Беларускія журналісткі Таццяна Каравянкова і Глафіра Жук абвешчаныя ў міждзяржаўны вышук
Іх персанальныя звесткі з’явіліся ў у базе вышуку на сайце МУС РФ. На якой падставе беларускія і расійскія сілавікі шукаюць Таццяну Каравянкову і Глафіру Жук, не паведамляецца.
Журналістка Таццяна Каравянкова паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook, што абвешчаная ў вышук у Расіі. Падстава такога рашэння не ўказаная, нават не пазначаны артыкул Крымінальнага кодэкса, паводле якога яе вышукваюць.

Таццяна Каравянкова
Раней, Мінскае гарадское агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельнаму кадастру арыштавала нерухомую маёмасць Таццяны. Арышт накладзены на падставе пастановы галоўнага следчага ўпраўлення цэнтральнага апарата Следчага камітэта ад 26 верасня 2024 года. Прычыну такога пераследу ў дакуменце, які атрымала журналістка з кадастравага агенцтва, таксама не паведамілі. У Следчым камітэце не адказалі на запыт Таццяны Каравянковай.
Таццяна Каравянкова — вядомая беларуская журналістка. Працяглы час працавала як палітычны і міжнародны аглядальнік у незалежным інфармагенцтве БелаПАН. Лаўрэатка шэрагу журналісцкіх прэмій. У 2021 годзе вымушана з’ехала з Беларусі і на сёння жыве і працуе за мяжой.
19 снежня 2024 года Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі абвесціла незалежнае інфармацыйнае агенцтва «Позірк» «экстрэмісцкім фармаваннем». Таццяна Каравянкова была названая ў ліку асоб, якія, на думку сілавікоў, нібыта займаліся «экстрэмісцкай дзейнасцю».
У картцы журналісткі Глафіры Жук на сайце МУС РФ таксама няма згадкі пра крымінальны артыкул, паводле якога яе шукаюць.

Глафіра Жук
«Крымінальную справу на мяне завялі ў Беларусі летам 2024 года за супрацу з беларускай службай «Радыё Свабода», дзе я працавала вядоўцай навін. Спачатку падчас стажыроўкі, а потым як журналістка-фрылансерка, — каментуе Глафіра Жук сітуацыю службе маніторынгу БАЖ. — На жаль, праз фінансавыя цяжкасці мне прыйшлося сысці са «Свабоды» за месяц да скарачэнняў пасля рашэння Дональда Трампа, але я працягнула пісаць для «Нашай Нівы» пад сваім імем, а таксама распачала супрацу ў якасці фрылансеркі з адной з нямецкіх газет.
Барацьба за свабоду ніколі не была лёгкай: яна патрабуе стойкасці. Як раней людзі змагаліся за права голасу, так і сёння, нічога ў гэтым сэнсе не змянілася. Я чалавек, які можа працаваць на доўгіх дыстанцыях, пад ціскам і ў няпростых умовах, гэта вартае таго, каб мае дзеці ў будучыні маглі жыць у дэмакратычнай краіне. Вышук — заканамерны вынік журналісцкай працы. Ці перашкаджае мне гэта неяк? Не».
У траўні 2021 года Глафіра Жук была студэнткай факультэта журналістыкі БДУ і журналісткай «Народнай волі». Яе затрымалі 29 траўня, суд прызнаў вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве 14 траўня — у той дзень яна рабіла рэпартаж з пасяджэння суда па «справе студэнтаў». Атрымала 30 сутак адміністрацыйнага арышту, якія адбывала ў ізалятары на Акрэсціна. Была адлічаная з журфаку Белдзяржуніверсітэта.
Пасля ад’езду з Беларусі працавала ў «Нашай Ніве», «Радыё Свабода». Зараз Глафіра Жук жыве ў Берліне: яна атрымала стыпендыю ад «Рэпарцёраў без межаў». Як журналістка-фрылансерка працягвае супрацу з «Нашай Нівай» і ў межах стыпендыі піша для аднаго з еўрапейскіх выданняў.
Сёлета Глафіру Жук абралі «Выбітнай выпускніцай ЕГУ».
