Суд адмовіў Паўлу Левінаву, які падаў скаргу за блакіроўку «Хартыі’97»
У адказе суда Цэнтральнага раёна Мінска сказана, што віцебскі праваабаронца не мае права на зварот у суд з прычыны “не падведамаснасці гэтай справы суду”.
На думку праваабаронцы, адказ абсурдны з пункту гледжання логікі. А галоўнае – ён не адпавядае напісанаму ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, лічыць Павел Левінаў:
“Поўны абсурд, бо ў арт.60 Канстытуцыі напісана, што кожнаму грамадзяніну гарантавана абарона ягоных правоў незалежным судом. І раптам я чытаю, што гэтая справа не падведамасная суду. Атрымліваецца, што Міністэрства інфармацыі цалкам беспакаранае? Бо ў Канстытуцыі ж не сказана, што ў суд маюць права звяртацца ўсе, апрача Паўла Левінава!”
Праваабаронца і віцебскі БАЖавец звяртаўся ў суд Цэнтральнага раёна са скаргай, што блакіроўка інфармацыйнага рэсурсу парушае ягонае права на атрыманне інфармацыі і з’яўляецца недапушчальным абмежаваннем свабоды думкі і яе выражэння, супярэчыць палажэнням Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Цяпер ён рыхтуецца абскардзіць адмову ў Мінскім гарадскім судзе.
А ў выпадку далейшых адмоваў – падаць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Праваабаронца лічыць, што суд парушае ягоныя правы на доступ да правасуддзя, а міністэрства — на атрыманне інфармацыі. Бо сайт «Хартыі’97» быў заблакаваны без тлумачэння канкрэтных прычын. І просьба Левінава агучыць іх для грамадскасці засталася без адказу.
Павел Левінаў падаў ў суд на Міністэрства інфармацыі за блакіроўку сайта «Хартыі’97»
Камітэт абароны журналістаў заклікае Мінінфармацыі Беларусі разблакіраваць сайт «Хартыя’97»
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” пратэстуе супраць блакіроўкі грамадска-палітычных сайтаў
![](https://baj.media/wp-content/themes/baj/assets/images/telegram-logo.jpg)