• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Фінляндыі журналістыка — гэта не проста прафесія, а захапленне і філасофія жыцця

    БАЖ працягвае цыкл публікацый пра досвед калег з паўночных краін. Пра летнюю працу для журналістаў, журналісцкія лецішчы ў Лапландыі, уплыў AI і GDPR гаворым з Салай Назаранка, эксперткай па міжнародных пытаннях Саюза журналістаў Фінляндыі.

    Сала Назаранка

    Сала Назаранка. Фота: Heli Saarela / UJF

    «Людзі хочуць быць часткай прафесійнай супольнасці»

    — У Саюзе журналістаў Фінляндыі Jour­nal­is­tili­it­to (або швед. Jour­nal­ist­för­bun­det — у Фінляндыі дзве дзяржаўныя мовы: фінская і шведская) каля 14 000 сябраў. Актыўна працуючых сябраў саюза — каля 9 тысяч. У наш саюз, як і ў БАЖ, уваходзяць розныя прадстаўнікі медыя: журналісты, фатографы, рэдактары кніг, перакладчыкі, работнікі кіно і тэлебачання. Саюз складаецца з 18 рэгіянальных асацыяцый, таксама ёсць Асацыяцыя фрылансераў, Асацыяцыя перакладчыкаў і іншыя.

    Наш саюз дастаткова моцны: мы прапануем юрыдычную абарону, у тым ліку ўдзельнічаем у судовых працэсах, абараняючы калег. У адрозненне ад вашай сітуацыі ў Беларусі, мы працуем у сваёй краіне, і наша заканадаўства абараняе і журналістаў. У Фінляндыі журналістыка — гэта не проста прафесія, а захапленне і філасофія жыцця. Людзі хочуць быць часткай прафесійнай супольнасці, дзе можна мець зносіны з калегамі і працаваць над паляпшэннем умоў працы, таму далучаюцца да нас.

    — Вы сказалі пра судовыя працэсы. Ваша праца — гэта пераважна юрыдычная абарона?

    — Юрыдычная абарона і калектыўныя дамовы. Нашы юрысты і прэзідэнт саюза вядуць перамовы з працадаўцамі пра заробкі, адпачынкі і агульныя правы супрацоўнікаў. Калектыўныя дамовы — гэта амаль галоўнае, што мы робім. Цяпер мы працуем з фрылансерамі, каб яны таксама маглі кансультавацца наконт ганарараў. Абарона працоўных правоў і свабоды слова — галоўныя мэты.

    Акрамя таго, для сябраў саюза ёсць розныя льготы і магчымасці. Напрыклад, у нас ёсць лецішчы ў Лапландыі, якімі могуць карыстацца калегі. Праўда, цяпер мы іх прадаём, — смяецца Сала. — Хочам накіраваць сродкі ад іх продажу на больш актуальныя задачы. Таксама сябры саюза атрымліваюць зніжкі на музеі і тэатры, удзельнічаюць у трэнінгах і прафесійным навучанні, могуць атрымліваць гранты ад Фонду абароны журналісцкай культуры.

    — Пасля палітычнага выгнання з Беларусі мы ў БАЖ адмянілі абавязковыя ўнёскі для сябраў. Нам без іх складана, але і людзям сёння цяжка. А наколькі вялікія сяброўскія ўнёскі ў вашым саюзе?

    — Для працуючых супрацоўнікаў — 1,4 % ад заробку (напрыклад, з 4000 еўра заробку ў месяц — 56 еўра ў месяц). Фрылансеры плацяць 22 альбо 39 еўра ў месяц у залежнасці ад формы працы. Калі чалавек не працуе, ён усё роўна павінен плаціць.

    — Сёння ў Беларусі мала ахвотных займаць кіроўныя пасады ў журналісцкіх арганізацыях — недахоп сродкаў, крымінальны пераслед, нізкія заробкі. А як у Фінляндыі, моцная канкурэнцыя за пасаду кіраўніка саюза?

    — На пасаду прэзідэнта саюза ёсць канкурэнцыя, бо гэта дастаткова прэстыжная і добра аплатная пазіцыя. Гэта галоўны чалавек, які павінен абараняць людзей на працоўных месцах.

    Будынак, дзе месціцца офіс Саюза журналістаў,. фота journalistiliitto.fi

    Будынак, дзе месціцца офіс Саюза журналістаў. Фота journalistiliitto.fi

    Што да сябраў праўлення, то іх ганарар — гэта невялікія грошы, за якія ім даводзіцца шмат чытаць дакументаў, удзельнічаць, выдаткоўваць свой вольны час. Туды не так лёгка знайсці людзей, як раней. Вядома, заўсёды знойдзецца чалавек дзесяць–дванаццаць, колькі там трэба, але раней людзі галасавалі, ішла сапраўдная барацьба за месцы, цяпер такога няма.

    Цяпер увогуле рынак працы змяніўся, у людзей значна менш часу, яны вельмі занятыя, ім вельмі цяжка знайсці яго. Калі ты працуеш, напрыклад, у навінах, у цябе няма магчымасці ўдзельнічаць яшчэ ў чымсьці.

    «Журналістыку як важную частку дэмакратыі падтрымліваюць нават апаненты»

    — Наколькі прэстыжная прафесія журналіста ў Фінляндыі?

    — Прэстыжнасць журналістыкі ў Фінляндыі знізілася ў параўнанні з 1990-мі гадамі — гэта глабальная тэндэнцыя, ёсць атакі на журналістаў. Але прафесія па-ранейшаму папулярная, моладзь хоча вучыцца на журналістаў. Палітыкі часам крытыкуюць журналістаў, але ў цэлым у Скандынавіі сітуацыя лепшая, чым у іншых краінах: многія падтрымліваюць журналістыку як важную частку дэмакратыі. Нават апаненты.

    — У Беларусі ўлада фактычна крыміналізавала крытыку ў прэсе. Чаму ў Фінляндыі палітыкі лічаць медыя важнымі?

    — Фінляндыя традыцыйна дзяржава высокага даверу. Людзі давяраюць інстытутам, высокая медыяграматнасць, добрая сістэма адукацыі. Але ёсць і папулісцкія групы, якія гэтак жа, як паўсюль, кажуць пра журналістаў, што яны камуністы ці хлусы, пішуць няпраўду, што ў іх ёсць замоўцы. Але я мяркую, што на сёння пакуль усё добра.

    І журналісты самі адукаваныя людзі, якія ведаюць, як добра рабіць сваю працу. Плюс ёсць добрае, якаснае этычнае самарэгуляванне. Ёсць Рада па масмедыя, у якую ўваходзяць усе сродкі масавай інфармацыі. Калі ёсць парушэнне журналісцкай этыкі, можна накіраваць скаргу. Можна падаць скаргу і ў само медыя, пачаць грамадскую дыскусію.

    — У Беларусі журналісты дзяржаўных СМІ часта карыстаюцца прывілеямі, пасведчанне журналіста дзяржаўнага СМІ можа вырашаць многія непрафесійныя пытанні. Ці ёсць нешта падобнае ў Фінляндыі?

    — Ні ў якім разе, гэта было б супраць прафесійнай этыкі. Ведаеце, у нас з прэс-картай, напрыклад, бясплатны ўваход у музеі. І людзі нават пра гэта кажуць, што так не павінна быць.

    Выкарыстоўваць жа сваю прафесійную пасаду для вырашэння ўласных пытанняў — гэта карупцыя, гэта недапушчальна. Як і ціснуць на журналістаў.

    Не забыць ніводнага, хто за кратамі. У Хельсінкі адкрылі стэнд пра калег за кратамі і размаўлялі пра падтрымку Беларусі

    Напрыклад, нядаўна я атрымала ліст ад амбасады адной азіяцкай дзяржавы: у іх будзе канферэнцыя пра штучны інтэлект. Вельмі цікавая канферэнцыя ў цікавым месцы, і яны хацелі б запрасіць туды фінскіх журналістаў. Яны былі гатовыя аплаціць праезд, харчаванне і пражыванне ў абмен на тое, што журналісты будуць пісаць пра гэтую канферэнцыю.

    І я адказала, што гэта немагчыма: нельга патрабаваць ад журналіста нейкі матэрыял. Вялікія медыя ўвогуле не дазваляюць журналістам ехаць кудысьці за чужы кошт — у нас строгія этычныя правілы.

    «Газеты не могуць выжываць, калі яны не супрацоўнічаюць»

    — Як уладкаваны медыярынак Фінляндыі?

    — У Фінляндыі вельмі сканцэнтраваная прэса. Ёсць тры вялікія кампаніі — медыягрупы, якія манапалізуюць рынак. Мясцовыя, маленькія газеты практычна ўсе ўваходзяць у гэтыя холдынгі. Рэкламны рынак змяніўся настолькі моцна, што сёння газеты не могуць выжываць, калі яны не супрацоўнічаюць.

    Звычайна ў холдынгу ёсць нейкая вялікая газета, матэрыялы якой могуць публікаваць у сябе мясцовыя выданні. Ёсць крытыка, што кантэнт такіх медыя стаў аднолькавым. Але,на маю думку, на сённяшні момант лепш так, чым каб гэтых выданняў увогуле не было.

    Таксама ёсць грамадскае тэлебачанне — Yle. Там таксама адбыліся дастаткова сур’ёзныя скарачэнні ў мінулым годзе: дзяржава скараціла фінансаванне, звольнілі больш за сто журналістаў.

    Ёсць і камерцыйныя каналы, якія цяпер таксама ў цяжкасцях. Напрыклад, MTV3 — гэта найбуйнейшая прыватная тэлекампанія Фінляндыі, у мінулым годзе яна была прададзеная шведскаму бізнесу.

    MTV3. Скрыншот сайта

    Так што фінансавая сітуацыя на рынку даволі складаная, але тым не менш грамадска-палітычных, мясцовых выданняў у Фінляндыі ўсё яшчэ больш за 200. Для маленькай краіны гэта, на мой погляд, дастаткова добрая лічба.

    — Якія праблемы ў саміх журналістаў?

    — Нестабільнасць працоўных месцаў, стрэс, цкаванне ў сацыяльных сетках, выгаранне, высокія патрабаванні і нізкія заробкі. Для медыякампаній — змяненне рэкламнага рынку, недахоп даходаў. Барацьба з пагрозамі ў інтэрнэце ідзе павольна, паліцыя рэагуе недастаткова хутка.

    — Вы сказалі, што журналісты атрымліваюць паведамленні з пагрозамі, адбываецца цкаванне ў інтэрнэце. Гэта пагрозы, проста крытыка, уварванне ў прыватнае жыццё? Наколькі грамадства з гэтым змагаецца?

    — Так, мы змагаемся. Некаторыя палітыкі таксама змагаюцца, але некаторыя і самі ад гэтага пакутуюць. Паліцыя, на мой погляд, пакуль што не ўспрымае гэта настолькі сур’ёзна, як мусіла б, працэсы расследавання вельмі павольныя. Калі на цябе нападалі ў інтэрнэце за тваю прафесійную дзейнасць, пагражалі табе, то, паводле нашага заканадаўства, паліцыя павінна гэта расследаваць і пачаць працэс. Але гэта адбываецца вельмі павольна і рэдка заканчваецца рэальным судовым разглядам.

    «Летняя праца» для журналістаў

    — Я чуў, што ў вас ёсць «летняя праца» для журналістаў. Як гэта ўладкавана?

    — Многія рэдакцыі ў Фінляндыі летам наймаюць на працу журналістаў-студэнтаў — у той час, калі асноўны супрацоўнік у адпачынку. Гэта пачатак кар’еры для маладых журналістаў, калі яны могуць практыкавацца ў медыя і атрымліваць заробак.

    Раней некаторыя выданні адкрывалi вакансіі на лета вельмі рана, яшчэ ў лістападзе, загадзя «забіралі» сабе нейкіх студэнтаў — гэта было крыху несправядліва. Таму мы дамовіліся з кампаніямі пра аднолькавыя тэрміны, каб гэта было канкурэнтна для ўсіх і зручна для маладых журналістаў, бо менавіта летняя праца часта становіцца пачаткам кар’еры.

    — Беларускія незалежныя медыя працуюць у выгнанні, але нават у такіх умовах яны стварылі сістэму этычнага самарэгулявання. У Фінляндыі ў гэтым плане ёсць шматгадовыя традыцыі. Як уладкавана этычнае самарэгуляванне?

    — У Фінляндыі ёсць Рада па медыя, яна складаецца з прадстаўнікоў розных медыя, абіраецца на адкрытай аснове. Рада разглядае скаргі на парушэнне журналісцкай этыкі. Любая асоба можа падаць скаргу. Калі этыка парушаная, СМІ абавязаны апублікаваць рашэнне Рады ў тым жа аб’ёме, што і першапачатковы матэрыял.

    Частыя выпадкі: схаваная рэклама, абарона прыватнага жыцця, выкарыстанне сацыяльных сетак, аўтарскія правы. Вельмі часта звароты тычацца выкарыстання фотаздымкаў, узятых з сацыяльных сетак. Паводле нашага заканадаўства, нельга проста ўзяць чыёсьці фота з Insta­gram і апублікаваць у сябе.

    Фінская журналістка: Беларуская гісторыя стала для мяне вельмі асабістай

    Літаральна памятаю выпадак з Кімі Райканенам, пілотам «Формулы‑1», фотаздымак якога выкарыстала медыя. Медыякампаніі потым давялося заплаціць яму за аўтарскія правы.

    Узнікаюць і новыя этычныя пытанні. Напрыклад, ці варта расказваць чытачу, дзе і як выкарыстоўваўся штучны інтэлект пры падрыхтоўцы матэрыялу? На сёння ўсе журналісты звяртаюцца да ШІ як да памочніка. Няма такога, каб цэлыя гісторыі, цэлыя журналісцкія матэрыялы пісаліся толькі ім. Але гэтая новая тэхналогія ўжо адыгрывае вялікую ролю ў рэдакцыях, і гэта таксама этычны выклік.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.