• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сябры Гомельскай філіі ГА «БАЖ» наведалі сям’ю арыштаванага праваабаронцы Судаленкі

    Гомельская філія ГА "БАЖ" 25 студзеня сабрала і перадала прадуктовы набор для сям'і арыштаванага калегі Леаніда Судаленкі. Юрыст Cудаленка ўжо сямнаццаць гадоў з'яўляецца сябрам ГА "БАЖ": дапамагае абараняць правы журналістаў у беларускіх судах і на міжнародным узроўні, у прыватнасці, у Камітэце ААН па правах чалавека.

    Жонка Леаніда Судаленкі падзякавала БАЖаўцам за ўвагу і неабыякавасць. Паведаміла, што “муж трымаецца добра, на здароўе не скардзіцца, хоць некаторыя даўнія хваробы абвастрыліся. Праз адваката падбадзёрвае ўсіх нас, хто застаўся на волі».

    Затрымалі на 10 сутак

    Леаніда Судаленку 18 студзеня выклікалі ў рэгіянальнае ўпраўленне Следчага камітэта, пасля чаго затрымалі на трое сутак і адправілі ў ізалятар часовага атрымання. З ім сустракалася адвакатка Ганна Паўлюк, аднак па справе затрымання яна нічога паведаміць не можа — у яе ўзялі падпіску аб неразгалошванні. Праз двое сутак пасля затрымання Леаніда перавялі ў СІЗА, падоўжыўшы тэрмін утрымання пад вартай да 10 сутак.

    Незадоўга да затрымання на працоўным месцы Судаленкі ў грамадска-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай супрацоўнікі УБАЗіКа (упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй) у межах справы Уладзіміра Няпомняшчых аб беспарадках учынілі ператрус. Забралі не толькі камп’ютарную тэхніку, але і каля дзвюх соцень папак з дакументамі пра абскарджванне штрафаў і арыштаў удзельнікаў пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў, а таксама асабістыя банкаўскія карткі праваабаронцы. Пасля гэтага міліцыя правяла вобшук і ў кватэры Судаленкі.

    Леанід не хаваў, што тысячу еўра са сваёй прэміі Французскай Рэспублікі “Свабода-Роўнасць-Братэрства” за важкі ўнёсак у абарону правоў чалавека ён выдаткаваў на аплату дзяржаўных пошлін за перагляд адміністрацыйных і крымінальных спраў рэпрэсаваных грамадзян у вышэйшых судовых інстанцыях.

    «Сістэмны ціск працягваецца»

    Пасля ператрусу праваабаронца прадбачыў, што яго могуць затрымаць, і пакінуў у офісе запіску, у якой выклаў пазіцыю з нагоды аказання рознабаковай дапамогі пацярпелым жыхарам Гомельшчыны.

    Такая мірная дзейнасць па абароне правоў іншых людзей, піша Судаленка, у поўнай меры ўзгадняецца з Дэкларацыяй ААН аб праве і абавязку асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды.

    «Тым не менш, сістэмны ціск на праваабаронцаў у Беларусі працягваецца. Мы сутыкаемся з крыміналізацыяй нашай мірнай дзейнасці, падвяргаемся сістэмнаму прыгнёту і запалохванню, адвольным затрыманням, абыходжанню, якое зневажае годнасць, абмежаванням на перамяшчэнне, ужываннем дыскрымінацыі ў сілу сваіх перакананняў», — зазначае ў запісцы  Судаленка і дадае, што 12 студзеня ў Мінску за аналагічную дапамогу ахвярам рэпрэсій арыштаваны журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў, якому выстаўлена абвінавачанне паводле ч. 2 артыкула 342 КК (фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

    Паводле праваабаронцы, з публічнай заявы намесніка міністра ўнутраных спраў стала вядома, што журналіст са жніўня мінулага года, атрымліваючы грошы з‑за мяжы, аплачваў штрафы і рахункі за харчаванне ў ІЧУ ўдзельнікам пратэстных акцый. Было сказана, што аплаціў каля 250 квітанцый.

    Прадстаўнік МУС паведаміў таксама наконт ператрусу ў офісе адной з незарэгістраваных арганізацый, па выніку якога будзе дадзена прававая ацэнка. І хоць назва арганізацыі не называлася, заўважае Судаленка, не цяжка здагадацца, што гаворка ішла пра ператрус менавіта ў гомельскім офісе, бо іншых ператрусаў у гэты час у краіне не адбывалася.

    Аплачваў штрафы, рахункі з ІЧУ, дзяржпошліны

    «Пачынаючы са жніўня мінулага года, — зазначае ў запісцы Судаленка, — я таксама аплачваў штрафы, рахункі за харчаванне ў ІЧУ і ў некаторых выпадках дзяржпошліны рэпрэсаваным удзельнікам пратэстных акцый.

    Будучы спецыялістам у галіне права, я ніколькі не сумняваўся ў правамернасці такой дапамогі тады і не сумняюся сёння. І вось чаму: частка 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», якую, магчыма, будуць прад’яўляць і мне, даслоўна гучыць так: «Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а роўна фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства — караюцца арыштам, або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў».

    На падставе аналізу названай нормы Крымінальнага кодэкса праваабаронца прыйшоў да высновы, што фінансаванне заключаецца ў прадастаўленні альбо зборы сродкаў альбо аказанні фінансавых паслуг з усведамленнем таго, што яны прызначаныя для аплаты падрыхтоўкі, вярбоўкі, навучання і т.п. асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях.

    Судаленка адзначае, што займаўся дапамогай у аплаце адміністрацыйных штрафаў выключна грамадзянам, прыцягнутым да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне правапарушэння, прадугледжанага арт. 23.34 КаАП, а таксама аплатай за знаходжанне ў ізалятарах пры адбыцці адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе арышту.

    І тут важная і, бадай, галоўная дэталь: прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні Закона «Аб масавых мерапрыемствах» выключае ў гэтых дзеяннях пратэстоўцаў склад крымінальнага злачынства.

    Затрыманы праваабаронца, сябра ГА «БАЖ» перакананы, што ў яго дзеяннях «адсутнічае падзея і склад інкрымінаванага злачынства», пра што ён загадзя напісаў у адмысловым лісце, які прасіў апублікаваць пасля свайго арышту.

    Праваабарончыя арганізацыі прызналі Леаніда Судаленку палітычным вязнем.

    На здымку: Леанід Судаленка. Фота аўтара.

     

     

     

     

     

     

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці