• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Марыя Эйсмант: Пасля публікацыі Вярхоўны суд вярнуў кватэру сіротам

    Да 3 мая, Сусветнага дня свабоды прэсы, наш сайт публікуе гісторыі калег пра тое, як іх праца дазволіла змяніць рэчаіснасць у лепшы бок – дапамагла заўважыць і вырашыць жыццёвую праблему, паўплываць на рашэнні ўладаў. Адным словам – дала адчувальны плён.

    Сённяшняя гісторыя – ад журналісткі газеты “Народная воля” Марыі Эйсмант.

    Гісторыя першая

    – Адзін з першых маіх матэрыялаў, які рэальна дапамог людзям і які ўзгадваецца дагэтуль, пісаўся  яшчэ ў пачатку 2000‑х.

    Гэта быў артыкул пра сясцёр-сірот, у якіх дзяржава адбірала аднапакаёвую кватэру бацькі. Так атрымалася, што бацькі дзяўчынак памерлі ў адзін год. Мама згарэла ад раку, бацька памёр ад сухотаў, на якія пакутаваў некалькі гадоў. Будучы хворым, ён развёўся з жонкай і жыў асобна ад сваёй сям’і ў аднапакаёвай кватэры. За некалькі дзён да смерці мужчына заняўся пытаннем прыватызацыі кватэры, якую хацеў пакінуць малодшай дачцэ. Але давесці працэдуру прыватызацыі да канца ён не паспеў. Выканкамаўскія чыноўнікі вырашылі: паколькі кватэра дзяржаўная – значыць, і належаць пасля смерці гаспадара павінна дзяржаве.

    Цётка дзяўчынак спрабавала адстаяць правы сірот на кватэру праз суд. Але і суд вырашыў кватэру пакінуць дзяржаве. А пасля маёй публікацыі ў “Народнай волі” Вярхоўны суд усё ж адмяніў рашэнні папярэдніх судовых інстанцый. Чыноўнікі ўзгадалі пра правы дзяцей, і сёстрам-сіротам вярнулі кватэру бацькі.

    Гісторыя другая

    Яшчэ адна «кватэрная» гісторыя была пра шматдзетную сям’ю з Мінскага раёна. Сяргей і Наталля Якубоўскія пераехалі ў Дубаўляны з Гомельскай вобласці. Маладую сям’ю часова пасялілі ў будынак старой школы, які нават нідзе не лічыўся на балансе. Пабудова была 19 стагоддзя, з дзіркамі ў сценах, без цэнтральнага ацяплення і г. д. За 7 гадоў сям’я павялічылася да 6 чалавек (Якубоўскія выхоўвалі чатырох дзяцей) і справядліва прасіла мясцовыя ўлады дапамагчы ў вырашэнні жыллёвага пытання. Але далей абяцанняў справа не ішла.

    “Народная воля”, можна сказаць, была іх апошняй надзеяй.

    Я з’ездзіла ў Дубаўляны, напісала артыкул. І гэта спрацавала – літаральна праз тыдзень пасля публікацыі ў “Народнай волі” ў доме Якубоўскіх зазваніў тэлефон. Тэлефанавалі з Бараўлянскага сельскага савета, прапанавалі шматдзетнай сям’і стаць на чаргу на кватэру. А яшчэ праз паўгода яны атрымалі ільготны крэдыт – пад 1 працэнт гадавых на 40 гадоў. Ужо гадоў 5 як Якубоўскія жывуць у чатырохпакаёвай уласнай кватэры.

    Гісторыя трэцяя

    Былі ў маёй журналісткай практыцы і артыкулы з працягам.

    У 2010 годзе я пісала матэрыял пра тое, як ашуканцы завалодалі трохпакаёвай кватэрай у цэнтры Мінска. У ёй пражываў самотны інвалід 1 групы па псіхзахворванні, апекуном у яго была цётка. Яна трапіла ў бальніцу, і за 2 тыдні з дапамогай мясцовага ўчастковага чорныя рыэлтары “прыбралі” гэтую кватэру да рук.

    Сваякі быццам бы своечасова спахапіліся, звярнуліся ў міліцыю, але іх там ніхто не стаў слухаць. І пакуль яны хадзілі па кабінетах, кватэру ўжо 2 разы паспелі перапрадаць. І тады дзядзька пацярпелага Юрый Корчык звярнуўся ў “Народную волю” ў надзеі, што, калі гэтая гісторыя атрымае агалоску, кватэру яны змогуць вярнуць.

    Выйшаў мой артыкул. Але тады гэта не дапамагло.

    У 2012 годзе ў Беларусі стварыўся Следчы камітэт, і Корчык з артыкулам “Народнай волі” звярнуўся туды. Следчыя зацікавіліся і публікацыяй, і гэтай гісторыяй.

    Аказалася, што СК вёў следства пра кватэрныя аферы. У распрацоўцы была група махляроў, якія на працягу некалькіх гадоў падманным шляхам адбіралі ў людзей кватэры і грошы. Сярод пацярпелых было 36 чалавек. Як потым высветлілася, гэтая ж група завалодала і кватэрай Аляксея Краўцова. Пазней, калі быў суд, на лаве падсудных быў той самы ўчастковы, з дапамогай якога гэтую аферу і пракруцілі.

    У выніку кватэру Аляксею вярнулі!

    Гісторыя чацвёртая, светлая і добрая

    Мая публікацыя дапамагла знайсціся двум сяброўкам, якія не бачыліся 20 гадоў.

    Я даведалася, што ў Мінск прыязджае Ганна Шляпнікава, дачка легендарнай Веры Харужай, у гонар якой названая адна з цэнтральных вуліц Мінска. Сустрэліся, зрабілі інтэрв’ю.

    Ганна распавядала, што пасля вайны яна жыла ў Мінску на вуліцы Энгельса і сябравала з суседскай дзяўчынкай Томай. Потым Шляпнікава пераехала ў Маскву. Амаль дваццаць гадоў сяброўкі перапісваліся, сустракаліся, а калі разваліўся Саюз, іх перапіска спынілася. А потым сяброўкі і зусім згубіліся.

    Пад інтэрв’ю мы размясцілі аб’яву аб тым, што дачка Веры Харужай шукае сваю мінскую сяброўку Тамару Дубкову. І ўжо на наступны дзень у рэдакцыю патэлефанавала народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка і распавяла, што Тамара Аляксандраўна Дубкова – вядомы ў Беларусі чалавек, заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі. А яшчэ праз дзень патэлефанавала сама Тамара Аляксандраўна…

    Так праз 20 гадоў дзякуючы журналісцкай публікацыі сяброўкі зноў сустрэліся  🙂

    З 2 па 8 мая наш сайт ладзіць Тыдзень свабоды прэсы. У межах яго мы рыхтуем цыкл публікацый пра тое, як праца журналістаў дазволіла ў лепшы бок змяніць рэчаіснасць, дапамагла заўважыць і вырашыць жыццёвую праблему, паўплываць на рашэнні ўладаў.

    Сачыце за публікацыямі на сайце і мерапрыемствамі, прысвечанымі Сусветнаму дню свабоды прэсы!

    Сусветны дзень свабоды прэсы заснаваны ў 1994 Генасамблеяй ААН. Дата 3 мая прымеркаваная да Віндхукскай Дэкларацыі, прынятай на семінары па развіцці незалежнай афрыканскай прэсы ў Віндхуку (Намібія) у 1991 годзе.

    У 1991 годзе Генеральная канферэнцыя ЮНЭСКА прыняла рэзалюцыю “Аб садзейнічанні свабодзе друку ва ўсім свеце”, паводле якой свабодная, плюралістычная і незалежная прэса з’яўляецца неад’емным складнікам дэмакратычнага грамадства.

    Штогод 3 мая з нагоды Сусветнага дня свабоды прэсы публікуецца пасланне Генеральнага сакратара ААН. З 1997 года 3 мая прысуджаецца прэмія ЮНЭСКА імя Гільерма Кана.

    Анджэй Пачобут: Спілаваныя дрэвы падалі наўпрост на вайсковыя пахаванні

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці