• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Тарас Тарналіцкі: Беларусь у заходнім кіно падаецца як новая «імперыя зла»

    Журналіст і кінакрытык Тарас Тарналіцкі распачаў новы аўтарскі праект на «Белсаце».

    «У кіно з Белсатам» з Тарасам Тарналіцкім

    Тарас Тарналіцкі. Фота: Дзяніс Васількоў

    Праект «У кіно з Белсатам» выходзіць двойчы на месяц у перадачы «Раніца з Белсатам». У ім аўтар тэлеграм-канала «Свяшчэнны Белавуд» Тарас Тарналіцкі расказвае гледачам пра свежыя фільмы і серыялы.

    Выйшаў ужо другі выпуск, ён прысвечаны беларускай тэматыцы ў заходнім кіно. З гэтай тэмы – вобразу Беларусі ў замежных фільмах – БАЖ і распачаў гутарку з Тарасам Тарналіцкім.

    Беларусь склала моцную канкурэнцыю самалійскім піратам

    — Калі ідзе гаворка пра фільмы, у якіх згадваецца Беларусь, маюцца на ўвазе такія стужкі, як «Цясніна» з Аняй Тэйлар-Джой? (Навукова-фантастычны рамантычны баявік 2025 года амерыканскага рэжысёра Скота Дэрыксана. На самым пачатку кінастужкі галоўная гераіня забівае гандляра зброяй з Беларусі).

    — «Цясніна» — адзін з пяці праектаў, пра якія я расказваў. Можна было зрабіць і больш шырокую падборку. Напрыклад, ёсць серыялы, цалкам прысвечаныя Беларусі. Падзеі ў польскім шпіёнскім серыяле «Перашыяк» увогуле разгортваюцца ў Беларусі, у ім нават беларускія акцёры здымаліся. Хоць сам праект рабіўся для платформы MAX, якая належыць HBO.

    І серыялаў, і фільмаў досыць многа. Беларусь у іх згадваецца ў своеасаблівым кантэксце: як ні круці, мы з’яўляемся хаўруснікам краіны-агрэсара Расіі. То бок мы назіраем вяртанне ў халодную вайну ў кінематографе.

    Да пачатку 90‑х гадоў Савецкі Саюз паказвалі як небяспечную краіну, гаварылі пра «злых рускіх». Пасля агрэсіі Расіі супраць Украіны гэты трэнд вярнуўся, але зараз не толькі расіяне злыя, але і беларусы.

    Гэта не самы прывабны вобраз Беларусі. Але, прынамсі, нас хоць зараз успрымаюць як самастойную краіну — безумоўна, злую, шпіёнскую, гопніцкую. У фільмах 90‑х, нулявых, дзе згадваўся Мінск, горад падавалі як расійскую тэрыторыю. Але новае пакаленне кінематаграфістаў ужо робіць падзел: Беларусь самастойная краіна, хай сабе і з своеасаблівай уладай, прарасійскай.

    — Беларусь у замежных фільмах усё часцей згадваецца ў непрывабным кантэксце, раней такі імідж мелі самалійскія піраты. Гэта ўжо тэндэнцыя?

    — Гэтая тэндэнцыя наўпрост звязаная з развіццём міжнародных адносін, у якія ўцягнутая і Беларусь. І вобраз Беларусі, які склаўся ў заходняй медыйнай прасторы. Усе разумеюць, што ў Беларусі аўтарытарная ўлада, у 2020 годзе там праходзілі маштабныя пратэсты, але іх падавілі. Пасля здарыўся 2022 год, з беларускай тэрыторыі таксама адбывалася ўварванне ва Украіну. Лукашэнка адзін з галоўных сяброў Пуціна.

    Канешне, згадкі пра Беларусь негатыўныя. А як інакш, мы ж не вылучаемся ў медыйнай прасторы станоўчымі дасягненнямі. Таму і кінематаграфісты ўспрымаюць Беларусь як небяспечную краіну з рускамоўнымі шпіёнамі і забойцамі рознага калібру. Каб нас успрымалі ў больш пазітыўным ключы, мы павінны і рабіць нешта пазітыўнае. На жаль, не мэта цяпершняй улады — паляпшаць імідж краіны, яна сканцэнтраваная на захаванні ўлады ў сваіх руках.

    «Я не давяраю расійскім дыстрыб’ютарам»

    — Увогуле, ці даступныя гэтыя фільмы для беларускага глядача — у легальным, паўлегальным ці пірацкім фармаце?

    — Большасць такіх фільмаў выходзіла на стрымінгах. Акрамя Net­flix, іншыя на тэрыторыі Беларусі недасяжныя. У 2022 годзе, пасля пачатку вайны, частку анлайн-кінатэатраў таксама банілі, яны могуць быць дасяжныя праз VPN. А пірацкія сайты, наколькі я разумею, даступныя.

    Расійскія аналагі стрымінгавых платформ (ОКО, Pre­mier, кінатэатр «Иви»), магчыма, закупляюць гэтыя фільмы.

    Але я не давяраю расійскім дыстрыб’ютарам, бо яны вельмі актыўна цэнзуруюць замежны кантэнт. Напрыклад, перакладаюць неналежным чынам ці ўвогуле змяняюць нацыяльнасць непрывабных герояў. Напрыклад, героя-злодзея расіяніна ператвараюць у балгарына. Змянялі кантэкст размовы герояў: у серыяле вялася гаворка пра забойствы ў Бучы, а расіяне перакладалі на свой капыл.

    Гэта значыць, я б дакладна не давяраў расійскім дыстрыб’ютарам, яны могуць хлусіць у ідэалагічных мэтах. Глядзець такія фільмы, за якія ты яшчэ плаціш свае грошы, на расійскіх платформах няварта — у іх скажаецца сэнс і выразаюцца цэлыя сцэны. Мне здаецца, тады лепш глядзець ужо пірацкія версіі ці на англійскай мове з субцітрамі, чым выдаткоўваць уласныя грошы на цэнзураваны кантэнт.

    Тарас Тарналіцкі ў крэсле

    Тарас Тарналіцкі. Фота: Дзяніс Васількоў

    Праект не эмігранцкі, ён арыентаваны на беларусаў

    — У чым заключаецца канцэпцыя вашай перадачы?

    — Гэта перадача пра кіно, найперш будзем распавядаць пра тыя фільмы, якія паказваюць у Беларусі. Бо гэта не эміграцыйны праект, а праект, арыентаваны на жыхароў Беларусі, якія ходзяць у кінатэатры альбо глядзяць кіно дома на стрымінгах ці нават пірацкія серыялы.

    Як паказвае досвед апошніх гадоў дзесяці, кантэнту выходзіць вельмі многа, асабліва на стрымінгах: серыялаў, забаўляльнага кантэнту, фільмаў – у гэтым моры трэба падсвечваць больш якасныя праекты. Прыкладна такую мэту мае на ўвазе рубрыка, якую мы зараз ствараем на тэлеканале «Белсат».

    Да таго ж сённяшні парадак дня вельмі палітызаваны, а мы ўсё-такі імкнемся рабіць забаўляльны кантэнт — каб даць людзям магчымасць пераключыцца з цяжкай рэчаіснасці на больш лёгкія рэчы. І нашая перадача, нават не перадача, а невялікая рубрыка, — пра забавы.

    — Фармат перадачы канчаткова яшчэ не вызначаны, вы толькі намацваеце свой шлях?

    — Я прапаноўваў досыць простую канцэпцыю праекта (на перадачу даецца 5 — 7 хвілін). У першым выпуску я распавядаў пра фільмы, якія ішлі ў кінатэатрах у чэрвені. 12 ліпеня я расказаў пра свежыя замежныя фільмы, дзе згадваецца Беларусь, якія з’явіліся або восенню мінулага года, або ўжо на пачатку гэтага года,  гэта чатыры фільмы і адзін серыял.  

    Сам фармат яшчэ абкатваецца. Рэдактары хочуць рабіць тэматычныя выпускі, прымеркаваныя да розных падзей і святаў. Але я прапаноўваў не рабіць тэматычныя выпускі, не згадваць старыя галівудскія фільмы, а засяродзіцца на свежых праектах, якія з’явіліся паўгода-год таму. Нават больш свежыя, расказваць пра фільмы, якія выйшлі ў кінатэатрах ці на стрымінгах ужо на гэтым тыдні. Бо рабіць падборкі — несучасны падыход, гэта было актуальна ў дзясятыя, нулявыя гады: у іх трапляюць фільмы, якія ўсе ўжо прагледзелі па дзесяць разоў.

    — Ці хапае 5 — 7 хвілін для якаснага агляду кінафільмаў?

    — Не, канешне. Можна было б рабіць уласную перадачу на YouTube. Яшчэ перад эміграцыяй у 2022 годзе мне прапаноўвалі зрабіць канал ці то на YouTube, ці ў Tik­Tok. Але тады нічога з гэтага не атрымалася. Таму, калі мне прапанавалі зрабіць больш кампактны праект на «Белсаце» я вырашыў: а чаму б не паспрабаваць? Сапраўды, ніша амаль зусім незанятая, мне цікава рабіць гэты праект, хоць фармат і вельмі абмежаваны.

    Пакуль ёсць невялікае акно магчымасцяў, я ім карыстаюся. Нават у абмежаваным фармаце можна рабіць цікавыя рэчы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці