Венгры пратэстуюць супраць прапаганды дзяржаўных СМІ
Маштабная акцыя пратэсту адбылася каля штаб-кватэры дзяржаўнай медыякарпарацыі Венгрыі ў мінулыя выходныя. Наступны выступ запланаваны на 23 кастрычніка. Чаму венгры выйшлі супраць прапаганды, распавядае Euronews.
Тысячы пратэстоўцаў сабраліся ля штаб-кватэры дзяржаўнай медыякарпарацыі Венгрыі 5 кастрычніка, каб выступіць супраць прапаганды венгерскага ўраду.
Пратэсты арганізаваў Петэр Мадзьяр — вядомы апазіцыянер Венгрыі. Ён узначальвае партыю «Ціса», якая ў апошнія месяцы стала самым сур’ёзным палітычным выклікам для прэм’ер-міністра Віктара Орбана з таго часу, як ён прыйшоў да ўлады амаль 15 гадоў таму. Партыя Мадзьяра атрымала амаль 30% галасоў на выбарах у Еўрапейскі саюз гэтым летам і, паводле апытанняў, знаходзіцца ў межах некалькіх пунктаў ад кіруючай партыі «Фідэс».
Мадзьяр адкрыта гаворыць пра тое, што, на яго думку, «фабрыка прапаганды» Орбана нанесла ўрон венгерскай дэмакратыі.
“Паўтарыце хлусню дастаткова шмат разоў, і людзі павераць у тое, што гэта праўда. Гэта парада Адольфа Гітлера для “Фідэс”, для прапаганды кіруючай партыі. І вучні рушылі за парадай свайго настаўніка. Тое, што адбываецца сёння ў Венгрыі ў 2024 годзе пад імем дзяржаўнай службы, — гэта сусветны скандал», — сказаў Мадзьяр падчас акцыі.
Венгерскія і міжнародныя назіральнікі даўно папярэджваюць, што свабода прэсы ў краіне знаходзіцца пад пагрозай і што партыя Орбана выкарыстоўвае скупку СМІ звязанымі з урадам бізнэс-магнатамі для стварэння праўладнай медыяімперыі.
Паводле ацэнак арганізацыі «Рэпарцёры без межаў», дзякуючы такім здзелкам партыя Орбана кантралюе каля 80% рэсурсаў венгерскага медыярынку.
У 2021 годзе гэтая арганізацыя ўнесла Орбана, першага лідэра ЕС, у спіс «драпежнікаў» у сферы СМІ.
«Грамадства чуе толькі адзін бок і нават не ведае пра іншы»
«Гэта нонсэнс, што ў СМІ, якія фінансуюцца падаткаплацельшчыкамі, выходзіць толькі ўрадавая прапаганда», — адзначыў адзін з удзельнікаў акцыі пратэсту Балаш Тэмпэ. Ён назваў штаб-кватэру дзяржаўнай вяшчальнай кампаніі MTVA «фабрыкай хлусні».
Пенсіянерка з паўднёвай Венгрыі Агнеш Гера распавяла, што іншадумства падвяргаецца цэнзуры ў дзяржаўных СМІ, і гэта абмяжоўвае доступ венграў да інфармацыі аб палітычных альтэрнатывах.
«Гэта вельмі цяжка і сумна, што сістэма працуе такім чынам, што грамадства чуе толькі адзін бок і нават не ведае пра іншы», — сказала яна.
Мадзьяр запатрабаваў адстаўкі дырэктара грамадскіх СМІ і паўтарыў скаргі многіх апазіцыйных палітыкаў на тое, што ім не даюць магчымасці выступаць на дзяржаўным тэлебачанні, каб размаўляць з выбаршчыкамі.
Ён заклікаў сваіх прыхільнікаў выйсці на чарговую дэманстрацыю 23 кастрычніка, у нацыянальнае свята, прысвечанае няўдалай рэвалюцыі ў Венгрыі супраць савецкага панавання ў 1956 годзе.