• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Чужая свая вайна, палітвязні і жаночыя лёсы: якія тэмы часцей за ўсё сустракаюцца сёлета на «Вольным слове»?

    Часта пры падвядзенні вынікаў конкурсу «Вольнае слова» застаецца няшмат часу, каб падрабязна расказаць пра тэмы і сюжэты, якія калегі летась раскрывалі ў сваіх матэрыялах. Таму, са згоды Еўрапейскай федэрацыі журналістаў БАЖ распаспачынае цыкл матэрыялаў, у якім раскажа пра некаторыя працы, дасланыя на конкурс.

    Беларускі сцяг з імёнамі палітзняволеных. Акцыя ў Кіеве, студзень 2022 года. Фота: Марыя Грыц

    Дысклэймер. Дадзены цыкл ніяк не звязаны з меркаваннямі і ацэнкамі журы конкурсу, якое толькі пачало працу. Мы публікуем гэты матэрыял, каб расказаць супольнасці, пра што пісалі і здымалі беларускія журналісты і журналісткі ў 2023‑м годзе.

    Палітвязні: як выжыць і вярнуцца

    Што адбываецца з палітвязнямі пасля вызвалення і хто ім дапамагае — разабрацца з праблемай паспрабавала журналістка «Настоящего времени» Ганна Кручкова ў матэрыяле «Сложно начать новую жизнь в одних штанах».

    «Когда меня выпускали, ко мне пришел оперативник и сказал: любые твои интервью — это шмоны и санкции у твоих друзей на зоне. Они действительно следят за тем, кого упоминают в СМИ, и потом у этих людей проблемы», — цытуе выданне нядаўняга палітвязня Паўла.

    Галоўны герой сюжэта — праграміст Павел, які адседзеў 14 месяцаў па народным 342 артыкуле КК і выйшаў на волю восенню 2022 года. Цяпер мужчына знаходзіцца ў бяспецы — у Польшчы, аднак па-ранейшаму захоўвае ананімнасць, каб не нашкодзіць блізкім і сябрам у Беларусі. У калоніі Павел жыў у бараку, у якім змяшчаліся 80–90 чалавек, і толькі 15–20 з іх былі палітычныя. Астатнія — асуджаныя за забойствы, згвалтаванні, крадзяжы, карупцыю, наркотыкі.

    У такіх умовах «ратуе» татальны недавер, які застаецца з чалавекам і пасля вызвалення. З гэтай прычыны былым палітвязням цяжка вяртацца да нармальнага жыцця. Пасля выхаду на волю Паўлу аказалі аднаразовую фінансавую дапамогу, дапамаглі адпачыць у санаторыі і перабрацца ў Польшчу. Але знайсці працу ды жытло для чалавека, які яшчэ нядаўна па раскладзе еў турэмную баланду, амаль нерэальна. Павел дзеліцца сваім бачаннем — якую дапамогу трэба аказваць нядаўнім палітвязням.

    На сёлетні конкурс «Вольнае слова», які другі год запар праходзіць пад эгідай Еўрапейскай федэрацыі журналістаў, беларускія калегі даслалі 141 матэрыял альбо цыкл матэрыялаў.

    Пасля Паўла выказаўся каардынатар арт-рэзідэнцыі «Дом Творцаў» музыка Сяргей Доўгушаў. Ён расказаў, як ягоная ініцыятыва дапамагае былым палітвязням у Польшчы. А кіраўнік арганізацыі «Урачы за праўду і справядлівасць» (Літва) Васіль Завадскі дае парады палітвязням, як аднаўляць сваё фізічнае і псіхічнае здароўе.

    Расказваць пра палітвязняў можна па-рознаму. «Наша Ніва» апублікавала інтэрв’ю «Як не даць сябе зламаць? Івулін — пра гатовых і не гатовых да зоны, віну перад іншымі вязнямі і карму лукашыстаў».  Аляксандр Івулін — аўтар ютуб-канала «ЧестнОК» і футбаліст «Крумкачоў». У студзені 2022 года Аляксандра асудзілі на два гады калоніі па народным 342‑м артыкуле. 

    «Калі апынуўся ў калоніі, там фатаграфавалі нас для бірак на адзенне. Усе фоткаліся з каменнымі тварамі, а я вырашыў — не, буду ўсміхацца!», — згадвае журналіст.

    У лютым 2023 года ён выйшаў на волю і з’ехаў з Беларусі. Аляксандр падзяліўся ўласным досведам выжывання: спачатку на Акрэсціна, затым — у калоніі. Падзяліўся ўражаннямі, як па вызваленні яго сустрэў Мінск, пра свой ад’езд у Грузію і цяперашняе жыццё ў Польшчы. Аптымістычная гісторыя пра тое, як выжыць у нялюдскіх умовах і пры гэтым застацца чалавекам.

    Аляксандр Івулін на волі, але ў той жа байцы з надпісам «Кайф, кайф, кайф», у якой трапіў на Акрэсціна. Фота: «Наша Ніва»

    Чужая вайна як свая

    Кожная эпоха мае сваіх герояў. У інтэрв’ю «Радыё Свабода» ўкраінка Надзея Ліхашапка распавяла пра свайго сябра, камандзіра батальёна «Волат» Палка Кастуся Каліноўскага Івана «Брэста» Марчука, які загінуў 26 чэрвеня 2022 года ў баі пад Лісічанскам.

    «Я нават не магла назваць нас паўнавартаснай парай. Нават апошні раз, калі мы з ім былі разам, Іван тады сказаў: «Я настолькі цікавае жыццё жыву». А я адказала: «Мабыць, я і не ўяўляю цябе старым з домам, з дзецьмі, унукамі, са спакойным жыццём». Ён глядзіць на мяне і кажа: «І я сябе такім не ўяўляю»», — згадвае дзяўчына.

    Надзея Ліхашапка расказала пра чатыры гады сваіх няпростых і бурных стасункаў з Іванам «Брэстам» Марчуком. Мужчына прайшоў праз Французскі замежны легіён, адседзеў тры гады ва ўкраінскай турме за бандытызм. Ён вызваліўся з турмы ў снежні 2021 года, а ў лютым 2022-га  пачалася ўжо вайна. Паміж вызваленнем і пачаткам вайны Надзея бачылася з Іванам толькі раз, але пасля 24 лютага 2022 года сітуацыя змянілася, і пара ўжо не расставалася да гібелі Івана Марчука. Дзяўчына кажа, што «ён дагэтуль сніцца мне жывым».

    Іван «Брэст» Марчук і Надзея Ліхашапка. Фота: з архіва герояў

    Жыццё і смерць украінскага горада Бахмут, зруйнавага расійскімі акупантамі, мы назіраем вачыма 32-гадовай украінскай журналісткі Вікторыі Хамазы ў матэрыяле «Нашых крыюць кожныя дзесяць хвілін, а ў іх усяго восем стрэлаў у адказ», надрукаваным ў «Люстэрку». «Цяпер Бахмут не сціхае ні днём, ні ноччу. Калі ехаць у цёмны час сутак, над горадам — зарыва. Ведаеце, як узыход сонца, толькі без сонца. Гэта нейкі Мордар. Горад гаворыць стральбой».

    Жыхарка Чаркасаў Вікторыя Хамаза пачала ездзіць у Бахмут з валанцёрскай дапамогай яшчэ да знішчэння горада, калі Бахмут паўстаў перад ёй «жывы-жывы». Вікторыя Хамаза дастаўляла ўкраінскім байцам усё: ад формы і цеплавізараў да рэанімабіляў. Але з кожным наступным прыездам мы бачым, як з горада паціху сыходзіць жыццё, і ён ператвараецца ў руіны. Журналістка расказвае, як хавалася ў падвалах пад няспыннымі бамбардзіроўкамі, штохвілінна рызыкуючы жыццём, як разбураны горад «пахне трупамі». Жудасць, кроў, смерць – з аднаго боку, і нерэальны гераізм абаронцаў горада – з другога, менавіта пра гэта расказвае Вікторыя Хамаза.

    Бахмут, 26 снежня 2022 года. Фота: Reuters

    Што перажываюць жанчыны ў турме і ў вар’ятні

    Пра людзей, якія апынуліся ў псіхіятрычнай лякарні, распавядае матэрыял «Многія лепш «памруць», чым трапяць туды яшчэ раз», надрукаваны ў «Люстэрку».

    «Доктарка ўвесь гэты час трымала мяне на прэпаратах, якія не падыходзілі мне па дыягназе — галаперыдол і дыязепам. Яны вельмі моцныя: ты проста робішся як гародніна, пастаянна спіш, кульгае дыкцыя. У мяне асабіста кружылася галава, я ўвесь час плакала, хоць праз траўматычны досвед звычайна не плачу. За слёзы мяне прывязалі да ложка на двое сутак», — згадвае 18-гадовая Ілона, якая трапіла ў РНПЦ псіхічнага здароўя – ці ў «Навінкі», як называюць гэтую ўстанову ў народзе,  — ў канцы 2021 года.

    Перад намі гісторыі трох маладых жанчын (18–29 гадоў), якія воляй лёсу трапілі ў «Навінкі». Яны ананімна расказваюць пра парадкі ў лячэбнай установе: як лечаць, як караюць за парушэнні, як прымяняюць «працатэрапію» і фізічную сілу да хворых. У выніку жанчыны выходяць «на волю» не вылечанымі, а яшчэ больш прыгнечанымі і хворымі. Ці лечаць хворых у «Навінках» і чаму так адбываецца,  каментуе ўрач-псіхіятр Сяргей Папоў, які працаваў у РПНЦ з 2007 па 2022 гады.

    РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках. Фота: Яндекс. Карты

    Былая палітвязынка Ася Булыбенка адбыла тэрмін за ўдзел у пратэстах і пакінула Беларусь. Але нават у бяспецы, у Літве, кашмары «беларускага жыцця» вярнуліся да дзяўчыны.

    «Самы яркі — нібыта «Цэрбер» вялікім нажом разразае мне твар. А потым у мяне здарылася спроба суіцыду, і мне паставілі ПТСР», — распавядае Ася Булыбенка ў вялікім інтэрв’ю «Нашай Ніве».

    18-гадовая студэнтка БНТУ пасля ўдзелу ў мірных пратэстах была адлічаная з вучобы, а затым атрымала два з паловай гады зняволення. Дзяўчына дзеліцца сваім турэмным досведам, апісвае, якой убачыла Беларусь пасля свайго вызвалення (краіну яна нызыввае «турмой»), як старалася «ціхенька жыць» і зняць забарону на выезд з краіны, а ў выніку атрымала два адміністрацыйныя арышты па 15 сутак кожны. Распавяла пра ўльтыматум «Цэрбера», якія выстаўляў меркаваны супрацоўнік КДБ дзяўчыне на Акрэсціна, пра беларускі гімн, вызваленне і хуткі выезд з краіны. Ужо ў бяспецы, у Літве, дзяўчына перажыла спробу суіцыду, але вытрымала нягоды і цяпер вяртаецца да паўнацэннага жыцця — з дапамогай каханага хлопца Ягора, з якім пазнаёмілася за кратамі, і творчасці.

    Ася Булыбенка. Фота: «Наша Ніва»

    «Мне не спалася – а яны брахалі»

    Ганна Стафановіч у матэрыяле «Нашай Нівы» ««Чаму вы на мяне накінуліся?» На Брэстчыне забіў сябе стваральнік сабачага прытулку» расказвае пра нетыповую для сённяшніх смутных часоў непалітычную трагедыю. Гэта гісторыя пра тое, як цкаванне адной часткі вяскоўцаў і маўклівая згода іншай часткі прывялі да самагубства чалавека. Маленькая трагедыя, па якой можна прачытаць лёс цэлай краіны.

    Сяргей Нехень стварыў прытулак для жывёл у вёсцы Кабакі Бярозаўскага раёна: на ўласным падворку утрымліваў сабак за свой кошт, ратаваў іх ад голаду і холаду, лячыў, рабіў прышчэпкі, спрабаваў знайсці новых гаспадароў. Менавіта сабачы прытулак стаў прычынай шматлікіх канфліктаў з аднавяскоўцамі. «Яны галодныя, раз яны брэшуць увесь час. Я аднойчы ноччу ўстала — мне не спалася — і яны брахалі», — цытуе жыхарку вёскі Леаніду Сцепанчук тэлеканал АНТ, які выпусціў 21 лістапада мінулага года сюжэт пра сабачы прытулак.

    Бярозаўскі райвыканкам не выдзеліў Сяргею Нехеню ўчастак для прытулка. Стараста аграгарадка Кабакі Анатоль Рамановіч неаднаразова выклікаў на аднавяскоўца міліцыю, якая неаднаразова яго штрафавала. Умяшанне ў гісторыю прапагандыстаў з АНТ і БТ не згладзіла вясковы канфлікт, а толькі падліло алею ў агонь. Неўзабаве Сяргей Нехень проста скончыў жыццё самагубствам…

    Сабачы прытулак у Кабаках. Скрыншот сюжэта АНТ

    Конкурсы прыгажосці: апранацца ці распранацца?

    Журналісты «Люстэрка» задаліся пытаннем: конкурсы прыгажосці прыносяць карысць ці шкоду? Да ўдзелу ў конкурсе «Міс Беларусь-2023» дапускаліся незамужнія дзяўчыны, не старэйшыя за 27 гадоў, ростам ад 172 сантыметраў, без татуіровак, пірсінгу і дзяцей. На думку аўтара, падобныя конкурсы прыгажосці «маральна састарэлі». І вось чаму.

    Аўтар распавядае гісторыю з’яўлення конкурсаў прыгажосці — ад «Суда Парыса» (у старажытнагрэчаскай міфалогіі існуе гісторыя, як тры багіні — Гера, Афрадзіта і Афіна — паспрачаліся, хто з іх прыгажэйшы, і выбралі суддзём беднага пастуха Парыса), першых конкурсаў 1850‑х гадоў, на якіх ацэньваліся твары і фігуры, да сучасных конкурсаў, для якіх фотасесіі ў купальніках сталі неад’емнай рысай.

    Феміністкі жорстка крытыкуюць конкурсы прыгажосці, на якіх «сексуалізацыя цела вядзе да дэгуманізацыі жанчын, што ўплывае на нармалізацыю сэксуальнай агрэсіі». Псіхолагі папярэджваюць, што конкурсы прыгажосці дрэнна ўплываюць на свядомасць падлеткаў-дзяўчат, бо выклікаюць «незадаволенасць сваім целам, трывогу і псіхічныя разлады». Але ёсць і прыхільнікі конкурсаў прыгажосці, сярод якіх і «Міс Амерыка-1989» Грэтхен Карлсан, якая лічыць, што падобныя конкурсы, наадварот, дазваляюць жанчынам адчуць сябе больш упэўненымі. Хто мае рацыю, а хто не? Аўтар тэкста спрабуе разабрацца.

    Фінал конкурса «Міс Мінск», 25 траўня 2019 года. Фота: TUT.BY

    Запушчаныя заводы: без шанцаў на рэанімацыю

    Журналіст Марцін Верта падаў на конкурс расследаванне пра заводы, якімі ў розныя перыяды свайго праўлення апекаваўся Лукашэнка, шчодра раздаючы крэдыты з дзяржаўнага бюджэту. «У гэтыя 12 заводаў улады ўлілі 1,5 млрд долараў. Цяпер яны ў стратах, 4 з іх банкруты. Гісторыя дзяржаўнага інвеставання» — загаловак расследавання выдання «Радыё Свабода» гаворыць сам за сябе.

    Аўтар згадвае, што з 2008 году ў тры бетонныя заводы — Беларускі цэментны завод, «Крычаўцэментнашыфер», «Краснасельскбудматэрыялы» — беларускія ўлады ўлілі больш за 1 мільярд долараў. Цяпер урад дапамагае прадпрыемствам выплочваць працэнты па даўгах, выплаты па якіх таксама расцягваюць ажно да 2049 года. Аналагічная карціна і з дрэваапрацоўчымі заводамі, на якія маліўся Лукашэнка, але якія захірэлі. «Белшына» за дзесяць гадоў «з’ела» больш за 320 мільёнаў долараў, а 2020 год завод завяршыў з чыстымі стратамі на 216 мільёнаў рублёў, ці 78 мільёнаў долараў.

    Лукашэнка і рабочыя. Калаж «Радыё Свабода»

    Увогуле, падсумоўвае раследвальнік, з 12 заводаў, у якія дзяржава ўклала як мінімум 1,5 мільярда долараў, толькі 2 — нястратныя. Аўтар разбіраецца, ці вартая аўчынка выдзелкі і чаму ляснулі шчодра крэдытаваныя дзяржавай прадпрыемствы?

    Беларускае кіно: новы крок да прызнання

    Сярод беларускай беспрасветнасці і праблемаў пазітыўныя тэксты сустракаюцца надзвычай рэдка. Якія часы – такія і тэмы. Журналіст Тарас Тарналіцкі на «Люстэрку» апублікаваў артыкул «Беларускі фільм прэтэндуе на «еўраоскар». Успамінаем, якія яшчэ айчынныя стужкі змагаліся за галоўныя міжнародныя ўзнагароды».

    «Намінацыя «Радзімы» — сапраўдны прарыў для беларускай кінематаграфіі на міжнароднай культурнай прасторы», — піша аўтар.

    Кадр з дакументальнага фільма «Радзіма» (2023, Швецыя, Украіна, Нарвегія). Аператар: Сяргей Канаплянік

    Гаворка пра ўручэнне 36‑й прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі (Euro­pean Film Awards ці проста EFA) 9 снежня 2023 года. У конкурсе дакументальнага кіно ўдзельнічаў фільм «Радзіма» (Moth­er­land), які чатыры гады здымалі беларускія кінематаграфісты Аляксандр Міхалковіч і Ганна Бадзяка. Аўтары беларусы, але фінансавалі здымкі «Радзімы» кінаінстытуцыі Швецыі, Нарвегіі і Украіны, аўтары не атрымалі ні рубля ад Беларусі. «Радзіма» стала другім беларускім фільмам, якія спрабавалі скарыць прэмію, але ў іншай намінацыі — для поўнаметражных стужак. У выніку беларускі фільм саступіў стужцы «Сястрынства лазні па-чорнаму» эстонскай рэжысёркі Анны Хінтс. Але нават намінацыя на такую ўзнагароду лічыцца дасягненнем.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці