Уладзіміру Янукевічу — 66. Легендарны журналіст з Баранавічаў сустракае чарговы дзень народзінаў за кратамі
Дзень нараджэння чалавека, які дзесяцігоддзямі расказваў жыхарам Баранавічаў пра тое, што адбываецца ў іх горадзе, праходзіць у інфармацыйнай ізаляцыі.

Уладзімір Янукевіч. Фота Станіслава Коршунава
Сёння, 10 жніўня, Уладзіміру Янукевічу споўнілася 66 гадоў. Для Баранавічаў гэтае імя даўно стала часткай гісторыі незалежнай журналістыкі. Амаль тры дзесяцігоддзі ён ствараў і развіваў мясцовыя медыя, збіраў вакол сябе журналістаў і дапамагаў ім расці.
Свой сёлетні дзень нараджэння Уладзімір сустракае за кратамі — пасля прысуду да 14 гадоў калоніі. Прычым дагэтуль невядома, куды менавіта яго этапавалі.
Уладзімір Янукевіч прыйшоў у журналістыку ў 1990‑х. У 1996 годзе ён узначаліў Intex-Press і заставаўся нязменным кіраўніком газеты больш за чвэрць стагоддзя.
Пры ім невялікі бізнес-бюлетэнь ператварыўся ў паўнавартасную грамадска-палітычную газету, а затым з’явіўся выдавецкі дом, які выпускаў рэгіянальныя выданні ў некалькіх гарадах Беларусі.

Уладзімір Янукевіч, 2021 год. Фота: BG.Media
Для Баранавічаў Intex-Press стала значна больш чым проста мясцовай газетай. Выданне расказвала пра жыццё горада і яго праблемы, а праз рэдакцыю за гэтыя гады прайшлі многія журналісты.
Былыя калегі Янукевіча ўспамінаюць яго як чалавека, які пастаянна прыдумляў нешта новае і не дазваляў рэдакцыі спыняцца. Яго называлі «генератарам» і «лакаматывам». Калі ўлады стваралі для Intex-Press усё новыя перашкоды, рэдакцыя шукала спосабы працягваць працу. Пасля выключэння газеты з каталогаў падпіскі і гандлёвых сетак была створаная ўласная сістэма дастаўкі выдання чытачам.
Калегі кажуць і пра іншую рысу Янукевіча: ён не заставаўся ўбаку, калі праблемы ўзнікалі ў іншых журналістаў. Дапамагаў рэдакцыям і асобным супрацоўнікам, якія сутыкаліся з пераследам, нават калі яны не працавалі ў Intex-Press.
Калі працягваць выпуск газеты стала немагчыма, Янукевіч не сышоў з журналістыкі. Разам з камандай ён працягнуў працу і ўдзельнічаў у стварэнні баранавіцкага навінавага партала BAR24.

Уладзімір Янукевіч, галоўны рэдактар Intex-Press. Фота: Intex-Press
Уладзіміра Янукевіча ўтрымліваюць за кратамі са снежня 2024 года
У снежні 2024 года сілавікі прыйшлі з ператрусамі ў рэдакцыю BAR24 і да супрацоўнікаў. Тэхніку канфіскавалі, некалькі чалавек затрымалі. У выніку Уладзімір Янукевіч апынуўся за кратамі.
Суд над ім і былым намеснікам дырэктара Intex-Press Андрэем Пакаленкам пачаўся 3 лютага 2026 года ў Брэсцкім абласным судзе. Працэс цалкам закрылі ад грамадскасці. Журналістаў абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве», аднак што менавіта ўлады палічылі дзяржаўнай здрадай, публічна так і не патлумачылі.

Былыя кіраўнікі баранавіцкага навінавага партала BAR24, а раней — незалежнай газеты Intex-Press Андрэй Пакаленка і Уладзімір Янукевіч. Калаж: БАЖ
26 лютага Уладзіміра Янукевіча асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі і аштрафавалі на 3 тысячы базавых велічыняў — 135 тысяч рублёў. Андрэю Пакаленку прызначылі 12 гадоў зняволення і штраф у памеры 45 тысяч рублёў. Пазней ягоны тэрмін скарацілі да 11 гадоў.
8 чэрвеня Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыю і пакінуў прысуд Янукевічу без зменаў. Праз некалькі дзён МУС унесла яго ў так званы «спіс экстрэмістаў». Праваабаронцы прызналі Уладзіміра Янукевіча палітычным зняволеным.
Уладзіміра Янукевіча і Андрэя Пакаленку ўнеслі у пералік «экстрэмістаў»
Пасля ўступлення прысуду ў сілу журналіста павінны былі этапаваць з СІЗА № 7 у калонію. Аднак дагэтуль невядома, куды менавіта яго адправілі і дзе ён цяпер знаходзіцца.
Для калегаў Уладзімір Янукевіч застаецца найперш журналістам, рэдактарам і чалавекам, які аддаў незалежнай рэгіянальнай журналістыцы амаль 30 гадоў.
Сёння мы хочам проста павіншаваць калегу з днём нараджэння. І пажадаць яму таго, чаго ў цяперашніх абставінах хочацца пажадаць больш за ўсё, — свабоды і вяртання дадому.
@bajmedia