• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Глыбокім пачаўся суд над журналістамі за сюжэт пра дом, які 40 гадоў адстаяў без капрамонту

    Абаіх вінавацяць паводле артыкула 22.9 — нібыта за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. «Прадукцыяй» у дадзеным выпадку лічыцца відэасюжэт пра дом № 142 па вуліцы Леніна, дзе жыве Тацяна Смоткіна.

    Справу супраць яе і Зьмітра Лупача ініцыяваў мясцовы аддзел КДБ. Менавіта адтуль далі распараджэньне разабрацца, якім чынам інфармацыя пра пяціпавярховік, які 40 гадоў адстаяў без капрамонту, трапіла на тэлеканал «Белсат».

    Дом № 142, «герой» рэпартажу, які стаў доказам супраць журналістаў

    Дом № 142, «герой» рэпартажу, які стаў доказам супраць журналістаў

    У міліцыі вырашылі, што аўтары матэрыялу — гэта мясцовыя незалежныя журналісты. Падчас працэсу Тацяна Смоткіна спрабавала давесьці судзьдзі Людміле Вашчанцы, што ня мае ніякага дачыненьня да «Белсату»:

    «Суседзі мне казалі, што міліцыя хадзіла па нашым доме, распытвала ўсіх, хто гаворыць у сюжэце. І пыталася, ці ня бачылі ў двары нас, журналістаў. Канечне, нас у Глыбокім ведаюць. І падтрымліваюць, бо ведаюць, што незалежныя журналісты кажуць праўду. Суседзі, прыкладам, адразу адзначылі, што пасьля выхаду відэаматэрыялу камунальшчыкі раптам заварушыліся. Раней яны наш дом нібыта не заўважалі, а тут самі зьявіліся і правялі сход…»

    Жыхары, як могуць, самі клапоцяцца пра ўтульнасьць

    Жыхары, як могуць, самі клапоцяцца пра ўтульнасьць

    На Зьмітра Лупача ў міліцыі склалі ажно два пратаколы. На думку міліцыянтаў, ён парушыў заканадаўства двойчы, бо жыхары дому № 142 засьведчылі, што бачылі яго ў двары два разы. Першы раз аднаго, а другі — разам з Тацянай Смоткінай.

    На судзе жыхары дому казалі, што праблема з рамонтам існуе і што журналісты ўсё робяць слушна, сказаў спадар Зьміцер:

    «Прыйшлі трое сьведак, двое прыйшлі самі, а трэцяга, зусім ужо дзядулю, на суд прывезьлі. Калі судзьдзя спытала, ці папярэджвалі журналісты, для якой рэдакцыі робіцца сюжэт, нават гэты дзядуля абурыўся: «Якая розьніца, для якой! Рамонту ж насамрэч 40 гадоў не было».

    Зьміцер Лупач

    Зьміцер Лупач адмовіўся даваць паказаньні падчас працэсу.

    Судзьдзя Людміла Вашчанка вырашыла, што трэба працягнуць суд у іншы дзень, каб прыйшлі яшчэ двое сьведак, якія не зьявіліся сёньня. Гэтыя сьведкі — таксама жыхары дому № 142 па вуліцы Леніна, які ні разу ня бачыў капітальнага рамонту.

    Сюжэт пра пяціпавярховік выйшаў на тэлеканале «Белсат» 13 красавіка 2017 году. У ім гаворыцца, што ў 2013 годзе жыхары дому сабралі 30 подпісаў пад зваротам у прадпрыемства «Глыбоцкая жыльлёва-камунальная гаспадарка». Кіраўнік прадпрыемства Андрэй Шымковіч паабяцаў паспрыяць рамонту, і праблема зрушылася зь месца — у доме пачалі мяняць каналізацыйныя стаякі. Але неўзабаве працы спыніліся, а на звароты жыхароў пачалі прыходзіць адказы, што грошай на капітальны рамонт дому няма, хоць за 40 гадоў, як ён стаіць, жыхары штомесяц пералічвалі на гэта значныя сумы.

    У падʼезьдзе

    У падʼезьдзе

    Людзі абураныя яшчэ й таму, што на будынку прадпрыемства «Глыбоцкая жыллёва-камунальная гаспадарка», якое спасылаецца на нястачу сродкаў, зьявіўся новы дах…

    Тацяна Смоткіна адзначае, што паказ сюжэту пра іхны дом прынёс карысьць: ужо абвешчана, што на рамонт знайшлася частка сродкаў. І ўнутраныя працы ў падʼездах ужо пачаліся. Хаця б такім чынам, але справа зрушылася з месца, кажа журналістка.

    Дом па-ранейшаму чакае рамонту

    Дом па-ранейшаму чакае рамонту

    У 2015 годзе і яе, і Зьмітра Лупача ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці паводле артыкула 22.9. Тады Глыбоцкі суд пакараў Тацяну Смоткіну штрафам у 25 базавых велічынь за матэрыял «Дарогі ў Глыбокім стануць пазытыўнымі», разьмешчаны на сайце Беларускага Радыё Рацыя (Польшча).

    Зьміцер Лупач быў аштрафаваны на такую ж суму за артыкул «Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасьня 1939 году», разьмешчаны на сайце «Эўрарадыё». Абаіх журналістаў прызналі вінаватымі ў парушэньні заканадаўства аб СМІ за супрацоўніцтва з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі без акрэдытацыі. Абскардзіць прысуд Глыбоцкага райсуду журналістам не ўдалося.

    Рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі ў 2017 годзе (Табліца, абнаўляецца)

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці