• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сяргей ЗАКОННІКАЎ: “Бог дае толькі іскрынку. Каб полымя творчасці ахапіла душу, трэба самому развівацца”

    Можна сказаць, што гэта творчае крэда журналіста, публіцыста, паэта і ганаровага сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Сяргея Законнікава.

    Іскрынка гэта з’явілася ў яго душы яшчэ ў школе, калі пісаў артыкулы ў раённую ды абласную газету “Віцебскі рабочы”. А полымя супраціву фанабэрыстасці ды хлусні, думаю, занялося яшчэ тады, калі яго, дзевяцікласніка, пачалі цкаваць былыя камандзіры партызанскіх брыгад. Бо напісаў малады селькор нарыс пра дзяўчыну-падпольшчыцу, якую фашысты закатавалі, а тых камандзіраў не ўзгадаў… Бо гэта “патрыятычнае дзяўчо”, як лічыў Законнікаў, выхавалі бацькі, а не яны.

    Калі вучыўся на філфаку ў Мінску, пісаў у рэспубліканскую прэсу. Але і тут сутыкнуўся з фарысействам, калі ідэалагічныя халуі сфабрыкавалі на яго данос. Законнікава нават з камсамола хацелі выключыць. Але малады журналіст усё перажыў і стаў вядомым паэтам. А халуі так і засталіся халуямі. Хаця нерваў Законнікаву папсавалі не дай божа. Нешта падобнае ў яго жыцці паўтарылася і ў даволі сталыя гады. Скажыце, а дзе вы бачылі журналіста ці пісьменніка, які адстойвае справядлівасць ды крытыкуе прыкарытнікаў, якога б улада не цкавала?

    Толькі не счарствеў душой паэт, не азлобіўся, дагэтуль не згубіў пачуццё гумару. З адной такой гісторыі мы і пачалі размову.

    Пра сіцылійскую мафію і фестываль

    — У верасні 1984 года дэлегацыя ад Саюза пісьменнікаў СССР паехала на паэтычны фестываль у Італію, у Палерма. Нас размясцілі на беразе заліва Мандэла. Дарэчы, я там разам з дэлегацыяй адзначаў свой дзень нараджэння. А чым я іх частаваў?! Тады ў Саюзе былі вельмі папулярныя “Белавежская”, “Зуброўка”. А яшчэ я прывёз нашых вэнджаных каўбас і вэнджаных ляшчоў, якія былі вялікія, залацістыя і ўсе іх упадабалі.

    — Гэта быў міжнародны фестываль?

    — Так, там былі маладыя пісьменнікі і паэты з усяго свету. І спансіраваў гэты фэст вельмі вядомы ў Італіі адвакат Ленціні. Ён ўкладаў фінансы ў правядзенне музычных, тэатральных, паэтычных фестываляў. Як потым высветлілася, сіцылійская мафія такім чынам адмывала горошы. Прымалі нас вельмі добра, мы жылі ў шыкоўным гатэлі, дзе нумары былі… я проста больш не бачыў такой раскошы. Але! Што самае цікавае, у кожным нумары стаяла па дзве лядоўні: у адной была ежа, у другой — розныя напоі. І гаспадары забыліся сказаць гасцям, што ўсім гэтым можна карыстацца і не трэба плаціць. А мы ж савецкія, лішняй капейчыны ў нас не было. Нам тады памянялі, помню, трыццаць савецкіх рублёў на кішэнныя расходы — дробязь, і мы проста баяліся нешта ўзяць.

    На развітанне гэты Ленціні дае нам абед у шыкоўным рэстаране на беразе заліва. І тут ён даведаўся, што ў гатэлі ніхто з савецкіх пісьменнікаў ні да чаго не дакрануўся. Адвакат вельмі пакрыўдзіўся, маўляў, я з усёй душою да вас, а вы?! Што за дэмарш такі, відаць, гэта палітычная акцыя. Тут усе засмяяліся: раней бы нам сказалі, дык усе лядоўні былі б пустыя!

    Але самае цікавае, што гэты сіцылійскі адвакат быў звязаны з мафіяй. Пацвярджэнне гэтаму мы атрымалі ў перадапошні дзень нашага знаходжання на Сіцыліі. Нас павінен быў прыняць мэр Палерма і мы рыхтаваліся да гэтага, у нас сувеніры былі. Прыйшлі ў мэрыю, а нам кажуць: пачакайце хвіліначку, з’явілася невялікая накладачка. Потым паведамілі, што трэба яшчэ крыху пачакаць і нас прыме не мэр, а яго намеснік па культуры. Урэшце сустрэліся, усё было добра. Аднак пасля сустрэчы з’явілася нейкае адчуванне, што нешта тут не тое. Тады на Сіцыліі мы так нічога і не дазналіся. І толькі ў Мінску, дзён праз восем пасля майго вяртання, я ўключыў праграму “Час”, дзе ўбачыў рэпартаж з Італіі. Толькі тады я даведаўся, што ў той дзень былі арыштаваны, здаецца, 34 чалавекі з кіраўніцтва Палерма. Ад мэра і ўсіх яго намеснікаў да суддзяў, пракурораў і г. д.

    Пра загартаванае каханне і бульбачку

    Неўзабаве ў пакой, дзе мы размаўлялі, далікатна ўвайшла Лілія Рыгораўна, жонка Сргея Іванавіча. Прапанавала зрабіць перапынак і пакаштаваць блінцоў з варэннем ды смятанай. Ды з такой шчырай, прыгожай усмешкай, што адмовіцца было немагчыма. У гасцях у Законнікавых я быў упершыню, аднак адчуваў сябе вельмі ўтульна. І не таму, што блінцы былі даволі смачныя, прыгатаваныя, як кажуць, з душой. У стасунках паміж Законнікавымі была адкрытасць, павага адзін да аднаго і цеплыня. Натуральныя, не паказушныя. Яны пранеслі і збераглі гэтыя пачуцці праз дзесяцігоддзі. З таго дня, як пазнаёміліся, як сталі маладымі спецыялістамі і пачалі працаваць у вясковай школе.

    — Ліля тады была цяжарная, — расказвае Сяргей Іванавіч. — Таму на кватэру нас не хацелі браць. Быў канец верасня пачатак кастрычніка, а мы на гарышчы спім. Прасыналіся — іней на галовах… Было і такое. І мы прайшлі з ёй усю гэту неўладкаванасць. Ліля заўсёды гаварыла: «Як ты лічыш патрэбным, так і рабі».

    Нават тады, калі ўзнікла пытанне паляпшэння нашага быта. Неяк  кватэру мне прапанавалі і сказалі: “Ідзі працаваць у райком камсамола. Калі не пойдзеш, не дадзім нават той аднапакаёўкі, якую абяцалі”. Я тады працаваў у раённай газеце і мясцовы райвыканкам хацеў выдзеліць мне жытло. Быццам усё ўжо было вырашана. Аднак першы сакратар райкома партыі сказаў: “Калі не пойдзеш  сакратаром у райком камсамола, то ніякай кватэры ты не атрымаеш. А пойдзеш — вось!…” Ён паказаў мне ключы ад кватэры. І даў мне суткі на роздум. Я адказаў: «Добра, пайду, параюся з жонкаю». Прыйшоў дахаты і кажу: вось такія справы… А я не хацеў ісці ў райкомаўцы, бо адчуваў, што не маё гэта. Я ж займаўся журналістыкай і лічыў гэта нармальнай справай. Да ўсяго вершы пісаў… А мне мая жонка кажа: «Сяргей, не хочаш — не ідзі. Неяк пераб’емся. Ну не дадуць кватэру, — будзем жыць на прыватнай. Галоўнае — ты сябе не гвалці, калі душа не ляжыць…» А я кажу: “Ведаеш, Ліля, у такой сітуацыі мы з табой доўга будзем пакутаваць без свайго вугла. Вось-вось у нас з’явіцца дзіця малое, што тады будзе? Мабыць, дзеля гэтага я патрываю ў тым райкоме…” Прыходжу да першага сакратара райкома партыі, а ён устае з‑за стала і ўсміхаецца, адчувае прайдзісвет… Кажа: “Давай далонь!” І… бац! Аддае мне ключы ад кватэры. Маўляў, ідзі, засяляйся! Вось так атрымалася. Бо трэба было дзіця падымаць.

    — Рознае давялося вам  перажыць. Скажы, а суп ты зможаш прыгатаваць?

    — Магу боршч, шчы і не толькі… Справа ў тым, Валодзя, што я вырас у сям’і, дзе было пяцёра дзяцей. Плюс бацька і маці — гэта сем, сем “я” — сям’я. І яшчэ бабуля, то бок восем чалавек. Гэту сям’ю трэба было накарміць. І ў пасляваенны час, і пазней — у 1950‑я гады не так проста гэта было зрабіць. З усім было цяжка, не кажу ўжо пра абутак і адзежу. Хоць і была сям’я настаўнікаў — маці ў малодшых класах выкладала, бацька — у старэйшых і дырэктарам школы быў доўгі час. Тым не менш, мы не качаліся, як сыр у масле, а шмат працавалі. Я працаваў у лясніцтве, рабіў у саўгасе, працаваў грузчыкам, калі вучыўся ў 9–10 класе. Да ўсяго ў такой вялікай сям’і кожны займаецца яшчэ і хатнімі справамі: адзін падмятае падлогу, другі нарыхтоўвае дровы, трэці носіць ваду, чацвёрты топіць печ, пяты корміць усю жыўнасць – гэта качкі, гусі, трусы, карова, цяляты, свінні і авечкі… А яшчэ я быў заядлым рыбаком і забяспечваў сям’ю рыбай. Ранічкай устаем, маці доіць і выганяе на пашу кароў, а я іду з вудай на свае азёры. Нацягаю краснапёрак, плотак. Прыхаджу дахаты і мы з мамай на кладцы чысцім гэту рыбу. Кладзем на тры-чатыры патэльні і ў рускую печ, якая зранку ўжо гудзіць, бо бульба варыцца. А пасля снедання ідзем у школу. Так што гатаваць я вучыўся каля мамы, нават вучыўся пячы хлеб.

    — Сяргей Іванавіч, ёсць такая крылатая фраза, што мастак павінен быць галодным. Магчыма, у гэтым ёсць пэўная доля праўды. Бо абласканы і закормлены творца можа стаць тлустым і згубіць нюх. Вочкі заплываюць і ён ўжо не ў стане разгледзець рэчаіснасць. А табе калі-небудзь даводзілася ў жыцці калі не галадаць, то эканоміць на хлебе?

    — Магу сказаць, што ў маленстве, хоць і працавалі ўвесь час, аднак недаядалі. І гэта не толькі наша сям’я, а ўся Беларусь. Я пра гэта таксама пісаў. Голад і галадамор быў жа і пасля вайны, толькі пра гэта ў нас не гавораць. Бо на Беларусі не так ужо і салодка жылі: бульбачка выручала, агурок ды капуста. Аднак усё гэта было ў вельмі і вельмі абмежаванай колькасці. Як было ў нашай сям’і? Сядаем за стол, дзе стаіць чыгун бульбы і нейкая квашаная капуста. Шкварка была толькі ў святы, як і мяса. І тая рыба, якую я лавіў, была добрай падтрымкай нашага сялянскага стала.  

    — А ў больш сталыя гады?

    — У сталыя гады я стараўся зарабляць, нават калі быў студэнтам. Стараўся, каб былі хоць якія невялічкія ганарары. Яшчэ ж адначасова вучыліся мае сястра і брат, яны былі на малодшых курсах, і я тыя капейкі, што зарабляў, дзяліў. Канечне, і бацькі нам дапамагалі.

    Потым я скончыў універсітэт і настаўнікам працаваў. Выкладаў мову, літаратуру і нават гісторыю для 4‑га класа. Тады не хапала настаўнікаў у Барысаўскім раёне. Жылі мы з Ліляй, калі ажаніліся, не надта багата. Бывала, што ад зарплаты і да зарплаты, здаралася, і пазычалі крыху. Аднак не было такога, каб надта галадалі.

    Пра сухары і медаль “За выратаванне тапельцаў…”

    — На жаль, вельмі цяжкі перыяд быў з 2002 па 2006 год, калі пачала падкрадацца старасць. Пакуль я не атрымаў пенсію, гэтыя чатыры гады былі жахлівыя. Магчыма, некаму цяжка гэта ўявіць, але ў нас былі такія моманты, калі ў доме не было нават хлеба свежага. Мы бралі з Ліляй нарыхтаваныя сухары з мяшэчкаў, размочвалі і елі. Тады нам не было дзе зарабіць, а пазычаць у кагосьці ці ісці прасіць у дзяцей… мы ніколі на гэта не пойдзем. Мы стараліся выжываць самі. Я стараўся зарабіць рознымі шляхамі, але зрабіць гэта было вельмі цяжка.

    У той час я абыйшоў 32 розныя ўстановы ды прадпрыемствы ў пошуках працы, але мяне нідзе не прынялі, бо я быў уключаны ў “чорны спіс”. На сённяшні дзень я пабываў у пяці “чорных спісах” і не ведаю, колькі з іх скасавалі, а колькі яшчэ дзейнічаюць. Проста адчуваю, што ў некаторых спісах я па сённяшні дзень лічуся. А тады быў самы разгар “чорнасоценьства”, калі мяне звольнілі і закрылі часопісы “Нёман” і “Полымя” і арганізавалі “творчы калгас”, які ўзначаліў чалавек, які не ведаў, дзе ў часопісе друкуюцца выхадныя дадзеныя… Пасля гэтага чатыры гады я і быў у такім цяжкім стане.

    — Стаў апальным паэтам?

    — Не, Валодзя, тут вось якая рэч. Мне званілі з недзяржаўных навучальных устаноў, аднак… Лепш прывяду адзін з прыкладаў. Неяк пазваніў добра знаёмы прарэктар: “Сяргей Іванавіч, калі ласака, прыходзь да нас і выкладай літаратуру”. Я кажу: “Ты спачатку парайся са сваім рэктарам, бо не ўяўляеш сённяшняй палітычнай сітуацыі. Гэта табе толькі здаецца, што ўсё проста”. Ён ідзе да рэктара, а рэктар кажа: “Я да Законнікава стаўлюся з вялікай павагай. Аднак, калі мы яго возьмем, 200 супрацоўнікаў нашага інстытута застануцца без працы. Бо з‑за яго пачнецца безліч праверак, пачынаючы ад санстацыі, пажарнікаў і… ўсё знішчаць…” Неўзабаве тэлефануе мне той прарэктар: “Сяргей, даруй, нічога не атрымліваецца…”

    У тыя часы ў пошуках хоць якой працы я не цураўся самай рознай работы — вартаўніком, вахцёрам, тады б я пайшоў працаваць кім заўгодна. Вось прыхаджу да працадаўцы, які, вядома, праглядае маю асабістую справу: лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, ордэны там, медалі ды немаведама што… Пытаюцца: “Чаму? Чаму вы, такі паважаны чалавек, ідзеце да нас вартаўніком?!” Пачынаюць разбірацца: хто гэта такі, звоняць у “інстанцыі” — а! — ён у “чорным спісе”… Я прыхаджу зноў і чую, што вартаўніком мяне таксама не бяруць.

    У мяне ёсць медаль “За выратаванне тапельцаў на водах”, якую яшчэ ў 1960‑м , калі быў падлеткам, атрымаў. Выратаваў чатырох дзяцей… У мінскай абласной арганізацыі (ОСВОД) мне прапанавалі пайсці да іх. Зразумела, не тапельцаў цягаць, а працаваць нейкім кручкатворам. Я пагадзіўся. А праз тыдзень, пасля ўсіх “узгадненняў”, мне звоняць і кажуць: “Не. Нават да нас патрапіць у цябе ніякіх шанцаў няма абсалютна…”

    Таму чатыры гады запар я і быў у такім незайздросным стане. Толькі крыху зарабляў тым, што дапамагаў людзям пісаць кандыдацкія і доктарскія дысертацыі, то бок даводзіў іх да ладу, рэдагаваў.

    — Я ж хачу прыгадаць цяжкія часы, якія перажываў наш знакаміты паэт Рыгор Іванавіч Барадулін. Ён моцна захварэў і тады грамадой для яго збіралі грошы на лекі. Неўзабаве ён даў кароткае інтэрв’ю для нашага часопіса, якое запісаў Глеб Лабадзенка, з падзякай людзям за ўвагу і чуласць. І калі мы ўжо звярсталі нумар, дзядзька Рыгор папрасіў, каб мы гэта інтэрв’ю не друкавалі. Я спытаў у Глеба — чаму? І пачуў у адказ, што народны паэт баіцца, што кантралюючыя органы могуць прыйсці і абвінаваціць яго ў атрыманні непрацоўных даходаў. Думаю, у тыя хвіліны Рыгор Барадулін адчуваў душэўны боль і сорам не за сябе, а за дзяржаву. Мы гэта інтэрв’ю, зразумела, знялі, але мяне, як рэдактара часопіса, як чалавека, гэта вельмі рэзанула…

    — Сітуацыя, безумоўна, дзікая. Але ж мы ж з табой неяк закранулі пытанне падтрымкі творчых людзей у цывілізаваных еўрапейскіх краінах. У Францыі, Італіі і асабліва ў Германіі я вывучаў гэта пытанне. Там дзяржава вядомым творцам дае стыпендыю. Скажам, у той момант, калі Рыгору Іванавічу патрэбна была дапамога, ён мог бы напісаць у Міністэрства культуры ці якую іншую ўстанову просьбу. Што два гады ён будзе працаваць над кнігай, напрыклад, “Ксты” — кнігай рэлігійнага і філасофскага зместу. Чыноўнікі ведаюць, што ён не падвядзе і абавязкова напіша гэту кнігу. І яму на два гады выдаецца стыпендыя, дзякуючы чаму ён мог бы і лекі сабе купляць, і падтрымліваць неабходнае харчаванне і ўсё астатняе. Вось і ўсё! Гэтакі падыход і ў дачыненні да маладых.

    Да прыкладу, у Францыі: збіраюцца маладзёны і вырашаюць рабіць часопіс “Абажур”, пішуць заяўку. Прычым, там гэтым не займаецца міністэрства культуры ці інфармацыі, а муніцыпалітэт на ўзроўні горада. Гарадскі бюджэт выдзяляе сродкі, каб падтрымаць таленавітых людзей. Аднак ім не даюць 100 % патрэбнай сумы, а, напрыклад, 20–25 %. Потым улады дапамагаюць ім знайсці спонсараў, з якімі вядуць перамовы. Такім жа чынам там часта ствараюцца акцёрскія трупы, якія не маюць тэатра ці якога памяшкання — нічога! Яны маюць толькі жаданне, творчыя галовы і акцёрскі талент. Потым яны збіраюцца ў перасоўную групу і ездзяць па розных гарадах з гастролямі, дзе іх падтрымліваюць мясцовыя муніцыпалітэты.

    То бок ствараюцца ўмовы, каб гэта творчая група магла працаваць і развівацца. Вось як робяць на Захадзе!

    А тут атрымалася, што народны паэт, чалавек даволі сталага веку і з цяжкімі хваробамі, застаўся сам насам з бядой. Толькі сям’я яго можа падтрымліваць, а калі сям’я не мае такой магчымасці, не мае сродкаў, каб забяспечыць лекамі і ўсім неабходным?  Гэта ж дзікая сітуацыя! А, па-другое, як ты сказаў, ён саромеўся… Сапраўды, тут сорам дваякі: па-першае, сорам, што табе трэба дапамагаць, што для народнага паэта (!) трэба збіраць грошы. Што ж гэта за дзяржаўная сістэма такая?! А з другога боку — ён сапраўды саромеўся па той прычыне, што калі ў нас якая справа ці ініцыятыва зыходзіць ад грамадства, “знізу”, то на гэту справу адразу накладаецца лапа – безліч цэнзараў і кантралёраў. Тое ж самае са зборам грошай на выданне нейкай кнігі ці яшчэ чаго. У дэмакратычных жа еўрапейскіх краінах да гэтага ставяцца спакойна, там ніхто нічога не баіцца. Бо ёсць грамадзянскія ці культурныя акцыі, калі ўвогуле не бяруцца ніякія падаткі. Хаця бывае, што трэба невялікі працэнт заплаціць дзяржаве. То бок там усё распісана, адпрацавана. А тыя буйныя карпарацыі, што падтрымліваюць культуру, увогуле атрымліваюць важкія прэферэнцыі. Я гэта бачыў ва Францыі.

    — Сяргей Іванавіч, і колькі ж у цябе паэтычных зборнікаў выйшла?

    — Не так багата, каб я не помніў. У мяне 20 кніжак.

    — На якія мовы твае вершы перакладаліся?

    — Часцей за ўсё перакладалася мая паэма “Чорная быль”, на восем еўрапейскіх моў. З самых распаўсюджаных — гэта англійская, нямецкая, польская, сербскахарвацкая, венгерская,  балгарская…

    — Табе пашанцавала ў  жыцці на сапраўдных сяброў, настаўнікаў? Перш за ўсё, што тычыцца  творчасці.

    — Можна сказаць, што пашанцавала. Адзінае, што я хачу табе сказаць… Сяброўства — гэта асобнае. Але калі гаварыць пра настаўніцтва, то ні Рыгор Барадулін, ні Генадзь Бураўкін (яны мае землякі), ніколі не хадзілі па маіх радках. Яны не былі настаўнікамі ў тым уяўленні, якое мы маем. Таму што я ведаю многіх паэтаў, па радках якіх хадзіў Рыгор Іванавіч Барадулін, і пасля з гэтых паэтаў нічога не атрымлівалася. Не таму, што ён кепскі настаўнік, а таму, што гэтыя людзі не мелі патрэбнага патэнцыялу. 

    — А мо і Божай іскры…

    — Так. І яны хутка гаслі. Толькі зорачка ўзыйшла, настаўнік перапісаў палову вершаў і дапамог першую кніжачку выдаць, ну і што атрымалася? А потым другую кніжку хочацца выпусціць, а хто будзе гэтым займацца, ізноў Рыгор Іванавіч?  Вось такая рэчаіснасць.

    Што тычыцца настаўніцтва ў творчым плане, як узор, як прыклад — для мяне Уладзімір Караткевіч. Ён больш далёкі мой зямляк, аршанскі. Вось Валодзя — я магу так яго называць, бо ён абураўся, калі я звяртаўся да яго Уладзімір Сямёнавіч — стаў для мяне настаўнікам у якім сэнсе? Я яшчэ школьнікам пазнаёміўся з яго творчасцю і падумаў: вось гэта пісьменнік! Гэта наш беларускі пісьменнік да апошняй крывінкі.  Ён стаў для мяне ў нейкім сэнсе эталонам. Ён стаў эталонам для маіх дачок, для маёй жонкі. У нас Караткевіч — гэта святыня, гэта самы лепшы беларускі пісьменнік.

    І нават не Васіль Уладзіміравіч Быкаў, які быў маім сябрам і земляком. Але Васіль Уладзіміравіч быў пазней, першым быў Валодзя. І не толькі настаўнікам у сэнсе творчасці, але блізкім сябрам. Ён таксама пасябраваў з маім бацькам, яны разам шукалі цікавых людзей, распрацоўвалі нейкія праекты. Ён не аднойчы прыязджаў да нас у госці разам са сваёй жонкай Валянцінай, жыў у нашай хаце. Так што ён для мяне настаўнік — як эталон творчасці, а не ў тым, што папраўляў мае рукапісы. Мае рукапісы правілі толькі рэдактары выдавецтваў, але гэта былі чыста тэхнічныя моманты. Яшчэ я ганаруся тым, што рэкамендацыю ў Саюз пісьменнікаў мне даў Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч. 

    Пра творчае полымя і пакаленне “pepsi

    — Я зараз часта сустракаюся са старшакласнікамі, студэнтамі, бываю ў гімназіях, і не толькі ў Мінску. І заўважаю ўплыў інтэрнэта, адкуль людзі бяруць шмат інфармацыі, нахопліваюць шмат розных ведаў. Аднак, з другога боку, яны мала думаюць. Калі з імі размаўляеш, то заўважна, што ў і х не развітая мова, бо яны не чытаюць кніг.

    Я лічу, што для развіцця разумовай дзейнасці чалавека і для таго, каб ён меў вялікі запас слоў і мог ім свабодна карыстацца, для гэтага трэба чытаць, чытаць! І асабліва мастацкую літаратуру.

    Я не кажу, што абавязкова раманы, аднак можна мемуары чытаць, публіцыстыку, расказы, аповесці, што заўгодна. Цяпер раманы моладзь надта не чытае з той прычыны, што час вельмі дынамічны і настолькі спрэсаваны, што ім некалі сядзець два ці тры дні над раманам, ці тыдзень…

    — Тым больш, што павінна быць прага, патрэба душы чытаць сур’ёзную літаратуру.

    — Так, для развіцця вельмі важная мастацкая літаратура. Мне кажуць: ну што ж ты незадаволены, яны ж сядзяць, нават у метро, у тралейбусах і чытаюць з планшэтаў. А я кажу, што гэта абсалютна не тое! Таму што, калі ты чытаеш, працуеш з кнігай, ты імкнешся, каб вакол быў спакой, цішыня. І потым чалавек вяртаецца да нейкай старонкі, каб яе асэнсаваць. А ў метро ці трамваі яму не дадуць абдумаць, зразумець вобраз героя аповесці ці канкрэтную сітуацыю. То бок ад такога чытання няма выніку.

    — Ёсць шмат таленавітых маладых людзей, паэтаў-пачаткоўцаў, якія спрабуюць пісаць, аднак саромеюцца паказваць свой талент і адкладаюць творчасць на потым ці пішуць у скрыню стала. Ці трэба адкладаць творчасць на заўтра, калі ёсць памкненне душы?

     — Абавязкова трэба працаваць, калі ёсць хоць маленькія здольнасці. Бо яны развіваюцца. Бог ці Вышэйшы розум, як некаторыя лічаць, дае толькі іскрынку. А каб полымя творчасці ахапіла тваю душу, чалавеку трэба самому развівацца. І я хачу сказаць любому маладому паэту, журналісту, публіцысту — пішыце! Думайце, рабіце! З той прычыны, што сёння, можа, і не ўдасца зрабіць так, як вы хочаце, аднак заўтра ўдасца. Будзьце настойлівымі! І натхненне прыйдзе. Аднак для таго, каб яно прыйшло, трэба працаваць розумам, душой і сэрцам.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці