• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сёння за кратамі сустракае свой Дзень народзінаў беларуская экспертка, палітолаг Валерыя Касцюгова. Ёй спаўняецца 56 гадоў

    Валерыя Касцюгова — палітолаг, аналітык, рэдактар сайта экспертнай супольнасці «Наше мнение». Яна таксама рэдактар і аўтар «Беларускага штогодніка», кіраўніца групы экспертаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе».

    «Трымалася бадзёра, чытала кнігі, дапамагала сукамерніцам»

    Пэўную сувязь з Валерыяй Касцюговай падчас працэсу родным, сябрам і калегам удавалася падтрымліваць.

    Так, у каментары «Медыязоне» аналітык Вадзім Мажэйка, які зараз рэдагуе «Беларускі штогоднік», напярэдадні судовага працэсу казаў, што моцны характар Валерыі турэмшчыкам зламаць не ўдалося і ўдасца: «Яна трымаецца бадзёра, нават з камеры дае свае карысныя палітычныя прагнозы і парады. Яна непакоілася наконт таго, каб ёй перадалі на суд сукенку. Прыгожая сукенка будзе, дакладна ведаю. Дапамагала рыхтавацца да вяселля з Андрэям Аляксандравым Ірыне Злобінай, бо яны ў той момант у адной камеры з Ірынай былі».

    Анастасія Касцюгова, дачка Валерыі, казала тады, што «маці ставіцца да ўсяго, што адбываецца з гумарам, чакае суда, бо ўжо вельмі доўга знаходзіцца ў СІЗА».

    На жаль, як заўважыла дачка палітзняволенай, зараз Валерыя пазбаўленая сваіх шматлікіх хобі — кіно, кнігі, музыка, але «я ўпэўненая, што яна застаецца сабой і застаецца вельмі прыгожай нават у турме».

    Прынамсі, з кнігамі Валерыя дала рады, у адным з лістоў улетку 2021-га яна пісала пра ўмовы ў СІЗА: «Але я маю намер выжыць. І нават атрымліваць прыемнасць. Чытаю добрыя кніжкі. Або не добрыя, а займальныя. Галоўным чынам пра гісторыю расійскай рэвалюцыі 1905–1917 гадоў. Цяпер «Бухарын» Коэна. Яшчэ Харары, Уэлма, Даера, Капушынскага».

    Ужо падчас знаходжання ў СІЗА на «Радыё Свабода» выйшаў аналітычны артыкул Валерыі Касцюговай наконт падзей 2020 года: «Грамадства даўно апярэдзіла ў сваім развіцці ўладу».

    У снежні 2021 года памёр бацька Валерыі. Як напісала тады ў Twit­ter Анастасія Касцюгова: «Сёння памёр мой дзядуля, і ў яго фактычна няма сваякоў, якія могуць яго пахаваць. Маці ў турме, я на эміграцыі, бабуля памерла, яго сын, мой дзядзька, таксама памёр даўно. Мой бацька памірае ад раку, і ў мяне пачынаюць заканчвацца сваякі, з якімі я магу пагаварыць».

    Не скардзіцца, працуе на швейнай вытворчасці

    На пачатку жніўня гэтага года Валерыю Касцюгову перавялі ў гомельскую жаночую параўчую калонію.

    А 18 жніўня 2023 года Камітэта дзяржбяспекі ўнёс яе ў базу асоб, якія «маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

    Паводле апошніх звестак, у калоніі Валерыя Касцюгова працуе швачкай. «Казала, што вучыцца шыць і потым на волі будзе шыць дачцэ “прыгожыя рэчы”. Успамінала сваю маці, якая ўмела добра шыць. На тое, што працаваць цяжка, не скардзілася. Валерыя ўвогуле не з тых, хто будзе скардзіцца», — расказаў «Радыё Свабода» Вадзім Мажэйка, калега Валерыі Касцюговай.

    Паводле аналітыка, «Беларускі штогоднік» працягне выдавацца: «Яна 20 гадоў рэдагавала штогоднік, але, як трапіла за краты, праект не спыніўся. Нядаўна на кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які прайшоў у Гданьску, мы прэзентавалі выпуск штогодніка за 2023 год. Справа, якой займалася Валерыя, працягваецца і чакае яе на волі».

    У інтэрв’ю «Прэс-клубу» Анатоль Панькоўскі, палітычны аналітык, доктар філасофіі, муж Валерыі, так сказаў пра яе:

    «Безумоўна, яна дальнабачны рэдактар. Умее кожнаму аўтару даць «маячкі», на якія асноўныя тэндэнцыі звярнуць увагу, што падкрэсліць у матэрыяле. Калегі, якія ў пэўных галінах больш прафесійныя за Валерыю, заўжды прыслухоўваюцца да яе меркавання, рэкамендацый.

    Акрамя таго, у яе лідарскія якасці. Але пры гэтым яна вельмі мяккі чалавек. (…) Да чужых (ды і да ўласных) недахопаў яна заўжды ставіцца цярпіма. (…) Яна — стоік і фаталіст, які ўсё ж верыць у свабоду выбару і звязаную з гэтым адказнасць».

    Шлях у журналістыку Валерыя Касцюгова пачынала ў першай палове 1990‑х на папулярнай FM-радыёстанцыі «Бі-Эй». Пасля канстытуцыйнага рэферэндуму 1996 года адтуль звольнілася, перайшла ў грамадска-палітычнае выданне «Белорусская деловая газета» («БДГ»), дзе адказвала за тэму міжнародных зносін.

    Паралельна рыхтавала аналітычныя тэксты для інтэрнэт-выдання «Наше мнение», ля вытокаў якога ў 2003 годзе стаяў журналіст Аляксандр Фядута, цяпер гэтаксама палітвязень. Пасля фактычнай ліквідацыі «БДГ» стала спачатку мадэратарам сайта, а затым галоўнай рэдактаркай.

    Ад 2008-га разам з мужам, аналітыкам Анатолем Панькоўскім, пачала рэдагаваць «Беларускі штогоднік» — збор аглядаў, прысвечанных сітуацыі ў Беларусі. Таксама яна кіраўніца Агенцтва сацыяльнай і палітычнай экспертызы пры Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў.

    Аналітычны досвед Валерыі Касцюговай ацанілі нават улады, запрасіўшы яе ў экспертную раду кансультацыйнай пляцоўкі «Мінскі дыялог».

    Нагадаем, Валерыю Касцюгову затрымалі ў Мінску разам з мужам і бацькам-інвалідам 30 чэрвеня 2021 года супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі. У кватэры правялі ператрус, забралі носьбіты інфармацыі.

    Мужчын пасля допыту адпусцілі, а Валерыю Касцюгову адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. Затым — у СІЗА №1, дзе зрабілі падазраванай па некалькіх крымінальных артыкулах:

    - ч. 1 арт. 357 КК (змова ці ішыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады),

    - ч. 3 арт. 361–1 КК (заклікі да дзеянняў абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы),

    - ч. 3 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы).

    За суткі да гэтага, у ноч на 29 чэрвеня, у мінскім аэрапорце была затрыманая калега Валерыі па экспертнай супольнасці Таццяна Кузіна. Яна — сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sym­pa, экспертка даследчага праекта Bipart. Абвінавачанні, выстаўленыя Кузінай, ідэнтычныя тым, што і супраць Валерыі Касцюговай.

    Атака на прадстаўніц экспертнай супольнасці выклікала вялікі рэзананс у еўрапейскім акадэмічным асяродку, але звароты і лісты навукоўцаў да ўладнага рэжыму Беларусі вынікаў не прынеслі.

    Да суда год і амаль дзевяць месяцаў жанчын утрымлівалі за кратамі ў следчым ізалятары. 17 сакавіка 2023 года суддзя Мінскага гарадскога суда Дзіна Кучук прызнала Валерыю Касцюгову вінаватай паводле вышэйпазначаных артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Прысуд — 10 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Такі ж тэрмін вынесены і Таццяне Кузінай.

    Падтрымаць зняволеную журналістку і павіншаваць з Днём народзінаў можна, напісаўшы на адрас: Папраўчая калонія № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3, Касцюговай Валерыі Барысаўне.

    Чытайце яшчэ:

    Cёння спаўняецца 45 гадоў журналісту Андрэю Кузнечыку. З іх апошнія два — палітвязень за кратамі

    «Калі ў хату ніхто не пагрукаў, на сёння і гэта вялікі пазітыў!» Калегі ў Беларусі пра адыходзячы год, мары, надзеі і пачуцці

    Памёр беларускі тэлевядоўца, былы гендырэктар БТ Аляксандр Дамарацкі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці