Ва Украіне за год забаранілі да распаўсюду 8,8 тысяч найменняў кніг з Расіі і Беларусі
Толькі ў чэрвені ва Украіне спынілі «незаконны распаўсюд на ўкраінскіх онлайн-пляцоўках 408 кніг» з Расіі і Беларусі, паведамляе «Радыё Свабода».

Расійскія кнігі. Ілюстрацыйнае фота Радыё Свабода
За апошні год: з траўня 2024 года да чэрвеня 2025 года – ва Украіне забаранілі распаўсюд амаль 8,8 тысяч найменняў выдавецкай прадукцыі з «дзяржавы-агрэсара Расіі і Рэспублікі Беларусь». Якую долю з іх займае беларуская прадукцыя, прэс-служба ведамства не паведамляе.
«Пасля прынятых сумесна з адміністрацыямі платформаў мераў усе выяўленыя парушэнні былі зліквідаваныя: забароненая прадукцыя выдаленая, а прадаўцы папярэджаныя аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства, у прыватнасці, артыкула 281 закона Украіны «Аб выдавецкай справе», — канстатуе Дзяржаўны камітэт тэле- і радыёвяшчання.
У чэрвені 2023 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў закон «Аб унясенні зменаў у некаторыя законы Украіны пра ўсталяванне абмежаванняў на ўвоз і распаўсюд выдавецкай прадукцыі, якая тычыцца дзяржавы-агрэсара, Рэспублікі Беларусь і часова акупаванай тэрыторыі Украіны». Палажэнні дакумента былі імплементаваныя ў згаданым законе аб выдавецкай справе.
Таксама Дзяржаўны камітэт тэлебачання і радыёвяшчання Украіны вядзе «маніторынг выдавецкай сферы дзяржавы-агрэсара, Беларусі і часова акупаваных тэрыторый Украіны на прадмет выпуску «антыўкраінскай выдавецкай прадукцыі».
Звесткі пра такую прадукцыю ўносяць у «пералік кніжных выданняў, змест якіх накіраваны на ліквідацыю незалежнасці Украіны, прапаганду гвалту, распальванне міжэтнічнай, расавай, рэлігійнай варожасці, здзяйсненне тэрарыстычных актаў, замах на правы і свабоды чалавека».
Па стане на 3 красавіка 2025 года ў гэтым спісе фігуравалі 570 выданняў, але, паводле аналізу выдання «Позірк», ніводнага выдання з Беларусі. У Расіі выдадзена 550, Украіне — 7, у «асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей» (АРДЛА) і на «часова акупаванай тэрыторыі Аўтаномнай рэспублікі Крым» — па 4, сумесна ў РФ і Украіне — 2, у Італіі, Францыі і на «часова акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласці» — па 1.
