У Страсбургу прайшла цырымонія ўганаравання Анджэя Пачобута прэміяй імя Сахарава
16 снежня ў Страсбургу падчас пленарнага пасяджэння Еўрапарламента прайшла ўрачыстая цырымонія ўганаравання прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі». Сёлета ўзнагарода прысуджаная беларускаму палітвязню, журналісту Анджэю Пачобуту і журналістцы з Грузіі Мзіі Амаглабелі.

Дачка Анджэя Пачобута Яна ў Еўрапарламенце. Скрыншот відэа
«Мы ведаем, наколькі каштоўныя гэтыя прынцыпы»
Старшыня Еўрапарламента Раберта Мецола на пачатку цырымоніі зазначыла, што еўрапейская дэмакратыя грунтуецца на свабодзе думкі і выказвання: «Мы ведаем, наколькі каштоўныя гэтыя прынцыпы, і ніколі ад іх не адмовімся».
«Свабодныя і незалежныя медыі — ключавы элемент увасаблення гэтых каштоўнасцяў у жыццё. Менавіта таму так сімвалічна, што сёлетняя прэмія прысуджаная двум журналістам, якія рызыкуюць усім, каб выкрываць пагрозы дэмакратыі ў сваіх краінах», — падкрэсліла яна.
«Дэмакратыю немагчыма заглушыць. І хоць сёння Анджэй і Мзія не могуць быць з намі, іх настойлівы заклік да дэмакратыі гучыць у гэтай зале і па ўсёй нашай Еўропе. Парламент выказвае салідарнасць з Анджэем і Мзіяй у іх барацьбе. Мы патрабуем іх неадкладнага вызвалення, як і вызвалення ўсіх несправядліва зняволеных.
Наша рашучасць будзе роўнай мужнасці тых, хто несправядліва знаходзіцца за кратамі, і тых, хто працягвае пакутаваць у зняволенні. Мы не спынім ціск, пакуль усе не стануць свабоднымі. Мы іх не забудзем. Мы ніколі не пакінем іх, пакуль эпоха дыктатараў не скончыцца. Пакуль Беларусь нарэшце не стане вольнай.
Еўрапарламент бачыць, што адбываецца ў Беларусі і ў Грузіі. (…) Мы будзем і надалей гаварыць у абарону Анджэя, Мзіі і ўсіх тых, хто прагне свабоды», — заявіла Раберта Мецола.
«За кожным імем у справаздачах стаіць дом, гісторыя і людзі, якія чакаюць»
Падчас цырымоніі ў Еўрапарламенце выступіла дачка Анджэя Пачобута Яна. Дзяўчына ў сваёй прамове нагадала, што «вось ужо амаль пяць гадоў мы жывём у маўчанні, нявызначанасці і без чалавека, якога любім».
«За кожным імем у справаздачах стаіць дом, гісторыя і людзі, якія чакаюць.
Мой бацька — не толькі публічная асоба. Ён — муж, сын, сябар. І кожны з гэтых пяці гадоў мы не ведалі, як ён, ці ён у бяспецы. Але кожны дзень мы выбіраем надзею, бо надзея — адзінае, што ў нас не забралі.

Яна Пачобут, дачка Анджэя Пачобута, у Еўрапарламенце. Скрыншот відэа
І мая сям’я не адна, — сказала дачка беларускага журналіста. — Ёсць шмат сем’яў, чые гісторыі адгукаюцца нашай. Сярод іх — гісторыя Міколы Статкевіча, які знік без усялякай інфармацыі, без кантакту, без адказаў. Яго сям’я кожную раніцу прачынаецца з тым жа страхам і той жа надзеяй, якія мы так добра ведаем. Я называю яго імя сёння не як палітычную заяву, а як напамін, што за кожным маўчаннем стаіць чалавечае жыццё і сям’я, якая мае права ведаць праўду.
Калі мы вымаўляем гэтыя імёны ўголас, яны перастаюць быць статыстыкай. Яны зноў становяцца рэальнымі».
Яна Пачобут звярнулася таксама да другой сёлетняй лаўрэаткі прэміі імя Сахарава Мзіі Амаглабелі: «Мзія, хоць ты і не можаш быць сёння тут, бо цяпер у зняволенні, твая мужнасць у гэтай зале. Твая годнасць, твая адданасць і твая сіла натхняюць. Твая гісторыя нагадвае нам, што барацьба за правы чалавека — універсальная.
Яна не належыць адной краіне. Стоячы ў гэтай зале, я думаю пра сем’і ў розных краінах, якія жывуць у нявызначанасці або разлучаныя. Пра сем’і, што чакаюць навін, якія не прыходзяць. Пра сем’і, што спрабуюць утрымаць надзею, нават калі здаецца, што яна знікае.
Мая ўласная сям’я змянілася назаўсёды. Адсутнасць майго бацькі — гэта тое, з чым мы навучыліся жыць, але не прынялі. (…) І хоць ён сёння не можа бачыць гэтую залу, я спадзяюся, што ён ведае: яго не забылі».
Словы спадарыні Яны ў Еўрапарламенце віталі стоячы.

Дачка Анджэя Пачобута Яна ў Еўрапарламенце. Скрыншот відэа
Нагадаем, прэмія «За свабоду думкі» заснаваная Еўрапейскім парламентам у 1988 годзе і названая ў гонар савецкага фізіка, праваабаронцы і палітвязня Андрэя Сахарава. Узнагароду прысуджаюць людзям або грамадскім арганізацыям, якія адзначыліся ў абароне правоў чалавека і асноўных свабод.
У 2004 годзе прэмію «За свабоду думкі» атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў, у 2006 годзе — беларускі палітык, экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч. У 2020 годзе лаўрэатамі прэміі сталі лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская, пісьменніца Святлана Алексіевіч, ініцыятары стварэння Каардынацыйнай рады, а таксама актывісткі Марыя Калеснікава, Вольга Кавалькова, Вераніка Цапкала. У лік лаўрэатаў таксама ўвайшлі Алесь Бяляцкі, Сяргей Дылеўскі, Сцяпан Пуціла, Сяргей Ціханоўскі і Мікалай Статкевіч.
Гісторыя Анджэя Пачобута і Мзіі Амаглабелі
Анджэя Пачобута на прэмію імя Андрэя Сахарава рэкамендавала група еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў, у якую ўваходзіць польская партыя «Права і справядлівасць».

Мзія Амаглабелі з Грузіі, Анджэй Пачобут з Беларусі, лаўрэаты прэміі Сахарава 2025 года © L.S/Belta AFP & Z.T/Netgazeti
Журналіст і адзін з лідараў непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Гродне па так званай «польскай справе» разам з іншымі актывістамі грамадскай арганізацыі польскай меншасці.
Анджэя Пачобута абвінавацілі ў закліку да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы і ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці. 8 лютага 2023 года суд прыгаварыў журналіста да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Ён адбывае прысуд у калоніі № 1 у Наваполацку.
Беларуская асацыяцыя журналістаў выступіла катэгарычна супраць такога прысуду.
Сёння Анджэй Пачобут з’яўляецца адным з 28-мі зняволеных у Беларусі супрацоўнікоў медыяў.
Грузінская журналістка і заснавальніца выдавецтва «Батумэлебі» Мзія Амаглабелі была арыштаваная 11 студзеня 2025 года падчас задушэння ўрадам прадэмакратычных пратэстаў паводле непрапарцыйных абвінавачанняў у нападзе на паліцэйскага пасля сваркі з начальнікам паліцыі ў Батумі. У ходзе судовага разбіральніцтва ёй перакваліфікавалі абвінавачанне.
У выніку журналістку прызналі вінаватай у супраціве, пагрозе або гвалце ў дачыненні прадстаўніка ўлады і асудзілі на два гады пазбаўлення волі.
Праваабарончыя арганізацыі свету, у тым ліку Беларуская асацыяцыя журналістаў, яшчэ да вынясення судовага вердыкту заклікалі ўлады Грузіі вызваліць спадарыню Мзію і зняць з яе ўсе абвінавачанні.
@bajmedia