Ці дададуць у конкурс «Вольнае слова» асобную намінацыю для радыйных матэрыялаў?
У верасні ў Вільні ўзнагароджвалі пераможцаў конкурсу «Вольнае слова». Праўда, супрацоўнікі радыё і тыя, хто робіць падкасты, зноў засталіся ў баку: як дасылаць свае працы на конкурс, дзе ў асноўным ацэньваюцца тэкставыя матэрыялы? Марыя Лугавая запыталася ў супрацоўнікаў радыё і прадстаўнікоў БАЖ, што яны думаюць на гэты конт.
У беларускім журналісцкім асяродку можна пачуць, што журналісты, якія супрацоўнічаюць з радыё, апошнім часам свае праграмы на конкурс не дасылаюць, бо не бачаць у гэтым сэнсу. Складана канкурыраваць у спаборніцтве, дзе ў асноўным ацэньваюцца тэкставыя матэрыялы, а і ў журы недастаткова тых, хто мог бы аб’ектыўна ацаніць радыйныя працы.
Аднак «Вольнае слова» таксама не стаіць на месцы: так сёлета ў прафесійным журналісцкім конкурсе нават з’явілася новая намінацыя — «відэа». Дык ці будзе калі-небудзь ўведзеная новая намінацыя для радыйшчыкаў?
Андрэй Мялешка, «Беларускае Радыё Рацыя»
— Я б увёў асобную намінацыю для аўдыёматэрыялаў, падкастаў, рэпартажаў, таму што гэтага не хапае. І ацэньваць іх павінен чалавек, які ведае радыйную кухню. Я ведаю, што сярод кіраўніцтва БАЖ ёсць тыя, хто не адзін год працавалі на розных радыёстанцыях. Гэтыя людзі маглі б змястоўна ацэньваць радыйныя рэпартажы і стужкі.
Думаю, што гэта мог бы рабіць той жа Барыс Гарэцкі, які шмат часу са свайго жыцця аддаў працы на радыё. Таццяна Мельнічук, ды і ўвогуле вельмі шмат такіх людзей.
Было б цікава выдзеліць такую радыйную галіну, і я, як кажуць, рукамі і нагамі за тое, каб такая намінацыя ў конкурсе «Вольнае слова» была.
Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні БАЖ
— «Вольнае слова» — конкурс хоць і шматгадовы, але не мусіць адставаць ад часу. Таму па выніках абмеркавання леташняга конкурсу сёлета на ім з’явілася намінацыя «Відэа».
Добрая палова, а можа і болей за палову, медыяў сёння робяць менавіта відэа. І зразумела, відэа — гэта свет, істотна адрозны ад тэкставых жанраў. Таму ў журы былі запрошаныя і людзі, якія маюць досвед у відэафарматах.
Калі ёсць запыт з боку журналісцкай супольнасці, я думаю, можна пашыраць конкурс і ў іншыя бакі. Калегі-радыйшчыкі, адгукніцеся! Колькі выданняў сёння робяць фармат радыёрэпартажа?
Я ніколі не быў сябрам журы. Але глабальна для мяне галоўнае, каб у матэрыялах беларускіх медыяў захоўвалася якасць. Што такое якасць? Якасць — гэта няўхільнае выкананне стандартаў этыкі. Эксклюзіўнасць. Дакладнасць інфармацыі на усе 100%. Вось такія стандарты я заўсёды буду падтрымліваць і на «Вольным слове», і без яго.
Вольга Хвоін, Беларуская служба Польскага радыё
— Намінацыі конкурсу «Вольнага слова» адлюстроўваюць медыйны ландшафт Беларусі. Радыё, напрыклад, у Беларусі сёння звялося да музычна-забаўляльных шоў. Як журы ацэньвала б «балбатню» вядучых, задача якіх стварыць настрой кіроўцу, які вядзе машыну? Гэта не пра конкурсныя працы.
Да слова, я цяпер жыву ў Польшчы, і сітуацыя з радыё выглядае тут інакш. Канешне, у крамах часта можна пачуць музычна-забаўляльныя перадачы FM-станцый, але адначасова ёсць цэлы спектр радыёстанцый, скіраваных на самую розную аўдыторыю: для дзяцей, для аматараў доўгіх размоў з гасцямі, радыё з класічнай музыкай, з тэатральнымі радыёпастаноўкамі.
Мне шкада, канешне, што ў беларускім незалежным конкурсе для журналістаў няма радыйнай намінацыі, але ў нас, думаю, і падаваць у радыйныя намінацыі асабліва не будзе каму. Хаця на тым жа «Радыё Рацыя» можна паслухаць цікавыя рэпартажы — з інтэршумамі, з эмоцыямі герояў, эфектам прысутнасці.
Можна доўга разважаць, як так сталася з радыё. Толькі згадаю прыватны медыйны праект «Аўтарадыё», дзе была і музыка, і цікавыя размовы. Радыёстанцыю, якая была «дзіцём» Юрыя Базана, у 2011 годзе ліквідавалі. Фармальнай прычынай для закрыцця «Аўтарадыё» стаў «распаўсюд матэрыялаў, якія ўтрымліваюць публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці» — так ацанілі словы кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава, агучаныя ім самім у перадвыбарчым роліку: «Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на Плошчы».
Спадзяюся, што аднойчы сітуацыя выправіцца з радыйнымі фарматамі. Таму што для мяне асабіста пэўны перыяд жыцця радыё было медыям, якое мела і асветніцкую, і пазнавальную функцыю. Я гэта вельмі цаню ў СМІ.
Пэўным замяняльнікам радыё я б назвала папулярныя цяпер ютуб-размовы. Але гэта фармат інтэрнэту, а не класічнага радыё. Як і падкасты.
Ці варта гэта выдзяляць у асобную катэгорыю? Я не ўпэўненая, пакуль што, як бачна з вынікаў конкурсу сёлета і ў папярэднія гады, працы кладуцца ў класічную класіфікацыю па жанрах — мастацка-публіцыстычныя, інфармацыйныя.
Андрэй Бастунец, старшыня БАЖ
— Нельга асягнуць немагчымае, бо гаворка можа ісці не толькі пра радыёматэрыялы, але, напрыклад, пра фота, падкасты і г.д.
Для гэтага ў нас проста няма магчымасцяў, — нават з дапамогай ЕФЖ, іншых арганізацый. Тут трэба быць гэткай «Белтэлерадыёкампаніяй» з дзяржаўным фінансаваннем, каб мець рэсурсы — і фінансавыя, і чалавечыя, — каб усё ахапіць.
Мне падаецца, што мусяць быць асобныя конкурсы і для радыстаў, і для фатографаў, — каб прафесіяналы менавіта ў гэтых сферах маглі б сапраўды прафесійна ацэньваць працы канкурсантаў.