У Беларусі распачалі крымінальную справу супраць расійскага журналіста за выступ на тэлеканале «Белсат»
УУС Гомельскай вобласці аб’явіла ў вышук расійскага журналіста-расследавальніка і вядучага праграмы «Можем объяснить» Іллю Даўлятчына. Яго абвінавачваюць у садзейнічанні «экстрэмісцкай» дзейнасці. Журналісту пагражае да сямі гадоў зняволення, піша тэлеграм-канал «Можем объяснить».
Ілля Даўлятчын даведаўся пра тое, што знаходзіцца ў вышуку, у лістападзе 2024 года. Але пра прычыны пераследу стала вядома толькі зараз з даведкі ад МУС Расіі. У даведцы гаворыцца, што ў вышук Даўлятчына аб’явіла УУС Гомельскай вобласці 25 лістапада 2024 года па артыкуле 361–4 часткі 2 КК РБ — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці групай асоб па папярэдняй змове». Па правілах Саюзнай дзяржавы, пры завядзенні справы ў РБ фігурант аўтаматычна трапляе ў базу вышуку ў РФ.
Крымінальная справа звязана з удзелам журналіста у ток-шоу «План:Б» тэлеканала «Белсат», які ў Беларусі прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем», а ў РФ — «непажаданай арганізацыяй». На аўтараў і ўдзельнікаў праграмы ў Беларусі распачалі такія ж справы. Даўлятчын не з’яўляецца грамадзянінам Беларусі, а ў базе вышуку МУС РБ яго прозвішча адсутнічае.
У лістападзе 2023-га Мінюст Расіі аб’явіў Даўлятчына «замежным агентам». У снежні 2023 года ў рэестр «іншаагентаў» быў унесены і праект «Можем объяснить».
Адвакаты Даўлятчына апавясцілі Інтэрпол пра палітычны характар пераследу.
«Пасля разгляду арганізацыя можа прыняць гэтую інфармацыю да ведама і выключыць журналіста са свайго ўнутранага рэестра міжнароднага вышуку», — сказаў «Можем объяснить» адзін з юрыстаў.
Нягледзячы на вайну, ў Інтэрпол працягваюць прыходзіць запыты з Беларусі, але ў пераважнай большасці выпадкаў арганізацыя іх не выконвае з‑за палітычнага характару пераследу.
Ілля Даўлятчын — журналіст-расследавальнік і вядучы штотыднёвай праграмы «Можем объяснить». У розныя гады супрацоўнічаў з газетай «Собеседник», выданнем «Вёрстка», інфармагенцтвам «Росбалт», тэлеканалам «Дождь».