• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Упершыню ў судзе буду не як журналіст, а за кратамі». Інтэрв’ю Кацярыны Барысевіч з СІЗА

    19 лютага пачнецца суд па справе журналіста Tut.by Кацярыны Барысевіч, якую разам з доктарам БХМД Арцёмам Сарокіным абвінавачваюць у разгалошванні медыцынскай таямніцы ў дачыненні да памерлага Рамана Бандарэнкі. Кацярына праз адвакатаў распавяла Tut.by пра тое, як яе затрымлівалі, пра ўмовы ў СІЗА і спадзевы на справядлівы прысуд.

    Тры месяцы таму наша калега Кацярына Барысевіч нечакана перастала выходзіць на сувязь. Неўзабаве стала вядома, што невядомыя асобы, прадставіўшыся сілавікамі, затрымалі яе па дарозе ў краму, потым правялі дома ператрус і забралі ў следчы ізалятар, дзе яна да гэтага часу і знаходзіцца.

    Дома засталася яе непаўнагадовая дачка, сустрэць разам з мамай 18-годдзе яна не змагла. Tut.by папрасіў Кацярыну праз адвакатаў расказаць, у якіх умовах яна ўтрымліваецца і чаго чакае ад суда. Аб дэталях крымінальнай справы журналіст казаць не можа — следчы Генеральнай пракуратуры ўзяў з яе падпіску.

    Аб затрыманні

    «Калі ўвечары 19 лістапада невядомыя людзі падышлі са спіны на вуліцы і папрасілі прайсці ў машыну на гутарку, я ўжо разумела: дадому не вярнуся. Ніхто не прадстаўляўся, пасведчанні не паказваў, сказалі, трэба верыць, што яны з міліцыі, і падвялі да чорнага мікрааўтобуса каля дзіцячай пляцоўкі. Пільна сачылі за тым, каб не змагла дастаць тэлефон з кішэні курткі. Убачыўшы на пляцоўцы мужчыну з дзіцем, зразумела — гэта мой шанец. Пракрычала: «Я журналіст Tut.by, мяне затрымліваюць!» Усе. Тут жа завялі ў машыну, дзе мяне абшукала супрацоўніца Цэнтральнага РУУС, і мы сталі чакаць прыезду пракурора, на той момант у невядомых не было ніякіх папер. Размоў па справе са мной у мікрааўтобусе ніхто не вёў. Прыехаў пракурор і абвясціў артыкул КК, па якім мяне падазраюць.

    — Які? — перапытала я.

    За 15 гадоў у судовай журналістыцы ўпершыню пачула пра артыкул 178. За тры месяцы ў СІЗА КДБ і на Валадарцы яшчэ не сустрэла ніводнага чалавека, які б таксама яго ведаў».

    З першай хвіліны затрымання казала, што ў мяне ёсць адвакат, назвала яго нумар тэлефона. На гэта не рэагавалі. Перад ператрусам яшчэ раз заявіла аб наяўнасці абаронцы, з ім ніхто не звязаўся. У кватэру разам са мной зайшлі сем невядомых людзей, з іх прадставіўся толькі пракурор.

    Вочы дачкі ў той момант запомню на ўсё жыццё.

    … мяне прасілі не рабіць лішніх рухаў, да дачкі не падпускалі (яе тэлефон таксама забралі), абняць на развітанне не далі. Я паспела схапіць кантэйнер для лінзаў, акуляры і камізэльку. Праз гадзіны дзве мяне даставілі ў СІЗА КДБ, пры гэтым сказалі: «У вас будзе час падумаць».

    Як у СІЗА пазнавалі па артыкулах на Tut.by

    «І ў СІЗА КДБ і на Валадарцы з боку супрацоўнікаў заўсёды ветлівыя і карэктныя паводзіны. Некаторыя ведаюць, што я журналіст TUT.BY, на стаўленне да мяне гэта ніяк не адбіваецца. А вось з зняволенымі былі і сур’ёзныя гісторыі. Хтосьці адразу пазнаваў:

    — Вы тая самая Кацярына Барысевіч? Дзякуй за праект «Калі да вас прыйшлі».

    Калі мяне затрымлівалі, ведала, што рабіць. Хтосьці кінуў сабе ў закладкі праект, але не паспеў прачытаць. Пераказваць яго сутнасць ужо позна: людзі на практыцы ўсё зразумелі. Яшчэ аказалася, што некаторыя чыталі мае рэпартажы з залы суда. Так і пазнаёміліся».

    Пра ўмовы ў ізалятары

    «Як чалавек, які рос у вёсцы да 17 гадоў, хутка адаптуюся да розных умоў. Выразна разумею — гэта не курорт, а СІЗА, таму прымаю правілы: душ раз на тыдзень, дзённае святло — па раскладзе, большасць дзяўчат у камеры кураць. Першы час мне, як чалавеку, што не курыць, цяжэй за ўсё было прывыкнуць да цыгарэтнага дыму. Але ў нас ёсць умовы: перакур — кожныя дзве гадзіны.

    Стараемся прытрымлівацца аднаго правіла: рабіць так, каб усім было камфортна. Такая своеасаблівая медыяцыя.

    Я не зацыкляюся на бытавых умовах, больш засяроджваюся на сваім настроі, заахвочванні і людзях. Цяпер я куфар з 1000 гісторый пра жыццё, каханне і адносіны. Здаецца, у СІЗА апынулася толькі з адной мэтай, каб потым напісаць кнігу. Праўдзівую, іранічную, трохі сумную, натхняльную.

    Людзям здаецца, калі хтосьці трапляе ў СІЗА, жыццё скончана. Гэта не так. Яна працягваецца, толькі ў іншых дэкарацыях, таму ёсць месца жартам, смеху і падставам для радасці. Усё залежыць ад таго, як ты настроішся: захочаш быць бадзёрым — будзеш. Вядома, магу пасумавацья, але нядоўга, хвілін 10–20.

    Тут у дасканаласці навучылася радавацца дробязям. Ідзем на вуліцу? Ура! У душ? Афігець! Прыйшоў ліст ад блізкіх? Крута!»

    Што было самым складаным

    «За ўвесь час самы цяжкі момант — немагчымасць абняць сям’ю на Новы год пад бой курантаў, павіншаваць дачку з 18-годдзем, а бабулю — з 87-годдзем. Гэта я прапусціла…

    Стараюся спланаваць дзень так, каб не было часу для непатрэбных разважанняў. Кнігі, лісты, прагулкі, спорт, літаратурны дзённік. Штодзённыя прагулкі — найвышэйшае шчасце. У любое надвор’е. Бачыш неба, дождж, снег, ледзяшы — і ўжо дзіцячае захапленне.

    У СІЗА стала займацца спортам і нават танцаваць: «Клязмер», «Лявоніху», «Базар», ірландскі танец. Танцы не спыняюцца нават у мінус 20: выдатна саграваюць і на раз-два падымаюць настрой.

    Фота з сацсетак

    Для мяне важна, каб была магчымасць чытаць. З першага дня цікавілася, як можна атрымаць кнігі. Калі ўбачыла ў спісе Даўлатава, зразумела: гэтыя дні пройдуць нездарма. Ужо прачытала 14 кніг — «Аднапавярховая Амерыка», «12 крэслаў», біяграфія Стыва Джобса, Жванецкі, «Я, Фаіна Ранеўская, … і сварлівая і адзінокая», «Дваццаць тысяч лье пад вадой».

    Пра падтрымку

    «Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць усім за падтрымку, атрымала больш за 300 лістоў. Пішуць героі публікацый, незнаёмыя людзі, чытачы, беларусы з ЗША, Францыі, Швецыі, Бельгіі, Расіі… асабліва кранаюць дзіцячыя малюнкі. Людзі так хацелі, каб у нас быў Новы год, што ўкладвалі ў канверты папяровыя сняжынкі і шарыкі. Дзякуючы ім наша камера стала ўтульней.

    Апошнім часам мне часта пішуць: «Кацярына, хацелі падтрымаць вас, а выходзіць наадварот. Атрымалі Ваш ліст і так зарадзіліся пазітывам!»

    Чаканні ад суда

    «Я, вядома, сумнявалася, што справа дойдзе да суда. Але раз яна ўжо там, хачу, каб працэс быў адкрытым. Упершыню ў судзе буду не ў якасці журналіста, а абвінавачанага за кратамі. Але гэта не перашкаджае мне верыць у справядлівасць»».

    Суд па справе Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна пачнецца 19 лютага ў 10.00. Разглядаць справу будзе суд Маскоўскага раёна ў будынку Дома правасуддзя (вул. Сямашка, 33), працэс адкрыты.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці