэнні, якія грунтаваліся на мадэлі ВВС.

    Дэкларавалася, што грамадскія СМІ — гэта частка дэмакратыі, таму яны павінны функцыянаваць па яе правілах. Ніякіх мер па субсідзіраванні або фінансаванні такіх СМІ з дзяржаўнага бюджэта нават не разглядалася. Фінансаванне — за кошт абанентскай платы.

    Мае меркаванне: мадэль, якую варта пераймаць цалкам на падставе замежнага досведу — гэта фінансаванне грамадскіх СМІ з дзяржаўнага бюджэту, то-бок дэ-факта з нашых падаткаў.

    Літоўскі медыяэксперт: Стварыць грамадскае тэлебачанне ў краіне, дзе не было такіх традыцый, надзвычай складана

    — У выніку якая мадэль фінансавання была абрана ў Польшчы? 

    — Абраная мадэль спалучала даходы ад абаненскай платы, гэта як дэманстрацыя прыхільнасці аўдыторыі, так і даходы ад рэкламы. Падчас праўлення PiS дадалося яшчэ фінансаванне з бюджэту. 

    — І зараз ідуць размовы, каб яе змяніць… 

    — Цяперашняя мадэль фінансавання прымушае грамадскія СМІ пашыраць камерцыйны складнік, бо даходы ад абанентскай платы нізкія. Збор плацяжоў у межах статыстычнага хібу. Няма інструментаў спагнання гэтых збораў, хоць таблоіды ўвесь час пішут пра праверкі і штрафы. Гэта няпраўда.

    У асноўным таму што спагнанне абанентскай платы не падпадае пад прымусовае выкананне, паколькі мы можам глядзець  праграмы грамадскага тэлебачання на іншых носьбітах апроч тэлевізара. Дзеючае заканадаўства не паспявае за тэхнічным прагрэсам.  Уведзенае PiS  бюджэтнае фінансаванне паглыбіла залежнасць грамадскіх СМІ ад палітыкаў.

    Па польскіх законах, кожны жыхар краіны, за выключэннем ільготных катэгорый, абавязаны аплачваць абаненцкую плату за любое выкарыстанне радыё або тэлевізара.  У 2024 і 2025 гадах плата складае: за радыё — 8,70 злотых у месяц; за тэлевізар — 27,30 злотых. За ўхіленне ад адплаты паграже штраф.  

    Рэформа: грамадскі інтарэс vs палітычны кантроль

    — Крызіс, што зараз адбываецца з грамадскімі медыямі ў Польшчы, выкліканы тым, што грамадскія медыя на працягу ўсяго перыяду з 1989 года разглядаліся, у той ці іншай ступені, усімі палітычнымі сіламі ў Польшчы як інструмент умацавання ўлады. Асабліва прыкметнае ўзмацненне негатыўных элементаў гэтага працэсу адбылося ў перыяд праўлення партыі PiS.

    — Да чаго прывядзе гэты крызіс і ці пойдзе ён на карысць грамадскім медыя?

    — У цяперашні час грамадскія СМІ ў Польшчы, тэлебачанне і радыё, павінны быць рэфармаваны. Тое, што яны знаходзяцца на стадыі ліквідацыі, не з’яўляецца выключна элементам палітычнай барацьбы паміж кіруючай кааліцыяй і партыяй PiS. Гэтае следства дысфункцыянальнасці гэтых медыя ў папярэдняй сістэме.

    На падставе праектаў, апублікаваных у выглядзе грамадзянскіх ініцыятыў ці прапаноў парламенцкіх камісій, мы бачым, што ёсць розныя меркаванні наконт лёсу рэгіянальных радыёстанцый. Ці варта іх захоўваць, а можа, трэба аб’яднаць, напрыклад, стварыць рэгіянальныя радыёстанцыі на аснове аб’яднання некалькіх ваяводскіх станцый. Гэта дастаткова фундаментальныя змены, якія паўплываюць на склад Нацыянальнай Рады па радыё і тэлебачанні.

    Склад самой Рады павінен быць пашыраны да некалькіх дзясяткаў сябраў  і абірацца не толькі палітычнымі інстытутамі (Сеймам, Сенатам, прэзідэнтам), але і аб’яднаннямі грамадскай супольнасці, мясцовым самакіраваннем, галіновымі арганізацыямі, такімі, як да прыкладу, Асацыяцыі вышэйшых навучальных устаноў. Гэта змагло б  ўраўнаважыць уплыў палітычнай сферы і ўзмацніць ўплыў грамадскай.

    Нацыянальная Рада павінна складацца ў асноўным з медыяэкспертаў, тэарэтыкаў медыя і спецыялістаў з досведам працы, у тым ліку ў Еўрапейскім Саюзе. Уключэнне ў яе практыкаў са сферы медыя можа быць дапушчальна толькі пры адсутнасці канфлікту інтарэсаў.

    Калі ў складзе Нацыянальнай Рады знаходзяцца асобы, якія адначасова кіруюць медыямі або палітычна падтрымліваюць якую-небудзь сілу, то ўжо складана казаць пра аб’ектыўнасць прыняцця рашэнняў. Цяперашнія спрэчкі пра абанентскую плату, ліквідацыю рэгіянальных радыё- і тэлевізійных станцый пацвярджаюць палітызацыю працы Нацыянальнай Рады па радыё і тэлебачанні. 

    Крызіс грамадскіх СМІ ў Польшчы: ці дапаможа рэформа?

    Маніфестацыя ў падтрымку свабоды слова і плюралізму меркаванняў перад будынкам TVP, снежань 2023 года. Фота: TVP

    — Ці патрэбны ў сучасным грамадстве такі інстытут, як грамадскія СМІ? Ці могуць яны выконваць сваю функцыю ў эпоху развіцця новых медыяў?

    Медыйнай сістэме проста неабходныя СМІ, што не арыентуюцца на прыбытак і  вольныя ад палітычнага ўплыву. Толькі такія СМІ могуць выконваць задачы, недаступныя камерцыйным медыя, кшталту папулярызацыі нацыянальнай ідэнтычнасці, культурнай спадчыны, культуры і творцаў. 

    Існаванне грамадскіх СМІ — гэта абавязак улады перад грамадзянамі, свайго роду грамадская дамова. У праекце рэформы грамадскіх медыяў яны вызначаюцца як «аб’ектыўная публічная сфера абмену думкамі з павагай да альтэрнатыўных поглядаў і павагай да вяшчальніка». Грамадскія СМІ павінны існаваць і не могуць быць заменены ні сацыяльнымі сеткамі, ні камерцыйнымі медыямі, бо ў іх розныя мэты і інтарэсы. 

    Публічныя медыя існуюць для таго, каб грамадзянін мог атрымліваць надзейную, правераную і вартую даверу  інфармацыю, як інтэрпрэтаваць свет і падзеі, што адбываюцца. Такім чынам, яны прадухіляюць крызіс дэмакратыі. Яны таксама іграюць важную ролю ў крызіснай камунікацыі, напрыклад, падчас вайны ці паводак.    

    Якія могуць быць альтэрнатывы? У абмежаванай ступені гэтыя функцыі могуць выконваць сацыяльныя медыя, якія належаць грамадскім арганізацыям, рэлігійным аб’яднанням ці дзяржаўным адукацыйным установам . Аднак іх уплыў на аўдыторыю вельмі абмежаваны.

    Беларусь: важна зрабіць так, каб грамадскія медыі не асацыіраваліся з дзяржаўнымі 

    — Існаванне грамадскіх СМІ непарыўна звязана з існаваннем дэмакратычнай сістэмы: без сапраўднага дэмакратычнага ладу гэта заўсёды будуць дзяржаўныя медыя, якія кіруюцца, фінансуюцца і рэалізуюць інтарэсы недэмакратычных урадаў.

    Мы не ведаем, у якім кірунку будуць развівацца палітычныя і сацыяльныя змены ў Беларусі, і, адпаведна, якія грамадскія і культурныя патрэбы будуць прад’яўляць грамадзяне да медыя. Мне падаецца, што самай важнай задачай будзе змяніць успрыняцце, каб людзі не асацыіравалі грамадскія медыя з дзяржаўнымі і каб разумелі, што гэта не прапагандысцкі рэсурс.

    Неабходныя якасныя змены.  І гэта, апроч усіх структурных пераўтварэнняў, будзе ключавой задачай — пераканаць людзей, што тэлебачанне і радыё не хлусяць, што яны незалежныя ў сваёй праграмнай палітыцы.

    Ці можна ўзаконіць такую ​​праграмную незалежнасць? Безумоўна, можна замацаваць яе на заканадаўчым узроўні, але яшчэ больш важна, каб усведамленне каштоўнасці якаснай і незалежнай журналістыкі ішло «знізу». У спрэчцы, ці павінны мы прыстасоўвацца пад аўдыторыю або выхоўваць яе, трэба прытрымлівацца другога падыходу: выхоўваць. Неабходна змяніць у людзей ўспрыняцце медыяў, а затым укараняць мадэль грамадскіх СМІ.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці