• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Крычаве ў межах «Юрыдычнай гасцёўні» адбылася сустрэча з Паўлам Левінавым

    У Крычаве мясцовыя бажаўцы і грамадскія актывісты з усходу Магілёўшчыны 24 лютага сустрэліся з праваабаронцам, кіраўніком Віцебскага аддзяленя БХК і сябрам ГА “БАЖ” Паўлам Левінавым. Сустрэча прайшла ў межах “Юрыдычнай гасцёўні”, якую ладзяць журналісты незалежнай газеты “Вольны горад”.

    Павел Левінаў распавёў пра тое, як стаў праваабаронцам, з якога ўзросту ў яго з’явілася пачуццё чалавечай годнасці, прыйшло асэнсаванне, што ёсць правы чалавека, якія трэба бараніць. У рэшце рэшт ён прыйшоў у Беларускі Хельсінкскі Камітэт у 2000 годзе і зразумеў, што гэта яго жыццё і яго справа.

    Падчас размовы з журналістамі Левінаў спыніўся на апошняй палітычнай кампаніі «Выбары ў мясцовыя саветы», прааналізаваў яе асаблівасці ў параўнанні з папярэднімі. Праваабаронца падзяліўся сваімі ўражаннямі з пазіцыі назіральніка, які ажыццяўляў назіранне з моманту аб’яўлення выбарчай кампаніі і да яе сканчэння. На яго думку, кампанія была больш брутальнай за папярэднія, больш нахабнай з боку ўлады і яе «лічыльнікаў».

    У другой палове сваёй лекцыі Павел Левінаў распавёў пра найбольш характэрныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі з пункту гледжання міжнароднага права (Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах), расказаў, як крэатыўна змагацца за свае правы. Было прыведзена шмат прыкладаў «падыходу ад Паўла Левінава», якія выклікалі і смех у аўдыторыі і павагу да мужнасці Паўла, бо, каб змагацца за правы чалавека такім чынам, патрэбныя і глыбокія веды, і мужнасць.

    «Павел — гэта маг юрыдычнага крэатыву, ён унікальны праваабаронца, робіць тое, што ў Беларусі не робіць ніхто. Шмат людзеў, у тым ліку журналістаў, удзячны яму за дапамогу. Але ён яшчэ надзейны сябра, пазітыўны чалавек, прадстаўнічы і імпазанты мужчына. Я ніколі не бачыў яго сумным, хаця яму даставалася ад улады — і штрафы, і суткі, і пагрозы», — падзяліўся сваімі ўражаннямі ад сустрэчы рэдактар «Вольнага горада» Сяргей Няроўны.

    Напрыканцы мерапрыемства Павел Левінаў адказаў на пытанні прысутных, і некаторым з іх даў юрыдычныя парады.

    У сустрэчы прыняло ўдзел 20 журналістаў і грамадскіх актывістаў з Крычава, Клімавіч і Чэрыкава.  

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці